КЕМІ́-АБІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі энеаліту на тэр. ад Тамані на У да нізоўяў Дняпра і Паўд. Буга на З, ад Крыма на Пд да шыраты Днепрапятроўска на Пн. Назва ад кургана Кемі-Аба, даследаванага ў 1957. У К.-а.к. вылучаюць крымскі, прыазоўскі і паўночначарнаморскі варыянты, раннюю, развітую і познюю фазы. Выяўлены паселішчы адкрытага тыпу, пахаванні развітой і позняй фаз пад курганамі, якія маюць «панцырную» каменную выкладку, на сценах каменных скрынь-магіл паліхромную размалёўку. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, паляваннем і прыбярэжным марскім промыслам. Развітая фаза К.-а.к. датуецца 3-м тыс. да н.э., верхняя дата — 17 ст. да н.э.

І.​М.​Язэпенка.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕСО́Н (ад франц. caisson скрыня),

у архітэктуры — паглыбленні на столі, унутр. паверхнях арак, скляпенняў, звычайна квадратнай ці шматвугольнай формы. Адыгрываюць канстр. і дэкар. ролю, выкарыстоўваюцца для паляпшэння акустыкі памяшканняў. Вырабляюць з каменных блокаў і маналітных жалезабетонных канструкцый.

Як канстр.-дэкар. элемент вядомы ў манум. архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны Стараж. Рымам (купал Пантэона ў Рыме, каля 125 н.э.), пазней — Зах. Еўропай.

На Беларусі пашыраны ў збудаваннях стыляў барока і класіцызму. Часам К. багата размалёўвалі, аздаблялі ляпным дэкорам. Выкарыстоўвалі таксама ў архітэктуры 1950-х г. У сучаснай архітэктуры выгляд К. маюць зборныя панэлі вонкавых сцен і пліты перакрыццяў.

В.​Ф.​Валошын.

Кесоны купала Пантэона ў Рыме.

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ ЧЭН ІР (н. 16.2.1942, паводле афіц. звестак лагер кар. партызан каля гары Пэктусан на Пн Карэі),

дзяржаўны, парт. і ваен. дзеяч Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР). Сын Кім Ір Сена. Скончыў Пхеньянскі ун-т (1964). Працаваў у апараце ЦК Прац. партыі Карэі (ППК).З 1973 сакратар ЦК, з 1974 чл. Паліткамітэта ЦК, з 1980 чл.

Прэзідыума Палітбюро ЦК ППК і чл. Цэнтр. ваен. к-та ППК. У 1980 афіцыйна абвешчаны пераемнікам Кім Ір Сена. З крас. 1993 старшыня К-та абароны КНДР. Пасля смерці Кім Ір Сена (ліп. 1994) фактычны кіраўнік КНДР, у т. л. вярх. галоўнакамандуючы. Ген. сакратар ЦК ППК з 1997.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНГ (King) Білі Джын (н. 12.11.1943, г. Пасадэна, ЗША),

амер. спартсменка (тэніс). Уладальніца прыза «Вялікі шлем» (выйгрыш у адным сезоне 4 буйнейшых турніраў — адкрытых першынстваў Аўстраліі, ЗША, Францыі і Уімблдонскага турніру, Англія) у змешаным парным разрадзе (1963, з К.​Флетчэрам), у адзіночным разрадзе (1970). Пераможца Уімблдонскіх турніраў у адзіночным разрадзе (1966—68, 1972—73, 1975), у жан. парным разрадзе (1961—62, з К.​Суэмэн; 1965, з М.​Буэна; 1967—68, 1970—71, з Р.​Кэзелс; 1972, з Б.​Стове), у змешаным парным разрадзе (1967, 1971, з О.​Дэвідсанам). Пераможца міжнар. турніраў у ЗША (1967, 1971—72, 1974), Аўстраліі (1968), Францыі (1972) у адзіночным разрадзе.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БЗА,

1) украінскі шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Мае грушападобны корпус, шыйку з 4—10 ладамі ці без ладоў, 4 адзінарныя ці парныя струны. Была найб. пашырана ў 16—18 ст. сярод запарожскіх казакоў. У 1960—70-я г. мадэрнізавана, створана сям’я К. — малая, сярэдняя (рытм-К.) і вял. басовая. Пашырана ў аркестрах нар. інструментаў.

2) Малдаўскі, рум., польскі струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Мае кароткую шыйку. Строй асн. жыльных струн — C, G, d, g, строй 4 парных металічных — на актаву вышэй. Гук здабываюць з дапамогай плектра.

Літ.:

Лисенко-Дністровський М. Українська кобза // Жовтень. 1980. № 12.

Кобза (справа) і ліра з калекцыі М.​Лысенкі.

