АЛЬБРЫ́ХСКІ ((Olbrychski) Даніэль) (н. 27.2.1945, в. Саннікі каля Варшавы),

польскі акцёр тэатра і кіно. Вучыўся ў тэатр. студыі «Школа Варшаўска». З 1963 у кіно. Акцёр шырокага псіхал. дыяпазону, майстар дынамічнага малюнка ролі. Зняўся ў фільмах А.​Вайды («Попел», «Усё на продаж»), Е.​Гофмана («Пан Валадыёўскі», «Патоп»), К.​Занусі («Сямейнае жыццё», «Структура крышталю»), Ф.​Шлёндарфа («Бляшаны барабан», ФРГ), здымаўся ў Венгрыі і Італіі. У 1969—77 у Тэатры нарадовым: Гамлет (аднайм. п’еса У.​Шэкспіра) і інш. Нац. прэмія імя З.​Цыбульскага.

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬВАРЭС ((Alvarez) Луіс Уолтэр) (13.6.1911, Сан-Францыска — 1.9.1988),

амерыканскі фізік. Адзін са стваральнікаў атамнай бомбы. Чл. Нац. АН (1947). Скончыў Чыкагскі ун-т (1932). З 1936 у Каліфарнійскім ун-це (з 1945 праф.), у 1954—59 і 1976—78 нам. дырэктара Радыяцыйнай лабараторыі імя Э.​Лоўрэнса (г. Берклі). Навук. працы па ат. ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, паскаральнай тэхніцы і радыёлакацыі. Адкрыў новы від радыеактыўнага ператварэння — электронны захоп (1938), пабудаваў першую пузырковую камеру, адкрыў (разам з інш.) многія рэзанансы. Нобелеўская прэмія 1968.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (Анатоль Мікалаевіч) (25.5.1888, Масква — 16.4.1982),

рускі кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1971). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1916), з 1923 выкладаў у ёй (праф. з 1926). Працаваў у многіх жанрах, найб. плённа ў вакальным. Аўтар цыклаў рамансаў «З Александрыйскіх песень М.​Кузьміна» (4 сш.), «Вернасць» (Дзярж. прэмія СССР 1951) і інш., опер «Бэла» (1941), «Дзікая Бара» (1957), «Ляўша» (1975), сімф. і камерна-інстр. твораў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў.

Літ.:

Кокушкин В. Анатолий Александров. М., 1987.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРАНАШВІ́ЛІ (Медэя Пятроўна) (н. 10.9.1930, Тбілісі),

грузінская спявачка (сапрана), педагог. Нар. арт. Грузіі (1965), нар. арт. СССР (1976). Дачка П.В.Аміранашвілі. Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1953), выкладае ў ёй (з 1982 праф.). З 1954 салістка Груз. т-ра оперы і балета. Сярод лепшых партый: Маро («Даісі» З.​Паліяшвілі), Мзія («Міндыя» А.​Тактакішвілі), Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1960), Міжнар. конкурсу «Мадам Батэрфляй» (Осака, 1970). Дзярж. прэмія Груз. ССР 1971.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІКУ́ШЫН (Міхаіл Канстанцінавіч) (н. 2.10.1917, Масква),

рускі скульптар. Нар. мастак СССР (1963). Правадзейны чл. АМ СССР (1962). Герой Сац. Працы (1977). Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1947). Аўтар помнікаў А.​С.​Пушкіну (1957; Ленінская прэмія 1958), У.​М.​Бехцераву (1960), скульптур да мемарыяла «Гераічным абаронцам Ленінграда» (1975, у сааўт.; усе ў С.-Пецярбургу), станковых партрэтаў («А.​П.​Чэхаў», 1964) і інш.

Літ.:

Прибульская Г. Аникушин. Л.;

М., 1961.

М.Анікушын. А.​П.​Чэхаў. 1964. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІСЕ́НКА (Валерый Данілавіч) (н. 5.6.1944, г. Талачын),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965), Вышэйшыя рэжысёрскія тэатр. курсы пры Ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1978). У 1965—67 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, у 1969—77 у т-ры Я.​Купалы. У 1960—70-я г. займаўся канцэртнай дзейнасцю як чытальнік. З 1979 гал. рэжысёр Бел. рэсп. т-ра юнага гледача, Тэатра-студыі кінаакцёра, Бел. радыё. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎН ((Brown) Майкл Сцюарт) (н. 13.4.1941, Нью-Йорк),

амерыканскі генетык. Чл. Нац. АН ЗША, Амерыканскай акадэміі навук і мастацтва. Скончыў Пенсільванскі ун-т (1962). Д-р медыцыны (1966). З 1968 у Нац. ін-це артрытаў і абменных хвароб, з 1971 праф. у Тэхаскім ун-це, у 1980 г. дырэктар Цэнтра генет. хвароб у Паўд.-Зах. мед. школе Тэхаскага ун-та. Навук. працы ца механізме транспарту ліпідаў і рэгуляцыі халестэрынавага абмену ў арганізме чалавека і жывёл. Нобелеўская прэмія 1985 (разам з Дж.Л.Голдстайнам).

М.Браўн.

т. 3, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЫ́КА (Міхаіл Іванавіч) (н. 20.1.1920, г. Гомель),

расійскі геафізік. Акад. Расійскай АН (1992, чл.-кар. 1964). Чл.-кар. АН СССР (1964). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1942). Працаваў у Гал. геафіз. абсерваторыі імя А.​І.​Ваейкава (з 1954 дырэктар). Асн. працы ў галіне фіз. кліматалогіі, біякліматалогіі, актынаметрыі. Разам з А.​А.​Грыгор’евым сфармуляваў перыядычны закон геагр. занальнасці; вывучаў цеплавы баланс зямной паверхні. Ленінская прэмія 1958.

Тв.:

Климат и жизнь. Л., 1971;

Эволюция биосферы. Л., 1984;

Путешествие во времени. М., 1990.

т. 3, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ХНЕР ((Buchner) Эдуард) (20.5.1860, г. Мюнхен, Германія — 13.8.1917),

нямецкі хімік і біяхімік. Праф. (1895). Скончыў Мюнхенскі ун-т (1888), дзе і працаваў. У 1893—1911 праф. у Кілі, Берліне, Брэславе, Вюрцбургу. Навук. працы па арган. хіміі. Адкрыў піразол (1889). У 1897 атрымаў з дражджэй сок, які не меў жывых клетак, але выклікаў энергічнае спіртавое браджэнне. Гэта адкрыццё заклала асновы сучаснай энзімалогіі. Нобелеўская прэмія 1907.

Літ.:

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 81.

Э.Бухнер.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КСМАН ((Waksman) Зельман Абрахам) (22.7.1888, г. Прылукі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.8.1973),

амерыканскі мікрабіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША. Д-р філасофіі (1918), праф. (1930). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у г. Сан-Францыска (1918). У 1918—58 у Роджэрскім ун-це, адначасова з 1931 у Ін-це акіянаграфіі ў г. Вудс-Хол, у 1949—58 дырэктар Ін-та мікрабіялогіі Роджэрскага ун-та. Навук. працы па глебавай і марской мікрабіялогіі, вывучэнні антыбіётыкаў. Увёў тэрміны «антыбіёз» і «антыбіётык». Вынайшаў стрэптаміцын (1944). Нобелеўская прэмія 1952.

З.А.Ваксман.

т. 3, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)