сукупнасць выкапнёвых млекакормячых, якія жылі на пэўных тэрыторыях у канцы сярэдняга і позняга плейстацэну. Вядома каля 50 відаў прадстаўнікоў тэрыяфауны, напр. мамант, насарог валасаты, алені велікарогі і паўночны, сайгак, аўцабык, леў пячорны, мядзведзь пячорны, пясец, лемінгі капытны і сібірскі і інш. Для тэр.Беларусі склад верхнепалеалітычнага фауністычнага комплексу ўпершыню вызначаны В.В.Шчагловай. Рэшткі млекакормячых гэтага тэрыякомплексу вядомы амаль з 170 пунктаў, а найб. поўны склад выяўлены ў Аршанскім, Віцебскім, Гродзенскім, Калінкавіцкім, Карэліцкім, Смаргонскім і Чачэрскім р-нах.
У перыяды зледзяненняў у верхнепалеалітычным фауністычным комплексе пераважалі холадаўстойлівыя віды, у часы міжледавікоўяў з’яўляліся і цеплалюбівыя жывёлы. З прадстаўнікоў гэтага комплексу ў пач. галацэну сфарміравалася сучасная тэрыяфауна, спачатку з плейстацэнавымі рэліктамі. Верхнепалеалітычны фауністычны комплекс мае выключнае значэнне для геал. і заал. даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКЧЫ́Н (Сямён Уладзіміравіч) (н. 18.8.1941, г.п. Валаконаўка Белгародскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік, публіцыст. Канд.філал.н. (1972). Скончыў БДУ (1967). З 1985 у Ін-це л-ры АНБеларусі. У 1992—95 рэд.газ. «Европейское время». Выступае як крытык, літ.-знавец. Піша на рус. мове. Даследуе гісторыю рус. л-ры 19 — пач. 20 ст. (манаграфія «Лёс фельетаніста: Жыццё і творчасць Уласа Дарашэвіча», 1975; «Пісьменнікі чэхаўскай пары», т. 1—2, 1982), руска-бел. літ. сувязі (кн. «...Народ спрадвеку родны нам», 1984; «Песня пра Беларусь», 1988). Аўтар мастацка-дакумент. аповесцяў «Да мячоў ірвануліся нашы рукі» (1978, 2-е выд. 1985), «Апошні год Дзяніса Фанвізіна» (1981), артыкулаў па праблемах журналістыкі. Адзін з аўтараў «Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 1—4, 1993—95).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НКЕРНАЯ ЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НАтарфяная,
машына для збірання фрэзернага торфу з валкоў і транспартавання яго да месца складзіравання ў штабялях. Выкарыстоўваецца пераважна машына МТФ-43А, якой збіраецца торф на паліва, для брыкетавання ці патрэб сельскай гаспадаркі.
Складаецца са скрэпера, каўшовага элеватара, бункера з рухомым дном у выглядзе пласціністага або скрэпернага канвеера, гусенічнай цялежкі, трансмісіі (перадае вярчэнне ад вала трактара да каўшовага элеватара і канвеера дна бункера). Прадукцыйнасць 2 га/гадз, рабочая скорасць 7,8 км/гадз, ёмістасць бункера 17 м³ (мадыфікацыі бункернай ўборачнай машыны могуць мець і інш. ёмістасць). Сезонная прадукцыйнасць 12—25 тыс.т паветрана-сухога фрэзернага торфу. На Беларусі з дапамогай бункерных уборачных машын збіраецца больш за 95% фрэзернага торфу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФАЛА (Ictiobus),
род рыб сям. чукучанавых атр. карпападобных. Пашыраны ў бас. рэк Місуры і Місісіпі (ЗША) і Саскачэван (Канада). Малькі 3 відаў: буфалы велікаротага (рыба-буйвал; I. cyprinellus), буфалы маларотага (I. bubalus) і буфалы чорнага (I. niger) завезены ў Краснадарскі край з ЗША (1971—72), выгадаваны іх матачны статак. На Беларусіэксперым. работы па вырошчванні буфала вядуцца з 1976 у рыбакамбінаце «Любань» (Мінская вобл.) і з 1979 у Белаазерскай садковай рыбнай гаспадарцы (Брэсцкая вобл.). Буфала жыве пераважна ў вадаёмах з запаволеным цячэннем і ў стаячых вадаёмах.
Даўж. да 1,2 м, маса болей за 45 кг. Нагадваюць сазана. Спіна цёмна-карычневая, бакі светлыя, брушка жоўтае або белаватае, плаўнікі карычнева-шэрыя. Чародныя, цеплалюбівыя. Растуць Б. хутчэй за карпаў. Усёедныя. Перспектыўныя для рыбагадоўлі.
балетмайстар. Засл. арт. Расіі (1939). Скончыў Петраградскае харэагр. вучылішча (1919). З 1919 артыст і балетмайстар (да 1938) Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. У 1946—50 і 1954—58 балетмайстар Вял.т-ра ў Маскве. Сярод найб. значных пастановак: балеты «Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева (1932), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1934), танцы ў оперы «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны (1948, Вял.т-р); на бел. сцэне — балет «Арлекіна» Р.Дрыга і танцы ў оперы «Кармэн» Ж.Бізэ (1945). Аўтар сцэнарыяў балетаў «Князь-возера» В.Залатарова (з М.Клімковічам, 1949, т-р оперы і балета Беларусі), «Канёк-Гарбунок» Р.Шчадрына (з П.Маклярскім, 1960, Вял.т-р). Дзярж. прэміі СССР 1947, 1949.
