Я́ДЗЕРНАЯ ЭЛЕКТРО́НІКА,

галіна радыёэлектронікі, якая распрацоўвае метады і сістэмы рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў і апрацоўкі атрыманых даных. Узнікла з патрэб ядзернай фізікі; шырока выкарыстоўваецца ў хіміі, біялогіі, медыцыне, касм. даследаваннях, фізіцы элементарных часціц і інш. Грунтуецца на метадах аналагавай, аналага-лічбавай і лічбавай апрацоўцы эл. сігналаў, на выкарыстанні мікрапрацэсарнай тэхнікі, персанальных камп’ютэраў і камп’ютэрных сістэм.

Асаблівасці рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў: стахастычны, імпульсны характар эл. сігналаў на выхадзе дэтэктараў часціц; непрадказальнасць моманту іх з’яўлення, інтэнсіўнасці і формы; вымярэнне іх параметраў пры наяўнасці радыяцыйнага фону. Амплітуда імпульснага сігналу залежыць ад энергіі, форма — ад тыпу часціц; момант з’яўлення карэліраваны з працягласцю ядз. працэсаў. Рэгістрацыя часціц ці квантаў зводзіцца да падліку імпульсаў ад дэтэктара; ідэнтыфікацыя тыпу выпрамянення і вымярэнне яго спектра ажыццяўляецца шляхам аналізу формы імпульсу, амплітуды ці адноснай затрымкі паміж імпульсамі; прасторавае размеркаванне выпрамянення вызначаецца паводле каардынаты пункта дэтэктыравання. Найб. складаная задача — адбор карысных імпульсаў з мноства памылковых, вымярэнне іх параметраў шляхам пераўтварэння амплітуды ці часавай затрымкі паміж імпульсамі ў лічбавы код. Адбор карысных імпульсаў ажыццяўляецца аналагавай фільтрацыяй. раздзяленнем у часе і прасторы, лічбавай апрацоўкай даных у ЭВМ. Сучасная Я.э. ўсебакова выкарыстоўвае інтэгральную. імпульсную і выліч. тэхніку. матэм. метады апрацоўкі інфармацыі.

На Беларусі даследаванні па Я.э. праводзяцца з 1961 у БДУ, Ін-це электронікі. Ін-це фізікі, Ін-це праблем энергетыкі Нац. АН, а таксама ў Міжнар. экалагічным ун-це імя А.​Дз.​Сахарава, ААТ «Атамтэх».

Літ.:

Цитович А.П. Ядерная электроника. М., 1984;

Ковальский Е. Ядерная электроника: Пер. с англ. М., 1972;

Шмидт Х. Измерительная электроника в ядерной физике: Пер. с нем. М., 1989.

В.​Я.​Ямны.

т. 18, кн. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

факс

(лац. fac simile = рабі падобнае)

1) сістэма тэлеграфнай факсімільнай сувязі для перадачы графічнай інфармацыі (напр. перадаць паведамленне па факсу);

2) апарат, які перадае або прымае такую інфармацыю (напр. уключыць ф.);

3) паведамленне, перададзенае або прынятае гэтым апаратам (напр. атрымаць ф.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ВЕ́РА,

