ПРЖЭ́МЫСЛАВІЧЫ,

чэшская княжацкая і каралеўская дынастыя ў 9—14 ст. Назву атрымалі ад імя легендарнага селяніна-аратага Пржэмысла з в. Старадзіцы. Адзін з першых дакладна вядомых князёў з П. — Вацлаў [924—936]; першы кароль — князь Уратыслаў II [1085—92]. З 12 ст. спадчынныя каралі. Найб. значныя прадстаўнікі:

Пржэмысл I Отакар (? — 15.12.1230), князь (1192—93, 1197), кароль Чэхіі [1198—1230]. Пры ім умацавалася цэнтр. ўлада, вырас міжнар. аўтарытэт чэш. дзяржавы. Садзейнічаў ням. каланізацыі. У 1212 дамогся ад герм. караля Фрыдрыха II Гогенштаўфена прызнання незалежнасці Чэхіі.

Вацлаў I Аднавокі (1205—22 9.1253), кароль Чэхіі [1230—1253], Сын Пржэмысла I Отакара. У час яго праўлення складвалася саслоўная манархія, працягвалася ням. каланізацыя чэш. зямель.

Пржэмысл II Отакар (каля 1230—26.8.1278), кароль Чэхіі [1253—78], Сын Вацлава 1. З дапамогай рэформ умацаваў каралеўскую ўладу і ваен. магутнасць чэш. дзяржавы, якая распрасціралася ад вытокаў Лабы і Одры да Адрыятычнага м. Удзельнічаў у крыжовых паходах Тэўтонскага ордэна супраць прусаў і ВКЛ (1254, 1267). У гонар яго быў названы засн. ў 1255 г. Кралявец (ад чэш. krdl кароль, ням. Кёнігсберг, цяпер Калінінград). Сапернічаў з Рудольфам II Габсбургам за імператарскі прастол, пасля выбрання таго імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (1273), адмовіўся прынесці ленную прысягу. Загінуў у бітве каля Сухіх Круг (Маравія). У 1306 пасля смерці караля Вацлава III [1305—06] дынастыя спыніла існаванне.

т. 13, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВІЛЕ́Й 1492, Аляксандраў прывілей,

агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Аляксандрам у Вільні 6.8.1492 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Меў характар феад. канстытуцыі ВКЛ, якая замацоўвала асновы дзярж. і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў — паноў. Складаецца з 33 артыкулаў. П. пацвердзіў з частковымі зменамі ўсе прывілеі баярству, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі. Важнай уступкай буйным феадалам было юрыд. афармленне вял. паўнамоцтваў Рады Вялікага княства Літоўскага, куды ўваходзілі вышэйшыя саноўнікі дзяржавы і радавітая знаць, сваякі вял. князя. П. устанавіў, што вял. князь не мае права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вял. князем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вял. князя, а ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала пытанні агульнадзярж. значэння. Прывілей вызначыў асновы адм., цывільнага і крымінальнага права. Службовым асобам было забаронена вымагаць у падначаленых падачкі звыш устаноўленых плацяжоў. Былі акрэслены прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзярж. пасад. П. пацвердзіў абавязковы характар мясц. прававых звычаяў. Дзярж. пасады і зямельныя ўладанні мелі права атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ (польскай шляхце гэта забаранялася). У П. абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб’ектыўнасць, устанаўліваліся пэўныя тэрміны разгляду спраў. Напісаны на лац. мове.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́РЫК — СІНЯВУ́С — ТРУВО́Р,

