ВАТО́ ((Watteau) Жан Антуан) (10.10.1684, г. Валансьен, Францыя — 18.7.1721),
французскі жывапісец. Працаваў таксама ў галіне графікі і дэкар. жывапісу. Вучыўся ў Парыжы ў К.Жыло і К.Адрана. Зазнаў уплыў П.П.Рубенса. У 1717 атрымаў званне акадэміка за твор «Паломніцтва на востраў Кіферу». Пісаў жанравыя карціны («Бівак», «Саваяр з сурком», 1716, і інш.). Пазней у творах на тэмы «галантных урачыстасцей» і тэатр. сцэн («Цяжкае становішча», «Свецкае кола ў парку», «Свята кахання», «Жыль» і інш.) канчаткова сфарміраваўся яго своеасаблівы стыль, адметны вытанчанай грацыёзнасцю вобразаў і інтымнымі настроямі. Паэтычнасцю вылучаюцца і яго малюнкі (аловак, сангіна).
Літ.:
А.Ватто. Старинные тексты / Сост. Ю.К.Золотов. М., 1971;
Герман М. Антуан Ватто. 2 изд. Л., 1984.
А.Вато.А.Вато. Паломніцтва на востраў Кіферу. 1717.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧКІ́ (Bidens),
род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 230 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў Амерыцы. На Беларусі па берагах вадаёмаў, на тарфяніках, у сырых лясах і хмызняках звычайна трапляюцца мясцовыя ваўчкі паніклыя (Bidens cernua) і трохраздзельныя (Bidens tripartita), рэдка — прамяністыя (Bidens radiata), а таксама занесеныя з Паўн. Амерыкі ваўчкі аблісцелыя (Bidens frondosa).
Аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным сцяблом. Лісце супраціўнае (верхняе рэдка чаргаванае), простае, цэласнае, 3—5-раздзельнае або рассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, двухполыя, сабраныя ў гама- або гетэрагамныя кошыкі. Кошыкі адзіночныя або сабраныя ў гронка- ці шчытападобныя агульныя суквецці. Плод — сямянка з 2—4 учэпістымі шчацінкамі. Лек. (мачагонны, патагонны, вітамінны і інш. сродак) і тэхн. (фарбавальныя) расліны; некаторыя віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛЬЦАВА́ННЕ (ад ням. wälzen качаць, перакочваць),
перапрацоўка поліметал. адходаў металургічнай вытв-сці (шлакаў свінцовай, меднай і алавянай вытв-сці, цвёрдых рэшткаў цынкавай вытв-сці) з мэтай дадатковага атрымання металаў. Прадукты вельцавання — узгоны свінцу, цынку, волава і інш. металаў, а таксама клінкер, які мае звычайна медзь.
У працэсе вельцавання адходы змешваюцца са здробненым палівам (коксам, антрацытам і інш.) і награюцца ў гарыз.вярчальных печах да т-ры 1100—1300 °C. Лятучыя металы (перш за ўсё цынк) пад уздзеяннем т-ры аднаўляюцца з вокіслаў, выпараюцца і зноў акісляюцца кіслародам паветра і вуглякіслым газам. Вокіслы ўлоўліваюцца ў фільтрах, пасля чаго з іх вылучаюць металы. Медзь, жалеза і інш. нелятучыя металы, якія застаюцца ў цвёрдым стане, выплаўляюць (на плавільных з-дах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЫ,
крывяносныя сасуды, па якіх кроў цячэ да сэрца ад органаў і тканак. Усе вены, акрамя лёгачных і пупочнай, нясуць вянозную кроў. Па венах пераносяцца пажыўныя рэчывы са страўнікава-кішачнага тракту і гармоны з залоз унутранай сакрэцыі, а з тканак арганізма выдаляюцца вуглякіслы газ і інш. прадукты распаду. Самыя вялікія вены ў арганізме чалавека — полыя верхняя і ніжняя. Яны ўпадаюць у правае перадсэрдзе. Ціск і скорасць руху крыві ў венах ніжэйшыя, а ёмістасць удвая большая, чым у артэрыях. Вялікая роля ў гемадынаміцы вянознай крыві належыць клапанам, якія ўяўляюць сабой складкі ўнутранай абалонкі вен. Сценкі вен складаюцца з трох слаёў: унутранага — з эпітэлію і злучальнай тканкі, сярэдняга — з гладкіх мышцаў, вонкавага — са злучальнай тканкі, у якой шмат эластычных валокнаў. Гл.таксамаКрывяносная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАС (Calluna),
род кветкавых раслін сям. верасовых. 1 від — верас звычайны (Calluna vulgaris). Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы і на Атл. узбярэжжы Амерыкі. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце на пясчаных мясцінах у хваёвых барах, на высечках, выгарынах, пустэчах, тарфяніках, утварае вял. зараснікі — верасоўнікі.
