ДЗЮМО́Н-ДЗЮРВІ́ЛЬ ((Dumont d’Urville) Жуль Себасцьен Сезар) (23.5.1790, г. Кандэ-сюр-Нуаро, Францыя — 8.5.1842),
французскі мараплавец і акіянограф. У 1826—28 здзейсніў кругасветнае плаванне на караблі «Астралябія», у час якога знайшоў сляды загінуўшай экспедыцыі Ж.Лаперуза, даследаваў некалькі астраўных груп у Ціхім ак., нанёс на карту частку берагоў Новай Зеландыі і Новай Гвінеі. У 1837—40 ажыццявіў плаванне ў Антарктыку на суднах «Астралябія» і «Зеле»; адкрыў Зямлю Луі Філіпа, в-аў Жуанвіль, Зямлю Адэлі. У яго гонар названа Дзюрвіля мора ў Антарктыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́КСІЛЕНД (ад англ. Dixieland літар. краіна Дыксі — ужытковая назва паўд. штатаў ЗША),
адна з стылявых разнавіднасцей класічнага джаза. Узнік у пач. 20 ст. ў Новым Арлеане сярод белых пасяленцаў ЗША. У 1910—20-я г. Д. — разнавіднасць новаарлеанскага стылю, з 1940-х г. (найб. пашыраны за межамі ЗША) — яго назва. З інструментаў у ім дамінуюць карнет, трамбон, кларнет. Сярод найб. вядомых калектываў у Расіі і Беларусі, якія выступаюць у стылі Д., — Ленінградскі дыксіленд, мінскі дыксіленд «Рэнесанс», дыксіленд пад кіраўніцтвам В.Старавойтава ў Магілёве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМАМЕТАМАРФІ́ЗМ (ад дынама... + метамарфізм),
структурнае, а таксама мінералагічнае пераўтварэнне горных парод пад уздзеяннем тэктанічных рухаў. Пашыраны пры складкаўтварэнні і лакалізаваны ў зонах разрыўных тэктанічных парушэнняў (скід, разлом, насоў). Адбываецца з мех. раздрабленнем і сціраннем пародаўтваральных мінералаў, пры адсутнасці перакрышталізацыі. Такі Д. характэрны для верхніх узроўняў зямной кары з адносна нізкімі т-рамі. Прадуктамі яго з’яўляюцца катаклазіты, міланіты і розныя сланцы. Для сярэдніх і глыбокіх узроўняў зямной кары тэктанагенныя разбурэнні парод адбываюцца з перакрышталізацыяй і ўтварэннем новых мінералаў. Прадуктамі гэтых працэсаў з’яўляюцца тэктаніты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦАВА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ, дыферэнцыятар,
прыстасаванне для пераўтварэння ўваходнага ўздзеяння ў сігнал, які характарызуе скорасць змянення ўваходнай велічыні (з’яўляецца яе вытворнай). Напр., калі ўваходная велічыня — вугал павароту вала, то выхадная — частата яго вярчэння. У аналагавых выліч. машынах і прыладах кіравання выкарыстоўваюць схемы, з дапамогай якіх аперацыя дыферэнцавання выконваецца набліжана. Бываюць мех. (фрыкцыйныя, цэнтрабежныя і інш.), эл. (дыферэнцавальныя ланцугі, трансфарматары, актыўныя электронныя дыферэнцавальныя элементы), эл.-мех. (тахагенератары пастаяннага і пераменнага току і інш.). Выкарыстоўваюцца ў выліч. прыстасаваннях, сістэмах аўтам. рэгулявання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС ((Davis) Джон) (каля 1550, Сандрыдж, каля г. Дартмут, Вялікабрытанія — 29.12.1605),
англійскі мараплавец. Здзейсніў 3 плаванні (1585—87) з мэтай адшукання паўн.-зах. праходу з Атлантычнага ак. ў Ціхі, але знайсці гэты шлях ён не змог. Д. адкрыў праліў на З ад Грэнландыі, названы яго імем (Дэйвіса праліў), даследаваў зах. бераг Грэнландыі (да 73°паўн. ш.) і ўсх. бераг п-ва Лабрадор. У 1591—92 камандаваў караблём у экспедыцыі англ. карсара Т.Кавендыша, у час якой зрабіў пачатак адкрыццю Фалклендскіх а-воў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКСТРЫ́НЫ,