паводле «Аповесці мінулых гадоў», тры варажскія конунгі (князі)-браты, закліканыя ў 862 «з-за мора» ільменскімі славенамі, крывічамі і фіна-угорскімі плямёнамі на княжанне. Яны пасяліліся ў Гарадзішчы. З узнікненнем Ноўгарада Рурык стаў яго князем (паводле Іпацьеўскага летапісу — першапачаткова княжыў у Ладазе), Сінявус — у Белавозеры, Трувор — у Ізборску. Летапісныя Сінявус і Трувор неўзабаве памерлі і «авалодаў усёю уладаю адзін Рурык, і стаў раздаваць мужам сваім гарады: таму Полацк, гэтаму Растоў, іншаму Белавозера... і над усімі тымі ўладарыў Рурык». Існаванне братоў Рурыка выклікае сумненні ў даследчыкаў. Няяснасць этымалогіі імён Сінявуса і Трувора выклікала нават меркаванне пра недакладнасць перакладу летапісцам стараж.-швед. слоў «sine hus» і «thru varing», якія нібыта адпавядаюць выразу «с роды своими и дружиной многой». Рурыка большасць даследчыкаў лічыць рэальнай гіст. асобай сканд. паходжання: ён стаў князем паўн. (славяна-фінскай) канфедэрацыі плямён паводле «ряду» (дагавору) і памёр у 879. Часам яго атаясамліваюць з Рорыкам Ютландскім. Паводле летапіснай традыцыі Рурык — заснавальнік дынастыі Рурыкавічаў, бацька кіеўскага князя Ігара.

Літ.:

Фроянов И.Я. Исторические реалии в летописном сказании о призвании варягов // Вопр. истории. 1991. №6;

Нильсен Й.П. Рюрик и его дом: Опыт идейно-историогр. подхода к норман. вопросу в рус. и сов. историографии. Архангельск, 1992;

Ловмяньский Х. Русь и норманы: Пер. с пол. М., 1985.

С.​В.​Пазняк.

т. 13, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЛЕ́ЕЎ (Кандрат Фёдаравіч) (29.9.1795, с. Батава Гатчынскага р-на Ленінградскай вобл. — 25.7.1826),

рускі паэт, дзекабрыст. Скончыў 1-ы кадэцкі корпус у Пецярбургу (1814). Удзельнік замежных паходаў рус. арміі 1814—15. З 1818 у адстаўцы. З 1821 у Пецярбургу засядацель крымінальнай палаты, з 1824 у канцылярыі «Расійска-амерыканскай гандлёвай кампаніі». У 1823—25 з А.​Бястужавым выдаваў альманах «Полярная звезда». З 1823 чл. Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, адзін з кіраўнікоў паўстання 14.12.1825 на Сенацкай плошчы. Павешаны ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Друкаваўся з 1820. Стварыў узоры грамадз. паліт. лірыкі («Грамадзянін», «Бястужаву»). У гіст. думах «Іван Сусанін», «Смерць Ермака» свабодалюбівыя патрыят. ідэі. Аўтар агітацыйных супрацьурадавых песень (разам з Бястужавым), любоўнай лірыкі, паэм «Налівайка» (не завершана), «Вайнароўскі» (1825). У 1815 жыццёвы шлях Р. быў звязаны з Беларуссю: ён служыў у мяст. Сталовічы Баранавіцкага р-на (тут адбываліся яго сяброўскія сустрэчы з Т.​Занам) і ў Нясвіжы. Матэрыялы пра яго зберагаюцца ў Валеўскім нар. краязнаўчым музеі. На бел. мову думу Р. «Смерць Ермака» пераклаў У.​Дзюба, думу «Рагнеда» — Г.​Кажамякін.

Тв.:

Полн. собр. соч. М.; Л., 1934;

Полн. собр. стихотворений. Л., 1971;

Соч. Л., 1987.

Літ.:

Афанасьев В.В. Рылеев: Жизнеописание. М., 1982;

Мінскевіч С. Ён мог стаць такім жа, як і яны // Першацвет. 2000. № 2/3.

К.Ф.Рылееў.

