ТЫВА́, Рэспубліка Тыва, Тува. Размешчана на ПдУсх. Сібіры, у Рас. Федэрацыі. На Пд і ПдУ мяжуе з Манголіяй. Пл. 170,5 тыс.км². Нас. 311 тыс.чал. (2000), гарадскога 48%. Сярэдняя шчыльнасць 1,8 чал. на 1 км². Жывуць тувінцы (64,3%), рускія (32%), хакасы і інш. Сталіца — г.Кызыл. Гарады: Ак-Давурак, Шаганар, Чадан, Туран.
Прырода. Т. — горная краіна (выш. да 3970 м, масіў Мангун-Тайга). Цэнтр. і зах.ч. займае Тувінская катлавіна, на Пн ад яе хрыбты Зах. Саяна, на З — Алтая, на Пд — Тану-Ала. У межах усх.ч.паўд.-зах. схілы Усх. Саяна, Таджынская катлавіна, нагор’і Усх.-Тувінскае і Сангілен. Карысныя выкапні: руды каляровых і рэдкіх металаў, жал. руда, каменны вугаль, азбест, золата, ртуць. каменная соль, мармур, вапнякі і інш. Каля 50 крыніц мінер. вод. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма марозная, бязветраная, лета ўмерана цёплае ў гарах і гарачае ў катлавінах. Сярэднія т-ры студз. ад -28 да -32 °C, ліп. 15—20 °C. Ападкаў ад 150—300 мм у катлавінах да 1000 мм у гарах. На ПнУ трапляюцца ўчасткі шматгадовай мерзлаты. Амаль усе рэкі належаць да бас. Енісея — Верхні Енісей (Улуг-Хем) з прытокам Хемчык, 2 вытокі Енісея — Вял. Енісей (Бій-Хем) і Малы Енісей (Ка-Хем). На Пдр. Тэс-Хем, упадае ў салёнае воз. Убсу-Нур. Шматлікія азёры ў Таджынскай катлавіне (Наён-Холь, Таджа, Маны-Холь і інш.). Частка Саяна-Шушанскага вадасховішча. Глебы каштанавыя, чарназёмныя, горна-лясныя і горна-таежныя. Каля 1/2 тэр.пад лесам (лістоўніца, сіб. кедр, хвоя, бяроза і інш.), У катлавінах пераважае стэпавая расліннасць, трапляюцца ўчасткі хваёвых лясоў, па далінах буйных рэк лясы з таполі. У складзе жывёльнага свету марал, лось, каланок, гарнастай, расамаха, у стэпах ліс, воўк, шматлікія грызуны (суслікі, хамякі і інш.). Запаведнікі Азас, Убсунурская катлавіна.
Гісторыя. Тэр. Т. заселена чалавекам у познім палеаліце. У канцы 1-га тыс. да н.э. — 2 ст.н.э. тут жылі гуны, у 2—6 ст. — плямёны сяньбі і жужаняў. Да сярэдзіны 9 ст.тэр. Т. ў складзе Цюркскага і Уйгурскага каганатаў, у 9—12 ст. — у залежнасці ад енісейскіх кыргызаў і кіданяў. У этнагенезе тувінцаў, які цягнуўся шмат стагоддзяў, удзельнічалі стараж. карэнныя плямёны, цюркі тугю, кыргызы, манголы. У 1207 — канцы 17 ст. Т. пад уладай манголаў. З 16—17 ст. пашырыўся ламаізм. З 1696 тэр. Т. ў складзе 3 дзяржаў: Айрацкага ханства, маньчжурскага Кітая і Расіі, якая ў 1728 перадала сваю частку Т. Кітаю. Пасля разгрому маньчжурамі Айрацкага ханства (1757—58) уся тэр. Т. пад уладай Кітая да 1912, калі ў выніку нац.-вызв. руху кіт. панаванне было скінута. Да 20 ст. аснову гаспадаркі Т. складалі качавая жывёлагадоўля і прымітыўнае земляробства. У 1914 па просьбе тувінскіх феадалаў абвешчаны пратэктарат Расіі над Т., якая пачала называцца Уранхайскім краем; засн.г. Белацарск (з 1926 Кызыл). У 1918—21 Т. акупіравана рас. белагвардзейцамі, кіт. і мангольскімі інтэрвентамі. У жн. 1921 у выніку нар. рэвалюцыі Т. абвешчана незалежнай Народнай Рэспублікай Тану-Тува (з 1926 Тувінская Нар. Рэспубліка), дзе кіруючай сілай стала засн. ў 1922 Нар.-рэв. партыя. Гасп. неразвітасць Т. абумовіла яе залежнасць ад СССР, пад уплывам якога кіраўніцтва рэспублікі стала на шлях пабудовы ў Т. сацыялізму, мінаючы капіталізм. Да 1931 ліквідаваны клас феадалаў. У 1930 тувінцы стварылі сваю пісьменнасць. У Вял.Айч. вайну насельніцтва Т. аказвала рознабаковую матэрыяльную дапамогу сав.Чырв. Арміі, добраахвотнікі ўдзельнічалі ў баях супраць гітлераўцаў.
17.8.1944 Малы хурал (парламент) Т. звярнуўся да Вярх. Савета СССР з просьбай аб прыняцці Т. ў склад СССР; 11.10.1944 прынята як аўт. вобласць РСФСР. У 1961 утворана Тувінская АССР. У сав. перыяд створаны розныя галіны прам-сці, сучасны транспарт, механізаваная сельская гаспадарка, павысіўся ўзровень адукацыі і культуры насельніцтва. Негатыўным было ігнараванне кіраўніцтвамтрадыц. качавога ўкладу і нац.-культ. асаблівасцей насельніцтва, што выявілася ў згортванні качавой жывёлагадоўлі, знішчэнні многіх помнікаў рэліг. культуры, палітыцы русіфікацыі тувінцаў. У снеж. 1990 Вярх. Савет Тувінскай АССР прыняў дэкларацыю аб суверэнітэце Т., у кастр. 1991 прынята афіц. назва — Рэспубліка Тыва. З ліст. 1991 Т. — рэспубліка ў складзе Расійскай Федэрацыі. У 1992 уведзена пасада прэзідэнта Т. (з сак. 1992 Ш.Д.Ааржак). У 1993 прынята Канстытуцыя Т.
Гаспадарка. Т. — індустр.-агр. рэгіён Расіі. У структуры валавога рэгіянальнага прадукту прам-сць і буд-ва складаюць 18%, сельская гаспадарка — 11%, сфера паслуг — 71%. Асн. галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі, 1999): каляровая металургія (36,4%), электраэнергетыка (23,3%), паліўная (10,8%), харч. (16,2%). Здабыча і перапрацоўка кобальт-нікелевых руд (Хаву-Аксы), ртуці, золата, азбесту (2,6 тыс.т, Ак-Давурак), каменнага вугалю (547 тыс.т, Халбаджынскі, Каа-Хемскі, Чаданскі вугальныя разрэзы). Вытв-сць электраэнергіі 40 млн.кВт∙гадз на ЦЭЦ (Кызылская, Ак-Давуракская, Хаву-Аксынская). Прадпрыемствы харч. прам-сці ў Кызыле (мясакамбінат, малочны і піваварны з-ды), Чадане (масларобны з-д), Шаганары і інш. Лесанарыхтоўчыя, лесапільныя і мэблевыя прадпрыемствы ў Кызыле, Туране, Сарыг-Сепе і інш.Вытв-сць аўтаспецабсталявання (Кызыл), буд. матэрыялаў (цэглы, буд. дэталей, жалезабетонных канструкцый), швейных і гарбарных вырабаў. Развіты каменярэзны маст. промысел. Падс.-г. ўгоддзямі 2,5 млн.га, у т. л.пад пашай 2,3 млн.га, ворнымі землямі 0,1 млн.га. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (83% кошту с.-г. прадукцыі); вылучаюцца мяса-малочная жывёлагадоўля і танкарунная авечкагадоўля. Гадуюць таксама коз, свіней, птушак, коней, вярблюдаў, аленяў, якаў. Пагалоўе (тыс. галоў, 2000): авечак і коз — 613, буйн. раг. жывёлы — 110,2, свіней — 13,1, аленяў — 1,1. На ПнУ развіты пушны промысел. Пасяўныя пл. (тыс.га, 1999) займаюць 60,1, у т. л.пад збожжавымі культурамі (пшаніца, авёс, ячмень, проса) 44,7, кармавымі 11,6, бульбай і агароднінай 3,8. Збор (тыс.т, 1999): збожжа — 12,9, бульбы — 15, агародніны — 4,3. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2472 км. Ёсць 2 выхады да чыгункі: па Усінскім тракце да чыг. ст. Абакан і па аўтадарозе Ак-Давурак — Абаза да чыг. ст. Абаза. Суднаходства па р. Верхні Енісей і ў ніжнім цячэнні рэк Вял. і Малы Енісей. Аэрапорты ў гарадах Кызыл, Ак-Давурак, Шаганар. Т. пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу харч. прадукты, сыравіну, паліва; завозіць харч. прадукты, драўніну і вырабы з яе, маш.-буд. і нафтахім. прадукцыю. Курорты: Уш-Бельдыр і Чэдэр.
