пача́ць, -чну́, -чне́ш, -чне́; -чнём, -чняце́, -чну́ць; -ча́ў, -чала́, -ло́; -чні́; -ча́ты; зак.

1. што і з інф. Прыступіць да якога-н. дзеяння.

П. будаўніцтва дома.

П. будаваць.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), з інф. Праявіць першыя прыметы якога-н. дзеяння або стану.

Лякарства пачало дзейнічаць.

Пачало цямнець.

3. што чым або з каго-што. Узяцца за што-н. у першую чаргу.

П. прамову прывітаннем або з прывітання.

4. што. Прыступіць да спажывання чаго-н.

П. новую буханку хлеба.

|| незак. пачына́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Пачынаючы з, прыназ. з Р — тое, што і «з» (у 1 знач.).

Пачынаючы з гэтай старонкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перабра́ць, -бяру́, -бярэ́ш, -бярэ́; -бяро́м, -бераце́, -бяру́ць; -бяры́; -бра́ны; зак.

1. каго-што. Разбіраючы, сартуючы, перагледзець (многае).

П. кнігі.

П. бульбу.

П. у размове ўсіх знаёмых (перан.).

2. што. Разабраўшы, скласці, набраць нанава (спец.).

П. сцены.

П. тэкст.

3. што. Паслядоўна дакрануцца да чаго-н.

П. гузікі на кофце пальцамі.

4. што і чаго. Узяць больш, чым трэба, занадта многа.

П. фонд зарплаты.

5. Зрабіць звыш меры, перадаць, перастарацца (разм.).

П. меру (зрабіць лішняе). У нядзелю ў гасцях перабраў (выпіў лішняе).

|| незак. перабіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. перабіра́нне, -я, н., перабо́р, -у, м. і перабо́рка, -і, ДМ -рцы, ж. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перарабі́ць, -раблю́, -ро́біш, -ро́біць; -ро́блены; зак.

1. каго-што. Зрабіць нанава, іначай, іншым.

Перарабіць канцоўку п’есы.

П. чый-н. характар.

2. што на што, у што. Зрабіць з чаго-н. аднаго нешта іншае.

Багацце на шчасце не пераробіш (прыказка).

3. Папрацаваць больш, чым трэба.

П. дзве гадзіны.

4. Працуючы вельмі многа, ператаміцца (разм.).

5. што. Зрабіць усё, многае.

П. многа работы за дзень.

6. што і чаго. Зазнаць усякай працы, нарабіцца (разм.).

Чаго ён толькі не перарабіў за сваё жыццё.

|| незак. перарабля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.

|| наз. пераро́бка, -і, ДМ -бцы, ж. (да 1, 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыпе́рці, -пру́, -про́ш, -прэ́; -про́м, -праце́, -пру́ць; -пёр, -пе́рла; -пры́; -пёрты; зак. (разм.).

1. Тое, што і прыціснуць (у 1 знач.).

П. да плота. П. да сцяны каго-н. (таксама перан.: паставіць у становішча, з якога няма выйсця).

2. што і чым. Зачыніўшы, прыставіць шчыльна што-н., каб не адчынялася.

П. дзверы калом.

3. каго-што. Прынесці на сабе (што-н. цяжкае; разм.).

Прыпёр цэлы мяшок бульбы.

4. Прыйсці (разм.).

Ён прыпёр за пяць кіламетраў.

5. безас. Вельмі захацецца; тэрмінова спатрэбіцца (разм., груб.).

Так прыпёрла табе ехаць сёння.

|| незак. прыпіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

цень, -ю, мн. -і, -яў, м.

1. Месца, заслоненае чым-н. ад сонца.

Пад дрэвамі быў ц.

2. Невыразныя абрысы фігуры, сілуэт.

У акне прамільгнуў нечы ц.

3. перан., чаго. Адлюстраванне ўнутранага стану чалавека (смутку, трывогі, болю і пад.).

Па твары прамільгнуў ц. страху.

4. перан., чаго. Здань, дух.

Цені мінулага.

Цені продкаў.

5. перан., чаго. Нязначная, вельмі малая колькасць, доля.

І ценю праўды тут няма.

6. Пра каго-н. вельмі аслабленага, худога.

Не чалавек, а ц.

Кідаць цень на каго-што (разм.) — выклікаць падазрэнне да каго-н.

