ВАЕ́ЙКАЎ (Аляксандр Іванавіч) (20.5.1842, Масква — 9.2.1916),
расійскі кліматолаг і географ; заснавальнік кліматалогіі ў Расіі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1910). Чл.Рус.геагр.т-ва (1866). Падарожнічаў па еўрап.ч. Расіі, Бел. Палессі (1891), Каўказе, Крыме, Сярэдняй Азіі, Зах. Еўропе, многіх краінах Азіі, Амерыкі. У навук. працы «Кліматы зямнога шара, асабліва Расіі» (1884) раскрыў фіз. сутнасць і разгледзеў структуру кліматычных працэсаў, ролю асобных кліматаўтваральных фактараў, узаемасувязь клімату з інш. кампанентамі прыроды. Распрацаваў класіфікацыю рэк паводле гідралагічнага рэжыму. Даследаваў пытанні геаграфіі насельніцтва, агракліматалогіі. Заклаў асновы палеакліматалогіі, с.-г. метэаралогіі і феналогіі. Імем Ваейкава названы праліў паміж астравамі ў Курыльскай градзе, ледавік на Паўн. Урале, Гал.геафіз. абсерваторыя ў С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКО́ЛІЧНАЯ ШЛЯ́ХТА,
адна з ніжэйшых груп дробнамаянтковай шляхты Беларусі ў 16—19 ст. Называлася таксама шляхтай засцянковай, заградовай, загоннай, шарачковай і інш. Юрыдычна адносілася да пануючага саслоўя феадалаў, маёмасна ж набліжалася да прац. сялянства. Паходзіла са свабодных людзей (баяр, зямян і інш.), якія маглі дакументальна пацвердзіць асабістую вольнасць ад цяглава-чыншавых абавязкаў. Сялілася ў адасобленых паселішчах (аколіцы, засценкі). Зямлёй валодала паводле родава-спадчыннага права, апрацоўвала яе самастойна, але ў дапамогу нярэдка наймала агароднікаў, халупнікаў і інш. сялян. У 1796 у 8 паветах б.ВКЛ складала 61% усёй шляхты, у 1839 у зах. губернях Рас. імперыі — 56%. Указам Мікалая I ад 19.10.1831 ваколічная шляхта выключана з дваранскага саслоўя і пераведзена ў катэгорыю аселых аднадворцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАА́МСКІ МАНАСТЫ́Р, Спаса-Праабражэнскі,
гісторыка-архітэктурны і прыродны музей-запаведнік у Карэліі. Засн. як мужчынскі манастыр не пазней як у пач. 14 ст. на в-ве Валаам у Ладажскім возеры грэч. манахамі Сергіем і Германам. Знаходзіўся на мяжы наўгародскіх уладанняў, служыў крэпасцю і шмат разоў адбіваў напады шведска-фінскіх атрадаў, у 1611 спустошаны імі. У 1715 адноўлены паводле ўказа Пятра I. Арх. помнікі 18—19 ст.: Спаса-Праабражэнскі сабор, цэрквы Успення, Нікольская, Пятра і Паўла і інш. У 19 ст. буйны рэліг., эканам. і культ.цэнтр. У 1917—40 на тэр. Фінляндыі. У час сав.-фінл. вайны манахі пакінулі яго. З 1945 дом-інтэрнат для інвалідаў Вял.Айч. вайны. З 1979 музей-запаведнік. У 1988 перададзены Рус.правасл. Царкве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́НСКІ ДАГАВО́Р 1867,
дагавор аб уступцы (продажы) рас. уладанняў у Паўн. Амерыцы ЗША. Падпісаны 30 сак. ў Вашынгтоне амер.дзярж. сакратаром У.Сьюардам і рас. пасланнікам Э.Стэклем ва ўмовах збліжэння абедзвюх краін. Паводле дагавора, якому папярэднічалі амаль 10-гадовыя перамовы (з 1859), Рас. імперыя ўступала (прадавала) ЗША за 7,2 млн.дол.тэр. п-ва Аляска разам з Алеуцкімі а-вамі агульнай пл. 1,5 млн.км² (1/5 тагачаснай тэр.паўн.-амер. дзяржавы). Ратыфікаваны сенатам ЗША да 10 крас., рас. імператарам Аляксандрам II 15 мая 1867. Дагавор садзейнічаў аслабленню пазіцый Вялікабрытаніі і інш.еўрап. дзяржаў на амер. кантыненце.
Літ.:
Болховитинов Н.Н. Русско-американские отношения и продажа Аляски, 1834—1867. М., 1990;
Реданский В. С высочайшего соизволения... // Морской сборник. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КА ((Vico) Джамбатыста) (23.6.1668, г. Неапаль, Італія — 23.1.1744),
італьянскі філосаф. З 1697 праф. рыторыкі ун-та ў Неапалі, з 1734 каралеўскі гістарыёграф. Зазнаў уплыў Платона, Тацыта, Ф.Бэкана, Г.Гроцыя. У сваёй гал. працы «Асновы новай навукі пра агульную прыроду нацый» (1725) распрацаваў тэорыю гіст. кругавароту, паводле якой усе нацыі развіваюцца па цыклах, што складаюцца з трох эпох: божай (адсутнасць дзяржавы як сацыяльнага інстытута), гераічнай (наяўнасць арыстакратычнай дзяржавы) і чалавечай (дэмакр. Рэспубліка ці прадстаўнічая манархія). Прызнаючы вырашальнае значэнне дзейнасці людзей, адводзіў важную ролю ў ажыццяўленні гіст. Працэсу вышэйшай (божай) волі (гл.Правідэнцыялізм). Свае прынцыпы гіст. развіцця пашыраў таксама на мову, права, мастацтва.