Культура. Самыя стараж. помнікі на тэр. Т. — палеалітычныя і неалітычныя стаянкі, кераміка эпохі бронзы, каменныя стэлы (аленевыя камяні), творы ў звярыным стылі мастацтва скіфскай эпохі (1-е тыс. да н.э.), вырабы з металу і драўляныя статуэткі гунскага перыяду (2 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.). Ад стараж.цюркскага часу (6—8 ст.) захаваліся каменныя фігуры людзей і метал. вырабы, аздобленыя гравіроўкай; пазней гравіроўку спалучалі з інкрустацыяй жалеза золатам, серабром, бронзай. Да уйгурскага часу належаць рэшткі гарадзішчаў-крэпасцей (Пор-Бажын на воз. Тэрэ-Холь). Лямцавыя дываны, драўляныя куфры і ложкі, скураныя пасудзіны і сёдлы, вырабы з металу ўпрыгожваліся нар. арнаментам, для якога характэрны строга сім. кампазіцыя, S-падобныя ўзоры, меандры. Асн. жытлом служыла лямцавая юрта. З канца 18 ст. развіваецца дробная пластыка з дрэва, каменю, металу, у ёй працуюць нар. скульптары Х.Хуна, М.Чэрзі і інш. З 1940-х г. развіваюцца станковы жывапіс і графіка (В.Дзёмін, С.Ланза, Ю.Дзееў, Сарыг-оал Саая, Т.Левяртоўская, І.Салчак, М.Пятроў і інш.). Вядзецца рэканструкцыя і добраўпарадкаванне г. Кызыл, будуюцца новыя пасёлкі. Найб. значныя пабудовы: у Кызыле. — гасцініца «Мангулек», Дом мастака, кінатэатр «Найырал», парк культуры і адпачынку са спарт. комплексам і інш. У Т. 3 ВНУ, краязнаўчы музей, муз.-драм. т-р.(усе ў Кызыле).
Літ.:
История Тувы. Т. 1—2. М., 1964;
Сердобов Н.А. История формирования тувинской нации. Кызыл, 1971;
Новейшие исследования по археологии Тувы и этногенезу тувинцев. Кызыл, 1980;
Очерки социального развития Тувинской АССР Новосибирск, 1983;
Маннай-оол М.Х. Тува в эпоху феодализма. Кызыл, 1986;
Республики России: Этноист. очерки. М., 1999;
Аксенов А.Н. Тувинская народная музыка. М., 1964;
Вайнштейн С.И. Историческая этнография тувинцев. Пробл. кочевого хозяйства. М., 1972;
Яго ж. История народного искусства Тувы. М., 1974;
Сузукей В.Ю. Тувинские традиционные народные инструменты. Кызыл, 1989;
Кыргыс З.К. Проблемы горлового пения. Кызыл, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
клас, ‑а, м.
1. Сукупнасць прадметаў, з’яў, аб’яднаных на аснове якіх‑н. агульных прымет, якасцей; разрад, падраздзяленне. Да агульных назоўнікаў адносяцца імёны, пры дапамозе якіх абазначаюцца цэлыя класы аднародных прадметаў, з’яў, жывых істот.Граматыка.// У спецыяльнай тэрміналогіі: а) у логіцы — сукупнасць аднародных прадметаў, падобных адзін да аднаго сваімі істотнымі прыметамі, якасцямі. Клас з’яў; б) у біялогіі — адно з вялікіх падраздзяленняў у сістэматыцы раслін і жывёл. Клас паўзуноў. Клас папаратнікаў; в) у матэматыцы — сукупнасць лічбаў трох суседніх разрадаў лікаў. Першы клас складаюць першыя тры разрады: сотні, дзесяткі і адзінкі.// Разрад суднаў у залежнасці ад тыпу будовы і абсталявання. Клас мінаносцаў. Клас лінкораў.// Тып вагонаў поезда або кают парахода, абсталяваных з пэўнай ступенню выгод, праезд у якіх аплачваецца па ўстаноўленаму тарыфу. Каюта першага класа.
2. Вялікая група людзей, аб’яднаных аднолькавымі адносінамі да сродкаў вытворчасці, да размеркавання грамадскага багацця і агульнасцю інтарэсаў. Рабочы клас. Клас прыгнятальнікаў.
3. Падраздзяленне пачатковай і сярэдняй школы, якое аб’ядноўвае вучняў аднаго года навучання і аднолькавага аб’ёму ведаў. Пяты клас. Дзевяты клас.// Падраздзяленне вучняў мастацкай або іншай спецыяльнай школы, якія займаюцца падкіраўніцтвам пэўнага выкладчыка або вывучаюць пэўны прадмет. Камерны клас. Клас скрыпкі,// Група вучняў пачатковай або сярэдняй школы, якія вучацца сумесна. Дысцыплінаваны клас.// Памяшканне ў школе, дзе праходзяць вучэбныя заняткі. У калідоры зазвінеў званок, заклікаючы выхаванцаў у класы.Шамякін.
4.толькімн. (кла́сы, ‑аў). Дзіцячая гульня, якая заключаецца ў тым, што на зямлі рысуюць фігуру, падзеленую на клеткі, і, скачучы на адной назе, перасоўваюць ёю каменьчык, кусочак шкла і пад. з адной клеткі ў другую, а таксама фігура для гэтай гульні.
5. Мера якасці, ступень, ўзровень чаго‑н. Тэхніка высокага класа.// Кваліфікацыя, ступень падрыхтаванасці. Лётчык першага класа.//Разм. Высокі ўзровень чаго‑н. Паказаць клас гульні.
6. У дарэвалюцыйнай Расіі — адно з падраздзяленняў у табелі аб рангах, якое адпавядала пэўнаму чыну. Чыноўнік чатырнаццатага класа.// Ступень некаторых грамадзянскіх званняў. Саветнік юстыцыі першага класа.
[Ад лац. classis — разрад.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АНГО́ЛА (Angola), Народная Рэспубліка Ангола (Repúblika Popular de Angola),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн і ПнУ з Заірам, на У з Замбіяй, на Пд з Намібіяй, на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 1246,7 тыс.км². Нас. 11,2 млн.чал. (1994). Афіц. мова — партугальская. Сталіца — г.Луанда. Падзяляецца на 18 правінцый (дыстрыктаў), уключае правінцыю Кабінда (паўанклаў). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1975 з папраўкамі 1991 Ангола — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Савет Міністраў.
Прырода. Большую ч. тэрыторыі займае пласкагор’е (пераважна выш. 1000—1500 м). На З горны масіў Біе (найб.выш. 2610 м, г. Мока). Уздоўж узбярэжжа шэраг невысокіх ступеньчатых плато шыр. ад 100 да 200 км і вузкая паласа прыморскай нізіны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, алмазы, медныя, жал., марганцавыя і уранавыя руды, баксіты, золата, тытан, плаціна, слюда. Клімат трапічны, гарачы, засушлівы зімой і вільготны летам. Сярэдняя т-ранайб. цёплага месяца (студз.) ад 21 да 29 °C, найб. халоднага (ліп.) ад 15 да 22 °C. Ападкаў ва ўнутр. раёнах 1000—1500 мм за год; на ўзбярэжжы, дзе ўплывае халоднае Бенгальскае цячэнне, — 50—500 мм за год. Гал. рэкі: Кванга, Касаі, Кунене, Кванза, частка эстуарыя р. Конга, на У верхняе цячэнне р. Замбезі. Значныя энергет. рэсурсы. Парогі і вадаспады перашкаджаюць суднаходству. Расліннасць унутр. раёнаў — сухое лістападнае рэдкалессе на фералітавых глебах, зах. схілы пласкагор’я і даліны рэк пад вільготнымі трапічнымі лясамі, на ўзбярэжжы — травяністыя і хмызняковыя саванны на чырвона-бурых глебах, на Пд — паўпустыня, якая пераходзіць у пустыню Наміб. Жывёльны свет: сланы, насарогі, буйвалы, зебры, ільвы, леапарды, гіены і інш., у трапічных лясах малпы. Нац. паркі і заказнікі: Кісама, Лванда, Камея, Намібе і інш.
Насельніцтва. Каля 96% насельніцтва належыць да народу моўнай сям’і банту (мбунду, конга, авімбунду, баконга, вачакве, ваньянка, авамба і інш.), жывуць партугальцы. Паводле веравызнання католікі (больш за 80%), пашыраны анімістычныя культы. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Найб. густа заселены нізіны і даліны рэк. Гар. насельніцтва 28,3% (1990). Найб. гарады: Луанда, Уамба, Лабіту, Бенгела, Лубанга і інш.
Гісторыя. Першабытная матэрыяльная культура на тэр. Анголы зарадзілася ў 8-м тыс. да н.э. Яе носьбітамі былі народы, нашчадкамі якіх з’яўляюцца пігмеі кангалезскіх лясоў, бушмены паўд.-зах. пустыняў і кой (гатэнтоты) Паўд. Афрыкі. Каля З тыс. гадоў назад сюды з бас.р. Конга і раёна вял. афрыканскіх азёраў перамясціліся негроідныя плямёны моўнай сям’і банту. Да пач.еўрап. каланізацыі на тэр. Анголы размяшчаліся раннефеад. дзяржавы Конга, Ндонга, Луанда, Бенгела і інш.Феад. адносіны тут суіснавалі з родаплемяннымі. У канцы 15 ст. на ўзбярэжжа вусця р. Конга высадзіліся партугальцы і залажылі тут апорны пункт Сан-Паўлу-ды-Луанда, які стаў цэнтрам гандлю рабамі. З 16 ст. Ангола — крыніца таннай рабочай сілы для цукр. плантацый Бразіліі. У 1671 афіцыйна абвешчана ўладаннем Партугаліі, хоць доўгі час яна кантралявала толькі крэпасці і факторыі на ўзбярэжжы. Паводле дагавора 1885—99 Партугаліі з Бельгіяй, Францыяй, Германіяй і Англіяй канчаткова вызначаны межы партуг. калоніі Анголы За працяглы час гандлю рабамі многія раёны краіны абязлюдзелі, знішчана духоўная і матэрыяльная культура раннефеад. дзяржаў.