Літ.:
Армашевская К., Вайнонен Н. Балетмейстер Вайнонен. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛ,
1) у геамарфалогіі адносна вузкая, выцягнутая і невысокая форма рэльефу. Адрозніваюць валы: створаныя дзейнасцю хваль (берагавыя), ракі (прырэчышчавыя), ледавіка (марэнныя, напорныя), вулканаў (кальцавыя), селю (селевыя) і інш. 2) У тэктоніцы выцягнутая дадатная структура ў межах платформаў. Аб’ядноўвае лакальныя падняцці — антыкліналі, брахіантыкліналі, купалы. Даўж. да соцень км, шырыня дзесяткі км, выш. да соцень метраў. Пл. 200—10 000 км². На плітах стараж. платформаў звычайна абмежаваны флексурамі. Валы, прымеркаваныя да разломных зон, называюцца шыўнымі. Сістэма валоў, аб’яднаных агульнай падэшвай, утварае складаныя валы. На Беларусі вылучаны дзесяткі валоў даўж. 24—150 км, шыр. 3—25 км, з амплітудай падняцця 50—600 м, радзей да 1 км. Вылучаюцца пераважна па паверхні верхняй саляноснай тоўшчы (фаменскай) або па паверхні крышт. фундамента. Найб. пашыраны ў Прыпяцкім прагіне. Да валоў часта прымеркаваны радовішчы нафты, газу, солі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці. Цэнтр сельсавета. За 30 км на ПдЗ ад Лёзна, 52 км ад Віцебска. 754 ж., 317 двароў (1995).
Заснавана не пазней як у 16 ст. У канцы 16—17 ст. мястэчка, дзярж. маёмасць, цэнтр Бабінавіцкага староства ў Віцебскім ваяв. У 1777—96 і 1802—40 цэнтр Бабінавіцкага павета, Бабінавічы мелі статус павятовага горада. У 1781 горад атрымаў герб. У 1897 у Бабінавічах 1157 ж., царкоўнапрыходская школа, пошта, тэлеграф, прыходская царква, касцёл св. Тройцы. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 страцілі статус горада і сталі вёскай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Высачанскім, з 1931 — у Лёзненскім р-нах.
Птушкафабрыка. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі археал. помнік Бабінавічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГНО́ЎКА, вадзяніка, вараніка,
шыкша (Empetrum),
род кветкавых раслін сям. багноўкавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодных абласцях Паўн. паўшар’я, у паўд. раёнах Паўд. Амерыкі і на некаторых прылеглых астравах, ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі і ў паўд.-зах. Еўропе. На Беларусі пераважна ў паўн. раёнах трапляецца багноўка чорная (Empetrum nigrum). Расце на вярховых балотах, у забалочаных хваёвых і яловых лясах, утварае зараснікі.
Шматгадовазялёны кусцік выш. 10—20 см з доўгім паўзучым разгалінаваным сцяблом, сцелецца па зямлі, даўж. да 1 м. Лісце дробнае, вузкаэліптычнае. Кветкі дробныя, адзінкавыя, зрэдку па 2—3 у пазухах лісця, ружовыя або цёмна-чырвоныя. Плод — шарападобная шыза-чорная ягадападобная касцянка. Плады ядомыя, кіславатыя, з пурпуровым сокам, маюць вітамін С, андрамедатаксін, фарбавальныя і дубільныя рэчывы. Настой з травы ўжываецца ў нар. медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗАМІ́Н (Impatiens),
род кветкавых раслін сям. бальзамінавых. Каля 400—750 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай Азіі і Афрыцы, нямногія — у Еўропе і Амерыцы. На Беларусі 4 віды: бальзамін звычайны (Impatiens noli-tangere) — мясцовы, расце ў сырых лясах, на забалочаных участках, уздоўж рэк і ручаёў; драбнакветкавы (Impatiens parviflora) — занесены, добра натуралізаваўся ў прыродных раслінных згуртаваннях; залозісты (Impatiens glandulifera) — здзічэлая расліна, натуралізуецца на сметніках; бальзамінавы, або садовы (Impatiens balsamina), вырошчваецца як кветкава-дэкар. і пакаёвая культура.
Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з валасніковістымі каранямі. Сцябло голае, галінастае, сакаўное, празрыстае. Лісце чаргаванае, простае, тонкае, без прылісткаў. Кветкі жоўтыя, чырвоныя, фіялетавыя і інш. колераў, зігаморфныя. Калякветнік двайны; чашачка з пялёсткападобнай шпоркай. Плод пераважна сакаўная шматнасенная падоўжаная каробачка (пры дакрананні лёгка раскрываецца і насенне з сілай раскідваецца). Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́МБЕРГ»
(«Bamberg»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на Беларусі супраць партызанаў і цывільнага насельніцтва ў Вял.Айч. вайну ў Акцябрскім, Глускім, Любанскім, Петрыкаўскім, Бабруйскім р-нах. Праводзілася 20.3—4.4.1942 сіламі 3 пях. і 1 артыл. палкоў, 2 асобных паліцэйскіх батальёнаў, кав. эскадрона і авіяэскадрыллі. У ходзе аперацыі карнікі спалілі больш за 3600 жылых дамоў, расстралялі, павесілі і спалілі каля 5600 жыхароў, у т. л. старых, жанчын і дзяцей, захапілі больш за 3 тыс. галоў жывёлы, каля 200 т збожжа і фуражу. У час баёў з карнікамі партыз. атрады М.П.Бумажкова, У.Ц.Шантара, А.Г.Балахонава і некат. інш. прарваліся з блакады і перадыслацыраваліся ў інш. раёны. Атрады, якія засталіся ў раёне аперацыі і ўтрымлівалі свае пазіцыі, у маі 1942 аформіліся ў 123-ю Акцябрскую партыз. брыгаду.