ЛАЎРЭ́НЦЬЕЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

старажытнарускі летапісны збор 14 ст. Перапісаны з больш даўняга спіса манахам Лаўрэнціем (адсюль назва), магчыма, у Ніжнім Ноўгарадзе або Уладзіміры. Збярогся ў пергаментным рукапісе 1377. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» (самы дасканалы тэкст) і летапісу 12—13 ст., прысвечанага гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Апошнія запісы датаваны 1305. Змяшчае таксама «Павучанне Уладзіміра Манамаха» (пад 1096), паданне пра Рагнеду Рагвалодаўну (пад. 1128), агіяграфічную аповесць «Жыццё Аляксандра Неўскага» (пад 1263). Данёс каштоўныя звесткі па гісторыі Русі і асобных яе зямель (Кіеўскай, Наўгародскай, Полацкай, Уладзіміра-Суздальскай), пра дзейнасць стараж.-рус. князёў, у т. л. Усяслава Брачыславіча, па гісторыі культуры і мастацтва ўсх. славян. Як літ. твор уяўляе сабой збор датаваных гіст. апавяданняў і дзелавых запісаў, размешчаных у храналагічнай паслядоўнасці, аб’яднаных агульнай тэмай (гісторыя Русі), спосабам летапіснага адлюстравання мінулага і пагадовай формай выкладу. Упершыню апубл. ў 1846 у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 1). Зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.

Літ.:

Лурье Я.С. Общерусские летописи XIV—XV вв. Л., 1976.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1901—18 у г. Ліда. Лідская мужчынская гімназія — сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова. Засн. ў 1913 у складзе 2 класаў, у 1914 адкрыты 3-і і падрыхтоўчы класы. Утрымлівалася за кошт дзярж. сродкаў і платы за навучанне. У 1913 было 74, у 1914—167 навучэнцаў. Праіснавала да 1917. Лідская жаночая гімназія Ф.Л. і В.С. Навіцкіх — прыватная сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова. Адкрыта ў 1901 на базе 2-класнага пав. вучылішча як 4-класнае жаночае вучылішча. У 1906 пераўтворана ў 6-класную прагімназію. У 1910 адкрыты 7-ы клас; 21.6.1910 ёй нададзена права ўрадавай гімназіі. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. У 1914 было 227, у 1915—198 навучэнцаў. У 1914 гімназію скончылі 18, у 1916—26 чал. У Л.г. вывучаліся: Закон Божы, іудзейскае веравучэнне, рус. мова і славеснасць, чыстапісанне, ням. і франц. мовы, матэматыка, фізіка, геаграфія, гісторыя, маляванне; у мужчынскай гімназіі дадаткова выкладаліся гімнастыка, у жаночай — рукадзелле.

т. 9, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫЧ Леанід Міхайлавіч (н. 8.2.1929, в. Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1989), праф. (1993). Брат Г.​М.​Лыча. Скончыў Башкірскі пед. ін-т (1957). З 1958 працаваў настаўнікам, з 1962 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, з 1989 вядучы навук. супрацоўнік. Даследуе пытанні сацыяльна-класавых адносін у сав. час, гісторыю бел. культуры, моўную палітыку на Беларусі ў 19—20 ст., міжнац. адносіны на Беларусі ў 20 ст. Старшыня Тапанімічнай камісіі пры Прэзідыуме Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1992—96.

Тв.:

Аднаўленне і развіццё чыгуначнага транспарту Беларускай ССР (верасень 1943—1970 гг.). Мн., 1976;

Аграрный отряд рабочего класса Белоруссии. Мн., 1984;

Ликвидация экономического и социально-культурного неравенства союзных республик: На примере БССР (1917—1941 гг.). Мн., 1987;

Беларуская нацыя і мова. Мн., 1994;

Назвы зямлі беларускай. Мн., 1994;

Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997 (разам з У.​І.​Навіцкім).

Г.М.Лыч.

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЭ (сапр. Мойся) Іван Лявонавіч

(21.3.1895, с. Прыдняпроўскае Чаркаскай вобл., Украіна — 9.10.1978),

украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім політэхн. ін-це (1923—26). Друкаваўся з 1914. Кнігі апавяданняў і нарысаў «Будні» (1926), «Юхім Кудра» (1927), «Святагоры» (1938) пра грамадз. вайну, сацыяліст. перамены ў вёсцы ў 1920—30-я г. і іх уплыў на духоўнасць чалавека. У раманах «Раман міжгор’я» (кн. 1—2, 1929—34), «Гісторыя радасці» (1938), «Паўднёвы Захад» (з А.​Лявадам, 1950), гіст. дылогіі «Налівайка» (1940) і «Хмяльніцкі» (кн. 1—3, 1957—65; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1967), шматлікіх аповесцях перадваен. будні, гераічнае змаганне ўкр. народа ў гады ваен. ліхалеццяў. У яго творах спалучэнне элементаў публіцыстыкі, аўтабіяграфізму, лірычнасць. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Р.​Бахта, П.​Кавалёў, В.​Каваль, Л.​Салавей, В.​Сташэўскі.