высокапалімерныя рэчывы поліцукрыднай прыроды, якія ўтвараюцца пры частковым гідролізе крухмалу і глікагену. Гідроліз бывае ферментатыўны (пры ўдзеле α- і β-амілаз) і неферментатыўны (пры ўздзеянні кіслот, шчолачаў, тэмпературы). На першай яго стадыі ўтвараюцца аміладэкстрыны (у прысутнасці ёду іх раствор набывае фіялетавы колер), потым эрытрадэкстрыны (утвараюць чырвона-буры колер з ёдам), затым ахраадэкстрыны (не афарбоўваюцца ёдам) і мальтадэкстрыны (не афарбоўваюцца і не выпадаюць у асадак пры дабаўленні спірту). Засвойваюцца арганізмам лепш, чым крухмал і глікаген. Д. з крухмалу — клеільныя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАП́Е́ЙСКІ ІНВЕСТЫЦЫ́ЙНЫ БАНК (European Investment Bank; ЕІБ),
банк, створаны для падтрымкі праектаў, якія маюць значэнне для некалькіх краін — членаў Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, а таксама для фінансавання больш адсталых еўрап. краін у выглядзе доўгатэрміновых крэдытаў. Дзейнічае з 1959. ЕІБ — інстытут з аўтаномным фін. статусам. Яго кіруючы орган — Савет упраўляючых у складзе міністраў фінансаў краін-удзельніц, які вызначае крэдытную палітыку, зацвярджае гадавыя балансы, прымае рашэнні аб выдачы крэдытаў і гарантый, аб выпуску пазык і памеры працэнтных ставак. Статутны капітал ЕІБ каля 15 млрд. ЭКЮ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКАЯ НАРА́ДА ПА ЎРЭГУЛЯВА́ННІ ЛАО́СКАГА ПЫТА́ННЯ Склікана па ініцыятыве СССР, праходзіла з 16.5.1961 да 23.7.1962. Прадстаўнікі Бірмы, Вялікабрытаніі, ДРВ, ЗША, Індыі, Камбоджы, Канады, КНР, Лаоса, Польшчы, СССР, Тайланда, Францыі і Паўд. В’етнама прынялі Дэкларацыю і Пратакол аб нейтралітэце Лаоса, заявілі, што будуць паважаць яго суверэнітэт, незалежнасць, нейтралітэт, адзінства і тэр. цэласнасць. Пагадненні прадугледжвалі стварэнне ў Лаосе кааліцыйнага ўрада (сфарміраваны ў чэрв. 1962). Аднак рэалізаваць дамоўленасці і дасягнуць нац. адзінства ў Лаосе не ўдалося. У 1964 ЗША парушылі ўмовы пагаднення, пачалі бамбардзіроўкі тэр. Лаоса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВО́ЙСКІ (Яўген Канстанцінавіч) (28.9.1907, г. Магілёў-Падольскі, Украіна — 9.10.1976),
савецкі фізік, заснавальнік казанскай навук. школы. Акад.АНСССР (1964; чл.-кар. 1953). Герой Сац. працы (1969). Скончыў Казанскі ун-т (1930). З 1947 у Ін-це атамнай энергіі АНСССР. Навук. працы па радыёспектраскапіі і фізіцы плазмы. Адкрыў электронны парамагнітны рэзананс (1944). Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны метад турбулентнага нагрэву плазмы. Прадказаў на магчымасць ажыццяўлення кіроўнага тэрмаядз. сінтэзу з дапамогай рэлятывісцкіх электронных пучкоў (1968). Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПРУ́ДСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. каля в. Запруды Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.Яго абарончымі ўмацаваннямі былі земляныя валы з вастраколам наверсе і вадзяныя равы. У плане валы і равы нагадваюць упісаныя адзін у адзін прамавугольнікі, якія з У мелі бакі ў выглядзе паўдуг, што сыходзіліся ў месцы ўезду ў замак. У замку размяшчалася сядзіба феадала. Захаваліся валы выш. 1,5—2 м і шыр. у аснове да 4 м. Равы маюць глыбіню да 2,5 м і шыр. каля 5 м.