РЭЧЫЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рэчыцкае староства,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Цэнтр — г. Рэчыца. Першапачаткова ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства, уключала мястэчкі Стрэшын, Горваль, Дамыслін і інш., якія вял. князі ВКЛ раздалі духоўным і свецкім феадалам. Паводле адм. рэформы 1565—66 увайшла ў склад Рэчыцкага пав. У 1569 уключана ў «сталовыя» маёнткі, даход з якіх ішоў на забеспячэнне вял. князя і яго двара. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) далучана да Рас. імперыі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКСО́НСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

дынастыя германскіх каралёў (у 919—1024) і імператараў «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (з 962). Заснавальнік — Генрых I

[919—936; гл. ў арт. Генрых]; яго пераемнікі: Атон I [936—973],

Атон II [983—983], Атон III [983—1002]. Са смерцю апошняга прамая галіна С.д. скончылася, каралём стаў прадстаўнік яе бакавой лініі баварскі герцаг Генрых [кароль Генрых II, 1002—24]. На змену С.д. прыйшла Франконская дынастыя.

Літ.:

Колесницкий Н.Ф. Исследование по истории феодального государства в Германии (IX — первая половина XII в.). М., 1959;

Жадько Е.Г. Сто великих династий. М., 2001.

Г.​В.​Прыбытка.

т. 14, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАВЕ́Й-РАЗБО́ЙНІК,

персанаж былін і чарадзейных казак; пачварны змей, які сваім свістам губіў падарожных на шляху да Кіева. Перамог яго Ілья Мурамец. Паводле некат. былін, дарога, дзе жыў С.-р., праходзіла праз бранскія лясы і «гразі смаленскія». У стараж. Беларусі, калі меркаваць па пісьме 1574 аршанскага старосты Ф.​Кміты-Чарнабыльскага, С.-р. наз. Будзімеравым сынам. Так ён названы і ў рукапіснай «Аповесці пра слаўнага асілка Ілью Мурамца» 18 ст. Нярэдка ў бел. казках пра Ілью Мурамца замест С.-р. выступае Змей (Цмок).

т. 14, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІ́ЧАСКАЯ ПРА́ЎДА (Lex Salica),

зборнік звычаёвага права салічаскіх франкаў; адна з варварскіх праўд. Запісана (на лац. вульгаце з франкскімі словамі і выразамі) у пач. 6 ст. па распараджэнні караля Хлодвіга; пры яго пераемніках дапаўнялася і перапрацоўвалася. Падзяляецца на тытулы (главы). Утрымлівала пералік злачынстваў і адпаведных ім пакаранняў (пераважна ў выглядзе штрафаў), розныя этапы суд. працэдуры. Не зведала прыкметнага ўплыву рымскіх праваадносін, захавала амаль у нязменным выглядзе нормы германскага звычаёвага права. Адлюстравала эвалюцыю франкскага грамадства да першабытна-абшчыннага ладу да пач. этапу феад. адносін.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́МНЕР ((Sumner) Джэймс Бэтчэлер) (19.11.1887, г. Кантан, штат Масачусетс, ЗША — 12.8.1955),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША і Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Д-р філасофіі (1914). Скончыў Гарвардскі ун-т (1910). З 1914 у Корнелскім ун-це (з 1929 праф., з 1947 дырэктар лабараторыі). Навук. працы па прэпаратыўнай хіміі бялкоў і ферментаў. Адкрыў (1926) фермент урэазу, які каталізуе расшчапленне мачавіны, вылучыў яго ў крышт. форме; паказаў бялковую прыроду ферментаў. Нобелеўская прэмія 1946 (разам з Дж.​Х.​Нортрапам і У.​М.​Стэнлі).

Дж.Самнер.