т. 13, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ (Генадзь Васілевіч) (19.9.1936, г. Валгаград, Расія — 23.8.2000),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі, паэт і перакладчык. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996), д-р тэхн. н., праф. (1981). Чл. Саюза пісьменнікаў Беларусі (2000). Скончыў Вышэйшае ваенна-марское інж. радыётэхн, вучылішча (1959, г. Гатчына, Расія). З 1960 і з 1986 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі, з 1970 у Мінскім радыётэхн. ін-це, адначасова з 1994 нач. аддзела Вышэйшага атэстацыйнага к-та Беларусі. Працы па тэорыі сістэм аўтам. кіравання (САК) і аўтаматызаванага праектавання. Распрацаваў асновы агульнай тэорыі каранёвых траекторый сістэм з параметрамі, якія змяняюцца паводле зададзенага закону, метады і сродкі аўтаматызаванага праектавання робататэхн. комплексаў і САК. Пісаў вершы з 1956: У яго перакладах на рус. мову выйшлі кнігі: «Беларуская лірыка XIX—XX стст. ...» (1998), «Анталогія беларускай лірыкі XIX—XX стст.» і «Анталогія беларускай паэзіі» (т. 1—2, 2001).

Тв.:

Основы общей теории корневых траекторий систем автоматического управления. Мн., 1972;

Теория систем автоматизированного проектирования: Интеллектуальные САПР на базе вычислительных комплексов и сетей. Мн., 1994;

Корневые методы исследования интервальных систем. Мн., 1999 (у сааўт.);

Я есть! М., 2000.

Літ.:

Савік М. Мера духоўнага самавыяўлення // Голас Радзімы. 1998. 5 сак.;

Яго ж. Чалавек шматгранных здольнасцей // Атэстацыя. 1999. № 2.

М.​П.​Савік.

Г.В.Рымскі.

т. 13, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т БЯСПЕ́КІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

вышэйшы калегіяльны каардынацыйна-паліт. орган, які фарміруецца з мэтай рэалізацыі паўнамоцтваў прэзідэнта ў галіне забеспячэння нац. бяспекі краіны. Утвораны паводле пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 15.11.1991. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Савет бяспекі фарміруе і ўзначальвае прэзідэнт. Савет бяспекі разглядае пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі краіны, якія закранаюць інтарэсы яе нац. бяспекі і абароны, прымае рашэнні па забеспячэнні паліт., эканам., ваен., гуманітарнай, экалаг. і інш. відаў бяспекі дзяржавы і яе грамадзян. У яго склад уваходзяць прэзідэнт, пастаянныя члены Савета (прэм’ер-міністр, старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нац. сходу, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта, дзярж. сакратар — памочнік прэзідэнта па нац. бяспецы), члены Савета (міністры абароны, унутр. спраў, замежных спраў, фінансаў, старшыні к-таў дзярж. бяспекі і дзярж. кантролю, ген. пракурор, а таксама інш. асобы, якіх прызначае прэзідэнт). Рашэнні Савета бяспекі афармляюцца ў выглядзе пастаноў, якія набываюць сілу пасля іх падпісання прэзідэнтам. Дзейнасць забяспечвае сакратарыят (да 1997 — апарат) Савета бяспекі. У 1992—94 Савет бяспекі ўзначальвалі старшыні Вярх.

Савета Рэспублікі Беларусь С.​С.​Шушкевіч, потым М.​І.​Грыб. З 1994 палажэнне аб Савеце бяспекі і яго складзе зацвярджаюцца ўказамі прэзідэнта. Дзярж. сакратары Савета бяспекі: з 1994 В.​В.​Шэйман, з 2000 У.​Р.​Латыпаў, з 2001 Г.​М.​Нявыглас.

А.​А.​Тозік.

т. 14, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІЧ (Франц Андрэевіч) (каля 1815, в. Вяляцічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — каля 1845),