прыняцце якіх-небудзь ідэй, ведаў, меркаванняў, палажэнняў і інш. без непасрэднага эмпірычнага і рацыянальнага абгрунтавання. У філасофіі — стан суб’екта, цесна звязаны з духоўным светам асобы. Узнікае на аснове пэўнай інфармацыі пра аб’ект. Выяўляецца ў ідэях ці вобразах, суправаджаецца эмоцыяй упэўненасці і шэрагам іншых пачуццяў і служыць матывам, стымулам, устаноўкай і арыенцірам чалавечай дзейнасці. Паводле У.​Салаўёва, вера — гэта прызнанне чаго-небудзь сапраўдным з такой рашучасцю, якая перавышае сілу знешніх фактычных і фармальна-лагічных доказаў. І.​Кант трактаваў веру як пазіцыю розуму, які прымае тое, што з’яўляецца недаказальным, але неабходным для абгрунтавання маральнага імператыву. У псіхалогіі — асаблівы стан псіхікі, калі чалавек цалкам і безагаворачна прымае пэўныя звесткі, з’явы, падзеі або ўласныя ўяўленні, якія могуць стаць у далейшым асновай яго «я», вызначаць некаторыя яго ўчынкі, разважанні, нормы паводзін. У выніку практычнай дзейнасці, тэарэт. пазнання, лагічных разважанняў, адчуванняў, уяўленняў і валявых намаганняў чалавек фарміруе ў сваёй свядомасці вобразы рэчаіснасці, уяўленні пра свет і сваё месца ў ім. Калі чалавек не ў стане асэнсаваць тую ці іншую з’яву, ён або прымае яе на веру, або адмаўляецца ў пэўнай форме ад пазнання. У рэлігіі вера — прыняцце Бога як першакрыніцы ўсяго існага, стваральніка свету, жыцця на зямлі і самога чалавека, прыняцце пэўных сцверджанняў (догматаў) і рашучасць прытрымлівацца іх насуперак усім сумненням. Асновы такой веры значна глыбей, чым веды і мысленне, у адносінах да якіх вера — першапачатковы фактар і таму мацней за іх. Тэалогія лічыць рэліг. веру неад’емнай уласцівасцю чалавечай душы, божым дарам. Для пераадолення супярэчнасцей паміж розумам і верай артадаксальная тэалогія выкарыстоўвае максіму Аўгусціна Блажэннага і Ансельма Кентэрберыйскага «верую дзеля таго, каб разумець», якая з’яўляецца зыходным пунктам для пабудовы паслядоўнасці фармальна-лагічных вывадаў.

В.​М.​Пешкаў.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕН (ад грэч. genos род, паходжанне), спадчынны фактар,

структурна-функцыянальная адзінка генетычнага матэрыялу, адказная за фарміраванне якой-небудзь элементарнай прыкметы. З дапамогай гена адбываецца запіс, захаванне і перадача генетычнай інфармацыі. Умоўна ген можна ўявіць як адрэзак малекулы ДНК (у некаторых вірусаў і фагаў — малекулы РНК), які ўключае нуклеапратэідную паслядоўнасць з закадзіраванай у ёй першаснай структурай поліпептыду (бялку) або малекулы транспартнай ці рыбасомнай РНК, сінтэз якіх кантралюецца гэтым генам. У вышэйшых арганізмаў (эўкарыёт) ген знаходзіцца ў храмасомах і ў арганелах цытаплазмы (мітахондрыях, хларапластах і інш.); кожны з іх займае ў храмасоме дакладнае месца — локус. Сукупнасць усіх генаў арганізма складае яго генатып. Кожны ген, які ўключае ад некалькіх соцень да 1500 нуклеатыдаў, адказны за сінтэз пэўнага бялку (поліпептыднага ланцуга), ферменту і г.д. Кантралюючы іх утварэнне, ген кіруе ўсімі хім. рэакцыямі арганізма і тым самым вызначае яго прыкметы (гл. Генетычны код).

Дыскрэтныя спадчынныя задаткі адкрыў у 1865 Г.Мендэль, у 1909 В.Іагансен назваў іх генам. У 1911 Т.Морган і яго супрацоўнікі даказалі, што ген з’яўляецца ўчасткам храмасомы, склалі першыя храмасомныя карты, на якіх пазначылі размяшчэнне асобных генаў на храмасомах (гл. Генетычная карта храмасом). Адрозніваюць гены: структурныя, што нясуць інфармацыю пра паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдзе, і рэгулятарныя (кантралююць і рэгулююць дзейнасць структурных генаў); алельныя і неалельныя (гл. Алелі); паводле лакалізацыі на храмасоме аўтасомныя (гл. Аўтасомы) і счэпленыя з полам (гл. Палавыя храмасомы). Важная ўласцівасць генаў — спалучэнне іх высокай устойлівасці (нязменнасці ў шэрагу пакаленняў) са здольнасцю да мутацый, якія служаць асновай зменлівасці арганізмаў, што дае матэрыял для натуральнага адбору; у чалавека зрэдку прыводзіць да генных хвароб (гл. Спадчынныя хваробы). Распрацаваны метады выдзялення, сінтэзу і кланавання (размнажэння) генаў. Створаны банк генаў для розных груп арганізмаў.