З пачатку каланізацыі партугальцы сустрэлі ўпартае супраціўленне афр. плямёнаў. Цэнтрам антыкалан. руху была дзяржава Ндонга, якую партугальцы называлі Анголай (ад імя правячай дынастыі Нгола). У 17 ст. барацьбу за незалежнасць узначаліла каралева Нзінга Мбандзі Нгола. Прасоўванне партугальцаў у глыб краіны было прыпынена. У канцы 17 — пач. 18 ст. супраціўленне захопнікам у раёне Каконды аказалі плямёны падкіраўніцтвам Хамба. У 1885 на Пд Анголы пачалася вызв. барацьба плямёнаў этнічнай групы авамба, якая працягвалася 30 гадоў. У 1956 некалькі падп. груп аб’ядналіся ў Народны рух за вызваленне Анголы (МПЛА) падкіраўніцтвам А.Нета. Хоць паўстанне ў Луандзе было задушана, узбр. барацьба ахапіла ўсю краіну. У ёй прынялі ўдзел таксама Нац. саюз за поўную незалежнасць Анголы (УНІТА) і Нац. фронт вызвалення Анголы (ФНЛА). Да пач. 1970-х г. паўстанцы вызвалілі значную частку Анголы. У ліп. 1972 Ангола атрымала статус штата з правам мясц. аўтаноміі, але заставалася ў паліт. і эканам. залежнасці ад Партугаліі.
У 1974 Партугалія прызнала права Анголы на самавызначэнне і незалежнасць. Паводле двухбаковай дамоўленасці ўзбр. барацьба ў краіне спынялася. У створаны ў 1975 пераходны ўрад увайшлі прадстаўнікі МПЛА, УНІТА і ФНЛА. Аднак з-за шматлікіх супярэчнасцяў гэты ўрад распаўся. Супраць новага кабінета, створанага МПЛА, выступіла УНІТА. Узбр. барацьба паміж імі перарасла ў грамадз. вайну. 11.11.1975 у Луандзе абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Ангола, якую прызналі СССР, Куба і інш. краіны. Першым прэзідэнтам стаў А.Нета. Але на тэр. Анголы ўварваліся войскі ПАР і наёмнікаў. Урад Анголы папрасіў дапамогі ў Кубы. Нац.ўзбр. сілы Анголы пры дапамозе кубінскіх ваеннаслужачых да сак. 1976 выцеснілі інтэрвентаў. У 1979 прэзідэнтам краіны стаў Ж.Э. душ Сантуш. Узбр. акцыі супраць Анголы працягваліся. У 1988 паміж Анголай, Кубай, ПАР і ЗША падпісаны пагадненні, паводле якіх з Анголы выводзіліся войскі ПАР і Кубы. Але грамадз. вайна не спынілася. 31.5.1991 падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні паміж МПЛА і УНІТА, створана аб’яднаная нац. армія. У вер. 1992 пад наглядам ААН прайшлі парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, на якіх перамагла партыя МПЛА. УНІТА адмовілася прызнаць вынікі выбараў, і ваен. дзеянні аднавіліся. У кастр. 1993 УНІТА прызнала вынікі выбараў 1992, у снеж. 1993 паміж урадам і УНІТА падпісана перамір’е.
У Анголе зарэгістравана каля 30 партый. Асн. з іх: МПЛА, УНІТА, ФНЛА.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыўная прам-сць і сельская гаспадарка. Валавы ўнутр. прадукт у 1991 склаў 9,1 млрд.дол. (36% прыпадае на нафту і нафтапрадукты). Здабыча нафты (21 млн.т, 1991), алмазаў (961 тыс. карат, 1991). Вытв-сць электраэнергіі (730 млн.кВт∙гадз, 1987, 70% на ГЭС). Развіваюцца апрацоўчая прам-сць (перапрацоўка с.-г. сыравіны, металаапр., нафтаперапр., лесапілаванне, тэкст., швейная і інш.), буд. індустрыя (вытв-сць цэменту, азбесту), суднабудаванне. Важная галіна сельскай гаспадаркі — плантацыйнае земляробства. Культывуюць каву (13 тыс.т, 1987), кукурузу, сізаль, цукр. трыснёг, алейную пальму, пшаніцу, какаву, гевею, тытунь і інш. Вырошчваюць бавоўну, маніёк, фасоль, рыс, арахіс. Жывёлагадоўля ў асн. у паўд. раёнах (буйн. раг. жывёла, свінні, козы). Рыбалоўства. Развіты чыг. (каля 3,3 тыс.км) і аўтамаб. (каля 80 тыс.км) транспарт. Марское кабатажнае суднаходства. Гал. парты — Луанда, Лабіту, Кабінда. У Луандзе міжнар. аэрапорт. У экспарце Анголы 88,9% займае нафта, 7,3% — алмазы. Больш за 90% экспарту паступае ў ЗША, краіны Зах. Еўропы (з 1985 Ангола асацыіраваны член Еўрап. Саюза), Бразілію. Вывозяцца кава (6 тыс.т, 1991), алмазы, сізаль, кукуруза, пальмавы алей, драўніна. Імпартуюцца машыны, абсталяванне, тэкстыль, металы. У 1989 Ангола прынята ў Міжнар. валютны фонд і Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця. Грашовая адзінка — кванэа кванза.
Літаратура. Багатая вусная л-ра існуе на мовах народаў банту — кімбунду, умбунду, кіконга, гангела і інш. У канцы 19 ст. К. да Мата сабраў і выдаў кн. «Народная мудрасць у ангольскіх прымаўках», А.Рыбаш — кн. казак і прымавак «Місоса» (т. 1—3, 1961—64) і «Ангольскія абрады і божаствы» (1958). На аснове нар. легендаў Каштру Сараменью стварыў кн. «Гісторыя Чорнай Зямлі» (т. 1—2, 1960). Пісьмовая л-ра, пераважна на партуг. мове, узнікла ў 19 ст. і мела публіцыст. характар. Літаратуры на мовах кімбунду і умбунду не мелі магчымасці друкавацца. У друку разгарнуўся патрыят. рух за аднаўленне сапраўднай нац. культуры. У 1920—30-я г.асн. жанры — бытапісальныя і дыдактычныя апавяданні. Тэмы нац. самасцвярджэння гал. чынам адлюстроўваюцца ў паэзіі і журналістыцы. З 1930-х г. вядомыя раманы П.Машаду і А.Троні, А. ды Асіс Жуніёр. Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі патрыятычны культ.-асв. рух «Ідзём адкрываць Анголу» (1948), «Культурнае таварыства Анголы» (1952), выдадзены першы кімбунду-партут. слоўнік (1953). Пад уплывам нац.-вызв. вайны 1961—74 у л-ры актуалізуецца тэма барацьбы супраць каланіялізму і расізму. Вылучаюцца вершы А.Нета, А.Жасінту, А.Барбейтуша, Р.Дуарці ды Карвалью і інш. Антыкаланіяльны кірунак маюць трылогія Каштру Сараменью «Мёртвая зямля» (1949), «Паварот» (1957), «Язва» (1970). Раман Рыбаша «Уанга» (1953) перакладзены на многія еўрап. мовы. Значнае дасягненне прозы — апавяданні і аповесці Л.Віейры. У 1977 створаны Саюз пісьменнікаў Анголы.
Мастацтва. На тэр. Анголы захаваліся першабытныя наскальныя геаметрызаваныя малюнкі жывёл. У сярэдневяковых дзярж. утварэннях (Луанда, Конга) развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва пляценне і разьба. Планіроўка пасяленняў кругавая: у цэнтры — памяшканне для сходаў, вакол яго — жылыя дамы з гасп. пабудовамі. Жылыя дамы прамавугольнай (радзей круглай) формы на каркасе з калоў, пераплеценых галінкамі, часам абмазаныя глінай, з глінабітнай падлогай, канічнай або 2-схільнай саламянай страхой. Дзверы і сцены часта ўпрыгожваюць разьбяным выпаленым ці маляваным геам. арнаментам. З прыходам еўрапейцаў у Анголу з’явіліся гарады, якія забудоўваліся на ўзор правінцыяльных партуг. гарадоў мураванымі будынкамі ў стылі барока і ранняга класіцызму. З пач. 20 ст. забудова вядзецца ў духу сучаснай еўрап. архітэктуры з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў. Развіта маст. разьба: стылізаваныя, схематычныя статуэткі людзей і жывёл, якія, паводле нар. павер’яў, валодаюць магічнай сілай, рытуальныя маскі. Разьбянымі выявамі (часам са складанымі дэкар. кампазіцыямі) аздабляюць драўляную мэблю, рэчы хатняга ўжытку. Пляцёнкі з галінак і саломы, кошыкі, цыноўкі і інш. вырабы нар. мастацтва ўпрыгожваюць геам. арнаментам чорнага, жоўтага, чырвона-карычневага колеру. З 1970-х г. развіваецца выяўленчае (асабліва графіка) і дэкар.-прыкладное мастацтва.
