Сфарміравана 5—6 ліп. ў Вял.Айч. вайну. 9—11 ліп. разам з войскамі Чырв. Арміі вяло баі ў час Віцебска абароны 1941. Складалася з 4 батальёнаў (2 тыс.чал.): Асаавіяхіма (участак уздоўж берага Зах. Дзвіны ў раёне Мазурына, паўн.-ўсх. ўскраіна Віцебска, дзе 11 ліп. 1-я рота батальёна амаль уся загінула каля в. Журжава), Кастрычніцкага (баі на тэр. прадпрыемстваў, вуліцах горада, у раёне Смаленскай шашы і інш.), Першамайскага (цэнтр горада на левым беразе Зах. Дзвіны, дзе адбіваў неаднаразовыя спробы гітлераўцаў пераправіцца цераз раку), Чыгуначнага (раён воз. Лосвіда, у напрамку Суражскай шашы і інш.). 11 ліп. апалчэнцы пакінулі Віцебск разам з сав. войскамі, многія ўліліся ў іх рады, частка пайшла да партызан і падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СПАў жывёл,
кантагіёзная вірусная хвароба. Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус. Хваробу суправаджае ліхаманка і папулёзна-пустулёзныя высыпкі на скуры і слізістых абалонках. Хварэюць амаль усе віды млекакормячых і птушак. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і вірусаносьбіты (вірусы ў выдзяленнях з носа, сліне, воспавых скарынках). Інкубацыйны перыяд 4—12 сутак. Хвароба працякае ў абартыўнай (найбольш лёгкай), зліўнай і гемарагічнай (цяжкай) форме.
У авечак воспавыя пашкоджанні на скуры губ, носа, вакол вачэй, на канечнасцях, у кароў — на вымі і сасках, у свіней — па ўсім целе. У птушак бывае скурная (воспіны на грэбені, бародцы, завушніцах, аснове дзюбы) і дыфтэрычная (пашкоджанні ротавай і насавой поласцей) формы. Лятальнасць у авечак ад 2—3% пры дабраякасным да 100% пры злаякасным цячэнні хваробы, у парасят 40—80%, у птушкі 15—60%.
Вялікі Аўстралійскі басейн, у Аўстраліі. Пл. каля 1,7 млн.км². Цягнецца больш як на 2200 км з Пн на Пд ад узбярэжжа зал. Карпентарыя да сярэдняга цячэння р. Дарлінг і амаль на 1800 км з З на У. Размешчаны ў прагіне стараж.крышт. фундамента; гал. ваданосныя гарызонты — мезазойскія пясчанікі, якія залягаюць на глыб. да 1200 м. Дэбіты свідравін ад некалькіх л/с да 25—40 л/с, самавыліванне да 60 л/с. Воды пераважна прэсныя ці слабамінералізаваныя (да 3—6 г/л). Жыўленне за кошт інфільтрацыі атм. ападкаў і паверхневых вод. Патэнцыяльныя эксплуатацыйныя рэсурсы падземных вод 1772 млн.м³/год (у т. л. прэсных 872 млн.м³/год). Вада выкарыстоўваецца для гасп.-пітных мэт і на арашэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ТА (Ілья) (? — чэрв. 1649),
адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Палкоўнік Войска Запарожскага. Вясной 1649 на чале 10-тысячнага атрада накіраваны Б.Хмяльніцкім на дапамогу паўстанцам Беларусі. Рухаючыся ўверх па цячэнні Прыпяці, казакі грамілі і рабавалі шляхецкія маёнткі, атрымалі некалькі перамог у баях з харугвамі войска ВКЛ на чале з Я.Радзівілам. З’яўленне казакоў садзейнічала разгортванню паўстання на Беларусі. Да іх далучыліся паўстанцы з Гомеля і інш. мястэчак. 17.6.1649 у раёне мяст. Загалле (цяпер Хойніцкі р-н) Галота з 3-тысячным (паводле інш. звестак 7-тысячным) атрадам уступіў у бітву з войскам ВКЛ. Конніца ротмістра Сасноўскага адцясніла казакоў да балот, і ў выніку працяглага бою амаль усе паўстанцы разам з Галотам загінулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЧА́К (Phodeus sericeus),
рыба сям. карпавых, атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўропы (на У ад Францыі) і Усх. Азіі (бас.р. Амур, рэк Сахаліна, Паўн. Кітая, Карэі). На Беларусі падвід гарчака (P. s. amarus) у невял. колькасці водзіцца амаль ва ўсіх рэках (часцей на Палессі) і азёрах. Нар. назвы гарчыца, гаркушка, альшанка, маляўка, смярдзюха, сталетка, радзей пукас.
Даўж. да 10 см. Цела высокае, сціснутае з бакоў, з няпоўнай бакавой лініяй, буйной луской; бакі серабрыстыя з вузкай зялёна-сіняй паласой. У час нерасту ў самкі вырастае доўгі яйцаклад, ікру адкладвае ў мантыйную поласць малюскаў (перлавіц і бяззубак). Корміцца пераважна абрастаннямі і дробнымі водарасцямі. Мяса горкае (адсюль назва). Пажыва для драпежных рыб.
