КО́САЎСКІ СЯДЗІ́БНЫ ДОМ.

Існаваў у 18—1-й пал. 20 ст. ў в. Мерачоўшчына (б. фальварак каля г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.). Аднапавярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак, завершаны высокім 2-ярусным дахам, меў рысы стылю барока. Цэнтр гал. фасада быў вылучаны слупавым ганкам і трохвугольным шчытом з парнымі вільчакамі. У 1746 тут нарадзіўся А.Т.Касцюшка.

Косаўскі сядзібны дом. З малюнка 1906.

т. 8, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛЕ́НКА (дзявочае Логвінава) Галіна Аляксандраўна

(н. 29.2.1952, Мінск),

бел. спартсменка (маст. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1978). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1973). Чэмпіёнка свету (1973, г. Ротэрдам, Нідэрланды; 1977, г. Базель, Швейцарыя), СССР у групавым практыкаванні (1975—78), у практыкаванні з булавамі (1978). З 1992 гал. трэнер нац. зборнай каманды Беларусі па маст. гімнастыцы. З 1996 у Германіі.

т. 8, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІНААМЕРЫКА́НСКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ІНТЭГРА́ЦЫІ (ЛАІ),

гандлёва-эканамічная арг-цыя 11 краін Лац. Амерыкі (Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Калумбія, Мексіка, Парагвай, Перу, Уругвай, Чылі, Эквадор). Створана ў 1981 замест Лацінаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, якая дзейнічала з 1960. Асн. задача ЛАІ — садзейнічанне развіццю рэгіянальнага эканам. супрацоўніцтва і гандлю; гал. мэта — стварэнне лацінаамер. агульнага рынку. Вышэйшы орган — Савет Міністраў; штаб-кватэра ў г. Мантэвідэо (Уругвай).

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВІ́Т (Зігфрыд Натанавіч) (31.3.1919, г. Чарнаўцы, Украіна — 21.3.1978),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969), праф. (1970). Скончыў Свярдлоўскі пед. ін-т (1944). З 1952 выкладаў у Мінскім пед. ін-це замежных моў. Гал. працы: «Курс французскай лексікалогіі» (1963), «Да праблемы аналітычнага слова ў сучаснай французскай мове» (1968), «Нарысы па лексікалогіі сучаснай французскай мовы» (1969) і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 9, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕДО́НСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

дынастыя імператараў Візантыі ў 867—1056. Засн. Васілём I

[867—886] — выхадцам з сялян Македоніі (адсюль назва). Гал. прадстаўнікі: Канстанцін VII Багранародны [913—959],

Нікіфар II Фака [963—969], Іаан I Цымісхій [969—976], Васілій II Балгарабойца [976—1025]. Пры імператарах М.д. скасаваны рэформы перыяду Іканаборства, узаконена феад. залежнасць сялян, завершана фарміраванне цэнтр. бюракратычнага апарата, значна пашырана тэр. Візантыі (захоп Балгарыі ў 968—1018, б.ч. Сірыі ў 969—975 і інш.).

т. 9, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІ́ЗМ (ад грэч. monos адзін, адзіны),

філасофскі спосаб разгляду разнастайнасці з’яў свету, у адпаведнасці з якім усё існуючае мае адзіны пачатак (субстанцыю). Матэрыялістычны М. такім пачаткам лічыць матэрыю, ідэалістычны — дух, ідэю і інш. Процілегласць М. — дуалізм (прызнае 2 незалежныя пачаткі) і плюралізм (зыходзіць з мноства пачаткаў). Гал. праблему філас. М. складае разуменне ўзаемаадносін матэрыяльнага і ідэальнага, вырашэння асноўнага пытання філасофіі.

т. 10, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МВЕ́РУ (Mweru),

возера ў Афрыцы, на мяжы Дэмакр. Рэспублікі Конга і Замбіі, на выш. 917 м. Пл. 5,2 тыс. км², даўж 130 км, шыр. да 40 км, глыб. да 15 м. У М. ўпадае р. Луапула, выцякае р. Лавуа (прыток р. Конга). Рыбалоўства. Суднаходства. Гал. прыстані Кілва, Пвета (Дэмакр. Рэспубліка Конга). Нац. парк Мверу-Вантыпа (Замбія). Адкрыта Д.Лівінгстанам у 1867.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРО́НЧЫК (Уладзімір Юстынавіч) (29.3.1915, в. Ячава Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 30.6.1990),

бел. медык-хірург. Засл. ўрач Беларусі (1956). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1939). У 1950—84 гал. ўрач 1-й клінічнай бальніцы г. Гродна, адначасова ў 1959—84 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук працы па хірург. лячэнні хвароб сасудаў і органаў брушной поласці.

т. 10, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЦЁЛКА,

складанае батрычнае суквецце, на галоўнай восі якога на розным узроўні развіваюцца бакавыя галінкі, што таксама разгаліноўваюцца і нясуць кветкі або невял, простыя (элементарныя) суквецці (каласкі ў злакаў, кошыкі ў складанакветных і інш.). Галінкі бываюць прыціснутыя да гал. восі (М. сціснутая) або адстаяць ад яе (М. раскідзістая). Сціснутую М. з кароткімі галінкамі, падобную на колас у злакаў (напр., цімафееўка, лісахвост), наз. султанам.

т. 11, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МІ-ПЯРМЯ́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,

у складзе Пермскай вобл. Рас. Федэрацыі. Утворана 26.2.1925 як Комі-Пярмяцкая нац. акруга, з 1991 сучасная назва. Размешчана ў Перадураллі, у верхнім цячэнні р. Кама. Пл. 32,9 тыс. км². Нас. 154 тыс. чал. (1997), гарадскога 30%. Цэнтр — г. Кудымкар. Гар. пасёлкі: Гайны, Майкар, Пожва (гл. карту да арт. Пермская вобласць).

Прырода. Паверхня хваліста-раўнінная. На Пн Паўн. Увалы (выш. да 270 м), на З — Верхнякамскае ўзв. (выш. да 280 м). Карысныя выкапні: буд. матэрыялы (мергель, пясок, гліна), торф. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 да -17 °C, ліп. 17—18 °C. Ападкаў 500—550 мм за год. Гал. рака — Кама з прытокамі Каса, Іньва, Вясляна. Глебы падзолістыя, на Пд дзярнова-падзолістыя. 80% тэрыторыі пад таежнымі лясамі (хвоя, елка, лістоўніца, піхта). Гал. прамысл. звяры: вавёрка, зайцы русак і бяляк, куніца, ліс; з птушак — рабчык, цецярук, глушэц.

Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — лясная і дрэваапр. (нарыхтоўка драўніны, лесапілаванне, мэблевая і бандарная вытв-сць, лесахімія). Вытв-сць дзелавой драўніны 667 тыс. шчыльных м³, піламатэрыялаў 56 тыс. м³ (1996). Металаапр. (электрапрыборны, чыгуналіцейны, рамонтна-мех. з-ды ў г. Кудымкар), харч. і лёгкая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. С.-г. ўгоддзі займаюць 362 тыс. га, у т. л. ворных зямель каля 70%. Вырошчваюць (тыс. т, 1995): збожжавыя (авёс, жыта, яравая пшаніца) — 55,1, бульбу — 103,4, агародніну — 29,5, кармавыя культуры. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Гадуюць (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 70,3, свіней — 21,3, авечак. Пушны промысел. Транспарт пераважна аўтамаб. і рачны. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,2 тыс. км. Гал. аўтадарога Кудымкар—Гайны. Суднаходства па р. Кама.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 8, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)