Як цень (разм.) — неадчэпна (хадзіць за кім-н.).

|| прым. ценявы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

НАРО́ДЫ ЕЎРО́ПЫ У Еўропе жыве каля 725 млн. чал.

(ацэнка на пач. 1998). Больш за 90% насельніцтва належыць да еўрапеоіднай расы, якая падзяляецца на паўн. і паўд. адгалінаванні. У выніку шматвяковых расавых змяшанняў больш за палавіну насельніцтва адносіцца да пераходных форм паміж паўн. і паўд. еўрапеоідамі. Есць насельніцтва, якое належыць да мангалоіднай расы (калмыкі, групы эмігрантаў з краін Усх. Азіі і інш.) і да негроіднай расы (эмігранты з краін Афрыкі і інш.). Частку насельніцтва складаюць мяшаныя еўрапеоідна-мангалоідныя групы (башкіры, казахі, групы жыхароў Паўн. Каўказа і інш.),

мяшаныя еўрапеоідна-негроідныя групы (мулаты-эмігранты з Вест-Індыі і інш.).

Еўропу насяляюць прадстаўнікі больш як 200 народаў. Прыкладна для 100 народаў Еўропа з’яўляецца асн. месцам пражывання. 65 народаў налічваюць больш за 500 тыс. чал. кожны, іх агульная колькасць 716,4 млн. чал. (98,8% усяго насельніцтва кантынента), з іх 4 народы — больш за 50 млн. (рускія — 120, немцы — 75, італьянцы — 57, французы — 56,8) і 23 народы — больш за 5 млн. (англічане — 48,5, палякі — 42,5, украінцы — 41,6, іспанцы — 39, румыны —21,2, венгры — 13, галандцы — 12,3, партугальцы — 10,8, грэкі — 10,1, беларусы — 9,8, шведы — 8,8, чэхі — 8,5, сербы — 8,4, балгары — 8,2, каталонцы — 7,8, аўстрыйцы — 7,7, фламандцы — 7,1, ірландцы —6, датчане — 5,9, шатландцы — 5,2, славакі — 5,1, фіны — 5, албанцы — 5) чал. Нац. кансалідацыя Еўропы пачалася раней, чым на інш. кантынентах. Да канца 19 ст. многія народы склаліся ў нацыі. Ва Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе гэты працэс закончыўся пасля 1-й сусв. вайны. У канцы 20 ст. больш чым у ​2/3 краін Еўропы (Германія, Партугалія, Італія, Польшча, Данія, Ісландыя, Ірландыя, Венгрыя, Чэхія, Славакія, Грэцыя, Літва, Славенія, Харватыя, Албанія і інш.) асн. народ складае каля 90% і больш. На Беларусі беларусы складаюць 81,2% насельніцтва, жывуць таксама рускія, палякі, украінцы, яўрэі і інш. У шэрагу краін жывуць вял. групы нац. меншасцей (Францыя, Румынія, Балгарыя, Украіна, Латвія, Эстонія, Югаславія), а некаторыя (Расія, Бельгія, Швейцарыя, Іспанія, Вялікабрытанія) з’яўляюцца шматнацыянальнымі краінамі. У еўрап. ч. Расіі акрамя рускіх жывуць народы Паволжа, Паўн. Каўказа, украінцы, беларусы, башкіры, карэлы, комі, выхадцы з Закаўказзя і Сярэдняй Азіі і інш., у Бельгіі — фламандцы і валоны, у Швейцарыі — германа-, франка- і італашвейцарцы і рэтараманцы, у Іспаніі — іспанцы, каталонцы, галісійцы, баскі і інш., у Вялікабрытаніі — англічане, шатландцы, уэльсцы, ольстэрцы, ірландцы, вял. групы эмігрантаў з б. калоній і інш. У 2-й пал. 20 ст. ў краінах Зах. Еўропы з’явіліся значныя групы выхадцаў з Паўн. і Экватарыяльнай Афрыкі, Б. Усходу, Лац. Амерыкі і Вест-Індыі. Каля 95% насельніцтва Еўропы гавораць на індаеўрапейскіх мовах (славянскай, германскай, раманскай, кельцкай, балтыйскай і інш. груп). На славянскіх мовах гавораць больш за 255 