РАЎНАСТРО́ФНЫ ВЕРШ,

верш, напісаны аднолькавымі строфамі. Да раўнастрофных адносяцца таксама вершы, у якіх у строгай паслядоўнасці чаргуюцца 2 ці 3 страфы, розныя паводле характару. Напр., у вершы Я.​Коласа «Над магілаю друга» пасля кожнага катрэна ідзе 2-радковая страфа.

Падбіўся ў дарозе ты, дружа,
І вочы пагаслі твае.
У шуме жыццёвае сцюжы
Байца-песняра не стае.
Спі спакойна, спачывай —
Не забудзе цябе край.

Арыгінальнае чаргаванне 2-радкоўяў і 4-радкоўяў у вершы С.​Ліхадзіеўскага «Берасцянка жывых трывог» (2—4—4—2) і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЭМА́ТЫ,

сумесі энатыямераў, якія не праяўляюць аптычнай актыўнасці. Існуюць у выглядзе рацэмічных сумесей крышт. энантыямераў (кангламерат — простая сумесь аптычных антыподаў, узятых у эквімалекулярнай колькасці) ці рацэмічных змешаных крышталёў, утвораных абодвума энантыямерамі (гл. Аптычная ізамерыя), і малекулярных злучэнняў (сапр. Р.), утварэнне якіх абумоўлена вадароднымі сувязямі, індукцыйным і дысперсійным узаемадзеяннямі. Атрымліваюць Р. пры хім. (неасім.) сінтэзе, а таксама пры рацэмізацыі — абарачальным узаемным ператварэнні энантыямераў, якое адбываецца звычайна не самаадвольна, а, напр., пад уздзеяннем кіслот, шчолачаў, пры павышэнні т-ры. Вылучэнне энантыямераў з іх рацэмічнай сумесі наз. расшчапленнем Р. (працэс адваротны рацэмізацыі).

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫГАРЫ́ЗМ (франц. rigorisme ад лац. rigor суровасць, строгасць),

няўхільнае прытрымліванне пэўнага прынцыпу ў дзеяннях, паводзінах і думках. Выключае кампрамісы, улік інш. прынцыпаў, прыстасаванне да канкрэтных абставін, часта звязаны з аскетызмам, фанатызмам. Як этычны прынцып сфармуляваны І.​Кантам у яго вучэнні пра абавязак, паводле якога маральнымі ўчынкамі прызнаюцца толькі здзейсненыя паводле матываў абавязку; учынкі, здзейсненыя паводле інш. матываў (напр., схільнасцей), не прызнаюцца маральнымі, нават калі не супярэчаць абавязку. Супраць кантаўскага Р. выступаў Ф.​Шылер, які лічыў, што гэты прынцып накіраваны на заглушэнне асабістых схільнасцей і пажаданняў і прыводзіць да абмежаванасці чалавека.

т. 13, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́НЕЖСКАЕ РАДО́ВІШЧА БУ́РАГА ВУ́ГАЛЮ.

У Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., паміж вёскамі Тонеж і Букча. Выяўлена ў 1982, папярэдне разведана ў 1987—90. Вугляносная тоўшча звязана з адкладамі ніжняга неагену і прымеркавана да Тонежскай дэпрэсіі Прыпяцкага прагіну. З 15 пластоў, лінз і прапласткаў практычнае значэнне маюць 3 пласты (I, II, III). Магутнасць іх 0,3—19,6 м, ускрышы (пясчана-гліністыя пароды) 26—132 м. Цеплата згарання 4—4,9 МДж/кг попельнасць 22—34%. На пл. 10,3 км² папярэдне разведаныя запасы 42 млн. т. Радовішча не распрацоўваецца.

А.​П.​Шчураў.

т. 15, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭ́ЦЯЕ САСЛО́ЎЕ,

падатковае насельніцтва Францыі ў 15—18 ст. (купцы, рамеснікі, сяляне, пазней таксама прадпрымальнікі і рабочыя). Называлася 3-м у адрозненне ад першых двух саслоўяў — духавенства і дваранства, якія не абкладаліся падаткамі (у 18 ст. толькі невял. агульнадзярж. падаткам). Т.с. спыніла існаванне ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99, якая ліквідавала саслоўныя адрозненні. У гіст. л-ры і публіцыстыцы франц. тэрмін «Т.с.» ўжываецца ў дачыненні да непрывілеяванага насельніцтва многіх краін, а не толькі Францыі, але звычайна ў больш вузкім (гандл., прамысл., фін. буржуазія, ч. інтэлігенцыі) значэнні.