Літ.:
Фитуни Л.Л. Народная Республика Ангола: Справ. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭХАСЛАВА́КІЯ (Československo),
дзяржава ў цэнтр. Еўропе ў 1918—92 на тэр. сучасных Чэхіі і Славакіі. Пл. 128 тыс.км², нас. (1986) 15,5 млн.чал., з якіх чэхаў 64%, славакаў 31%. Узнікла на чэш. і славацкіх землях Аўстра-Венгрыі ў выніку нац.-вызв. барацьбы чэхаў і славакаў, якая ўзмацнілася напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. У 1915 чэш.паліт. дзеячы стварылі за мяжой Чэш.к-т дзеяння. Восенню 1915 заключаны дагавор паміж прадстаўнікамі Славацкай лігі і Чэш.нац. аб’яднання ў ЗША пра будучае аб’яднанне чэхаў і славакаў у федэратыўным саюзе дзяржаў. У маі 1916 падкіраўніцтвам чэха Т.І.Масарыка і славака М.Штэфаніка Чэш.к-т дзеяння пераўтвораны ў Чэхаславацкі нац. савет (ЧНС). Восенню 1916 прадстаўнікі чэш. партый стварылі Чэш. саюз у Вене і Нац.к-т у Празе. Летам 1918 урады краін Антанты прызналі ЧНС у якасці ўрада будучай дзяржавы чэхаў і славакаў. Нац.к-т у Празе 28.10.1918 абвясціў пра стварэнне незалежнай Ч. Гэтае рашэнне падтрымаў Славацкі нац. савет (у г. Марцін), які 30.10.1918 абвясціў пра аддзяленне Славакіі ад Венгрыі. 13.11.1918 зацверджана часовая канстытуцыя Чэхаславацкай Рэспублікі (першы прэзідэнт Масарык, першы прэм’ер-міністр К.Крамарж), межы якой вызначылі Версальскі мірны дагавор 1919, Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 і Трыянонскі мірны дагавор 1920. Акрамя чэш. і славацкіх зямель у яе склад увайшла населеная пераважна ўкраінцамі і венграмі Падкарпацкая Русь, на якую напачатку прэтэндавала і Венгрыя. Канфлікт з Польшчай з-за багатай вугалем Цешынскай Сілезіі вырашыўся ў 1920 падзелам яе паміж дзвюма дзяржавамі. У Ч. ў 1920 пражывала 13,5 млн.чал., у т. л. 7 млн. чэхаў, 2 млн. славакаў, 3 млн. немцаў. У складаных міжнар. умовах Славакіяй у студз. 1919 у Браціславе створана мін-ва па справах Славакіі з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. На тэр. Ч. было сканцэнтравана амаль 70% прам-сці б. Аўстра-Венгрыі, што спрыяла хуткаму пераадольванню наступстваў вайны. Аднак эканам. развіццё розных частак Ч. было вельмі нераўнамернае. У адрозненне ад прамысл. развітай Чэхіі, Славакія заставалася пераважна с.-г. краінай са слабаразвітай прам-сцю, якая не вытрымлівала канкурэнцыі чэш. прадпрыемстваў і разаралася. Гэтая нераўнамернасць захоўвалася да канца існавання Ч. і, разам з нац.-культ. і нац.-паліт. фактарамі, згубна адбівалася на ўстойлівасці дзяржавы.
У лют. 1920 Часовы нац. сход прыняў канстытуцыю Ч., якая ўзаконіла ўжо сфарміраваную паліт. сістэму парламенцкай рэспублікі. Да сак. 1939 змянілася 20 урадаў, якія з 1922 узначальваліся ў асн. лідэрамі найб. шматлікай і ўплывовай у краіне Агр. партыі. Значным уплывам карысталіся таксама партыі: права-кансерватыўная Нац.-дэмакр., С.-д., Сацыяліст., Чэхаславацкая нар., Камуніст. (КПЧ, засн. ў 1921); у Славакіі найб. значнай была Хрысц.нар. партыя А.Глінкі. Ва ўмовах частай змены ўрадаў рэальная паліт. ўлада ў Ч. канцэнтравалася ў пазапарламенцкіх групоўках «Град», «Пяцёрка», «Васьмёрка», якія складаліся з лідэраў асн.паліт. партый. У 1920—30-я г. назіралася тэндэнцыя да ўзмацнення паўнамоцтваў прэзідэнта і ўрада. Масарыка, які памёр у 1935, змяніў на пасадзе прэзідэнта яго паплечнік па нац.-вызв. барацьбе Э.Бенеш. Прэм’ер-міністрам стаў аграрый М.Годжа. Да канца 1920-х г. у Ч. ў асн. завершана памяркоўная агр. рэформа, якая перадала сялянам за выкуп каля 150 тыс.га зямель буйных землеўладальнікаў (у іх засталося каля 40% зямельных угоддзяў краіны). Прам-сць у 1924—29 паспяхова развівалася, але эканам. крызіс пач. 1930-х г. прывёў да спаду вытв-сці на 40% і масавага беспрацоўя (1 млн.чал. у 1933). У 1937 аб’ём прамысл. вытв-сці толькі наблізіўся да дакрызіснага. У знешняй палітыцы Ч. арыентавалася на ўмацаванне адносін з Францыяй, з якой у 1924 заключыла ваен.-паліт. саюз. У 1920—21 створаны ваен. саюз Ч. з Румыніяй і Югаславіяй — Антанта малая. Лакарнскія дагаворы 1925 ускладнілі знешнепаліт. становішча Ч. У 1934 устаноўлены дыпламат. адносіны з СССР, у 1935 падпісаны дагавор аб узаемадапамозе. У сярэдзіне 1930-х г. ўзмацніўся ўплыў КПЧ і правых партый. Прагерм. Судэта-ням. партыя К.Генлейна патрабавала шырокай аўтаноміі для паўн. і паўн.-зах. раёнаў Ч., заселеных пераважна немцамі, скасавання дагавораў з СССР і Францыяй. Адначасова ўзмацніліся сепаратысцкія настроі ў Славакіі. Каб даць падставу для ўмяшання Германіі, генлейнаўцы ў ноч на 12 вер. 1938 арганізавалі ўзбр. мяцеж, які быў падаўлены. Аднак паводле навязаных Ч. Вялікабрытаніяй і Францыяй умоў Мюнхенскага пагаднення 1938 Германія 1.10.1938 акупіравала Судэцкую вобл. і інш. пагранічныя раёны Ч. з пераважна ням. насельніцтвам. 2.10.1938 Польшча прымусіла Ч. аддаць ёй Цешынскую вобл. Паводле Венскага арбітражу 1938 Венгрыя 2.11.1938 захапіла паўд. раёны Славакіі і ч. Падкарпацкай Русі. У выніку Ч. страціла 1/3ч. сваёй тэр., 40% прам-сці, пагранічныя ўмацаванні і апынулася ў эканам. і паліт. залежнасці ад Германіі. Э.Бенеш пайшоў у адстаўку, прэзідэнтам выбраны Э.Гаха. Ён і ўрад т.зв. другой рэспублікі атрымалі права мяняць канстытуцыю. Па патрабаванні славацкіх і ўкр.паліт. дзеячаў былі створаны аўт. земскія ўрады Славакіі на чале з І.Цісам і Падкарпацкай Русі на чале з А.Бродзіем. У ходзе канфлікту з цэнтр. урадам славацкі сейм па ўказанні Германіі 14.3.1939 абвясціў «Незалежную Славацкую дзяржаву» на чале з прэзідэнтам Цісам. 15.3.1939 Гаха падпісаў у Берліне прапанаваны А.Гітлерам акт аб скасаванні «нежыццяздольнай» Ч. і ням.-фаш. войскі акупіравалі Чэхію і Маравію, дзе 16.3.1939 створаны т.зв. Пратэктарат Багемія і Маравія — нібыта аўт. ўтварэнне на чале з герм. імперскім пратэктарам К. фон Нейратам. Немцы пратэктарата абвяшчаліся герм. грамадзянамі. Падкарпацкую Русь захапіла Венгрыя. Падкіраўніцтвам Бенеша ў 1939 у Парыжы створаны Чэхаславацкі нац.к-т (пазней ён пераехаў у Лондан, летам 1940 пераўтвораны ў Часовы ўрад Ч.). У эміграцыі створаны таксама Дзярж. савет Ч., які выконваў функцыі парламента. Бенеш прызнаны прэзідэнтам Ч. на эміграцыі. Урад СССР 18.7.1941 заключыў з чэхаславацкім эмігранцкім урадам пагадненне аб ваен. супрацоўніцтве і 12.12.1943 дагавор аб дружбе, узаемадапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве, якія прадугледжвалі аднаўленне Ч. ў дамюнхенскіх межах. На тэр.СССР з 1942 фарміраваліся чэхаславацкія вайск. часці, аб’яднаныя ў 1944 у армейскі корпус (камандзір — ген. Л.Свобада), які ўдзельнічаў у вызваленні Ч. У сак. 1945 у Маскве прадстаўнікі Бенеша дамовіліся з кіраўніцтвам КПЧ і дэлегацыяй Славацкага нац. савета пра стварэнне Нац. фронту чэхаў і славакаў (НФ; увайшлі КПЧ, Кампартыя Славакіі, чэхаславацкія Нац.-сацыяліст., С.-д., славацкія Нар. і Дэмакр. партыі) і яго праграму. 4.4.1945 у вызваленым Чырв. Арміяй славацкім г. Кошыцы абвешчана аб стварэнні ўрада НФ і апублікавана праграма пасляваен. ўладкавання дзяржавы. Пасля поўнага вызвалення краіны ад ням. фашыстаў (май 1945) адноўлена Чэхаславацкая Рэспубліка. Паводле пагаднення паміж ёй і СССР ад 29.6.1945 Падкарпацкая Русь далучана да Укр. ССР. На аснове рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945ням. насельніцтва Ч. выселена ў Германію.