бел. паэт, публіцыст, рэвалюцыянер-дэмакрат. Скончыў Пінскае павятовае вучылішча (1833). Вучыўся ў Віленскай медыка-хірург. акадэміі (1833—38). Арганізаваў там нелегальнае рэв. Дэмакратычнае таварыства. У 1837 наладзіў сувязь з Ш.​Канарскім, з сябрамі ўступіў у яго Садружнасць польскага народа (гл. Саюз польскага народа). Арыштаваны (1838) і высланы (1839) у салдаты на Каўказ. У 1841 уцёк, быў злоўлены, каля 2 гадоў прасядзеў у турме Ціраспаля (цяпер Рэспубліка Малдова) пад чужым імем. Аддадзены паўторна на вайсковую службу, зноў уцёк. Вясной 1844 дабраўся да Кіева. Жыў пад імем доктара Гельгега ў мяст. Янушпаль (каля Бярдзічава, Украіна). Заразіўся халерай. Аўтар статута «Прынцыпы дэмакратызму», пракламацыі «Заўвагі на маральную вайну народа з дэспатызмам» (адзін з першых паліт. памфлетаў у гісторыі вызв. руху на Беларусі), мемуараў (апубл. 1876). Яго беларускамоўны верш «Там блізка Пінска...», апубл. ў мемуарах Э.​Паўловіча «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1882), прасякнуты антыпрыгонніцкімі матывамі.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Смірноў А. Франц Савіч. Мн., 1961;Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е гг. XIX в. Мн., 1971; Александровіч С. Слова — багацце. Мн., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́СА (Somoza),

сямейства, прадстаўнікі якога шляхам рэпрэсій і выбарчых махінацый утрымлівалі паліт. ўладу ў Нікарагуа ў 1930—70-я г. Самоса Гарсія (Somoza García) Анастасіо (1.2.1896, Сан-Маркас, Нікарагуа — 29.9.1956), заснавальнік паліт. дынастыі С. Скончыў Нац. ўсх. ун-т (г. Гранада, Нікарагуа). Быў міністрам абароны і ВМФ, паслом у Коста-Рыцы, міністрам замежных спраў. З 1932 каманд. Нац. гвардыяй Нікарагуа, генерал. У 1934 паводле яго загаду забіты А.​С.​Сандзіна. У 1936 шляхам фальсіфікацый і насуперак канстытуцыі абраны прэзідэнтам краіны. Прэзідэнт Нікарагуа ў 1937—47 і 1950—56 (у 1947—50 прэзідэнтам краіны быў яго дзядзька В.​М.​Раман-і-Рэес). Смяротна паранены праціўнікам рэжыму. Самоса Дэбайле (Somoza Debayle) Луіс Анастасіо (18.11.1922, г. Леон, Нікарагуа — 13.4.1967), сын Самоса Гарсіі. Атрымаў адукацыю ў ЗША. Каманд. Нац. гвардыяй Нікарагуа, палкоўнік. У 1956—63 прэзідэнт Нікарагуа. З 1963 пажыццёвы сенатар, фактычны кіраўнік краіны пры марыянетачным прэзідэнце Р.​Шык Гуцьерэсе. Самоса Дэбайле (Somoza Debayle) Анастасіо (5.12.1925, г. Леон — 17.9.1980), малодшы сын Самосы Гарсія. Скончыў ваен. акадэмію ў Уэст-Пойнце (ЗША). У 1964 каманд. Нац. гвардыяй Нікарагуа, генерал. Прэзідэнт Нікарагуа ў 1967—72 і 1974—79. Скінуты ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979. Уцёк у Парагвай, дзе загінуў у выніку тэрарыст. акта.

т. 14, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМЕНО́Н ((Simenon) Жорж) (13.2.1903, г. Льеж, Бельгія — 4.9.1989),

французскі пісьменнік. Чл. Бельг. каралеўскай акадэміі (з 1952). З 1922 жыў у Францыі, з 1955 — у Швейцарыі. Падарожнічаў па Еўропе і Афрыцы, займаўся журналістыкай. Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам рус. л-ры. Друкаваўся з 1919. Славу прынеслі дэтэктыўныя раманы з сусв. вядомым героем камісарам Мегрэ: «Запіскі Мегрэ» (1950), «Мегрэ падарожнічае» (1958), «Мегрэ і бадзяга» (1963), «Мегрэ сумняваецца» (1968), «Мегрэ і мсье Шарль» (1972) і інш. У сац.-псіхал. раманах «Дом на канале» (1933), «Негрыцянскі квартал» (1935), «Бруд на снезе» (1948), «Браты Рыко» (1952), «Сын» (1957), «Прэзідэнт» (1958), «Турма» (1968), «І ўсё ж такі арэшнік зелянее» (1969) і інш. выкрываў расізм і галечу, каланіялізм і фашызм. Яго проза адметная ўважлівым стаўленнем да дэталі, дакладнай матывацыяй паводзін персанажаў, іх моўнай індывідуалізацыяй, псіхалагізмам у спалучэнні з займальнай інтрыгай і сюжэтным дынамізмам. Аўтар цыкла ўспамінаў «Я дыктую» (т. 1—21, 1975—81), літ.-крытычных прац, аўтабіягр. кніг, аповесцей і апавяданняў. Некат. яго творы экранізаваны. На бел. мову асобныя творы С. пераклалі Н.​Мацяш, А.​Асташонак.