т. 8, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЛЮШКАПАДО́БНЫЯ (Gasterosteiformes),

атрад касцістых рыб. 9 сям., каля 55 родаў, больш за 200 відаў. Вядомы з эацэну. Пашыраны пераважна ў тропіках, у прыбярэжных марскіх водах, некат. віды — у прэснай вадзе. На Беларусі 2 роды, 2 віды: колюшка трохіголкавая (Gasterosteus aculeatus) і колюшка дзевяцііголкавая (Pungitius pungitius).

Даўж. ад 3 см да 1,8 м, маса ад некалькіх грамаў да 3,4 кг. Спінных плаўнікоў 1—2, першы ў выглядзе асобных калючак. Брушныя плаўнікі з 1—7 прамянёў, у некаторых адсутнічаюць. Луска ктэноідная, у многіх К. цела ўкрыта касцявымі пласцінкамі. Рыла звычайна трубкападобнае. Некат. К. ў перыяд размнажэння робяць гнёзды. Планктафагі, але могуць знішчаць ікру і лічынак інш. рыб.

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПІТАР (Kopitar) Варфаламей (Ерней; 23.8.1780, Рэпне, Славенія — 11.8.1844),

славенскі філолаг-славіст. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1826). Вучань і супрацоўнік чэш. філолага І.Добраўскага. Хавальнік, з 1844 дырэктар Венскай прыдворнай б-кі. Аўтар граматыкі славенскай мовы (1808; на ням. мове, з дадаткам крытычнага агляду славенскай л-ры). Даследаваў стараж. слав. помнікі, выдаў глагалічны помнік стараслав. мовы «Клоцаў зборнік» (1836) з каментарыем, слоўнікам і сціслай граматыкай стараслав. мовы. Артыкулы К. сабраны Ф.​Міклашычам у зб. «Невялікія артыкулы Варфаламея Копітара лінгвістычнага, этнаграфічнага і прававога зместу» (1857). Сярод вучняў К. сербскі філолаг В.Караджыч.

Тв.:

Рус. пер. — Новые письма Добровского, Копитара и других юго-западных славян. СПб., 1897.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́Ў Валянцін Акімавіч (14.6.1902, пас. Шырачанка Ейскага гарсавета Краснадарскага краю, Расія — 15.1.1963),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1930 акцёр Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ, з 1933 у т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца характарных, драм. роляў. Найб. значныя: Аркадзь, Колас, Сіманенка («Платон Крэчат», «Фронт», «Макар Дубрава» А.​Карнейчука), Лешч («Апошнія» М.​Горкага), Скіба, Шуфт («Партызаны», «З народам» К.​Крапівы), Лук’ян Рабічка («Пагібель ваўка» Э.​Самуйлёнка), Гамер («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Траўбэ («Цытадэль славы» К.​Губарэвіча), Джонсан, Калібераў, Глуздакоў («На досвітку», «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Капулеці («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Вішнеўскі («Даходнае месца» А.​Астроўскага).

Б.​І.​Бур’ян.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНАІДЭ́І (Crinoidea),

клас марскіх беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку да карбону. Каля 5 тыс. выкапнёвых відаў. Былі пашыраны ўсюды. Найб. распаўсюджанасць у сярэднім палеазоі. На Беларусі асабліва шматлікімі і разнастайнымі былі ў ардовіку. Амаль поўнасцю вымерлі да канца палеазою. У пачатку мезазою з’явілася новая група — марскія лілеі.

Цела ў выглядзе чашачкі, ад якой падымаліся пёрыстыя, разгалінаваныя промні. Каля асновы чашачкі іх 5, вышэй — 10 і больш, да 200. У сцябліністых К. чашачкі змяшчаліся на сцёблах (даўж. да 21 м), якія мацаваліся на грунце. У бессцябліністых К. былі шматлікія рухомыя адросткі. Мелі вапняковы шкілет з пласцінак розных форм і памераў.

т. 8, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІ́ЦКІ Арон Маркавіч [парт. псеўд. Бампі; 14.12.1896, Мінск — 21.2.1971], удзельнік камуніст. падполля ў гады грамадз. вайны ў Мінску. Скончыў БДУ (1925), Ін-т чырв. прафесуры (1931). У час ням. акупацыі Беларусі (1918) адказны сакратар Мінскага падп. парт. к-та, адзін з арганізатараў партыз. руху, чл. Краявога к-та камуніст. арг-цый Беларусі і Літвы. Пасля вызвалення Мінска нам. старшыні Мінскага Савета, чл. Мінскага рэўкома, чл. ЦВК БССР. У 1920 нач. аддзела РВС Зах. фронту, удзельнічаў у падпісанні Дэкларацыі пра абвяшчэнне незалежнасці Беларускай ССР. У 1921—24 у Мінскім гарсавеце. З 1931 у Наркамасветы РСФСР, з 1933 на выкладчыцкай рабоце ў Маскве.

П.​А.​Селіванаў.

А.І.Крыніцкі.

т. 8, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)