сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 8—11 родаў, 104—116 відаў. Пашыраны ў Паўд. Азіі, Аўстраліі і Афрыцы. Жывуць у лясах, садах, зарасніках кустоў, гарах. Робяць сезонныя міграцыі, звязаныя з масавым цвіценнем раслін, удзельнічаюць у іх апыленні. 1 від у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 25 см, маса да 20 г. Дзюба доўгая, тонкая, часта выгнутая, краі наддзюб’я злёгку зазубраныя. Афарбоўка самцоў яркая, з метал. адлівам, самак — зеленавата-шэрая. У некат. відаў самцы і самкі афарбаваны аднолькава, у цьмяныя колеры. Кормяцца насякомымі, павукамі, пладамі, нектарам кветак (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЯ́СЫЦЬ БАРАДА́ТАЯ, няясыць каменная,
няясыць лапландская (Strix nebulosa),
птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана ў зоне хваёвых лясоў (старых яловых і ялова-альховых) Паўн. паўшар’я. На Беларусі рэдкі аселы від, занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 84 см, маса самцоў да 800, самак да 1200 г. Апярэнне мяккае, шаравата-бурае або дымчата-шэрае, з густым малюнкам. Тваравы дыск шараваты з вузкімі цёмнымі палосамі і чорнымі плямамі пад вачыма. Пад дзюбай вял. чорная пляма — «барада» (адсюль назва). Вочы і дзюба жоўтыя. Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі, а таксама птушкамі, вавёркамі і інш. Нясе 2—5, зрэдку Да 7 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБО́ЕЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 1,6 км на З ад в. Мілявічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., ва ўрочышчы Пабоева. Валун парфірападобнага граніту з крышталямі палявога шпату ў выглядзе таблічак і з зернямі ружовага кварцу. Даўж. 2,4 м, шыр. 1,7 м, выш. 0,8 м, у абводзе 6,3 м, аб’ём 1,9 м³, маса каля 4,9 т. Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс.г. назад са Скандынавіі. Формаю нагадвае вял. прас. На верхняй пляцоўцы захаваліся 12 паўсферычных выемак (глыб. 0,3—0,5 см, у папярочніку 3—5 см), якія высечаны чалавекам 2—2,5 тыс.г. назад. Меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́НІЧЫ (Porzana),
балотныя курачкі, вадзяныя курачкі, род птушак сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. 18 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жывуць на балотах, вільготных лугах. Актыўныя ўначы. На Беларусі 2 віды: П. звычайны (P. porzana) і П. малы (P. parva), нар. назва малая вадзяная курачка, занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 28 см, маса да 130 г. Апярэнне чорнае, шараватае, бураватае з стракацінкамі.
Крылы кароткія. Ногі і пальцы доўгія. Добра бегаюць і плаваюць. Часта і гучна свішчуць, нібы пастух, што паганяе статак (адсюль назва). Корм пераважна жывёльны. Гняздуюцца на зямлі. Нясуць да 18 яец. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́РЛІКІ (Aquila),
птушкі роду арлоў сям. ястрабіных атр. сокалападобных. 2 віды: П. вялікі, або арол-крыкун (A. clanga), і П. малы (A. pomarina). Пашыраны ў Еўропе і Азіі. Жывуць у лясах, паблізу лясных балот, у далінах рэк і азёр. Гняздуюцца высока на дрэвах. На Беларусі часцей трапляецца П. малы, пераважна на Палессі. Абодва віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 75 см, маса да 3,2 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне цёмна-бурае. Дзюба і кіпцюры чорныя, васкавіца і пальцы жоўтыя. Цэўка аперана да пальцаў. Драпежнікі, асн. здабыча — дробныя млекакормячыя (пераважна мышападобныя), птушкі, жабы, насякомыя. Нясуць 1—2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДУ́СТЫ (Chondrostoma),
род рыб сям. карпавых атр. карпападобных. 18(10) відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы (акрамя Англіі і Скандынавіі) і Пярэдняй Азіі. Трымаюцца чародамі ў мясцінах з хуткай плынню, пясчаным ці камяністым дном. На Беларусі тыповая форма П. звычайны (Ch. nasus, нар. назвы: свінка, свінюк, сіг, сіга, цырта, чарнакол) у рэках бас. Буга і Нёмана. У бас. Дняпра трапляецца яго форма П. дняпроўскі (Ch.n.nasus natio borysthenicum).
