ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ, ШКЛОВАЛАКНІ́СТЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ, ШКЛОПЛА́СТЫКАЎ І ВЫ́РАБАЎ З ІХ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

адна з галін хім. прамысловасці. На Беларусі ўключае падгаліны: вытв-сць вырабаў з пластмас (63,4% у 1999); плёнак, труб і лістоў з палімерных матэрыялаў (17,9%); неперарыўнага шкловалакна і вырабаў з яго (8,7%); шклопластыкаў і вырабаў з іх (6,3%); палімернай тары (3,7%). Выпускае больш за 1000 найменняў прадукцыі: поліэтылен, поліэтыленавую плёнку, шкловалакно, пластмасавую тару, разнастайныя вырабы з пластмасы, поліэтыленавыя трубы, тару і інш. Развіццё галіны пачалося пераважна ў 1950-я г. У 1957 першую прадукцыю даў Полацкі завод шкловалакна, у 1968 — Полацкі хім. камбінат (зараз ВА «Палімір»). У 1999 удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме хім. прам-сці складала 12,2%, прамыслова-вытв. персаналу — 12,1%, сродкаў вытв-сці — 9,2%. На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 52 прадпрыемствы і вытв-сці галіны. Найб. сярод іх, акрамя названых, — мінскі завод «Тэрмапласт» (вырабы з пластмасы для аўтамабільнай, трактарнай і электратэхн. прам-сці, тавары быт. прызначэння на аснове пластмас), Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў (трубы з поліэтылену для водазабеспячэння і каналізацыі), Барысаўскі з-д «Паліміз» (палімерная тара), Магілёўскі з-д палімерных труб, з-д пластмасавых тарных і ўпаковачных вырабаў у в. Сінкевічы Лунінецкага р-на, Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» (пластмасы цеплаправодныя і цяжкагаручыя), акц. т-ва «Лідбудпласт» і інш. Прадпрыемствы галіны дзейнічаюць таксама ў Брэсце, Жлобіне, Рагачове, Ганцавічах, Віцебску, Баранавічах, Бабруйску, Іўі, Жодзіне, Ашмянах і інш. Створана некалькі сумесных прадпрыемстваў з замежнымі фірмамі — бел.-ізраільскае «Леор-пластык» у Навагрудку (пластмасавыя слоікі, посуд, поліэтыленавыя накрыўкі); бел.-венгерскае «Новіпласт» у Наваполацку (вырабы з пластмасы); бел.-германскае «Beker—System—Belarus» (аконныя блокі з пластмас). Амаль шостая ч. прадукцыі галіны экспартуецца за мяжу. З інш. краін найб. развіта галіна ў ЗША, Японіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Італіі, Кітаі, Расіі.

П.​І.​Рогач.

Матэрыялы і вырабы з сінтэтычных смол і пластычных мас у Рэспубліцы Беларусь
Прадукцыя 1990 1995 1998
Трубы і дэталі трубаправодаў з тэрмапластаў, тыс. т 6,2 1,4 1,7
тыс. км 18,2 1,9 2,7
Лісты з тэрмапластаў, тыс. т 13,8 10,5 1,0
Шклапластыкі і вырабы з іх, тыс. т 1,0 0,6 1,9
Шкловалакно неперарыўнае і вы­рабы з яго, тыс. т 20,6 11,3 13,7