Шматгадовая вечназялёная галінастая кустовая ці кусцікавая расліна выш. да 1 м. Лісце дробнае, лускападобнае, сядзячае, ланцэтнае, размешчана накшталт чарапіцы ў 4 рады. Кветкі дробныя, двухполыя, званочкавыя, бэзава-ружовыя, зрэдку белыя, у аднабокіх гронках. Плод — пушыстая чатырохгранная каробачка. Дэкар., лек (мачагонны, патагонны, процізапаленчы, вяжучы, злёгку снатворны і заспакаяльны сродак), тэхн. (мае дубільнікі, гліказіды, смалу, крухмал), кармавая і меданосная (дае т.зв. «верасовы мёд») расліна. Часам верасам таксаманаз. віды роду эрыка (Erica).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́СТЭРН (ад англ. western заходні),
жанр прыгодніцкага кіно. Узнік у ЗША на пач. 1900-х г. Адлюстроўвае падзеі, звязаныя з асваеннем амер. Захаду ў 2-й пал. 19 ст. Дынамічны сюжэт вестэрна звычайна разгортваецца на фоне дзікай прыроды пры ўдзеле мужнага героя, які ўступае ў схватку з ворагамі ў імя ўсталявання духоўных і сацыяльных ідэалаў; падзеі ў вестэрне рамантызаваліся, герой ідэалізаваўся. На пач. 1950-х г. узнікла тэндэнцыя да пераасэнсавання і дэміфалагізацыі гісторыі заваявання далёкага Захаду. Як жанр і цяпер папулярны ў ЗША, Італіі («спагеці-вестэрн»), Германіі. Тэрмін «вестэрн» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да амер. л-ры прыгодніцкага жанру з аналагічнымі сюжэтамі.
Да арт.Вестэрн. Кадр з кінафільма «Аднойчы на Далёкім Захадзе». Рэж. С.Леоне. 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЕТНА́МСКАЯ МО́ВА,
адна з аўстраазіяцкіх моў. Афіц. мова В’етнама, пашырана таксама ў Камбоджы, Лаосе, Тайландзе, Новай Каледоніі. Падзяляецца на 3 асн. дыялекты — паўн., цэнтр. і паўд., якія адрозніваюцца лексікай і фанетыкай. Літ. мова сфарміравалася на аснове паўн. і цэнтр. дыялектаў. Фанетыка в’етнамскай мовы не дапускае, каб у адной марфеме стаялі поруч 2 зычныя, 2 галосныя могуць спалучацца. Усе марфемы (асн. і службовыя) аднаскладовыя. Устойлівы парадак слоў абумоўліваецца тым, што ў в’етнамскай мове фактычна няма марфалогіі. У лексіцы шмат запазычанняў з кіт. мовы. Да 1910 у В’етнаме былі пашыраны 2 віды пісьменства — кіт. іерагліфіка і пісьменства «цьыном», якое ўзнікла на яе аснове (стараж. помнік датуецца 1343). З 1910 уведзена пісьмо «куок-нгы», створанае ў 17 ст.партуг. місіянерамі на аснове лац. алфавіта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КА ((Vico) Джамбатыста) (23.6.1668, г. Неапаль, Італія — 23.1.1744),