У адноўленай дзяржаве ролю парламента напачатку выконваў Часовы нац. сход (200 дэп. ад Чэхіі, 100 — ад Славакіі), кіруючай паліт. сілай быў НФ на чале з лідэрам КПЧ К.Готвальдам. Вял. паўнамоцтвамі карыстаўся прэзідэнт Бенеш (афіцыйна выбраны 19.6.1946). Адносіны цэнтр. і славацкіх дзярж. органаў рэгуляваліся спец. пагадненнямі, якія абмяжоўвалі паўнамоцтвы славацкага кіраўніцтва. На выбарах ва Устаноўчы сход (май 1946) камуністы атрымалі 114 дэпутацкіх месцаў з 300, новы ўрад узначаліў Готвальд. У 1945—47 праведзена агр. рэформа (канфіскаваны і перададзены ў прыватную ўласнасць сялянам землі немцаў, калабарацыяністаў і буйныя маёнткі), нацыяналізаваны горная, металургічная прам-сць, энергетыка, банкі. У лют. 1948 у знак нязгоды з курсам Готвальда на працяг нацыяналізацыі 12 міністраў з 26 падалі ў адстаўку. Аднак КПЧ арганізавала шматтысячныя маніфестацыі ў сваю падтрымку і стварыла рабочую міліцыю, якая паралізавала дзейнасць апазіцыйных партый. Бенеш быў вымушаны пагадзіцца на захаванне ўрада, адстаўку 12 міністраў і замену іх стаўленікамі Готвальда. Улада фактычна перайшла да КПЧ і яе прыхільнікаў у НФ. 9.5.1948 прынята новая канстытуцыя, якая абвясціла Ч. нар.-дэмакр. рэспублікай чэхаў і славакаў. На выбарах у Нац. сход 30.5.1948 НФ атрымаў 93% галасоў. Пасля адстаўкі Бенеша (7.6.1948) прэзідэнтам Ч. выбраны Готвальд (1948—53). У 1948 нацыяналізаваны прамысл. прадпрыемствы, у якіх працавала больш за 50 чал. (на прыватных прадпрыемствах засталося 5% работнікаў), канфіскаваны ўсе зямельныя ўладанні, большыя за 50 га. IX з’езд КПЧ (май 1949) прыняў генеральную лінію на пабудову ў Ч. асноў сацыялізму на сав. ўзор. Ч. ўступіла ў Савет эканамічнай узаемадапамогі (1949), падпісала Варшаўскі дагавор 1955. Працэс сацыяліст. перабудовы эканомікі і грамадства суправаджаўся паліт. рэпрэсіямі, якія працягваліся да сярэдзіны 1950-х г. і ахапілі каля 70 тыс.чал. (27 тыс.чал. загінулі); сярод рэпрэсіраваных старшыня аўтаномнага ўрада Славакіі Г.Гусак і Ген. сакратар ЦК КПЧ Р.Сланскі. Фармальна захоўвалася шматпартыйнасць (у рамках НФ), фактычна ж існавала дыктатура КПЧ. Пасля смерці Готвальда КПЧ у 1953—68 узначальваў яго прыхільнік А.Новатны; прэзідэнтам Ч. ў 1953—57 быў А.Запатоцкі, у 1957—68 — Новатны. У ліп. 1960 прынята новая канстытуцыя Ч., якая замацавала курс КПЧ на «пабудову камунізму», краіна стала наз. Чэхаславацкай Сацыяліст. Рэспублікай (ЧССР). У канцы 1960-х г. нарасталі крызісныя з’явы ў эканоміцы, абумоўленыя заганамі адміністрацыйна-каманднай сістэмы, абвастрылася нац. пытанне. У студз.-сак. 1968 Новатны адхілены ад пасад 1-га сакратара ЦК КПЧ і прэзідэнта краіны. Новае кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК КПЧ А.Дубчакам (1968—69) і прэзідэнтам ЧССР ген. Л.Свобадай (1968—75) спрабавала рэфармаваць эканоміку і грамадскае жыццё «зверху» ў дэмакр. духу (гл.«Пражская вясна»), аднак гэтаму перашкодзілі ўвод (жн. 1968) у Ч. войск СССР і інш. краін — членаў Варшаўскага дагавора, акрамя Румыніі, і інш. формы націску з боку кіраўніцтва КПСС. Рэфарматарскае кіраўніцтва КПЧ у 1969 адхілена, падкіраўніцтвам Г.Гусака (з 1969 1-ы, з 1971 Ген. сакратар ЦК КПЧ, з 1975 адначасова прэзідэнт ЧССР) пачаўся працэс «нармалізацыі». Паводле канстытуцыйнага закона аб федэрацыі (27.10.1968) Ч. ператворана ў федэрацыю раўнапраўных і суверэнных сацыяліст. рэспублік — Чэшскай і Славацкай. Вышэйшым заканад. органам ЧССР стаў двухпалатны Федэральны сход, які складаўся з Нар. палаты (200 дэп.) і Палаты нацыянальнасцей (па 75 дэп. ад Чэхіі і Славакіі). Федэральны сход выбіраў прэзідэнта краіны. У канцы 1970-х г. на фоне эканам. цяжкасцей узніклі арг-цыі дысідэнтаў «Хартыя—77», «Камітэт абароны незаконна асуджаных» і інш. З пачаткам перабудовы ў СССР аналагічныя працэсы разгарнуліся і ў Ч., хоць кіраўніцтва КПЧ імкнулася замарудзіць іх. У 1987 Гусак заменены на пасадзе ген. сакратара ЦК КПЧ М.Якешам. З жн. 1988 адбываліся амаль няспынныя мітынгі і дэманстрацыі апазіцыі. У ходзе «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 КПЧ страціла манаполію на ўладу, сфарміраваны пераходны ўрад (камуністы, беспартыйныя, сацыялісты, прадстаўнікі нар. партыі) на чале з М.Чалфай. У снеж. 1989 Гусак пайшоў у адстаўку з пасады прэзідэнта, новым прэзідэнтам выбраны лідэр Грамадзянскага форуму В.Гавел, старшынёй Федэральнага сходу — А.Дубчак. У чэрв. 1990 адбыліся свабодныя выбары ў парламент, сфарміраваны ўрад з прыхільнікаў радыкальных рыначных рэформ. Восенню 1990 прыняты закон аб рэстытуцыях (вяртанні нацыяналізаванай маёмасці б. уладальнікам). Незадаволенасць славацкіх палітыкаў формай федэрацыі прывяла да яе рэфармавання законам ад 1.12.1990: б.ч. паўнамоцтваў перайшла ад федэральных органаў улады да рэсп., дзяржава пачала наз. Чэшскай і Славацкай Федэратыўнай Рэспублікай (ЧСФР). Эканам. цяжкасці і беспрацоўе ў пач. 1990-х г. абвастрылі супярэчнасці ў пытанні аб тэмпах і метадах эканам. рэформ паміж урадам Чэхіі і Славакіі. Вясной 1992 на парламенцкіх выбарах у Чэхіі перамагла правацэнтрысцкая кааліцыя прыхільнікаў радыкальных рэформ і захавання федэрацыі, у Славакіі — леваарыентаваны Рух за дэмакр. Славакію, які выступаў за поўны суверэнітэт Славакіі. Перагаворы паміж кіраўнікамі чэш. (В.Клаўс) і славацкага (У.Мечыяр) урадаў аб умовах захавання федэрацыі былі безвыніковымі. В.Гавел, пасля няўдалай спробы выбрання ў парламенце на новы тэрмін, 20.7.1992 падаў у адстаўку з пасады прэзідэнта ЧСФР. 25.11.1992 Федэральны сход прыняў закон, у адпаведнасці з якім ЧСФР 31.12.1992 спыніла існаванне, на яе тэр. ўтварыліся 2 незалежныя дзяржавы — Чэхія і Славакія.
Літ.:
Краткая история Чехословакии. М., 1988;
Коровицына Н.В. Агония соцмодернизации: Судьба двух поколений двух европейских наций. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАРГАНІЧНАЯ ХІМІЯ
Развіццё біяарган. хіміі на Беларусі пачалося ў 1959, калі склаліся навук. і творчыя сувязі паміж Ін-там фізіка-арган. хіміі АН Беларусі (ІФАХ), Мінскім мед. ін-там і Ін-там арган. хіміі АНСССР для сумесных даследаванняў па сінтэзе, стэрэахіміі і біял. актыўнасці мадыфікаваных стэроідаў (А.А.Ахрэм, Б.Б.Кузьміцкі, Л.І.Ухава). У 1972 створаны Аддзел біяарган. хіміі ў складзе ІФАХ. Буйнамаштабныя даследаванні ў галіне біяарган. хіміі пачаліся ў 1974 пасля ўтварэння Ін-та біяарган. хіміі АН Беларусі (ІБАХ) падкіраўніцтвам яго заснавальніка і першага дырэктара А.А.Ахрэма, што абумоўлена развіццём новых тэхналогій, практычнымі задачамі медыцыны, сельскай гаспадаркі, хім. і мікрабіял. прам-сці.
У галіне хіміі гармонаў, гарманальнай рэгуляцыі і рэцэпцыі вызначаны механізмы фізіял. працэсаў з удзелам гармон-звязвальных глікапратэінаў крыві. Створаны новы кірунак біяарган. хіміі — структурная арганізацыя і функцыянаванне мембранных сістэм распазнавання гармон-глікапратэінавых комплексаў (А.А.Ахрэм, А.В.Свірыдаў, А.А.Стральчонак). Распрацавана серыя радыеімуналагічных дыягнастычных тэст-сістэм і на іх аснове набораў рэактываў для дыягностыкі функцыянальнага стану шчытападобнай залозы, вызначэння стэроідаў і пухлінных маркераў. Прапанаваны біяспецыфічныя метады ачысткі аб’ектаў, спосабы сінтэзу і методыкі кантролю якасці кампанентаў радыеімуналагічных сістэм для колькаснага вызначэння стэроідных і тырэоідных гармонаў і шэрагу бялковых антыгенаў у сываратцы крыві чалавека; аптымізаваны ўмовы імунахім. рэакцый у гэтых сістэмах і праведзена іх шырокая апрабацыя ў клініцы. За распрацоўку і ўкараненне ў практыку аховы здароўя радыеімуналагічных сродкаў мікрааналізу і арганізацыю іх вытв-сці супрацоўнікам ІБАХ А.А.Ахрэму, Н.В.Півень, А.В.Свірыдаву, А.А.Стральчонку, В.Л.Чашчыну ў 1988 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі. Распрацаваны лабараторныя мадэлі універсальнага базавага кампанента цвердафазных імунааналітычных набораў з радыеактыўнай, ферментнай і флюарэсцэнтнай меткамі; створаны неізатопныя тэст-сістэмы, заснаваныя на прынцыпе ўзмоцненай хемілюмінесцэнцыі, для масавых абследаванняў насельніцтва, што пацярпела ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, для выяўлення генетычных парушэнняў у развіцці плода ў цяжарных жанчын, груп рызыкі анкалагічных хворых (Дз.І.Мяцеліца, А.В.Свірыдаў, В.Л.Чашчын, А.І.Шчэрбань, А.М.Яромін). Вылучаны і даследаваны структуры і функцыі бялкоў, што ўдзельнічаюць у біясінтэзе, транспарце і працэсах рэцэпцыі стэроідных гармонаў, бялковыя кампаненты мітахандрыяльнай стэроід-гідраксіліравальнай сістэмы з кары наднырачнікаў быка. Устаноўлена поўная амінакіслотная паслядоўнасць ключавых бялкоў стэроід-гідраксіліравальнага ферментнага комплексу (Т.Б.Адамовіч, А.А.Ахрэм, С.А.Усанаў, В.Л.Чашчын, У.М.Шкуматаў).