т. 12, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Трэ́ці — парадкавы лічэбнік ад тры (ТСБМ, Бяльк., Касп., Байк. і Некр., ТС; в.-дзв., лід., Сл. ПЗБ), треццій, тре́цьцій ‘тс’ (Нас., Бяльк.), ‘асабіста не зацікаўлены ў тым, што датычыць дзвюх асоб, пабочны; не галоўны па значэнні, трэцярадны’ (ТСБМ); трэ́цяе ‘салодкая страва’ (там жа), трэці род ‘родныя акрамя роду маладога і маладой на вяселлі’ (д.-гарад., Дзеяслоў, 2009, 1, 85), трэ́ця стрэ́ча ‘траюрадныя браты і сёстры’ (воран., Сл. ПЗБ), трэ́цяя нядзе́ля ‘трэцяя квадра’ (пух., Жыв. сл.), ст.-бел. третий, тредтий, третей, трети, треттий, треций, третий ‘трэці’ (ГСБМ). Параўн. укр. тре́тій, рус. тре́тий, польск. trzeci, палаб. tritĕ, н.-луж. tśesi, в.-луж. třeci, чэш. třetí, славац. tretí, славен. trétji, харв. trȅći, серб. тре̏ћи, балг. трѐти, макед. трет(и), ст.-слав. трети. Прасл. *tretьjь ‘трэці’ (ЕСУМ, 5, 632) ці (поўная форма) *tretьjьjь (Сной₂, 782), якая развілася з і.-е. *tre‑t(i) i̯o, утворанай ад асновы колькаснага лічэбніка м. р. *tréi̯es ‘тры’ (< tr‑ei‑es), ад якой паходзіць таксама прасл. *trьje ‘тры’ (м. р.), і суф. *‑t(i)i̯o (Борысь, 648; Махэк₂, 657). Індаеўрапейскія адпаведнікі прасл. *tretьjь узыходзяць да дзвюх формаў: tre‑ (літ. trẽčias, лат. trešs) або да *tr̥‑tii̯os ці *tri‑tii̯os: ст.-прус. tírts, ст.-інд. tr̥tíyas, авест. ϑritya‑, тахар. В trit, гоц. þridja, лац. tertius (< *tritīos), ст.-грэч. τρίτος, алб. tretë. Дапускаецца, што ‑e‑ ў гэтай аснове, магчыма, узыходзіць да больш старога ‑i‑ (параўн. лічэбнік ж. і н. р. *tri < і.-е. *trih₂ — гл. Сной₂, 782; Каруліс, 2, 428; Скок, 3, 500–501): вед. trī ‘тры’, лац. trī‑gintā ‘трыццаць’. Сюды ж трацяк, траціна, траціны2, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́ні ‘колер, сярэдні паміж блакітным і фіялетавым’, (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), ‘цёмны’ (Ян.): сіня хмара (ТС), ‘бесталковы’ (шчуч., Сл. ПЗБ), сюды ж сіні камень ‘купарвас’ (Байк. і Некр., Бяльк.), сіні лён ‘нямочаны лён’ (астрав., Сл. ПЗБ). Укр. си́ний, рус. си́ний, ст.-рус. синь, рус.-ц.-слав. синь ‘сіні колер’, польск. siny, чэш., славац. siný, харв. sȋnj, серб. си̑њӣ ‘шэраваты, сіні’, славен. sínji ‘шэры, шэраваты, сіняваты’, балг., макед. син. Махэк₂ (543) прасл. форму ўзнаўляе як *sinь, але заўважае, што заканчэнне n‑jь не мае аналогіі ў назвах колераў. Прасл. *sinь, *sinьjь. Роднаснае сіяць і сівы, гл. (Фасмер, 3, 624; Скок, 3, 239–249; Брукнер, 492; Сной₁, 568); а таксама літ. šývas ‘светлай масці’, šėmas, šė̃mas ‘попельнага колеру, шэраваты’, ст.-інд. śyāmáh ‘чорны, цёмнага колеру’ і інш., гл. Траўтман, 306; Персаў 32; Майргофер, 3, 383; Ерне, Die slav. Farbenbenennungen, Uppsala, 1954, 81 і наст.; БЕР, 6, 655–663. Мяркуецца, што слова роднаснае таксама ст.-іран. axsaena, асец. œxsīn, афг. sīn ‘цёмна-шэры’, што было прадстаўлена ў першай частцы скіф. Axšaina‑ у назве Чорнага мора (раней Сіняе мора, грэч. Πόντος Ἅξεινος), што можа быць і крыніцай для *sinь (гл. Абаеў, 1, 220; Глухак, 548; Мартынаў, Язык, 52; Лома, Пракосово, 40). Да і.-е. кі‑ ‘цёмна-шэры’ з суф. *‑ńь (Борысь, 548). Параўн. сівы. Інакш Сной₁ (568), які звязвае з прасл. *sьjati ‘ззяць’ < і.-е. кораня *skei̯‑ ‘свяціцца, блішчэць’, адкуль першаснае значэнне славянскага слова ‘колер ззяючага неба’. Талстыя (Полес. сб., 9) звярнулі ўвагу на палеска-сербска-харвацкую ізасему си́не редно́ ‘суровае палатно’ — си̑њ ‘жаўтаваты, попельна-шэры’ (акрамя значэнняў ‘сіні’ і ‘чорны’), што дае падставы для рэканструкцыі зыходнага значэння як ‘цёмна-шэры, шэры’ (Іванова, Зб. Бархудараву, 288).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ты́тул, ‑а, м.