А.​Г.​Купцова.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ХА,

орган слыху і раўнавагі ў чалавека і пазваночных жывёл; частка слыхавога апарата. У чалавека і большасці сучасных відаў пазваночных падзяляецца на вонкавае, сярэдняе і ўнутранае вуха (у кітападобных, ластаногіх, у рыючых жывёл, якія жывуць у тоўшчы глебы, у дарослых птушак, некаторых земнаводных і рэптылій адзначаецца рэдукцыя вонкавага, а ў шэрагу відаў і сярэдняга вуха). Вонкавае вуха (вушная ракавіна і вонкавы слыхавы праход) перадае ваганні паветра на барабанную перапонку.

Зачаткі яго ёсць у кракадзілаў, найб. складаную форму яно набыло ў млекакормячых. Сярэдняе вуха знаходзіцца ў скроневай косці за барабаннай перапонкай, уключае барабанную поласць, комплекс слыхавых костачак (малаточак, кавадлачка, стрэмечка ў млекакормячых, слупок — у амфібій, рэптылій і птушак), злучана з вонкавым асяроддзем (праз глотку) еўстахіевай трубой. Перадае гукавыя ваганні з барабаннай перапонкі на авальнае акенца ўнутранага вуха і ахоўвае яго ад перагрузак, узмацняе гукавыя частоты на аснове з’яў рэзанансу. Унутранае вуха размешчана ў тоўшчы скроневай косці, складаецца з перапончатага (сістэма злучаных паміж сабой і запоўненых эндалімфай танкасценных поласцей — мяшочкаў і праток) і касцявога (пераддзвер’е, паўкружныя каналы, улітка, запоўненыя перылімфай) лабірынтаў. Унутранае вуха ўключае т.зв. кортыеў орган, да слыхавых клетак якога падыходзяць канцы слыхавых нерваў, слыхавую частку (улітка) і вестыбулярны апарат. Вушная ракавіна, вонкавы слыхавы праход, барабанная перапонка, слыхавыя костачкі і лабірынтавая вадкасць складаюць гукаправодны апарат вуха, кортыеў орган, слыхавыя клеткі і нервы — гукаўспрымальную частку, вестыбулярны апарат — орган раўнавагі. Аналіз інфармацыі, якую атрымала вуха, адбываецца ў нерв. цэнтрах стваловай і коркавай частак мозга.

А.​С.​Леанцюк.

Вуха чалавека: 1 — барабанная перапонка; 2 — скроневая косць; 3 — барабанная поласць; 4 — паўкружны канал; 5 — улітка; 6 — слыхавая (еўстахіева) труба; 7 — слыхавыя костачкі; 8 — вонкавы слыхавы праход; 9 — вушная ракавіна.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГІСТО́РЫІ І СТАРАЖЫ́ТНАСЦІ,

навуковая і культ.-асв. арг-цыя ў Мінску ў 1919—25. Утворана 29.6.1919 пры Мінскім пед. ін-це. Ставіла за мэту вывучэнне гісторыі і археалогіі Беларусі, ахову яе помнікаў гісторыі і культуры, стварэнне гісторыка-археал. музея, прапаганду гіст. ведаў сярод насельніцтва. У 1921—23 у т-ва ўваходзіла каля 50 правадз. членаў; у склад праўлення ў розны час уваходзілі: В.Д.Дружчыц, М.​М.​Гуткоўскі, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, М.В.Мялешка, У.Л.Пічэта (старшыня), І.​П.​Поляк, А.​А.​Савіч, А.А.Шлюбскі і інш.; ганаровымі членамі т-ва былі акад. Я.​Ф.​Карскі, Ф.​Ф.​Турук, М.​А.​Янчук і інш. Правяло каля 40 агульных пасяджэнняў, на якіх абмяркоўваліся навук. даклады па гісторыі, культуры, адукацыі, гістарыяграфіі Беларусі і інш. Частка дакладаў апублікавана ў час. «Вольны сцяг», «Працы БДУ», «Вестник Народного комиссариата просвещения», інфармацыю пра пасяджэнні т-ва давала газ. «Савецкая Беларусь». У вер. 1921 т-ва арганізавала археал. раскопкі стараж. курганоў у Заслаўі, супрацоўнічала з Мінскім навук. пед. т-вам, Беларускім вольна-эканамічным таварыствам, з краязнаўчымі арг-цыямі Беларусі і Расіі, у снеж. 1921 удзельнічала ва Усерас. канферэнцыі краязн. т-ваў. У студз. 1922 пры т-ве ўтворана Часовае бюро краязнаўства, у валасныя цэнтры Мінскага пав. разасланы анкеты для збору інфармацыі пра помнікі гісторыі і культуры, старадрукі і архіўныя зборы. Мінскі ін-т нар. адукацыі перадаў т-ву гіст., этнагр. і археал. часткі б. музея Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. У 1923 з-за пераходу большасці членаў у інш. навук. ўстановы (Інбелкульт, БДУ) актыўнасць т-ва зменшылася. З мая 1924 перасталі праводзіць пасяджэнні т-ва, і яно практычна спыніла сваю дзейнасць.