т. 16, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«У НАМЕ́РЫ»,

бел. гульня моладзі ў час посту, калі не дазвалялася спяваць і танцаваць. Збіраліся ў вялікай хаце, пасярод яе ставілі ўслон, на які ўперамежку садзіліся хлопцы і дзяўчаты. Адзін з удзельнікаў гульні хадзіў і пытаўся, ці задаволена суседка суседам. Калі дзяўчыне падабаўся хлопец, што сядзеў побач, яна глядзела ў яго бок. Астатнія ўдзельнікі ў гэты час крычалі: «Раз, два, тры!», а хлопец цалаваў дзяўчыну. Гульня працягвалася, пакуль усе не размяркоўваліся па парах. Тэматычна блізкая да «Жаніцьбы Цярэшкі», «Яшчура» і інш.

В.​Дз.​Ліцьвінка.

т. 16, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРАІ́Т (назва ад р. Чара),

мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, складаны сілікат K, Na, Ca, Ba, Mn, змяшчае ваду і фтор. Хім. формула дакладна не высветлена. Адкрыты ў 1977 на Мурунскім шчолачным масіве ва Усх. Сібіры. Сінганія, верагодна, манаклінная, крышт. структура канчаткова не расшыфравана. Утварае валакністыя масы і доўгаслупковыя агрэгаты розных адценняў фіялетавага колеру. Цв. 5,5. Шчыльн. 2,5—2,6 г/см³. Паходжанне гідратэрмальна-метасаматычнае, утвараецца ў шчолачных сіенітах. Каштоўны ювелірна-вырабны і калекцыйны камень. Адзінае ў свеце радовішча — Бэзавы камень ва Усх. Сібіры (Расія).

Ваза з чараіту.

т. 17, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧМШКЯН Георг Аруцюнавіч (19.3.1837, Тбілісі — 10.1.1916),

армянскі акцёр, рэжысёр, драматург; заснавальнік рэаліст. арм. сцэн. мастацтва. У 1863 стварыў прафес. арм. т-р у Тбілісі, яго акцёр і рэжысёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1862. Сярод лепшых роляў: Пэпо, Масісян, Мікаэл («Пэпо», «Хатабала», «Яшчэ адна ахвяра» Г.​Сундукяна), Атэла, Шэйлак («Атэла», «Венецыянскі купец» У.​Шэкспіра), Сганарэль («Лекар паняволі» Мальера), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Скалазуб («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава). Паставіў п’есу «Не ў свае сані не садзіся» А.​Астроўскага (1864) і інш. Аўтар вадэвіляў, быт. камедый, драм («Настаўніца», 1890).

т. 17, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́МПІ (італьян. ciompi),

часальшчыкі воўны і інш. наёмныя рабочыя сукнаробчых мануфактур Фларэнцыі і шэрагу інш. гарадоў Італіі 14 ст. Яны складалі каля 25% насельніцтва Фларэнцыі. Працавалі па 14—16 гадз у сут за мізэрную плату. Уладальнік мануфактуры мог звольніць іх без папярэджання. Ч. не былі членамі цэха і не мелі ніякіх паліт. правоў. У чэрв. 1378 у Фларэнцыі Ч. ўзнялі паўстанне, патрабуючы стварэння свайго цэха, увядзення сваіх прадстаўнікоў у гар. ўрад (сіньярыю), павышэння зарплаты, адтэрміноўкі даўгоў і інш. У канцы жн. 1378 паўстанне было задушана, яго кіраўнікі пакараны смерцю.

т. 17, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЛАМЫ́ (ад назвы в. Шаламы ў Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл.),

узгоркі і пакарочаныя грады, складзеныя з матэрыялу вял. ледавіковых адорвеняў, якія залягаюць блізка ад паверхні. Уваходзяць у комплекс краявых ледавіковых утварэнняў. Даўж. да некалькіх соцень метраў, адносныя выш. да 10—15 м. У ядры часцей залягаюць дэвонскія даламіты, вапнякі, мергелі, радзей гліны, пяскі і інш. Адарваныя пароды ў многіх выпадках не перакрыты марэнай і выходзяць на паверхню. Трапляюцца сярод адкладаў дняпроўскага і сожскага зледзяненняў на У Беларусі. З Ш. звязаны радовішчы даламітаў і вапнякоў.

Э.​А.​Ляўкоў.

т. 17, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)