1. Ганаровае радавое або дараванае дваранскае званне (барон, граф, князь і пад.), якое падкрэслівала прывілеяванае становішча асобы і патрабавала адпаведнага тытулавання (ваша благароддзе, ваша вялікасць, ваша яснавяльможнасць і пад.). Гаварылі, што .. [Гальвас] меў тытул не то графа, не то варона. Чорны. // Разм. Называнне асобы па роду занятку, займаемай пасадзе і пад. — Ну што ж, — сказаў Віктар. — Тытул домаўласніка — гэта якраз тое, чаго мне не хапала. Але нічога не зробіш, будзем будаваць свой дом. Палтаран. У каменданцкім загадзе, які быў расклеены па сценах дамоў гарадка, Паўлік значыўся поўным сваім тытулам: грамадзянін Арэшка Павел Фёдаравіч. Хомчанка. Новыя свацці (жадалі яны сабе гэтых тытулаў, прысвоеных ім дзецьмі, ці не) напярэдадні сышліся абмеркаваць план дзеянняў. Васілевіч. // Якое‑н. званне, што прысвойваецца каму‑н. у гонар прызнання заслуг. Францыск Скарына, узброены доктарскімі тытуламі, зарукай і грашыма віленскага гарадскога галавы, перакладаў, каменціраваў і друкаваў у Празе кнігі бібліі. «Полымя». Паказалі каляровыя афішы з партрэтамі [артыстаў]. У кожнага тытул: лаўрэат якогасьці конкурсу. Жычка. / у іран. ужыв. Акрамя выключнай схільнасці да красамоўства, уладальнік ёмістай лысіны быў надзвычай прагны да славы, да гучных тытулаў і чыноў. Лынькоў.

2. Загаловак кнігі. // Першая старонка кнігі, на якой надрукаваны загаловак, імя аўтара, год і месца выдання; тытульны ліст. Тытул набіраецца буйным шрыфтам. □ Устаючы, Алесь з нейкім дзіўным пачуццём пагладзіў пальцамі ліст тытула. Гэты сумны, нікому непатрэбны ліст з доўгім надпісам. Караткевіч.

3. У буржуазнай юрыспрудэнцыі — аснова якога‑н. права. Тытул уласнасці.

4. Спец. Назва каштарысаў капітальнага будаўніцтва ў СССР па аб’ектах, якія ўключаны ў тытульныя спісы.

[Лац. titulus — надпіс, ганаровае званне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АКСІЯМАТЫ́ЧНЫ МЕ́ТАД,

спосаб пабудовы навук. тэорыі ў выглядзе сістэмы пастулатаў (аксіём) і правіл вываду (аксіяматыкі), што дае магчымасць логікавымі разважаннямі атрымліваць сцвярджэнні (тэарэмы) дадзенай тэорыі.

Узнік у работах стараж.-грэч. матэматыкаў. Напр., у «Асновах» Эўкліда праведзена ідэя атрымання асн. зместу геаметрыі з невялікай колькасці аксіём, праўдзівасць якіх лічыцца відавочнай. Адкрыццё ў 19 ст. неэўклідавых геаметрый стымулявала ўзнікненне праблем больш агульнага характару (напр., несупярэчлівасці, паўнаты і незалежнасці той ці інш. сістэмы аксіём). Гэта адкрыла шлях да фармалізаванага развіцця тэорый: пошуку інш. сістэм паняццяў (тэорый, галін ведаў), якія падпарадкоўваюцца тым жа аксіёмам, выяўлення новых інтэрпрэтацый пэўнай сістэмы аксіём, што дало магчымасць адкрываць новыя навук. факты. Д.Гільберт і яго школа спадзяваліся на аснове аксіяматычнага метаду вырашыць гал. пытанні абгрунтавання матэматыкі. Аднак вынікі аўстр. і амер. матэматыка і логіка К.​Гёдэля (1931) выявілі неажыццявімасць гэтай праграмы, напр. тэарэма аб непаўнаце арыфметыкі сведчыць аб абмежаванасці аксіяматычнага метаду. У 20 ст. дзякуючы развіццю матэматычнай логікі стала магчымым аксіяматызаваць тыя сродкі логікі, з дапамогай якіх выводзяцца адны сцвярджэнні аксіяматычнай тэорыі з інш. яе сцвярджэнняў, што мае істотнае значэнне для аўтаматызацыі разумовай працы.

