ТО́ЕСНАСЦЬ,

гранічная роўнасць аб’ектаў, поўнае супадзенне іх родавых і індывідуальных уласцівасцей; захаванне прадметам ці з’явай адных і тых жа ўстойлівых уласцівасцей. Цесна звязана з катэгорыяй адрознення: вызначэнне пэўных прадметаў як тоесных патрабуе выяўлення іх адрознення ад нятоесных. У сувязі з пастаяннай змяняльнасцю рэчаіснасці мае адносны, часовы характар. Паняцце «Т.» выкарыстоўваюць у філасофіі, логіцы, матэматыцы (гл. Тоеснасць у матэматыцы). Адрозніваюць метафізічнае тлумачэнне Т., якое разглядае яе як вечную і нязменную роўнасць прадмета з самім сабой, і дыялектычнае, якое не выключае змену прадмета. Вылучаюць прынцыпы Т. абсалютнай (не прадугледжвае ўзнікнення адрозненняў паміж прадметамі), абстрактнай (заснаваны на часовым абстрагаванні ад адрозненняў прадметаў) і канкрэтнай (разглядае Т. у адзінстве з адрозненнямі прадметаў). Т. выяўляецца пры разглядзе рэчаў саміх па сабе і ў адносінах да інш. рэчаў, форм мыслення (гл. Тоеснасці закон), узаемаадносін адлюстравання і адлюстравальнага.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІЯ́ЗМ [ад грэч. chiasmos размяшчэнне чаго-небудзь у выглядзе грэч. літары Χ (хі)],

від сінтаксічнага паралелізму, пры якім члены другой часткі складанага сказа (у паэзіі — другой часткі фразы, звычайна ў 2-м паэт. радку) стаяць у адваротным парадку; адна са стылістычных фігур. Выкарыстоўваецца для ўзмацнення выразнасці маст. апісання: «...служыла салдатам сасна — для труны, // для крыжа — бяроза» (А.​Куляшоў); «Па нівах тваіх, па тваіх гаях // сынава сэрца рыдае» (П.​Панчанка). Спецыфічным выразным сродкам з’яўляецца Х., дзе адно са слоў паўтараецца ў абедзвюх частках фразы: «... страціў спадчыннае слова — // штосьці страціў у душы абавязкова» (Н.​Гілевіч); «Мы жывем і любім так Радзіму, // каб Радзіма палюбіла нас» (С.​Грахоўскі). Амаль пастаянным прыёмам з’яўляецца Х. у адмоўным паралелізме, у яго складзе ўжываюцца словы з процілеглым (антанімічным) значэннем: «Я не буду доўга, // зараз жа вярнуся...» (Я.​Колас).

Л.​А.​Антанюк.

т. 17, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРГАВА́ННЕ ГУ́КАЎ, альтэрнацыя,

заканамерная замена гукаў мовы ў межах адной і той жа марфемы ў розных словах або словаформах.

Адрозніваюць Ч.г. гіст. і пазіцыйнае (фанет.). Гіст. абумоўлена гукавымі працэсамі, якія адбываліся ў стараж. перыяд і ў сучаснай бел. мове не існуюць: «б — бл» («любіць — люблю»), «п — пл» («сыпаць — сыплю»), «в — ўл» («славіць — слаўлю»), «ф — фл» («графіць — графлю») і інш. Пры пазіцыйным чаргаванні змена гукаў у слове абумоўлена фанет. законамі сучаснай мовы. Найб. частыя пазіцыйныя Ч.г. у бел. мове — «о, е — а» («дом — дамы», «сем — с’амі»), «у — ў» («ён узяў — яна ўзяла»), «і — ы» («ісці — адысці»), звонкія і глухія («сады — сат»), цвёрдыя і мяккія («рука — рук’і»), свісцячыя і шыпячыя («груз’іц’ — грушчык») зычныя.

Літ.:

Юргелевіч П.Я. Курс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі. Мн., 1974;

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 17, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНКО́ЎСКІ Антон Антонавіч (12.6.1930, г. Полацк Віцебскай вобл. — 1.8.2002),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1987), праф. (1988). Скончыў БДУ (1952). З 1955 у Ін-це фізікі (у 1961—65 заг. лабараторыі), з 1971 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі (у 1971—97 заг. лабараторыі). Навук. працы па атамным спектральным аналізе з выкарыстаннем лазераў. Даследаваў фіз. працэсы, якія адбываюцца ў матэрыялах пад уздзеяннем лазернага выпрамянення, лазерную плазму, атамныя эмісійныя спектры. Распрацаваў прылады і методыкі для лазернага спектральнага аналізу.

Тв.:

Лазерный спектральный анализ // Электроника и лазерная спектроскопия. Мн., 1974;

Влияние давления воздуха на спектры лазерной плазмы (разам з В.​А.​Розанцавым, М.​Л.​Петухам) // Журн. прикладной спектроскопии. 1987. Т. 47, № 4;

Интенсивность спектров плазмы единичных и сдвоенных лазерных импульсов (у сааўт.) // Там жа. 2000. Т. 67, № 6.

М.​Л.​Петух.