млн. чал. (рускія, украінцы, беларусы, палякі, чэхі, балгары, сербы, славакі, харваты, баснійцы, славенцы, македонцы, чарнагорцы, лужычане), на германскіх мовах — больш за 190 млн. (немцы, англічане, галандцы, шведы, аўстрыйцы, фламандцы, датчане, шатландцы, нарвежцы, германа-швейцарцы, эльзасцы, ольстэрцы, фрызы і інш.), на раманскіх мовах — каля 210 млн. (італьянцы, французы, іспанцы, румыны, партугальцы, каталонцы, валоны, малдаване, галісійцы, сардзінцы, франка-швейцарцы, фрыулы, карсіканцы і інш.). Народы кельцкай групы (каля 9,6 млн. чал.), даўней пашыраныя ў Цэнтр. і Зах. Еўропе, жывуць цяпер толькі на Брытанскіх а-вах (ірландцы, уэльсцы і гэлы) і на З Францыі (брэтонцы), б. ч. гэтых народаў перайшла на англ. і франц. мовы. На мовах балтыйскай групы гавораць літоўцы (3,2 млн.) і латышы (1,3 млн.). Да самаст. груп індаеўрапейскай сям’і належаць грэкі, албанцы, цыганы, армяне, курды, асеціны, выхадцы з Індыі і Пакістана. На фіна-угорскіх мовах гавораць больш за 22 млн. чал. (венгры, фіны, эстонцы, мардва, марыйцы, удмурты, комі і комі-пермякі, карэлы, саамы і інш.), на мовах семіцкай групы (з сям’і семітахаміцкіх моў) —2,5 млн. (арабы, выхадцы пераважна з Паўн. Афрыкі), на цюркскіх мовах — каля 9 млн. (туркі, татары, чувашы, башкіры, нагайцы, кумыкі, гагаузы і інш.). На Паўн. Каўказе каля 3 млн. чал. прыпадае на народы, якія гавораць на іберыйска-каўказскіх мовах (аварцы, лезгіны, даргінцы, лакцы, чэчэнцы, інгушы, кабардзінцы, адыгейцы, чэркесы і інш.). На ПнУ Еўропы жывуць ненцы (каля 7 тыс. чал.) — прадстаўнікі самадзійскай моўнай групы. Ізаляваная ў сістэме моўнай класіфікацыі мова баскаў (1,3 млн. чал.). У розных краінах Еўропы (найб. у Расіі, Украіне, Беларусі, Вялікабрытаніі і Францыі) — каля 2 млн. яўрэяў, якія гавораць на мовах насельніцтва, сярод якога жывуць, і на мове ідыш, што ўваходзіць у германскую групу. Еўропа — радзіма 2 асн. адгалінаванняў хрысціянства — правасл. і каталіцкай цэркваў, шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і рэліг. плыняў, якія вылучыліся з хрысціянства ў перыяд Рэфармацыі (16—17 ст.). У краінах Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы (Расія, Украіна, Беларусь, Румынія, Балгарыя, Грэцыя, Югаславія, Македонія) большасць вернікаў праваслаўныя. Каталіцызм пераважае ў краінах Паўд.-Зах. (Італія, Іспанія, Партугалія, Мальта) і некаторых краінах Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропы (Ірландыя, Францыя, Бельгія, Люксембург, Аўстрыя, Польшча, Літва, Чэхія, Славакія, Венгрыя, Харватыя); у Германіі, Нідэрландах, Швейцарыі католікі складаюць палавіну насельніцтва, астатнія — пратэстанты. Пратэстантаў найбольш у краінах Паўн. Еўропы (Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Ісландыя), а таксама ў Вялікабрытаніі, Латвіі, Эстоніі. Іслам вызнаюць у Албаніі і еўрап. ч. Турцыі. Значныя групы мусульман ёсць у Расіі (Паволжа, Паўн. Каўказ і Урал), Босніі і Герцагавіне, Балгарыі, многіх краінах Зах. Еўропы (нядаўнія эмігранты). У Еўропе жывуць таксама будысты (калмыкі і эмігранты з Паўд. і Усх. Азіі), групы індуістаў, канфуцыянцаў, сінтаістаў і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Народы Азіі.

І.​Я.​Афнагель.