Сучасныя навук. тэорыі, пабудаваныя пры дапамозе аксіяматычнага метаду, наз. дэдуктыўнымі. Усе паняцці такіх тэорый (акрамя фіксаванай колькасці першапачатковых) уводзяцца пры дапамозе вызначэнняў, якія выражаюць іх змест праз першапач. паняцці. У той ці інш. меры дэдуктыўныя доказы, характэрныя для аксіяматычнага метаду, выкарыстоўваюцца ў многіх навуках, найб. у матэматыцы, логіцы, некаторых раздзелах фізікі, біялогіі і інш. Тэорыі, пабудаваныя пры дапамозе аксіяматычнага метаду, нярэдка маюць выгляд фармалізаваных сістэм, якія даюць дакладнае апісанне лагічных сродкаў вываду тэарэм з аксіём. Доказ такой тэорыі ўяўляе сабой паслядоўнасць формул, кожная з якіх з’яўляецца аксіёмай або атрымліваецца з папярэдніх формул па адным з прынятых правіл вываду. У адрозненне ад такіх фармальных доказаў уласцівасці самой фармальнай сістэмы ў цэлым вывучаюцца змястоўнымі сродкамі метатэорыі. Асн. патрабаванні да аксіяматычных фармальных сістэм: несупярэчлівасць, паўната, незалежнасць аксіём. Аксіяматычны метад — адзін з метадаў пабудовы навук. ведаў, які мае абмежаванае выкарыстанне, бо патрабуе высокага ўзроўню развіцця навук. тэорыі. Нават некаторыя дастаткова багатыя навук. тэорыі (напр., арыфметыка натуральных лікаў) не дапускаюць поўнай аксіяматызацыі. Гэта сведчыць аб немагчымасці поўнай фармалізацыі навук. ведаў.

Літ.:

Садовский В.Н. Аксиоматический метод построения научного знания // Философские вопросы современной формальной логики. М., 1962;

Столл Р. Множества. Логика: Аксиоматич. теории.: Пер. с англ. М., 1968;

Новиков П.С. Элементы математической логики. 2 изд. М., 1973.

Р.​Т.​Вальвачоў, У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, палімеры,

хімічныя злучэнні з малекулярнай масай ад некалькіх тысяч да дзесяткаў мільёнаў. Малекулы высокамалекулярных злучэнняў (макрамалекулы) складаюцца з тысяч атамаў, звязаных хім. сувязямі. Паводле паходжання падзяляюць на прыродныя, ці біяпалімеры (напр., бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды), і сінтэтычныя (напр., поліэтылен, поліаміды), паводле саставу — на неарганічныя палімеры, арганічныя і элементаарганічныя палімеры.