Тв.:

Твори. Т. 1—7. Київ, 1982—83;

Бел. пер. — Міжгор’е. Мн., 1932;

Рус. пер. — Листья весны. М., 1978;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1983.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ МУЖЧЫ́НСКАЯ ГІМНА́ЗІЯ.

Існавала ў 1803—1918. Адкрыта на месцы Мінскай губ. школы (створана ў 1773 з Мінскага езуіцкага калегіума). Напачатку 6-класная, з 1804 7-класная. З 1833 выпускнікі гімназіі атрымалі права на 14-ы чын (пры ўмове добрага ведання рус. мовы і славеснасці). У 1834 атрымала агульнаімперскі статут 1828. У 1863 і 1871 рэарганізоўвалася. У пач. 20 ст. ўтрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і ахвяраванняў. Выкладаліся: рус. мова і славеснасць, латынь, ням. і франц. мовы, гісторыя, філасофія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка і інш. Сярод выхаванцаў Я.Лучына і Ядвігін Ш. Выкладчыкі — выпускнікі ун-таў, духоўных акадэміі і семінарыі, настаўніцкіх ін-таў, кансерваторыі. Пры гімназіі дзейнічала царква, царк. і свецкі хары, змешаны і духавы аркестры, фіз., прыродазнаўчы і мінералагічны кабінеты (у 1842—62 дзейнічаў шляхетны пансіён). У 1915—690 навучэнцаў. Восенню 1915 эвакуіравана ў Маскву.

Літ.:

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.

А.​Ф.​Самусік.

т. 10, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІШУ́ЛІН Спартак Васілевіч (н. 22.10. 1926, Масква),

расійскі акцёр. Нар. арг. Расіі (1981). Скончыў тэатр. студыю пры Калінінскім абл. драм. т-ры (1950). З 1949 у Калінінскім, Омскім т-рах, з 1961 у Маскоўскім т-ры сатыры. Камедыйны акцёр. Яго мастацтва іранічнай характарыстыкі персанажа, эмац. выразнасць, тэмперамент, дакладны адбор выразных сродкаў выявіліся ў ролях: Скаромны («Таблетка пад язык» А.​Макаёнка), Астап Бендэр («Дванаццаць крэслаў» паводле І.​Ільфа і Я.​Пятрова), Скапэн («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Пічэм («Трохграшовая опера» Б.​Брэхта), Стары («Шчаслівая падзея» С.​Мрожака), Хлынаў («Гарачае сэрца» А.​Астроўскага), Тузенбах («Тры сястры» А.​Чэхава), Сяргей («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Калабушкін («Самазабойца» М.​Эрдмана), Карлсан («Малыш і Карлсан, які жыве на даху» паводле А.​Ліндгрэн) і інш. Здымаецца ў кіно: «Белае сонца пустыні» (1970), «Канец начнога злодзея», «Уласнасць рэспублікі» (абодва 1972), «Добра сядзім!» (1986), «Вярбоўшчык» (1991), «Бедная Саша» (1997) і інш. Выступае і як рэжысёр. Дзярж. прэмія Расіі 1998.

С.В.Мішулін.

т. 10, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́МЗЕН,

(Mommsen) Тэадор (30.11.1817, г. Гардынг, Германія — 1.11.1903), нямецкі гісторык антычнасці. Вучыўся ў Кільскім ун-це (1838—43) і Італіі (1844—47). Удзельнік рэвалюцыі 1848—49 у Германіі. Праф. рым. права ва ун-тах Лейпцыга (1848—50), Цюрыха (з 1852), Брэслаў (з 1854), з 1858 праф. стараж. гісторыі ў Берлінскім ун-це. Дэп. прускага ландтага (1863—66, 1873—79) і рэйхстага (1881—84). Выступаў супраць кансерватыўнай палітыкі О.Бісмарка і антысемітызму Г. фон Трайчке. Гал. працы: «Рымская гісторыя» (т. 1—3, 1854—55, т. 5, 1885; у цэнтры ўвагі праслаўленне Юлія Цэзара і рым. ваен. манархіі як моцнай нац. дзяржавы на шырокай нар. аснове), «Рымскае дзяржаўнае права» (т. 1—3, 1871—88), «Рымскае крымінальнае права» (1899). Выдаваў стараж. крыніцы, у т. л. збор лац. надпісаў «Corpus Inscriptionum Latinarum» (з 1863). Нобелеўская прэмія па л-ры 1902.