т. 11, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

крана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Датыкацца, дакранацца да каго‑, чаго‑н.; чапаць. Аляксандра кранала сына за плячо, будзіла. Пестрак. Да дрэў прыглядваўся Сымон, Кранаў рукой дубочкі. Бялевіч. // Працягваючыся да пэўнага месца, даставаць сабой каго‑, што‑н. Пышная шавялюра, акуратна зачэсаная на патыліцу, аж кранала плечукоў. Хведаровіч. Вось перад ім [Асілкам] сцяной высокай раскінуўся вячысты бор. Вяршынямі кранаў аблокі і засланяў наўсцяж прастор. Машара.

2. (звычайна з адмоўем). Браць у рукі што‑н., карыстацца чым‑н. Па інструкцыі, калі міна.. не ўзарвецца, кранаць яе нельга: замыканне можа наступіць зусім нечакана і партызана разнясе на кавалкі. Карпюк.

3. Парушаць чый‑н. спакой; дакучаць, турбаваць. [Порхаўка:] Год праляжу на баку, абы мяне не краналі. Гурскі. Ведаючы характар брыгадзіра, Зіна неяк не хацела кранаць Языковіча, ёй не хацелася абвастраць з ім адносіны. Кавалёў. // перан. Спыняцца на кім‑, чым‑н., закранаць каго‑, што‑н. у прамове, гутарцы. Аграном расказваў пра значэнне севазвароту. Гэту тэму не раз кранаў і Васіль. Шамякін.

4. перан. Хваляваць, расчульваць. Кранаюць сэрца родныя абрысы: Смаленск і Орша, Слаўнае, Барысаў, І я з акна крычу: «Дзень добры, Мінск!» Пушча.

5. Сваім уздзеяннем змяняць пачатковы выгляд або парушаць цэласць чаго‑н. Ля мёрзлага прычала Стаяць радком чаўны. Вайна і іх кранала: Прабітыя яны. Калачынскі. Хутка скончылася жыта і пачалося бугрыстае поле, якое даўно ўжо не кранаў плуг. Федасеенка. // чым. Злёгку пакрываць паверхню чаго‑н. Восень ледзь-ледзь кранае першай пазалотай лісце бяроз і асін. Шамякін. Кранае шэрань скроні на галаве юначай... Дубоўка. // перан. Пакідаць след, выклікаць змены ў чым‑н. У абліччы дзяўчыны і ў тоне, якім яна размаўляла, было нешта ад той слаўнай, крылатай маладосці, якую яшчэ ледзь-ледзь кранае сталасць. Хадкевіч. // перан. Парушаць, наносіць якую‑н. шкоду. — Што таварышу Кісялю да працадня! Для яго гэта пусты гук, які не кранае яго ўласнага дабрабыту. Паслядовіч.

6. Прыводзіць у рух; варушыць што‑н. Кранаць лейцы. □ Позні час. Вецер шастае глуха, Голле яблынь кранае ў садку. Ляпёшкін. // Узнікаючы, выклікаць лёгкі рух чаго‑н. Юзікавы губы ледзь кранае ўсмешка. Крапіва.

7. Цягнучы, папіхаючы, зрушваць з месца, прымушаць рухацца. Цягнік кранае вагоны.

8. без дап. Разм. Тое, што і кранацца (у 1 знач.). Фурманка кранае з месца.

•••

Кранаць за жывое — тое, што і браць (узяць) за жывое (гл. браць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. правёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. правядзе; зак.

1. каго-што. Прымусіць або памагчы прайсці куды‑н., праз што‑н. Туравец запытаўся камандзіра, ці добра ён ведае балота, ці зможа правесці. Мележ. І ўжо ў самыя апошнія дні перад вялікімі баямі атрада на пераправах група партызан Бумажкова правяла патайнымі дарогамі з нямецкага акружэння полк з усім узбраеннем і вайсковым абсталяваннем. Чорны.

2. што. Вызначыць, прачарціць. Правесці граніцу. Правесці лінію.

3. што. Пракласці, збудаваць што‑н. — Правялі рэ[йкі] да Цімкавіч. Во стала любата. С. Александровіч. [Косця:] — Я сабраў актыў, і мы вырашылі патрабаваць ад дырэктара перасяліць выкладчыкаў у горад, арганізаваць сталовую, правесці ў кожны пакой радыё. Карпюк.

4. чым па чым. Слізгануць чым‑н. па паверхні. [Яўхім] правёў рукой па касе, сцёр прыліплыя мокрыя травінкі. Мележ. [Заранік] правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума. Хадкевіч.

