А́РБЕР ((Arber) Агнес) (1879—22.3.1960),

англійскі батанік. Чл. Каралеўскага т-ва (з 1946). Скончыла Лонданскі і Кембрыджскі ун-ты. Навук. працы па гісторыі батанікі 15—17 ст., палеабатаніцы голанасенных і марфалогіі пакрытанасенных. Распрацавала тэорыю філома, паводле якой асн. органам вышэйшых раслін з’яўляецца парастак.

Тв.:

Water plants. Cambrige, 1920;

Monocotyledons. Cambrige, 1925;

The Gramineae. Cambrige, 1934;

Herbals. Cambrige, 1938;

The natural philosophy of plant form. Cambrige, 1950.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С»,

газета. Выдаецца з 20.9.1950 у Нью-Йорку Беларуска-амерыканскім задзіночаннем на бел. мове. Рэдактар З.​Кіпель (з 1991). Друкуе матэрыялы з жыцця бел. эміграцыі, аналітычныя карэспандэнцыі пра становішча на Беларусі, нарысы па бел. гісторыі, творы бел. пісьменнікаў-эмігрантаў, успаміны. З газетай супрацоўнічалі дзеячы эміграцыі Н.​Арсеннева, А.​Адамовіч, У.​Глыбінны, Я.​Каханоўскі, Ф.​Кушаль, А.​Саковіч. Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Польшчы, Беларусі.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЬЯ́Р ((Brongniart) Адольф Тэадор) (14.1.1801, Парыж — 18.2.1876),

французскі батанік. Чл. Парыжскай АН (1834). Замежны чл. Пецярбургскай АН (1829). Скончыў Парыжскі ун-т (1826). У 1828—30 працаваў у ім, з 1833 праф. Музея натуральнай гісторыі ў Парыжы. Навук. працы па эмбрыялогіі, фізіялогіі і сістэматыцы раслін. Адзін з заснавальнікаў палеабатанікі. Канстатаваў стварэнне пылковых трубак у шэрагу раслін (1827). Пабудаваў адзіную сістэму расліннага свету, якая ўключала і выкапнёвыя формы.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХМА́НЫ,

1) група вышэйшых кастаў у Індыі. У Стараж. Індыі — выканаўцы ахвярапрынашэнняў, знаўцы і тлумачальнікі Ведаў, адно з двух пануючых саслоўяў (варн). У перыяд феадалізму крыніца існавання брахманаў — служба ў апараце кіравання, судзе, землеўладанне.

2) Стараж.-інд. кнігі, якія належаць да літаратуры Ведаў. Створаны ў 8—6 ст. да н.э., уключаюць міфы і паданні, падрабязныя апісанні рытуалаў ведыйскай рэлігіі, звесткі па сац. і культ. гісторыі Стараж. Індыі.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВОПРО́СЫ ИСТО́РИИ»,

навуковы часопіс. Выдаецца з 1926 у Маскве на рус. мове штомесяц. Засн. як час «Историк-марксист», у 1941 аб’яднаны з «Историческим журналом», з 1945 — сучасная назва. Друкуе праблемныя артыкулы па рас. і сусв. гісторыі, тэорыі гіст. працэсу, гістарыяграфіі і інш. Асн. раздзелы: «Гістарычныя партрэты», «Улада і інтэлігенцыя», «Гісторыя і лёсы», «Гісторыкі пра час і пра сябе», «Гістарыяграфія», «Лісты ў рэдакцыю» і інш.

т. 4, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛФЁРАЎ (Мікалай Сямёнавіч) (26.9.1917, г.п. Кампанееўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 6.11.1982),

рускі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1978). Чл.-кар. АМ СССР (1978). Скончыў Харкаўскі ін-т інжынераў камунальнага буд-ва (1940). Выкладаў у Свярдлоўскім арх. ін-це, у 1972—82 рэктар. Работы: жылыя дамы з выкарыстаннем элементаў ордэрнай архітэктуры (1955), ансамбль гіст.-рэв. сквера (1974) — усе ў Екацярынбургу. Аўтар прац па гісторыі і тэорыі прамысл. архітэктуры.

т. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́М (Адамус) Рэйнальд

(1602, зямля Рэйнланд-Пфальц, Германія — ?),

кальвінісцкі тэолаг, педагог у ВКЛ. Адукацыю атрымаў у Лейдэнскім ун-це (Нідэрланды). Выкладаў у Слуцкай школе. Адзін з аўтараў выдадзеных у Любчы статута, праграмы і раскладу заняткаў для гэтай школы (1628), аўтар дапаможнікаў па рыторыцы і гісторыі (1629). У кнігах Адама ёсць звесткі аб прыродзе і жыхарах Беларусі. З 1642 працаваў на Беларусі інспектарам школ і бібліятэкарам.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТО́Н ФРА́ЙЗІНГЕНСКІ (Otto von Freising; пасля 1111 — 22.9.1158),

нямецкі гісторык-храніст. Епіскап Фрайзінгенскага манастыра ў Баварыі (з 1138), удзельнік 2-га крыжовага паходу (1147—49). Паміж 1143 і 1146 напісаў «Хроніку», у якой падзеі сусв. гісторыі (да 1146) разглядаў у духу яе тэалагічнага тлумачэння як ажыццяўленне задумы Бога. У «Дзеяннях імператара Фрыдрыха I» (1157—58) падаў гісторыю Германіі з часоў Генрыха IV (1050—1106) да 1156.

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ»,

газета. Выдавалася з 30.3 да 18.5.1919 у Гродне на бел. мове. Орган Цэнтр. бел. рады Гродзеншчыны. Асвятляла культ. жыццё горада, пісала пра бел. школу, літ.-муз. вечары, бел. настаўніцкі рух і інш. Друкавала матэрыялы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі. Пад рубрыкай «У нашых суседзяў» змяшчала інфармацыю пра падзеі ў Польшчы, на Украіне і ў Літве. Друкавала агляд міжнар. жыцця. Вяла рубрыку «Мясцовая хроніка».

А.​М.​Пяткевіч.

т. 3, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЖКО́Ў (Мікалай Георгіевіч) (24.6.1886, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 12.3.1956),

гісторык. Д-р гіст. н. (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). Працаваў у Маскоўскім архіве Мін-ва юстыцыі. З 1917 выкладаў у Маскоўскім археал. ін-це, Ніжагародскім ун-це, працаваў у Музеі рэвалюцыі, у музеі «Катарга і ссылка», з 1935 у Ін-це гісторыі АН СССР. Даследаваў гісторыю і крыніцазнаўства ВКЛ, Беларусі эпохі феадалізму, займаўся храналогіяй рускіх летапісаў.

т. 3, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)