Тв.:

Бел. пер. — Першая справа Мегрэ. Мн., 1982;

Пад страхам смерці: Раман, аповесці. Мн., 1992;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—20. М., 1991.

Літ.:

Шрайбер Э.Л. Жорж Сименон: Жизнь и творчество. Л., 1983.

Е.​А.​Лявонава.

Ж.Сіменон.

т. 14, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́КАЎ (Васіль Уладзіміравіч) (н. 19.6.1924, в. Бычкі Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1980). Герой Сац. Працы (1984). Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы на скульпт. аддзяленні. Удзельнік Айч. вайны, двойчы паранены. У 1956—72 працаваў у газ. «Гродненская правда», у 1972—78 сакратар Гродзенскага аддзялення СП Беларусі. З 1978 у Мінску. У 1990—93 прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Друкуецца з 1947. У першай кнізе «Жураўліны крык» (1960), аповесцях «Здрада» (1961), «Трэцяя ракета» (1962, Літ. прэмія імя Я.​Коласа 1964), зб. апавяданняў «Адна ноч» (1965) паказвае штодзённы гераізм звычайнага чалавека ва ўмовах вайны, глыбока пранікае ў духоўны свет сваіх герояў. Суровая праўда ў адлюстраванні вайны, пераважна драм. і трагічных яе сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, абвостраная чалавечнасць, высокая патрабавальнасць у сцвярджэнні маральных прынцыпаў, лаканізм, дакладнасць і выразнасць апавядальнай манеры, шчырасць і ўнутр. стрыманасць аўтарскага голасу — вызначальныя якасці творчай манеры пісьменніка. Аповесці «Мёртвым не баліць» (1965) і «Праклятая вышыня» (1968) — важны крок на шляху філас.-канцэптуальнага і жанравага падпарадкавання асабіста перажытага духоўным патрэбам сучаснасці. У канцы 1960-х г. звярнуўся да тэмы партыз. і падп. барацьбы бел. народа. «Круглянскі мост» (1969), «Сотнікаў» (1970), «Абеліск» (1971, разам з аповесцю «Дажыць да світання», 1973, Дзярж. прэмія СССР 1974), «Воўчая зграя» (1974, разам з аповесцю з франтавога жыцця «Яго батальён», 1975, Дзярж. прэмія БССР імя Я.​Коласа 1978), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Знак бяды» (1982, Ленінская прэмія 1986) у творчасці пісьменніка складаюць своеасаблівы «партызанскі цыкл». Увага да гэтага пласта нар. жыцця ў Быкава не выпадковая. Элемент трагічнага — істотны элемент вайны — выявіўся тут на ўсю моц. Вельмі важная для пісьменніка адвечная тэма «выбару» ў партыз. вайне і на акупіраванай тэрыторыі вырашалася больш разнастайна, асабліва ўскладнена матываванасць чалавечых учынкаў. Творчасць Быкава 1970-х г. вылучаецца моцнай філас. насычанасцю, асаблівым трагічным напаўненнем, аголенасцю маральна-этычных канфліктаў, надзвычай адчувальнай сувяззю з сучаснасцю. Даследуючы паводзіны чалавека ў жорсткіх умовах вайны, у т.зв. гранічных сітуацыях, пісьменнік імкнецца выявіць духоўныя асновы яго паводзін, асновы яго мужнасці і няскоранасці. Абставіны заўсёды распрацоўваюцца на макс. адпаведнасць жыццёвай праўдзе, характары раскрываюцца з вял. уважлівасцю да самых дробных унутр. і знешніх рухаў, у іх арган. узаемадзеянні з абставінамі. Паглыбленне філас. зместу, маральна-этычная згушчанасць праблематыкі ў творах натуральна выклікалі інтэлектуальную завостранасць, строгасць, выверанасць жанравай формы, адпаведную мэтанакіраванасць