У 1973—82 даследаваны: склад мікрасамальных гідраксіліравальных сістэм печані, уласцівасцей кампанентаў гідраксіліравальных комплексаў, а таксама механізмы дзеяння цытахром P-450-змяшчальных комплексаў у рэканструяваных мембранах і ў сістэмах, дзе прыродны акісляльнік O2 заменены арган. гідрапераксідамі (П.А.Кісялёў, У.П.Курчанка, Дз.І.Мяцеліца, С.А.Усанаў, А.М.Яромін); тапаграфія найважнейшых ферментаў біясінтэзу стэродіных гармонаў у мембранных структурах клеткі. Метадам накіраванага мутагенезу атрыманы мутантныя формы цытахрому P-450 чалавека, што важна для разумення механізму шэрагу цяжкіх спадчынных хвароб (А.А.Гілеп, С.А.Усанаў).
Распрацаваны і выпрабаваны ў мед. установах краіны наборы рэагентаў імунаферментнага аналізу для мікравызначэння картызолу, страфанціну K, ферыціну, тыраксін-звязвальнага глабуліну і інш. антыгенаў і рэкамендаваны да прамысл. вытв-сці. Прапанаваны гамагенны імунаферментны аналіз стэроідаў у міцэлярных сістэмах (А.І.Карасева, Дз.І.Мяцеліца, А.М.Яромін).
Вывучаны заканамернасці ферментацыйнага каталізу з удзелам фосфаліпаз (М.А.Кісель, Н.М.Ліцьвінка). З 1975 даследуецца ўплыў біялагічна актыўных рэчываў на структуру, стабільнасць і канфармацыйныя пераходы ў ДНК. Распрацаваны новыя метады вылучэння ДНК, яе ачысткі і аналізу. Прапанавана эфектыўная тэхналогія атрымання асабліва чыстай ДНК для мед. і навук. мэт (А.А.Ахрэм, Д.Ю.Ландо).
Распрацаваны хім. і хім.-мікрабіял. метады сінтэзу прыродных і мадыфікаваных нуклеазідаў, нуклеатыдаў і алігануклеатыдаў. Практычным вынікам гэтых даследаванняў стала распрацоўка разам з акц. т-вам «Белмедпрэпараты» тэхналогіі атрымання субстанцыі супрацьлейкознага прэпарату «Цытарабін». Сумесна з Ін-там мікрабіялогіі Нац.АН Беларусі прапанаваны (А.І.Зінчанка) метад атрымання прэпарату «Кладрыбін» для лячэння розных відаў лейкеміі і рассеянага склерозу (А.М.Калінічэнка, І.А.Міхайлопула). У выніку праведзеных падкіраўніцтвам А.А.Ахрэма, Б.Б.Кузьміцкага, Ф.А.Лахвіча комплексных даследаванняў па сінтэзе, біяскрынінгу і залежнасці «структура—актыўнасць» гетэрацыклічных аналагаў стэроідаў вылучаны злучэнні з высокай фізіял. актыўнасцю, у якіх карысныя тэрапеўтычныя эфекты аддзелены ад гарманальных.
Вядзецца праца па стварэнні экалагічна бяспечных хім.-біял. сродкаў абароны і павышэння ўрадлівасці раслін (біярацыянальных пестыцыдаў) на аснове інсекта- і фітагармонаў стэродінай структуры, ферамонаў (кайрамонаў) і ахоўных рэчываў ад насякомых, а таксама рэгулюючых рост раслін вытворных цыклічных β-дыкетонаў, інш. прыродных злучэнняў, што імітуюць дзеянне прыродных біярэгулятараў (А.І.Быхавец, Ф.А.Лахвіч, І.І.Петрусевіч). У 1996 за цыкл прац «Сінтэз, даследаванне і выкарыстанне брасінастэроідаў — новага класа гармонаў раслін» супрацоўнікам ІБАХ В.К.Альховіку, У.М.Жабінскаму, М.І.Завадскай, Ф.А.Лахвічу, Р.П.Літвіноўскай, У.А.Хрыпачу прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі.
Комплексныя даследаванні біял. актыўнасці сінтэтычных прастаноідаў дазволілі вылучыць шэраг злучэнняў, перспектыўных у якасці імунакарэктараў, супрацьязвавых сродкаў, радыепратэктараў і сенсібілізатараў радыеадчувальных пухлінных клетак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных новаўтварэнняў (І.Г.Дацькоў, А.В.Каралёва, Б.Б.Кузьміцкі, Ф.А.Лахвіч, Г.С.Любін, Ф.С.Пашкоўскі, В.М.Раманава).
Выкананы тэарэт. канфармацыйны аналіз пептыдаў бялкоў і інш. злучэнняў. Створана комплексная праграма прагназіравання, выкарыстаная пры распрацоўцы і стварэнні шэрагу біяспецыфічных сарбентаў. Разам з тэарэт. канфармацыйным аналізам распрацаваны арыгінальны эксперым. падыход для канфармацыйнага аналізу важкіх бялковых аб’ектаў: імунаглабулінаў і іх фрагментаў (А.М.Андрыянаў, У.П.Галубовіч, З.І.Краўчук, С.П.Марцаў, А.А.Чуманевіч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІШЫНЁЎ (Chişinău),
горад, сталіца Малдовы, на р. Бык (прыток Днястра).
Чыг. станцыя. Аэрапорт. 718,2 тыс.ж. (1998; з населенымі пунктамі, падпарадкаванымі гар. адміністрацыі, 752,1 тыс.ж.). Прам-сць: машынабудаванне (с.-г. машыны, гандл. і харч. абсталяванне, халадзільнікі, эл.-вымяральныя прылады, тэлевізары, эл.-быт. тэхніка і інш.), харчасмакавая (вінаробныя, пладоваагароднінакансервавыя, табачныя вырабы), лёгкая (гарбарна-абутковая, трыкатажная і інш.), хім., дрэваапр., у т. л. мэблевая.
Упершыню згадваецца як сяло ў даравальнай грамаце малд. гаспадара Стэфана III Вялікага баярыну Влайкулу (1466). Быў вотчынай баяр, з 1641 — Яскага манастыра. З 1712 горад. З пач. 16 ст. да 1812 пад уладай Турцыі. Неаднаразова разбураны (у канцы 17 ст. татарамі, у 1739, 1787, 1791 туркамі). У рус.-тур. вайну 1735—39 тут адбылося антытур. паўстанне. На рубяжы 18—19 ст. ў К. 22 гарбарныя, 18 свечачных, 5 фаянсавых і інш. майстэрняў. З 1812 у складзе Расіі, з 1818 цэнтр Бесарабскай вобл. (з 1873 губерні). У 1820—23 у К. адбываў ссылку А.С.Пушкін, які зблізіўся тут з дзекабрыстамі М.Ф.Арловым, У.Ф.Раеўскім, П.С.Пушчыным і інш., што ўваходзілі ў мясц. ўправу «Саюза працвітання». У пач. 19 ст. К. — адзін з цэнтраў па падрыхтоўцы антытур. паўстання на Балканах лад кіраўніцтвам А.Іпсіланці. У 1813 у К. адкрыта духоўная семінарыя, у 1833 гімназія і абл. друкарня. Развіццю прам-сці (у 1903 каля 60 прадпрыемстваў) садзейнічала буд-ва чыгункі (1870—80-я г.). У студз. 1918 К. акупіраваны войскамі Румыніі. З 1940 у складзе СССР, сталіца Малд. ССР. У 2 ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (ліп. 1941 — жн. 1944). З 1991 сталіца Рэспублікі Малдова.
К. падзяляецца на Ніжні горад з сярэдневяковай планіроўкай і Верхні горад з рэгулярнай планіроўкай (генплан 1834). Сярод помнікаў: царква Раства Маці Божай («Мазаракіеўская»; 18 ст.), кафедральны сабор (1830—35, арх. А.І.Мельнікаў), трыумфальная арка (цяпер арка Перамогі; 1840, арх. І.Заушкевіч) і інш. У 1918—40 К. забудоўваўся невял. асабнякамі з цэглы і вапняку. У Вял.Айч. вайну моцна пашкоджаны. Паводле генплана 1947 (кіраўнік А.Шчусеў) рэканструяваны цэнтр горада, пракладзены праспект Моладзі і бульвар Негруцы, узведзены адм. будынкі, забудавана Вакзальная пл. У 1955—80 створаны добраўпарадкаваныя жылыя раёны (Рышканаўка, Батаніка, Баюканы) са свабоднай планіроўкай і 4—5-павярховай забудовай, прамысл. цэнтры (Новыя Чэканы, Скулянка). Найб. значныя пабудовы: аэравакзал (1974), гасцініцы «Інтурыст» (1978) і «Космас» (1983), Дом выдавецтваў (1980), будынак рэзідэнцыі прэзідэнта Малдовы (1989). Помнікі: А.С.Пушкіну (1885, скульпт. А.Апякушын), Стэфану Вялікаму (1925, скульпт. А.М.Пламадзяла), мемар. комплекс у гонар воінаў, што загінулі пры вызваленні Малдовы (1975, скульпт. А.Ф.Майко). АН Малдовы, 7 ВНУ, у т. л.ун-т, 5 т-раў, 9 музеяў, у т. л. Музей Р.І.Катоўскага і С.Лазо, Дом-музей Пушкіна, Нац. музей гісторыі Малдовы, Маст. музей.