Літ.:
Киссель М.А. Джамбаттиста Вико. М., 1980;
Schmidt R.W. Die Geschichts-philosophie G.B.Vicos. Wuerzburg, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.
Існавала ў 1910—18 у Віцебску. Засн.паводле завяшчання мсціслаўскага ваяводы І.Гільзена (памёр у 1786), нашчадкі якога сродкі ад атрыманых прыбыткаў павінны былі накіроўваць на «пашырэнне навук і выхаванне беднага высакароднага юнацтва». Паколькі ўмовы завяшчання не выконваліся, мін-ванар. асветы і Віцебская мужчынская гімназія ў 1907 праз суд спагналі 200 тыс.руб., палавіна гэтых сродкаў была накіравана на адкрыццё вучылішча. Былі набраны хлопчыкі ў падрыхтоўчы і 2 першыя класы. Старэйшыя класы адкрываліся паступова (па аднаму штогод). Поўны склад навучэнцаў набраны ў 1916 (93 чал.). Тэрмін навучання 7 гадоў. Дырэктар вучылішча В.К.Краснянскі. Выкладаліся: матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, чарчэнне, маляванне, ням. і франц. мовы, механіка, тэхналогія, камерцыя. У 1917 адбыўся адзіны выпуск (72 чал.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у Віцебску з 17 ст. па 1820. Езуіты пасяліліся ў Віцебску ў 1639, калі смаленскі ваявода А.Корвін-Гасеўскі падарыў ім прыстань на Зах. Дзвіне і землі (1 тыс. кв. міль) на Смаленшчыне. Віцебскім езуітам матэрыяльна дапамагаў Аршанскі езуіцкі калегіум, свецкія феадалы ахвяравалі маёнткі. У 1649 езуіты пабудавалі ў Віцебску касцёл, у калегіуме пачалося навучанне, з 1676 існавала муз. бурса. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Віцебскі езуіцкі калегіум двойчы спыняў дзейнасць, у 1708 будынкі згарэлі. У 1731 адбудаваны. З 1756 пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр, аптэка (1697). Закрыты паводле ўказа імператара Аляксандра I ад 13.3.1820 аб высылцы езуітаў з Рас. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНУ,
у вішнуізме і індуізме адзін з асн. (нароўні з Брахмам і Шывам) багоў; ахоўнік, увасабленне вечна жывой прыроды, энергіі, што ўладкоўвае космас. Уяўлялі прыгожым юнаком (часам з чатырма рукамі) з цёмна-сінім колерам скуры. Жонка Вішну Лакшмі — багіня шчасця і дабрабыту. Паводле эпасу, у канцы кожнага сусв. цыкла Вішну ўбірае ў сябе сусвет і ўпадае ў сон, лежачы на змеі Шэшы, які плавае ў сусв. акіяне. Калі Вішну прачынаецца і задумвае новае тварэнне, з яго вырастае лотас, з якога з’яўляецца Брахма і стварае сусвет. Звычайнае месцазнаходжанне Вішну — вяршыня гары Меру. Вядомы аватары Вішну (цялесныя ўвасабленні) у выглядзе герояў Крышны, Рамы, вепра, карліка і інш.
А.В.Гурко.
Вішну, Брахма, Лакшмі на змеі Шэшы. Сярэдневяковы малюнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫЯ ДАКУМЕ́НТЫ,
дакументы, на падставе якіх ажыццяўляецца прымусовае выкананне пастаноў судовых, арбітражных і некаторых інш. органаў. Паводлевыканаўчага вядзення Рэспублікі Беларусь выканаўчымі дакументамі з’яўляюцца: выканаўчыя лісты; выканаўчыя надпісы, загады гасп. судоў і органаў арбітражу; надпісы старшыні Марской арбітражнай камісіі аб набыцці рашэннем законнай сілы; неаплачаныя ў тэрмін плацежныя патрабаванні, акцэптаваныя плацельшчыкамі; пасведчанні, якія выдаюцца па прац. спрэчках камітэтамі прафсаюзаў на падставе рашэнняў камісій па прац. спрэчках, або пастановы і пасведчанні гэтых камітэтаў; пастановы адм. органаў і камісій па справах непаўналетніх аб правядзенні спагнанняў з грамадзян; рашэнні выканкомаў мясц. Саветаў аб спагнаннях з юрыд. асоб за патравы пасеваў і пашкоджанне насаджэнняў і інш. Парадак афармлення і тэрміны прад’яўлення выканаўчых дакументаў да выканання рэгламентаваны цывільным працэсуальным заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКЛЮ́ЧНЫ ЗАКО́Н СУ́ПРАЦЬ САЦЫЯЛІ́СТАЎ, «Закон супраць шкодных і небяспечных памкненняў сацыял-дэмакратыі»,
антыдэмакратычны заканад. акт, накіраваны супраць сацыяліст. і рабочага руху ў Германіі ў 1878—90. Ініцыіраваны рэйхсканцлерам О.Бісмаркам. Прыняты рэйхстагам і набыў сілу ў кастр. 1878 (тэрмін дзеяння 2,5 года; прадоўжаны ў 1881, 1884, 1886 і 1888). Паводле закону забараняліся с.-д. і распускаліся многія рабочыя арг-цыі, закрываліся рабочыя газеты і часопісы, канфіскоўвалася сацыяліст.л-ра і інш. За гады яго дзеяння распушчана 350 рабочых арг-цый, арыштавана 1500 і выслана 900 чал. Жорсткая рабочая палітыка Бісмарка выклікала новыя хвалі выступленняў працоўных і рост сярод іх папулярнасці с.-д. партыі. Пасля адстаўкі Бісмарка (1890) тэрмін дзеяння закону не быў прадоўжаны і ён страціў сілу.