5. каго-што. Паглядзець услед таму, хто (што) аддаляецца, прасачыць (вачыма, позіркам) за кім‑, чым‑н. Люба падышла да акна і доўгім позіркам правяла Валю. Чорны.

6. што. Ажыццявіць, зрабіць што‑н. Правесці сход. □ Макушэнка і Ладынін вырашылі ў апошні дзень сяўбы правесці мітынг. Шамякін.

7. каго. Прайсціся, суправаджаючы каго‑н. на развітанне. [Хлапец] правёў Зосю на самы хутар. Чорны. // Адправіць каго‑н. куды‑н. Правесці сына ў армію.

8. што. Дамагчыся ажыццяўлення чаго‑н. Правесці пастанову.

9. каго-што. Запісаць, аформіць. [Майбарада] павінен зарабляць больш. А я кожны раз раблю якое-небудзь паскудства, каб не даць яму зарабіць: то не правяду акта на буксоўку, не спішу бензіну на перапал. Скрыган. — Дырэктар правёў мяне загадам на першы курс. Карпюк.

10. што. Пражыць, прабыць які‑н. час дзе‑н. або якім‑н. спосабам. Краеўскі — стары бальшавік, шмат гадоў правёў у ссылцы, дзе страціў здароўе. Гурскі. Правёў хлопчык толькі адзін дзень у вёсцы і адразу засумаваў. С. Александровіч. Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі. Ермаловіч.

11. каго-што. Разм. Ашукаць, перахітрыць. Чарнявы гаварыў ціха, тым не менш яго словы, як сігнал трывогі, трымалі ўсіх у напружанне. — Гэта самы горшы кат, яго цяжка правесці. Няхай.

•••

Правесці вокам (вачамі) — бегла агледзець каго‑, што‑н.

Правесці ў жыццё — ажыццявіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саба́ка, ‑і, м.

1. Свойская жывёліна сямейства сабачых, якая выкарыстоўваецца для вартаўнічай аховы, язды (на Поўначы), на паляванні і пад. Службовы сабака. Пакаёвы сабака. Паляўнічы сабака. Язда на сабаках. □ Пустата і зацятасць зімняй цішыні прыдавала афарбоўку нейкай асаблівай распачлівасці заложнаму гаўканню кімся патрывожанага сабакі. Колас. На дварэ пільнуюць панскі супакой злосныя сабакі-ваўкадавы. Бядуля. Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць. Прыказка. Дурны сабака і на гаспадара брэша. Прыказка.

2. Самец сукі.

3. перан. Разм. лаянк. Пра нягодніка, злоснага, шкоднага чалавека. — Трэба падавацца ў вёску, — параіў Сталярэвіч, — там вас [Ганну] Ніхто не ведае, а тут можа кожны сабака ўкусіць.... Гурскі. [Лясніцкі] падумаў: «Здраднік. Іш, выгнуўся, сабака». Шамякін. // Груб. Пра чалавека, які не трымае слова, лаецца. Обер — аб’ездчыкам лічыўся, Брахун не горшы ад сабакі. Колас. Ці сабака гаў, ці ён сказаў — то ўсё роўна. Прыказка. / Ужываецца пры выказванні адабрэння, захаплення чыёй‑н. здатнасцю да якой‑н. справы. Добра спявае, сабака.

4. Драпежнае млекакормячае сямейства сабачых. Янотападобны сабака. / у знач. наз. саба́кі, ‑бак. Тое, што і сабачыя (у 4 знач.)

•••

Сабака-сышчык — паляўнічы або службовы сабака, прывучаны да пошуку дзічыны або чалавека па следу.

Вешаць (чапляць) сабак на каго гл. вешаць.

Вось (вот, во) дзе сабака закапаны — вось у чым сутнасць справы, прычына чаго‑н. Ды ты, як бачу, не толькі закаханая ў Тарашкевіча, але і ў яго жонку, — засмяяўся Максім. — Во дзе сабака закапаны! Машара.

(Жыць) як кот з сабакам гл. кот.

З сабакамі не знойдзеш — тое, што і (днём) з агнём не знойдзеш; са свечкай не знойдзеш (гл. знайсці).

Ні адзін сабака не гаўкне — ніхто нічога не скажа.