Гарчак: зверху — самка, якая адкладвае ікру ў мантыйную поласць малюска; знізу — самец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ДА (Gedda; сапр.Усцінаў) Мікалай
(н. 11.7.1925, Стакгольм),
шведскі спявак (тэнар); адзін з найб. вядомых спевакоў 20 ст. Вучыўся ў кансерваторыі ў Стакгольме. З 1952 выступае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Гранд-Апера», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера» і інш.). Валодае голасам мяккага цёплага тэмбру. Тонкі стыліст. спявак высокай культуры; выконвае амаль усе партыі лірычнага тэнара ў операх В.А.Моцарта, італьян. і франц. кампазітараў, у т. л. партыі Герцага, Альфрэда («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Рауля («Гугеноты» Дж.Меербера), Вертэра («Вертэр» Ж.Маснэ), Ленскага («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага). Тонкі інтэрпрэтатар камерных вак. твораў Л.Бетховена, Ф.Шуберта, Э.Грыга, Чайкоўскага і інш.; адзін з лепшых замежных выканаўцаў рус.нар. песень і старадаўніх рамансаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРЗАРА́Д,
характарыстыка элементарных часціц, роўная падвоенаму сярэдняму эл. зараду часціцы ў ізатапічным мультыплеце (гл.Ізатапічная інварыянтнасць). Адрозніваюць моцны і слабы гіперзарад.
Моцны гіперзарад вызначаецца алг. сумай усіх унутраных квантавых лікаў часціцы і выкарыстоўваецца для апісання прыблізнай ізатапічнай інварыянтнасці адронаў. У розных рэакцыях элементарных часціц моцны гіперзарад амаль што захоўваецца, парушэнні яго захавання звязаны з уплывам электрамагнітнага ўзаемадзеяння. Слабы гіперзарад вызначае інтэнсіўнасць электраслабага ўзаемадзеяння элементарных ферміёнаў з нейтральным прамежкавым базонам і з’яўляецца крыніцай поля гэтага базона. Значэнні слабага гіперзараду, атрыманыя эксперыментальна, пакуль што не паддаюцца тлумачэнню. Напр., левыя нейтрына і электрон маюць слабы гіперзарад, роўны -1/2, правы электрон -1, левыя u- і d-кваркі + 1/6, правыя u- і (d-кваркі -2/3 і -1/3 адпаведна (гл.Кваркі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КНЯ́ЖАЦКІ ЦЕ́РАМ, княжацкі палац,
помнік архітэктуры 12 ст. Размяшчаўся на тэр.Гродзенскага Старога замка, на паўд. рагу дзядзінца. Рэшткі церама выяўлены ў 1932—33 Ю.Ядкоўскім. Збераглася паўн. частка даўж. 9,72 м і выш. да 2 м. Гэта быў 2-павярховы на каменным падмурку будынак з драўлянымі бэлечнымі перакрыццямі. Змураваны з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. На кароткіх тарцах цаглін рэльефныя мулярскія знакі. Звонку дэкар. муроўка была аздоблена радамі амаль неапрацаваных камянёў. Падмурак — рад камянёў (таўшчыня 35—40 см), пад якімі праслойка бітай цэглы. Будынак быў накрыты свінцовымі лістамі. У канцы 14 — пач. 15 ст. да ўвахода прыбудаваны новы ганак з буйнапамернай цэглы, будынак прыстасаваны да абароны. Разбураны ў 16 ст. ў час перабудовы Старога замка Стафанам Баторыем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАСЁНАКВЕ́ТНЫЯ (Polygonales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. Уключае 1 сям. — драсёнавыя, больш за 30 родаў, каля 800 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў паўн. умераных паясах. На Беларусі больш за 30 дзікарослых і каля 10 інтрадукаваных відаў з 9 родаў. Найб. вядомыя роды: грэчка, драсён, рэвень, шчаўе. Сярод Д. лек., кармавыя, каштоўныя харч., дубільныя, фарбавальныя і меданосныя расліны, ёсць ядавітыя.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, кусты, ліяны, рэдка дрэвы (у тропіках). Сцябло галінастае, вузлаватае, каленчатае. Лісце звычайна чаргаванае, рэдка супраціўнае або кальчаковае, простае, суцэльнае ці лопасцевае, з прылісткамі, якія зрастаюцца каля асновы чаранка ў раструб. Кветкі дробныя, звычайна двухполыя, правільныя, трохчленныя, беспялёсткавыя, сабраныя ў складаныя суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Насенне з мучністым эндаспермам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЛЬНЫ ХРАМ,
выцягнуты ў плане храм з нефамі аднолькавай вышыні ці вышэйшым (без акон) сярэднім нефам (псеўдабазіліка), а таксама 1-нефавы храм без трансепта (прапаведніцкая царква, царква жабрацкіх ордэнаў). Характэрна раўнамернае асвятленне інтэр’ера, якое скрадвае яго чляненне. З.х. з двума і больш нефамі вядомы з 11 ст. (царква Сен-Сернен у Тулузе, Францыя, канец 11 ст.). У 12 ст. пашыраны ў Вестфаліі і сталі тыповымі як прыходскія цэрквы 13—15 ст. у гарадах Ганзейскага саюза (касцёл Дзевы Марыі ў Гданьску, Польшча, 1343—1502). Гатычныя З.х. будавалі ў Італіі, Іспаніі і інш. краінах Зах. Еўропы. Як саборы трапляюцца рэдка. З эпохі Адраджэння З.х. амаль не будуюць.
Да арт.Зальны храм. Касцёл Дзевы Марыі ў Гданьску. 1343—1502.