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРЭКА́Т ІСЛА́М (Sarekat Islam — Саюз ісламу),

першая масавая паліт. арг-цыя ў Інданезіі. Створана ў 1912 як арг-цыя гандляроў, пазней стала масавай антыкалан. арг-цыяй. У 1919 аб’ядноўвала каля 2,5 млн. членаў. У 1921 з С.І. выключаны члены яго левага крыла, якія ў 1924 стварылі Камуніст. партыю Інданезіі. З 1929 наз. Парцей сарэкат іслам (Партыя саюза ісламу). У гады незалежнасці (з 1945) паступова страчвала паліт. ўплыў, у 1973 аб’ядналася з 3 інш. мусульм. партыямі ў Партыю адзінства і развіцця.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАПО́ЛК МСЦІСЛА́ВІЧ (7—1154),

князь уладзіміра-валынскі. Сын вял. кн. Мсціслава Уладзіміравіча. З 1132 княжыў у Полацку пасля брата Ізяслава, які перайшоў у Пераяслаў. Аднак палачане прагналі яго, заявіўшы «лишается нас», і абралі князем Васільку Святаславіча. З 1138 пасля смерці старэйшага брата Усевалада С.М. княжыў у Пскове. У 1140 атрымаў ад вял. кн. Усевалада Ольгавіча Бярэсце, а ў 1142 перайшоў княжыць у Ноўгарад. У 1148 атрымаў ад вял. кн. Ізяслава Мсціславіча Уладзіміра-Валынскае княства, якім валодаў да смерці.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛАФІ́ЛЬТР,

прылада, якая змяняе энергію аптычнага выпрамянення (святла), а таксама яго спектральны састаў з мэтай вылучэння асобных участкаў спектра.

Прынцып работы С. грунтуецца на з’явах паглынання святла (абсарбцыйныя С.), інтэрферэнцыі святла (інтэрферэнцыйныя С.), дысперсіі святла (дысперсійныя фільтры), палярызацыі святла (палярызацыйныя С.) і інш. Найб. пашыраны абсарбцыйныя С., вырабленыя з каляровага аптычнага шкла. Адрозніваюцца пастаянствам спектральных характарыстык, устойлівасцю да ўздзеянняў святла і т-ры, высокай аптычнай аднароднасцю. Выкарыстоўваюцца ў каляровай фатаграфіі, пры падводнай кіназдымцы, святлатэхніцы, фотаметрыі, колераметрыі, ультрафіялетавай, інфрачырвонай і люмінесцэнтнай мікраскапіі і інш.

т. 14, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛОКАПІ́РАВАННЕ,

спосаб хуткага капіравання графічных і тэкставых арыгіналаў (чарцяжоў, карт, праектнай дакументацыі і інш.) на святлоадчувальнай паперы. Пры С. святло праходзіць праз празрыстыя месцы арыгінала (напр., калькі), уздзейнічае на святлоадчувальны слой паперы і афарбоўвае яго ў той ці іншы колер. У залежнасці ад спосабу С. атрымліваюць копіі прамыя і люстраныя, пазітыўныя і негатыўныя, чорна-белыя і каляровыя. Пры выкарыстанні дыазапаперы (у яе склад уваходзяць дыазазлучэнні, што разбураюцца пад дзеяннем святла) спосаб наз. дыязакапіраваннем. З 1970-х г. выцеснены электрафатаграфіяй, у прыватнасці ксераграфіяй.

т. 14, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМІРЭ́НКА (Леў Платонавіч) (18.2.1855, с. Мліеў Корсунь-Шаўчэнкаўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 8.1.1920),

украінскі вучоны ў галіне пладаводства і памалогіі. Скончыў Адэскі ун-т (1879). У 1887 заклаў у с. Мліеў матачны калекцыйны сад і памалагічны расаднік (каля 3 тыс. раслін) і праводзіў там выпрабаванні, шляхам клонавага адбору ствараў новыя сарты. У 1921 на базе саду створана Мліеўская доследная станцыя садоўніцтва, якая з 1958 носіць яго імя.

Тв.:

Крымское промышленное плодоводство. М., 1912;

Помология. Т. 1—3. 2 изд. Киев, 1972—73.

т. 14, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)