А.​М.​Гесь, У.​В.​Ляхоўскі.

т. 10, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ РАХУ́НКІ, нацыянальнае рахункаводства,

лагічна паслядоўная і ўзаемазвязаная сістэма рахункаў, балансавых ведамасцей і табліц, мэта якой — атрыманне поўнай стат. інфармацыі пра эканам. дзейнасць дзяржавы.

Як навук. кірунак узнікла ў канцы 1930 — пач. 40-х г. у Вялікабрытаніі; у яго аснову пакладзена вучэнне Дж.М.Кейнса пра эканам. абарачэнне. Родапачынальнік — Р.Стоўн; тэрмін «нацыянальнае рахункаводства» ўведзены нідэрл. эканамістам Э. ван Кліфам у пач. 1940-х г. Развіццё міжнар. эканам. супрацоўніцтва і ўзмацненне рэгулюючых функцый дзяржавы абумовілі распрацоўку Н.р. у інш. краінах Еўропы і Амерыкі, даследаванні ў гэтай сферы стат. органамі ААН, што ўвасоблена ў стандартнай сістэме Н.р. у 1953. Сістэма Н.р. удакладнялася і дапаўнялася ў 1960-я г.; апошняя версія ў 1993 (у 1995 адаптавана да ўмоў Еўрап. Саюза).

У Рэспубліцы Беларусь укараняюцца ў практычную дзейнасць міжнар. стандарты ў галіне ўліку і статыстыкі. Выкарыстоўваюцца наступныя віды Н.р.: рахунак тавараў і паслуг; вытв-сці; утварэння даходаў; размеркавання першасных даходаў; другаснага размеркавання даходаў; пераразмеркавання даходаў у натуры; выкарыстання наяўных даходаў; аперацый з капіталам; «рахункі астатняга свету».

Рахункі ў сістэме Н.р. будуюцца па двухбаковай форме: атрыманыя вартасці запісваюцца як рэсурсы, а тыя, што выплачваюцца, — як выкарыстанне гэтых рэсурсаў. Рознасць паміж рэсурсамі і іх выкарыстаннем складае балансіруючы артыкул, які адлюстроўваецца ў рэсурсах наступнага рахунку. На ўзроўні эканомікі ў цэлым балансіруючым артыкулам рахунку вытв-сці з’яўляецца валавы ўнутраны прадукт (ВУП), што характарызуе канчатковы вынік вытв. дзейнасці эканам. адзінак — рэзідэнтаў у сферы матэрыяльнай вытв-сці і ў сферы нематэрыяльных паслуг. Велічыня рэальнага ВУП на душу насельніцтва — адна з састаўных частак Індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу і характарыстыка ўзроўню багацця і беднасці краіны. Балансіруючым артыкулам рахунку размеркавання першасных даходаў для эканомікі ў цэлым з’яўляецца валавы нацыянальны даход.

Л.​М.​Нехарошава, І.​Я.​Цэслюк.

т. 11, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАФІЗІЯЛО́ГІЯ (нейра... + фізіялогія),

раздзел фізіялогіі жывёл і чалавека, які вывучае функцыі нерв. сістэмы і працэсы, што ляжаць у аснове апрацоўкі інфармацыі і паводзін. Цесна звязана з нейрамарфалогіяй (складаюць тэарэт. аснову неўралогіі), нейрахіміяй, нейраэндакрыналогіяй, электрафізіялогіяй і біякібернетыкай.