сюжэтнага руху, выразную акрэсленасць кампазіцыйных прыёмаў, рэзкае змяншэнне колькасці дзейных асоб, напружаную, строгую і дакладную манеру апавядання. Быкаў не бытапісальнік вайны. Ён філосаф, грамадзянін, які ўвесь у сучаснасці, у пастаянным напружаным роздуме пра чалавека, яго месца ў сённяшнім драм. свеце. У ідэйна-маст. структуры твораў істотную ролю адыгрывае смерць героя, найперш галоўнага. Яна — неабвержны аргумент пісьменніка на карысць чалавечнасці, сумленнасці, справядлівасці. Для Сотнікава («Сотнікаў»), Іваноўскага («Дажыць да світання»), Мароза («Абеліск»), інш. станоўчых герояў гэтыя паняцці вышэй за ўсё, нават за жыццё, бо без іх жыццё траціла сэнс, станавілася ганьбай. У аповесцях «Знак бяды», «Аблава» (1989) узняў трагічную тэму сталіншчыны, раскулачвання, знішчэння дабрыні ў чалавеку, знішчэння гаспадара зямлі. Раман «Кар’ер» (1986), аповесці «У тумане» (1987), «Сцюжа» (1993), апавяданні «На Чорных лядах», «Перад канцом», «Бедныя людзі» і інш. пазначаны актыўнай аўтарскай пазіцыяй, маст. асваеннем новых гіст. пластоў жыцця, вострым эмацыянальна-этычным напалам, высокім трагізмам. Выступае і як публіцыст (зб. «На крыжах», (1992). Кнігі Быкава, поўныя высокага грамадз. пафасу, веры ў вял. духоўныя магчымасці чалавека, нянавісці да подласці, хлусні, здрадніцтва, актыўна служаць выхаванню чалавека. Быкаў — аўтар п’ес «Рашэнне» (1972) і «Апошні шанц» (паст. 1974), гумарыстычных і сатыр. апавяданняў (зб. «Ход канём», 1960), працуе і ў галіне драматургіі кіно, тэатра. Па яго сцэнарыях пастаўлены кінафільмы «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), «Абеліск» (1977), 3-серыйны тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» (1976). Па матывах аповесці «Пайсці і не вярнуцца» створаны спектакль (1979), па аповесці «Сотнікаў» — кінафільм «Узыходжанне» (1977), па аповесці «Знак бяды» — кінафільм (1985). Бел. т-р оперы і балета па матывах «Альпійскай балады» (1964) паставіў аднайм. балет (1967, муз. Я.​Глебава), па аповесці «Воўчая зграя» — оперу «Сцежкаю жыцця» (1980, муз. Г.​Вагнера). В.​Дашук на кінастудыі «Беларусьфільм» стварыў пра Быкава фільм «Узыходжанне» (1985).

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1974;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1980—82;

Зб. тв. Т. 1—6. Мн., 1992—94.

Літ.:

Буран В.А. Васіль Быкаў: Нарыс творчасці. Мн., 1976;

Дедков Я. Василь Быков: Очерк творчества. М., 1990;

Адамовіч А. На бестэрміновай перадавой // Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;

Бечык В. Таварыш, народ, Радзіма // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Бугаёў Дз. Пра дзве кніжкі Васіля Быкава // Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;

Яго ж Васіль Быкаў. Мн., 1987;

Яго ж. Праўда і мужнасць таленту. Мн., 1995;

Вярцінскі А. Подзвіг ратны, подзвіг творчы // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1980;

Каваленка В. Маладосць і мудрасць — сёстры // Каваленка В. Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;

Андраюк С. Традыцыі і сучаснасць. Мн., 1981. С. 127—128, 132—136, 236—254.

С.​А.​Андраюк.

В.У.Быкаў.

т. 3, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)