Літ.:
История Кишинева (1466—1966]. Кишинев, 1966;
Лисецкий А.М. Кишинев в годы Великой Отечественной войны. Кишинев, 1975;
Кишинев: Энцикл. Кишинев, 1984.
Трыумфальная арка ў Кішынёве.Кішынёў. Дзяржаўны мастацкі музей.Будынак рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Малдова ў Кішынёве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧАімя М.І.Глінкі,
сярэдняя спецыяльная навуч. ўстанова ў сістэме музычнай адукацыі. Засн. ў 1924 у Мінску, да 1937 наз.Бел.дзярж.муз. тэхнікум. З 1957 імя Глінкі. Рыхтуе музыкантаў-інструменталістаў, спевакоў, дырыжораў, музыказнаўцаў, артыстаў эстрады і цырка, выкладчыкаў. Навучанне дзённае.
Выкладчыкі і навучэнцы М.м.в. вялі актыўную канцэртную дзейнасць. Напр., у 1924/25 навуч.г. яны правялі 2 цыклы з 15 гіст. канцэртаў, у якіх выконвалі творы бел. кампазітараў, рус. і замежнай класікі. З 1925 выступаў і сімф. аркестр, яго рэпертуар уключаў творы муз. класікі, бел. кампазітараў Р.Пукста, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш. У 1928 оперны клас паставіў падкіраўніцтвам В.Цвяткова і І.Гітгарца оперу «Фауст» Ш.Гуно ў перакладзе на бел. мову Ю.Дрэйзіна. Гал. партыі выканалі навучэнцы Л.Александроўская, П.Валадзько, М.Цюрэмнаў, удзельнічалі хор, аркестр, балет. Пастаўлены таксама оперы «Русалка» А.Даргамыжскага (1929) і «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1930). У 1930 на базе опернага і балетнага класаў вучылішча створана Беларуская студыя оперы і балета (з 1933 Дзярж.т-р оперы і балета БССР). М.м.в. адыграла значную ролю ў станаўленні і развіцці бел.муз. культуры. У розныя гады ў ім выкладалі нар.арт.СССР І.Жыновіч, нар.арт. Беларусі М.Аладаў, засл. дзеячы маст. Беларусі М.Браценнікаў, І.Гітгарц, М.Маслаў, Л.Мухарынская, Г.Папавіцкі, Г.Пятроў, Б.Смольскі, Р.Шаршэўскі, засл. артысты Беларусі А.Амітон, М.Бергер, А.Бяссмертны, С.Навіцкі, засл. дзеяч культуры Беларусі М.Мінянкова, а таксама Э.Азарэвіч, А.Баначыч, І.Бары, І.Варэнікаў, А.Віўен, Ю.Дрэйзін, Я.Жыў, Г.Жыхараў, А.Краўзе, Ю.Ляцецкі, С.Маркоўскі, В.Несцярэнка, С.Нісневіч, Б.Паграбняк, Я.Прохараў, І.Салодчанка, Я.Сцягенны, В.Сямашка, Н.Фалейчык, Б. і І.Фідлоны, В.Цвяткоў, Я.Цымбал, Л.Шварц, Т.Шнітман, Я.Штэйман, Б.Яўзераў.
Будынак Мінскага музычнага вучылішча імя М.І.Глінкі.
У 1999/2000 навуч.г. спецыяльнасці: фп., струнныя, духавыя і ўдарныя, нар., эстр. інструменты, спевы, хар. дырыжыраванне, тэорыя музыкі, музыказнаўства, артыст эстрады, артыст цырка. Працуюць творчыя калектывы: камерны, духавы, эстр. аркестры, 2 аркестры нар. інструментаў (бел. і рускіх), акад. і нар. хары, шматлікія камерныя ансамблі, у т. л. цымбальны. Сярод выкладчыкаў засл. настаўніца Беларусі Л.Ліхачэўская, засл. арт. Беларусі Т.Сцяпанава, засл. дзеячы культуры Беларусі А.Каландзёнак, А.Мурзіч. За час існавання вучылішча падрыхтавала больш за 7 тыс. спецыялістаў. Сярод выпускнікоў: І.Абраміс, Л.Александроўская, У.Алоўнікаў, С.Асновіч, Б.Афанасьеў, А.Багатыроў, І.Балоцін, М.Бергер, В.Бурковіч, В.Вуячыч, Л.Ганестава, М.Дзянісаў, С.Друкер, Я.Еўдакімаў, І.Жыновіч, А.Кавалёў, А.Кагадзееў, У.Кіняеў, А.Кузняцоў, І.Любан, Л.Масленікава, С.Навіцкі, М.Пігулеўскі, Г.Пятровіч, Т.Раеўская, А.Русак, Н.Сакалоўскі, Б.Смольскі, Р.Сурус, Г.Халшчанкова, Э.Ханок, Б.Шангін, Х.Шмелькін і інш. У розныя гады вучылішча ўзначальвалі: Бяссмертны, Каландзёнак, Р.Грышаеў, І.Мысліўчык, Я.Бароўскі, В.Аўраменка, М.Прашко, У.Рылатка, У.Зарэцкі, В.Башура (з 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУТУРАЛО́ГІЯ (ад лац. futurum будучыня + ...логія),
у шырокім сэнсе — агульная канцэпцыя будучыні Зямлі і чалавецтва; у вузкім сэнсе — галіна навук. ведаў, якая вывучае перспектывы сац. працэсаў, сінонім прагназіравання і прагностыкі. Тэрмін «Ф.» для абазначэння філасофіі будучыні прапанаваў у 1943 ням. сацыёлаг О.Флехтхейм. Асновы Ф. закладзены ў творах вучоных і пісьменнікаў аб розных аспектах будучыні чалавецтва (Ш.Рышэ, Э.Говард, Дз.І.Мендзялееў, К.Э.Цыялкоўскі, Г.Уэлс і інш.). Радыкальныя сац. змены і крызісы 20 ст., бурнае развіццё эканомікі, навукі і тэхнікі, глабалізацыя сусв. тэндэнцый і новыя геапаліт. зрухі выклікалі патрэбнасць у тлумачэнні ходу і перспектыў гіст. працэсу, прагназіраванні яго вынікаў. У 1960—70-я г. распрацаваны асн. канцэпцыі будучыні: індустрыяльнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства, «тэхнатроннай эры», «квітнеючага», «арганізаванага», «асветнага» і інш. грамадстваў. Футуралагічная арыентацыя грамадазнаўства прывяла да стварэння канцэпцый сац. змен у сацыялогіі (Т.Парсанс, Р.Мертан, А.Турэн, П.Штомпке і інш.), тэорый росту (эканам., сац., культ. і інш.), сац. развіцця і фарміравання новых сусв. сістэм (тэорыі новага сусв. парадку). З канца 1980-х г. на Захадзе тэрмін «Ф.» выцясняецца паняццем «даследаванне будучыні», але адначасова захоўвае сэнс сіноніма прагназіравання і прагностыкі, састаўной часткі сац., паліт., эканам. кіравання на аснове сучасных метадаў збору і апрацоўкі інфармацыі і прыняцця на іх аснове навукова апраўданых рашэнняў. У працах М.М.Майсеева, В.А.Коўды, М.У.Цімафеева-Расоўскага, М.М.Багалюбава і інш. паказваецца бесперспектыўнасць выкарыстання ядзернай зброі, несумяшчальнасць НТР з яе сац.-эканам. вынікамі. На першы план вылучаюцца праблемы экалогіі, гарманізацыі паліўна-энергет., матэрыяльна-сыравіннай, харч., дэмаграфічнай і інш. сфер (Д.Медаўс, Дж.Форэстэр і інш.). У 1970—80-я г. ў Ф. актыўна распрацоўваліся праблемы «новай цывілізацыі», вяліся пошукі новай парадыгмы сусв. тэорыі адаптацыі да сац. змен, шляхоў вырашэння сучасных глабальных праблем (А.Тофлер, Э.Шумахер і інш.). З канца 20 ст. вылучаюць 2 асн. кірункі футуралагічных даследаванняў: аптымістычны і песімістычны (тэорыі крызісаў і катастроф), якія падзяляюцца на шэраг школ і тэндэнцый: Ф. «паваротнай будучыні» (Т.Джонс, Б.Фулер, Г.Кан і інш.); Ф. гуманістычна арыентаваных прыродазнаўцаў (Д.Габар, К.Ф. фон Вайцзэкер), праектаванне мадэлей сусв. развіцця (С.С.Мендэловац, Дж.Бхагваці, А.Мазруі, Р.Катары, Р.Фальк); гуманіст. група — Рымскі клуб (Б. дэ Жувенель і інш.); амер. аптымістычны кірунак (Фулер, Дж.Макчэйл); сцыентычны прагнастычны кірунак (Кан, О.Хелмер, Г.Гордан), Камісія-2000 (падкіраўніцтвам Д.Бела) і інш.