Літ.:

Чухно Т.А. Теодор Моммзен в исторической литературе // Вопросы всеобщей истории и историографии. Томск, 1982.

А.​Г.​Зельскі.

Т.Момзен.

т. 10, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́НСТЭР (Münster),

горад у паўн.-зах. ч. Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. 264 тыс. ж. (1992). Прыстань на канале Дортмунд—Эмс. Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: с.-г. і горнае машынабудаванне, цэм., фарфоравая, тэкст., харчасмакавая. Ун-т (з 1780). Музей мастацтва і гісторыі культуры зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. Арх. помнікі 12—18 ст.

Горад сфарміраваўся вакол епіскапскай рэзідэнцыі (з 794). У 12 ст. атрымаў гар. права, з 14 ст. член Ганзы. У 1534—35 горадам кіравалі пратэстанты-анабаптысты (гл. Мюнстэрская камуна). У Трыццацігадовую вайну 1618—48 М. — месца пасяджэнняў (з 1643) мірнага кангрэса, у яго гар. ратушы падпісаны Вестфальскі мір 1648. У 1661 гар. самакіраванне скасаваў епіскап. У 1803 епіскапства секулярызавана (у 1821 адноўлена), яго землі і М. адышлі да Прусіі, у 1807 да Вял. герцагства Берг, у 1810 да Францыі. У 1816—1945 М. — цэнтр прускай прав. Вестфалія. У гады 2-й сусв. вайны разбураны на 90%, пасля вайны стары горад адноўлены.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 11, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНА́НСКІ ЗБО́РНІК,

рукапісны помнік бел. л-ры 16 ст. Узнік каля 1580, верагодна, на Навагрудчыне ў асяроддзі бел. шляхты. Уключае творы стараж. бел. перакладной і арыгінальнай л-ры, якіх не было ў інш. рукапісах. Сярод іх: «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» (поўная рэдакцыя). Пераклады рыцарскіх раманаў змешчаны пад агульным загалоўкам «Повесть о витязех с книг сэрбских, а звлаща о славном рыцэры Трысчане, о Анцалоте и о Бове и о иншых витезех добрых». Тэксты твораў адметныя багаццем і чысцінёй тагачаснай бел. літ. мовы.

П.з. выяўлены ў 1846 В.​Бадзянскім. Даследаваны А.​Брукнерам. Бел. аповесці зборніка ўпершыню апублікаваў у 1888 А.​Весялоўскі, летапіс — у 1907 С.​Пташыцкі. Помнік зберагаецца ў публічнай б-цы імя Э.​Рачынскага ў Познані (Польшча).

Літ.:

Веселовский А. Из истории романа и повести: Материалы и исслед. Вып. 2. Славяно-романский отдел. СПб., 1888.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 11, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАЦЭ́СКІ [Palazzeschi; сапр. Джурлані

(Giurlani)] Альда (2.2.1885, г. Фларэнцыя, Італія — 17.8.1974),

італьянскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў як паэт зб-камі вершаў «Белыя коні» (1905) і «Ліхтар» (1907), у якіх уплыў футурызму. Першая кн. прозы «Адлюстраванні» (1908). Аўтар рамана-прытчы «Кодэкс Перла» (1911) пра крызіс чалавечых каштоўнасцей напярэдадні вайны, рамана «Піраміда» (1913—14, апубл. 1926), прасякнутага песімістычнымі поглядамі на свет, у якім парушыліся ўсе былыя ідэалы, кн. ўспамінаў дзяцінства «Эстампы дзевятнаццатага стагоддзя» (1932), рэаліст. рамана «Сёстры Матэрасі» (1934). Зб. апавяд. «Конкурс блазнаў» (1937) — своеасаблівая галерэя персанажаў, кожнаму з якіх давялося перажыць боль у жыцці. Тэма бацькоў і дзяцей у цэнтры раманаў «Браты Куколі» (1948) і «Рым» (1953). Іронія, фантаст. і псіхал. элементы, эксперыменты ў мове і ў распрацоўцы вобразаў уласцівы зб. паэзіі «Сэрца маё» (1968), зб-кам апавяд. «Жарты маладосці» (1956) і «Закончаны блазен» (1966), раманам «Дож» (1967), «Стэфаніна» (1969), «Гісторыя аднаго сяброўства» (1971) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Сестры Матерасси. Л., 1991.

С.​В.​Логіш.

т. 11, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)