У залежнасці ад размяшчэння ў макрамалекуле атамаў і груп атамаў (манамерных звёнаў) адрозніваюць высокамалекулярныя злучэнні: лінейныя, макрамалекулы якіх утвараюць адкрыты лінейны ланцуг (напр., каўчук натуральны) ці выцягнутую ў ланцуг паслядоўнасць цыклаў (напр., цэлюлоза); разгалінаваныя, макрамалекулы якіх — лінейны ланцуг з адгалінаваннямі (напр., крухмал); сеткавыя — трохвымерная сетка з адрэзкаў высокамалекулярных злучэнняў ланцуговай будовы (напр., ацверджаныя фенола-альдэгідныя смолы). Макрамалекулы аднолькавага хім. саставу могуць быць пабудаваны з манамерных звёнаў рознай прасторавай канфігурацыі (гл. Прасторавая ізамерыя). Палімеры з адвольным чаргаваннем стэрэаізамерных звёнаў наз. атактычнымі. Стэрэарэгулярныя палімеры складаюцца з аднолькавых ці розных, але размешчаных у ланцугу ў пэўнай паслядоўнасці стэрэаізамераў. Паводле тыпу манамерных звёнаў палімеры падзяляюць на гомапалімеры (палімер утвораны адным манамерам, напр. поліэтылен) і супалімеры (палімер утвораны з розных манамерных звёнаў, напр. бутадыен-стырольныя каўчукі). Асн. фіз.-хім. і мех. ўласцівасці высокамалекулярных злучэнняў: здольнасць утвараць высокатрывалыя валокны і плёнкі палімерныя, набракаць перад растварэннем і ўтвараць высокавязкія растворы, здольнасць да вял. абарачальных дэфармацый (высокаэластычнасць). Гэтыя ўласцівасці абумоўлены высокай малекулярнай масай, ланцуговай будовай і гнуткасцю макрамалекул. У лінейных высокамалекулярных злучэннях яны выяўлены найб. поўна. Трохвымерныя высокамалекулярныя злучэнні з вял. частатой сеткі нерастваральныя, няплаўкія і не здольныя да высокаэластычных дэфармацый. Высокамалекулярныя злучэнні могуць існаваць у крышт. і аморфным фазавым стане. Аморфныя высокамалекулярныя злучэнні акрамя высокаэластычнага могуць знаходзіцца ў шклопадобным і вязкацякучым станах. Высокамалекулярныя злучэнні з нізкай (ніжэй за пакаёвую) т-рай пераходу з шклопадобнага ў высокаэластычны стан наз. эластамерамі, з высокай — пластыкамі (гл. Пластычныя масы).

Палімеры маюць малую шчыльнасць (900—2200 кг/м³), нізкі каэф. трэння і малы знос, выдатныя дыэл. і аптычныя ўласцівасці, высокую хім. ўстойлівасць да к-т, шчолачаў і інш. агрэсіўных рэчываў. Прыродныя высокамалекулярныя злучэнні, якія ўтвараюцца ў клетках жывых арганізмаў у выніку біясінтэзу, вылучаюць з расліннай і жывёльнай сыравіны. Сінт. высокамалекулярныя злучэнні атрымліваюць полімерызацыяй і полікандэнсацыяй. Асн. тыпы палімерных матэрыялаў — пластычныя масы, гума, валокны хімічныя, лакі, фарбы, эмалі, клеі, герметыкі, іонаабменныя смолы выкарыстоўваюць у розных галінах нар. гаспадаркі і побыце. Біяпалімеры складаюць аснову жывых арганізмаў і ўдзельнічаюць ва ўсіх працэсах іх жыццядзейнасці.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

працэс стварэння матэрыяльных і духоўных даброт, прызначэннем якіх з’яўляецца максімальнае задавальненне людскіх патрэб. Адрозніваюць вытворчасць індывідуальную (у межах прадпрыемства, фірмы) і грамадскую (як сістэму вытв. сувязей паміж прадпрыемствамі ў межах грамадства). Грамадская вытворчасць акрамя ўласна вытворчасці ўключае спажыванне, размеркаванне і абмен. На функцыянаванне вытворчасці ўплываюць яе аб’ём, цана, грашовая маса, попыт, прапанова, выручка, альтэрнатыўная вартасць, выдаткі, занятасць, інвестыцыі, экспарт, імпарт, валютны курс, схільнасць да спажывання і ашчаджання і інш. З боку паводзін суб’екта гаспадарання ў эканам. сістэме вытворчасць разглядаецца як аб’ект жаданняў, чаканняў, рызыкі, выбару і прыняцця рашэння, з боку функцыянавання — як працэс узаемадзеяння фактараў вытворчасці і іх трансфармацыі ў прадукты. Асн. фактары вытворчасці — зямля, праца, капітал і прадпрымальніцкі талент. Кожнаму з іх адпавядае свая форма даходу (рэнта, заработная плата, працэнт і прадпрымальніцкі прыбытак). Для вытворчасці характэрны падзел працы, які мае 2 бакі — спецыялізацыю і кааперацыю. Вылучаюць 3 узроўні падзелу працы: адзінкавы (унутры прадпрыемства), асобны (паміж прадпрыемствамі), агульны (у межах грамадства).