Даўж. да 50 см, маса да 2,5 кг. Рот ніжні ў выглядзе папярочнай шчыліны. Ніжняя губа завострана, з рогападобным чэхлікам. Корміцца водарасцямі (пераважна абрастаючымі), лічынкамі насякомых, ракападобнымі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІЯ КО́НІ,
старажытная папуляцыя коней паўн. ляснога тыпу Бел. і Укр. Палесся. Паходзяць ад тарпанаў. У паўд., паўд.-зах. і зах.ч. арэала палепшаны заводскімі пародамі, большыя. Выкарыстаны для вывядзення беларускага запражнога каня. На Беларусі гадуюць у гаспадарках Брэсцкай і Гомельскай абл.
Выш. ў карку жарабцоў бел. П.к. 137 см (макс. 140), даўж. тулава 146 см, маса 392 кг; кабыл адпаведна 135 см (макс. 139,5), 141 см, 367 кг. Масці: буланая, вараная, гнядая, мышастая, рыжая і інш. Тулава кампактнае, вузкае, спіна і шыя прамыя, крыж кароткі, грудзі шырокія, глыбокія. Ногі сухія, дужыя. Даўгавечныя, пладавітыя, непатрабавальныя, трывалыя; выкарыстоўваюцца на палявых і трансп. работах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШАВІЦКІ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 1 км на Пн ад в. Пашавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., каля воз. Дрысвяты. Валун сярэднезярністага граніту рапаківі з уключэннямі крышталёў палявога шпату. Даўж. 1,4 м, шыр. 1 м, выш. 0,4 м, у абводзе 4,3 м, аб’ём 0,3 м³, маса каля 0,8 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. гадоў назад з ПдУ Фінляндыі. Мае цэглападобную форму. На верхняй пляцоўцы захаваліся 11 выемак (глыб. да 3 см, у папярочніку да 5 см), якія высечаны чалавекам 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НАЧКІ (Phylloscopus),
род птушак сям. валасянкавых атр. вераб’інападобных. 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, 1 від пранікае на Аляску. Жывуць у лясах, гаях, лесапарках, садах. Гняздуюцца на зямлі, часам на кустах. На Беларусі 4 пералётныя віды: П.-вяснічка (Ph. trochilus, нар. назва будаўнічок), П.-жаўтаброўка, або П.-трашчотка (Ph. sibilatrix), П. зялёная (Ph. trochiloides) і П.-цянькоўка (Ph. collybitus).
Даўж. да 14,5 см, маса да 12,5 r. Апярэнне пераважна няяркае, бураватае або зеленаватае, ніз цела жаўтаваты; у некат. над вокам светлая палоска. Кормяцца насякомымі, павукамі, часам ягадамі. Нясуць да 8 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КА (польск. pika ад франц. pique),
дзіда, колючая халодная зброя, якая з часоў старажытнасці была на ўзбраенні пяхоты і кавалерыі; разнавіднасць доўгага кап’я. Складалася з трох- або чатырохграннага стальнога ляза (наканечніка) і дрэўка; даўж. 3,3 м (даўж. наканечніка 12 см) і маса 3—4 кг. У пяхоце выкарыстоўваліся да 2-й пал. 18 ст., у некат. кав. часцях большасці краін — да 1-й сусв. вайны, у шэрагу краін — да 1930-х г. У кавалерыі Чырв. Арміі П. была на ўзбраенні да 1931.
Да арт.Піка: 1 — еўрапейская, каля 1700; 2 — шылападобная чатырохгранная, Швейцарыя або Германія, 15 ст.; 3 — абардажная, Іспанія, 19 ст.