Уяўленні аб рэфлекторным прынцыпе дзейнасці нерв. сістэмы вызначаны Р.Дэкартам (17 ст.) і развіты ў 18 ст. чэш. вучоным Й.Прохаскам (тэрмін «рэфлекс», 1784). Станаўленне Н. як самаст. навукі звязана з пачаткам эксперым. даследаванняў па лакалізацыі функцый у ц. н. с. (шатл. вучоны. Ч.​Бел, 1811; франц. вучоны Ф.​Мажандзі, 1822) і распрацовак у галіне складаных форм нерв. дзейнасці (І.М.Сечанаў, 1863). Уклад у развіццё Н. зрабілі П.​К.​Анохін, Л.А.Арбелі, І.С.Берыташвілі, У.М.Бехцераў, Т.Н.Візел, Р.А.Граніт, Б.Кац, І.П.Паўлаў, М.Я.Увядзенскі, А.А.Ухтомскі, А.Ф.Хакслі, А.Л.Ходжкін, Д.Х.Х’юбел, Ч.С.Шэрынгтан, Дж.К.Эклс і інш.

На Беларусі даследаванні па Н. пачаліся ў 1922 у БДУ як ч. агульных фізіял. даследаванняў (Л.П.Розанаў). Уклад у развіццё Н. зрабілі І.П.Антонаў, Ю.М.Астроўскі, А.Ю.Бранавіцкі, І.А.Булыгін, І.А.Вятохін, А.С.Дзмітрыеў, М.І.Грашчанкаў, В.М.Гурын, І.К.Жмакін, У.М.Калюноў, Б.Б.Кузьміцкі, В.А.Лявонаў, Д.А.Маркаў, Н.І.Нечыпурэнка, У.У.Салтанаў, Э.П.Цітавец, К.С.Шадурскі, Г.С.Юньеў і інш. Асн. навук. цэнтры: ін-ты фізіялогіі і біяхіміі Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, БДУ, Мінскі і Гродзенскі мед. ін-ты, Віцебскі мед. ун-т, Гомельскі ун-т. Даследуюцца дзейнасць тэрмарэгулюючых цэнтраў, роля сістэмы плазмінаген—плазмін у жыццядзейнасці клетак нерв. тканкі, функцыянаванні структур мозга і аферэнтных сістэм, нейратрансмітэрныя сістэмы мозга і механізмы фарміравання матывацыйных паводзін, распрацоўваюцца новыя фундаментальныя кірункі па вывучэнні механізмаў аксігенацыі тканак мозга, прынцыпы накіраванай карэкцыі жыццёва важных функцый пры эксперым. парушэнні міжнейронных адносін і інш.

Літ.:

Общая физиология нервной системы. Л., 1979;

Частная физиология нервной системы. Л., 1983;

Шеперд Г. Нейробиология: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1987.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСПРЫМА́ННЕ,