Па сабаку з рота скача гл. скакаць.

Сабакам сена касіць гл. касіць ​1.

Сабак ганяць гл. ганяць.

Сабаку з’есці ў чым, на чым гл. з’есці.

Сабаку пад хвост (груб.) гл. хвост.

Трэба (патрэбны) як сабаку пятая нага гл. трэба.

У сабакі вачэй пазычыць (пазычыўшы) гл. пазычыць.

Як пабіты сабака — пра чалавека, які ў выніку свайго ўчынку няёмка сябе адчувае.

Як сабак — вельмі многа, поўна. Паабапал усёй дарогі было поўна іх [жандараў і салдат], як сабак. Лынькоў.

(Як) сабака на сене — пра чалавека, які сам не карыстаецца чым‑н. і другім не дае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Кранаць, датыкацца, зачэпліваючы што‑н. Шапаткія каласы чапляліся за Аніны рукі, за адзенне, нібы прасіліся ўзяць з сабою. Мележ. Дуга чапляецца за голле дрэў, і на конскую спіну цярушыцца белы іскрысты пыл. Брыль. // Рухаючыся, зачэплівацца, спатыкацца, натыкацца на што‑н. Крочыць хлопец па лясной дарозе. Час ад часу чапляецца за карчы. П. Ткачоў. // перан. Спыняцца, затрымлівацца на чым‑н. Але .. [Адам] не чапляўся думкай за тое, як скора тут [на полі] забудаваліся людзі. Чорны.

2. Хапацца, трымацца за што‑н. Падбег [гаспадар] да парабка: — Маўчы! — І глушыць кулакамі, Той, падаючы, за карчы Чапляецца рукамі. Куляшоў. Падымацца на Замкавую гару, як назвалі яе нашы падарожнікі, было справай нялёгкай. Прыходзілася чапляцца за рэдкія сухія кусты і каменныя выступы. Бяганская. // Падчэплівацца, павісаць на чым‑н. — Не ўздумайце толькі чапляцца за падножкі, страляць будзем, — злосна кінуў нам афіцэр і пайшоў далей правяраць вагоны. Рамановіч. // Прымацоўвацца да чаго‑н., заставацца на чым‑н., зачапіўшыся за што‑н. [Павуцінне] чапляецца на вецце дрэў і ўпрыгожвае іх. Гроднеў. Вадзяны мох чапляецца за першую калоду, паварочваецца на камель вялізным, цяжкім кажухом. Сяркоў. // перан. Шукаць у кім‑, чым‑н. падтрымкі, апоры. [Грэт] і сама ведала, што стаяць тут увесь час немагчыма, але чаплялася за надзею, як тонучы за саломінку. Маўр.

3. перан. Старацца любым чынам утрымаць, зберагчы што‑н. Немцы ўпарта чапляліся за кожны дот, за кожны акоп. Мележ. // Намагацца выкарыстаць усе магчымыя сродкі для дасягнення чаго‑н. Саша расцягваў час і чапляўся за кожную дробязь, толькі б пагаварыць. Новікаў.

4. перан. Разм. Прыдзірацца да каго‑н. Ганна Сяргееўна старалася схаваць сваё хваляванне, хоць ведала, што тут, у цэнтры, акупанты менш чапляліся да людзей. Няхай. [Гарасім:] — Шый далей. Шво добрае. Ён [майстар] проста чапляецца. Якімовіч. // Прыставаць да каго‑н., назаляць. Старэйшыя, калі лезлі і чапляліся да іх з запытаннямі дзеці, проста адказвалі: — Гэта ж пабліскваюць заранкі. Лынькоў.

5. Прымацоўвацца адзін да аднаго; злучацца, счэплівацца. Снапы [лёну] чапляюцца не адсечанымі яшчэ галоўкамі адзін за адзін, бяруцца за рукавы, лучаюць, счэпленыя, пад ногі, аж спатыкаешся. Пташнікаў. // перан. Узнікаць, цягнуцца адно за другім. Ціхон чэша бараду, глядзіць на агонь, і думкі плывуць, чапляюцца адна за адну... Барашка. [Кухарава:] Ды не толькі ж гэтыя [жанчыны] злуюць на цябе [Зося] за хлопцаў. Тут ужо адно за адно пачало чапляцца. Крапіва.

6. Зал. да чапляць (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)