італьянскі філосаф. З 1697 праф. рыторыкі ун-та ў Неапалі, з 1734 каралеўскі гістарыёграф. Зазнаў уплыў Платона, Тацыта, Ф.Бэкана, Г.Гроцыя. У сваёй гал. працы «Асновы новай навукі пра агульную прыроду нацый» (1725) распрацаваў тэорыю гіст. кругавароту, паводле якой усе нацыі развіваюцца па цыклах, што складаюцца з трох эпох: божай (адсутнасць дзяржавы як сацыяльнага інстытута), гераічнай (наяўнасць арыстакратычнай дзяржавы) і чалавечай (дэмакр. Рэспубліка ці прадстаўнічая манархія). Прызнаючы вырашальнае значэнне дзейнасці людзей, адводзіў важную ролю ў ажыццяўленні гіст. Працэсу вышэйшай (божай) волі (гл.Правідэнцыялізм). Свае прынцыпы гіст. развіцця пашыраў таксама на мову, права, мастацтва.
Літ.:
Киссель М.А. Джамбаттиста Вико. М., 1980;
Schmidt R.W. Die Geschichts-philosophie G.B.Vicos. Wuerzburg, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ПРА́ВА,
сістэма юрыд. нормаў, якая замацавала аўтаномныя правы Віцебскай зямлі ў складзе ВКЛ, а таксама рэгламентавала прававое становішча насельнікаў гэтай зямлі. Было зафіксавана прывілеямі 1503 і 1561 вял. князёў Аляксандра і Жыгімонта Аўгуста, таму што ранейшыя віцебскія прывілеівял. князёў былі страчаны. Нормы Віцебскага права выпрацаваны яшчэ ў часы Віцебскага княства. Князі, якія ўступалі на віцебскі прастол, абавязаны былі даць згоду правіць паводле Віцебскага права, што фіксавалася дагаворам. Пасля далучэння Віцебскага княства да ВКЛ нормы Віцебскага права без значных змен гарантаваліся вял. князямі ВКЛ. Паводле прывілея 1503 ваявода прызначаўся толькі са згоды віцяблян, судзіць і караць апошніх належала ў Віцебску. Прывілеі 1503 і 1561 разам з інш.абл. прывілеямі сталі крыніцамі Статутаў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
сукупнасць мерапрыемстваў па забеспячэнні вадой нас. пунктаў, прам-сці, транспарту і інш. праз сістэму гідратэхнічных збудаванняў. Для водазабеспячэння выкарыстоўваюць паверхневыя воды і прэсныя падземныя воды. Падзяляецца на камунальнае і вытворчае. Найб. спажыўцы вады — прадпрыемствы металург., хім., нафтаперапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, ЦЭЦ (падача вады на арашэнне адносіцца да воднай гаспадаркі, на ГЭС — да гідраэнергетыкі). Сістэма водазабеспячэння ўключае ачышчальныя (гл.Водаачыстка) і водазаборныя збудаванні, помпавыя станцыі, вадаводы, водаправодную сетку і інш., бывае гасп.-пітнога, вытв., проціпажарнага і аб’яднанага прызначэння. Сучасныя сістэмы цэнтралізаваныя: кожная забяспечвае вадой вял. групу спажыўцоў. Якасць вады для водазабеспячэння кантралюе сан. нагляд праз санэпідэмстанцыі. Для захавання неабходнай якасці пітной вады ствараюцца водаахоўныя зоны, зберагаюцца водаахоўныя лясы, ажыццяўляюцца інш. мерапрыемствы па ахове прыроды. Гл.таксамаВодакарыстанне, Водаспажыванне.