працэс адлюстравання прадметаў і з’яў рэчаіснасці пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуццяў; наглядны пачуццёвы вобраз, які ўзнікае ў выніку гэтага працэсу. Ажыццяўляецца ў выніку дзейнасці сістэмы аналізатараў, якая ўключае ўвесь адчувальны нервовы апарат ад перыферычных утварэнняў (рэцэптараў) да адпаведных аддзелаў галаўнога мозга. Адну і тую ж інфармацыю людзі ўспрымаюць па-рознаму, суб’ектыўна, у залежнасці ад вопыту, патрэбнасцей, схільнасцей і інтарэсаў чалавека (гл. Аперцэпцыя). Асн. ўласцівасці У.: цэласнасць (стварае цэласны вобраз прадмета ў адрозненне ад адчуванняў, якія адлюстроўваюць яго асобныя ўласцівасці); канстантнасць (навакольныя прадметы ўспрымаюцца як адносна пастаянныя па форме, колеры, велічыні і інш.); структурнасць (дазваляе ўспрымаць абагульненую структуру з розных адчуванняў); асэнсаванасць (звязана са складанай аналітыка-сінт. дзейнасцю мозга, разуменнем сутнасці назіральных прадметаў і з’яў); выбіральнасць (пераважнае вылучэнне адных аб’ектаў у параўнанні з інш.). У залежнасці ад таго, які з аналізатараў з’яўляецца вядучым у дадзеным акце, адрозніваюць У. зрокавыя, слыхавыя, рухальныя, смакавыя, нюхальныя і іншыя. Важнае значэнне маюць У. прасторы (велічыні, формы, аддаленасці, узаемнага размяшчэння і руху прадметаў), часу (працягласці, хуткасці і паслядоўнасці з’яў), складаных гукаў (прыродных, тэхн. аб’ектаў, муз., маўленчых і інш.), чалавека чалавекам (знешні выгляд, здольнасці, рысы характару, узаемаадносіны з інш. людзьмі, сац. групамі і супольнасцямі). Як неабходны этап пазнання У. апасродкавана мысленнем і звязана з памяццю, увагай, накіроўваецца матывацыяй і мае пэўную афектыўна-эмацыянальную афарбоўку (гл. Эмоцыі). Навук. даследаванні сутнасці, структуры і ўласцівасцей У. выкарыстоўваюцца пры стварэнні сістэм адлюстравання інфармацыі, у тэхн. эстэтыцы і маст. канструяванні, у педагогіцы, спорце і інш.

Літ.:

Асмолов А.Г. Психология личности. М., 1990;

Принципы порождающего процесса восприятия. М., 1992;

Петровский А.В. Личность. Деятельность. Коллектив. М., 1982;

Скотт Д. Сила ума: Пер. с англ. СПб., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 16, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТАЛО́ГІЯ (ад цыта... + ...логія),

навука пра клетку. Вывучае будову і функцыі тканкавых клетак у мнагаклетачных арганізмаў, аднаклетачныя арганізмы і ядзерна-цытаплазматычныя комплексы, не падзеленыя на клеткі (сімпласты, сінцытыі, плазмодыі). Клетка — асн. структурна-функцыян. адзінка жывога, таму працэсы і заканамернасці, што даследуе Ц., — аснова працэсаў, якія вывучае гісталогія, анатомія, эмбрыялогія, фізіялогія, генетыка, біяхімія, малекулярная біялогія і інш. У шэрагу раздзелаў Ц. — карыясістэматыка, радыяцыйная Ц., імунацыталогія, цытапаталогія, клетачная інжынерыя і інш.

Вывучэнне клетак з дапамогай мікраскопа пачалося ў 2-й пал. 17 ст. (Р.Гук, А.Левенгук, М.Мальпігі). Адно з найважн. дасягненняў — стварэнне клетачнай тэорыі (1839). Удасканаленне мікраскопа прывяло ў 2-й пал. 19 ст. да адкрыцця арганоідаў цытаплазмы і ролі ядра ў працэсе мітатычнага дзялення клеткі. Даследаванні ролі храмасом у спадчыннасці і вызначэнні полу далі ў пач. 20 ст. пачатак цытагенетыцы. З 1950-х г. развіццё Ц. звязана з выкарыстаннем электроннага мікраскопа, метадаў колькаснай цытахіміі, культывавання тканкавых клетак па-за арганізмам і інш.

На Беларусі даследаванні па Ц. пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ (П.А.Маўрадыядзі). Асн. цэнтры: Ін-т генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі, НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў, БДУ, Мінскі і Віцебскі мед. ун-ты, Гродзенскі мед. ін-т, Гомельскі ун-т, Віцебская акадэмія вет. медыцыны, Горацкая с.-г. акадэмія. Вывучаюцца агульныя заканамернасці арганізацыі клетачных структур і ўнутрыклетачных працэсаў, унутрыклетачных рэгулятарных механізмаў цэласнай клеткі, механізмы рэалізацыі генет. інфармацыі на розных этапах антагенезу і інш.

Літ.:

Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970;

Заварзин А.А. Основы частной цитологии и сравнительной гистологии многоклеточных животных. Л., 1976;

Ченцов Ю.С. Общая цитология. 2 изд. М., 1984;

Збарский И.Б., Кузьмина С.Н. Скелетные структуры клеточного ядра. М., 1991.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)