т. 18, кн. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЕ́НЧЫК Анатоль Уладзіміравіч (н. 13.7.1946, г. Уладзімір-Валынскі Валынскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне радыёфізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (2003). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1970). З 1973 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па нелінейнай тэорыі магутных прылад ЗВЧ, метадах аптымізацыі. Стварыў нелінейную тэорыю працэсаў дыскрэтнага ўзаемадзеяння электронных патокаў з эл.-магн. палямі ў магутных прыладах ЗВЧ, выявіў гранічныя ккдз прылад і даследаваў фіз. асаблівасці аптымальных працэсаў узаемадзеяння.

Тв.:

Метод поиска глобального экстремума для решения задач оптимального управления с использованием теории атомарных функций // Эл.-магн. волны и электрон. системы. 2001. Т. 6, № 4;

Моделирование эффективных нерегулярных ЛБВ на ЦСР с использованием эквивалентных четырех- и шестиполюсников // Там жа. 2002. Т. 7, № 3;

Мощные приборы СВЧ с дискретным взаимодействием. Мн., 2003 (разам з А.​А.​Кураевым).

т. 18, кн. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШМАКО́Ў Віктар Іванавіч (н. 20.8.1933, г. Валгаград, Расія),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства і фізікі металаў. Д-р фіз.-матэм. н. (1987), праф. (1989). Скончыў Харкаўскі політэхн. ін-т (1959). З 1967 заг. кафедры Харкаўскага ін-та грамадскага харчавання. З 1973 у Мазырскім пед. ун-це (у 1977—82 дэкан ф-та, з 1988 заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні фіз. прыроды і заканамернасцей развіцця пластычнай дэфармацыі ў метал. крышталях, працэсах пластыфікацыі і ўмацавання металаў і сплаваў ва ўмовах пераважнай дэфармацыі двайнікаваннем. Распрацаваў прынцыпы матэм. мадэліравання працэсаў пластычнасці рэальных крышталёў. Заклаў асновы тэорыі пластыфікацыі і ўмацавання метал. крышталёў.

Тв.:

Пластификация и упрочнение металлических кристаллов при механическом двойниковании Мн., 2001 (разам з Т.​С.​Чыкавай);

Эволюция геометрии двойниковых границ в висмуте при увеличении нагрузки (з ёй жа) // Кристаллография-2002. Т. 47, № 3.

т. 18, кн. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДШЫВА́ЛАЎ Уладзімір Паўлавіч (н. 18.9.1947, г.п. Гарадзішча Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне геадэзіі. Д-р тэхн. н. (1999), праф. (2000). Скончыў Новасібірскі ін-т інжынераў геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі (1970), дзе і працаваў. З 1975 у Полацкім ун-це (з 1988 заг. кафедры, у 1979—97 дэкан ф-та, у 2001—03 прарэктар). Навук. працы па матэм. метадах рашэння геад. задач з выкарыстаннем камп’ютэрных тэхналогій. Распрацаваў агульную тэорыю апісання геад. праекцый, адзіны алгарытм вылічэнняў на ЭВМ праекцый, якія задавальняюць крытэрый Чабышова—Граве, тэарэт. асновы і перспектыўныя патрабаванні да каардынатнай асновы аўтаматызаваных геаінфарм. сістэм рознага прызначэння, ступені абагульнення і дакладнасці апісання прасторава размеркаваных аб’ектаў.

Тв.:

Теоретические основы формирования координатной среды для геоинформационных систем. Новополоцк, 1998;

Один из путей модернизации геодезической основы // Геодезия и картография. 1998. № 2;

Композиционные геодезические проекции // Там жа. 2000. № 8.

т. 18, кн. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хаўру́снік, ‑а, м.

Разм. Саўдзельнік у якой‑н. справе; кампаньён. Гэта быў чалавек вельмі вынослівы, спрытны і храбры, што называецца сарві-галава, весялун, добры хаўруснік і забіяка. Алешка. Але калі Алесь пачаў.. вучыць дзяцей розным, прывезеным з горада, гульням, яны пазналі ў ім добрага хаўрусніка і зрабіліся самымі блізкімі яго сябрамі. Галавач. // Разм. Саўдзельнік якога‑н. злачынства, якіх‑н. несумленных спраў. [Жарыкаў:] — Бясспрэчна, што ў Бандыся былі хаўруснікі. Не мог жа ён адзін вынесці ўсё на калёсы. Асіпенка. Стась жа прыходзіў на бераг кожны раз п’яны. Значыць, меў і хаўрусніка, каму збываў калгаснае дабро!.. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дагрэ́бціся, ‑грабуся, ‑грабешся, ‑грабецца; ‑грабёмся, ‑грабяцеся; пр. дагробся, ‑грэблася і ‑граблася, ‑грэблася і ‑граблося; зак.

Разм.

1. Тое, што і дагрэбці (у 2 знач.).

2. З цяжкасцю дайсці, дацягнуцца куды‑н. — Як жа вы дагрэбліся, небаракі? Гэтакая дарога... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зірка́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і зіркасты. Зіркатая сіняя страказа села на.. сцяблінку і ў той жа час пырхнула. Хомчанка. Абвёў [дзед Сапрон] усю грамаду не зусім зіркатымі вачамі, сказаў яшчэ: — Э-эх, многа чаго помню!.. Лёс такі наш. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)