Літ.:
Бестужев-Лада И.В. Прогнозное обоснование социальных нововведений. М., 1993;
Яго ж Нормативное социальное прогнозирование: возможные пути реализации целей общества: Опыт систематизации. М., 1987;
Белл Д. Грядущее постиндустриальное общество: Пер. с англ.М., 1999;
Антонович И.И. После современности: Очерк цивилизации модернизма и постмодернизма. Мн., 1997;
Тоффлер Э. Футурошок: Пер. с англ. СПб., 1997;
Яго ж. Третья волна: Пер. с англ.М., 2002;
Новая постиндустриальная волна на Западе: Антология. М., 1999;
Валлерстайн И. Анализ мировых систем и ситуация в современном мире: Пер. с англ. СПб., 2001;
Данилов А.Н. Социология власти: Теория и практика глобализма. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫЯ
Даследаванні па геаметрыі на Беларусі пачаліся з 1921 у БДУ. Даследаваліся крывыя 3-га парадку (У.К.Дыдырка) і праблема ўкладання рыманавых прастор у эўклідаву (Ц.Л.Бурстын).
У пасляваенны час цэнтрам навук. даследаванняў па геаметрыі стала кафедра геаметрыі БДУ. Даследаванні вядуцца таксама ў Брэсцкім ун-це. Вывучаліся геаметрыя праектыўнай і афіннай прастор, геаметрыя прасторы Мінкоўскага і яе дастасаванні да тэорыі адноснасці (А.А.Бурдун, К.Д.Лукін, Л.К.Тутаеў і інш.), геаметрычныя аспекты агульнай тэорыі адноснасці (А.П.Рабушка), сіметрычныя прасторы (А.С.Фядэнка).
З 1969 падкіраўніцтвам В.І.Вядзернікава пачаліся даследаванні новых раздзелаў дыферэнцыяльнай геаметрыі — аднародных і спластаваных прастор, спецыяльных G-структур на мнагастайнасцях, дыферэнцыяльных падоўжанняў і тэорыі падмнагастайнасцей у аднародных прасторах, геаметрыі аднародных M-прастор. Атрыманы істотныя вынікі ў наступных кірунках: прасторы з сіметрыямі (У.І.Мармазееў, А.Я.Трале, А.С.Фядэнка, У.Л.Штукар), геаметрычныя структуры, групы і алгебры Лі, дыферэнцыяльна-геаметрычныя аспекты тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў (Б.М.Дуброў, Б.Б.Камракоў, Б.П.Камракоў, А.Н.Руды, А.Ц.Уласаў і інш.), мнагастайнасці з пластаваннямі і пластаваныя групоіды Лі (І.В.Бялько, У.С.Рубанаў), інварыянтныя структуры на аднародных M-прасторах і абагульненая эрмітава геаметрыя (В.У.Балашчанка, Дз.У.Вылягжанін, Ю.Дз.Чурбанаў), групавыя ўласцівасці дыферэнцыяльных ураўненняў на мнагастайнасцях (Б.Дз.Чабатарэўскі), галоўныя G-спластаванні і геаметрычныя структуры (А.А.Ермаліцкі, С.Г.Конанаў, У.С.Мікуцкі), глабальныя пары і пароджаныя імі геаметрыі (С.В.Вядзернікаў, У.В.Сувораў), падмнагастайнасці ў псеўдарыманавых прасторах (А.К.Лапкоўскі, В.К.Лапкоўскі, А.А.Юдаў).
Вядуцца даследаванні па тапалогіі. У агульнай тапалогіі вывучаліся H-замкнёныя пашырэнні і экспаненты тапалагічных прастор (Г.А.Кукрак, У.Л.Цімаховіч), крывізны ў метрычных прасторах (У.У.Шлыкаў). Важныя вынікі атрыманы ў алгебраічнай тапалогіі і тапалогіі мнагастайнасцей — перабудове мнагастайнасцей і L-тэорыі (Ю.У.Муранаў), а таксама ў геаметрычнай тапалогіі — характарызацыі прастор Нёбелінга і Менгера і дзеяннях на іх кампактных груп (С.М.Агееў).
Літ.:
Бурстын Ц.Л. Курс дыферэнцыяльнай геаметрыі. Мн., 1933;
Тутаев Л.К. Линии и поверхности в аффинном трехмерном пространстве. Мн., 1962;
Ведерников В.И., Ведерников С.В. Геометрия однородных пространств, порожденных морфизмами G-пространств // Проблемы геометрии. М., 1987. Т. 19;
Рябушко А.П. Некоторые центрально-симметрические пространства Эйнштейна // Изв. вузов. Физика. 1964. №1;
Феденко А.С. Пространства с симметриями. Мн., 1977;
Комраков Б.П. Примитивные действия и проблема Софуса Ли. Мн., 1991;
Белько И.В. Слоенные группоиды Ли и метод Эресмана в дифференциальной геометрии. Мн., 1997;
Балащенко В.В. Алгебра канонических аффинорных структур и классы регулярных M-пространств // Докл. РАН. 2002. Т. 385, №6;
Ермолицкий А.А. Римановы многообразия с геометрическими структурами. Мн., 1998;
Шлыков В.В. О кривизнах линии в метрическом пространстве // Успехи мат. наук. 1985. Т. 40, №2;
Муранов Ю.В. Задача расщепления // Труды МИРАН. 1996. Т. 212;
Агеев С.М. Характеризация свободного действия нульмерной компактной группы на k-мерном менгеровском компакте // Изв. РАН. Математика. 1995. Т. 59, №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА ЦВЁРДАГА ЦЕЛА
Сістэматычныя даследаванні па фізіцы цвёрдага цела на Беларусі пачаліся ў 1957 у Ін-це (да 1963 у Аддзеле) фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі і ў БДУпадкіраўніцтвам М.М.Сіраты; вядуцца таксама ў Бел. педагагічным і тэхналагічным ун-тах, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім, Віцебскім, Гродзенскім ун-тах, Ін-це тэхнічнай акустыкі Нац.АН Беларусі і інш. Даследуюцца праблемы хім. сувязі ў цвёрдых целах, атамна-электроннай структуры крышталёў, фазавых пераўтварэнняў, росту крышталёў, распрацоўкі новых магнітных, паўправадніковых, сегнетаэлектрычных, звышправодных, звышцвёрдых матэрыялаў і комплекснага вывучэння іх уласцівасцей, у т. л. пры высокіх цісках, нізкіх і высокіх тэмпературах, магутных магнітных палях, пры ўздзеянні іанізавальных выпрамяненняў і іонна-плазменных пучкоў.
Выкананы фундаментальныя даследаванні па праблеме міжатамнага ўзаемадзеяння ў крышталях і дынаміцы крышталічнай рашоткі (М.М.Аляхновіч, Н.С.Арлова, І.А.Булат, Я.М.Галалобаў, Ц.Дз.Сакалоўскі, М.М.Сірата, А.У.Шэлег і інш.). Атрыманы значныя вынікі ў галіне сінтэзу звышцвёрдых матэрыялаў (алмаз, кубічны нітрыд бору) пры высокіх цісках (А.М.Мазурэнка, М.М.Сірата, В.Б.Шыпіла і інш.), тэрмадынамікі і кінетыкі фазавых пераходаў, тэорыі крышталізацыі, механізма ўтварэння крышталёў (М.М.Сірата), вырошчвання крышталёў (С.М.Барыла, Г.Л.Бычкоў, В.М.Варыкаш, А.П.Гесь, Л.Н.Марголін, П.А.Пупкевіч, М.С.Цэдрык і інш.). Выкананы даследаванні дыслакацыйнай структуры цвёрдых цел (М.С.Акулаў, Л.І.Гурскі, В.П.Севярдэнка, Э.І.Тачыцкі і інш.). Распрацоўваюцца рэнтгенаўскія дыфракцыйна-палярызацыйныя метады аналізу рэальных крышталёў (М.М.Аляхновіч, А.В.Пушкароў і інш.), метады іонна-плазменнага сінтэзу (У.П.Гольцаў, М.Т.Квасаў, У.В.Углоў, В.М.Хадасевіч і інш.), тэарэтычныя падыходы апісання фіз. уласцівасцей цвёрдых цел (У.М.Барздоў, В.С.Віхрэнка, У.С.Кузьмін, І.І.Наркевіч, Л.А.Рот, А.П.Сайко і інш.). Вядуцца фундаментальныя і прыкладныя даследаванні ўзаемадзеяння іонных пучкоў з крышталямі і іоннай апрацоўкі матэрыялаў (В.М.Анішчык, Г.А.Гуманскі, С.І.Жукава, Ф.Ф.Камароў, І.С.Ташлыкоў і інш.), разлікі зоннай структуры крышталёў (В.Я.Барысенка, Н.М.Дарожкін, А.Ф.Равінскі і інш.). Даследуюцца высокатэмпературная звышправоднасць (А.І.Акімаў, Б.Б.Бойка, В.Я.Гусакоў, У.П.Новікаў, С.П.Прышчэпа, А.П.Сайко і інш.); матэрыялы, якія атрымліваюцца звышхуткай загартоўкай (В.І.Пракошын, В.Р.Шапялевіч і інш.); сегнетаэлектрычныя матэрыялы (А.І.Акімаў, М.М.Аляхновіч, Ю.І.Бохан, В.М.Варыкаш, Л.Н.Марголін, П.А.Пупкевіч, М.М.Сірата, М.С.Цэдрык, А.Ц.Шэлег і інш.); фізічныя ўласцівасці чыстых металаў і сплаваў пры нізкіх тэмпературах і магутных магнітных палях (В.І.Гасцішчаў, С.Я.Дзям’янаў, М.М.Сірата, В.Р.Собаль і інш.). Распрацоўваюцца метады атрымання плёнак алмазападобных мадыфікацый вугляроду (У.П.Новікаў, Э.І.Тачыцкі і інш.) і фулерытаў.
Літ.:
Олехнович Н.М., Комаров Ф.Ф. Физика твердого тела // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Актуальные проблемы физики твердого тела. Мн., 2003.