Эканам. суб’ектам вытворчасці з’яўляецца прадпрымальнік або калектыў. Яго гал. сац. функцыя — арганізацыя высокадаходнай і высокаэфектыўнай вытворчасці. Па меры максімізацыі вытворчасці пэўнага прадукту эфектыўнасць яго выкарыстання зніжаецца. Максімальная велічыня выпуску прадукцыі пры дадзеным аб’ёме выкарыстання фактараў вытворчасць вызначаецца вытв. функцыяй. На развіццё вытворчасці ўплываюць прадукцыйныя сілы і вытворчыя адносіны. Развіццё прадукц. сіл ідзе па шляху зніжэння матэрыялаёмістасці (уратоўванне прыроды) і працаёмістасці (уратоўванне чалавека). Чалавек усё больш вызваляецца ад непасрэднага працэсу вытворчасці і становіцца яго рэгуліроўшчыкам. Для развіцця вытв. адносін характэрны кансерватызм, адставанне ад развіцця прадукц. сіл. Гістарычна вядомы 3 формы вытворчасці: натуральная, таварная і планавая. Таварная вытворчасць узнікла з натуральнай, прайшла стадыю простай таварнай вытворчасці і зараз знаходзіцца на стадыі капіталістычнай, якая развіваецца ў планавую. Планамерна грамадская вытворчасць развіваецца толькі там, дзе створаны адпаведныя ўмовы: грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, інфарм. інфраструктура, высокая вытворча-працоўная і эканам. культура ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Звычайна вытворчасць выступае як бесперапынны працэс, г.зн. як узнаўленне вытв-сці. Адрозніваюць 2 асн. тыпы вытворчасці: экстэнсіўны (колькасны прырост сродкаў вытворчасці і рабочай сілы) і інтэнсіўны (якаснае абнаўленне сродкаў вытворчасці і рабочай сілы пры скарачэнні яе колькасці). Для Беларусі апошняга 50-годдзя характэрна пераважна экстэнсіўная вытворчасць. Валавы ўнутр. прадукт краіны ў 1995 склаў 10 304,4 млн. дол. ЗША (Расіі — 364 295 млн. дол.).

Літ.:

Маркс К. Капітал. Т. 1. Мн., 1952;

Хико Дж.Р. Стоимость и капитал: Пер. с англ. М., 1993;

Современная экономика. Ростов н/Д, 1995;

Рыночное реформирование экономики Беларуси: Темат. сб. Мн., 1996.

Т.​І.​Адамовіч.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ,

калядкі, жанр стараж. нар. абрадавых песень зімовага цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Спяваюцца пры калядаванні. Пашыраны ў індаеўрап., у т. л. слав. народаў. На Беларусі найб. распаўсюджаны ў паўд. і цэнтр. раёнах. Сінкрэтычна звязаны з нар. гульнямі і тэатр. паказамі пераапранутых. Іх прызначэнне ў старажытнасці — наблізіць надыход сонечнага цяпла і паспрыяць багатаму ўраджаю. Вызначаюцца святочна-прыўзнятым ці гулліва-гумарыст. настроем. Паводле зместу К.п. — велічальнае віншаванне гаспадароў хаты, пажаданне ім дабра і заможнасці, услаўленне іх працавітасці і шчодрасці, ухваленні дарослых дачкі і сына, дабрадушныя кепікі з дзеда і старой. Прац. тэматыка часта спалучаецца са шлюбнымі матывамі. Тыповыя для К.п. і замалёўкі са свету звяроў, свойскай жывёлы і птушак, апяванне самой персаніфікаванай Каляды з мехам пірагоў, вясёлых зімовых свят, з якімі селяніну так не хочацца развітвацца («Ай, калядачкі, вы вярніцеся», «Каб калядачак цэлы гадочак»). У паэт. тэкстах некат. К.п. ёсць гіст. матывы, чутны адгалоскі войнаў. Урадлівасць і багацце пададзены ў іх гіпербалізавана, а карціны прыроды набываюць часам касм. формы («Ходзіць-паходзіць месяц па небу, кліча-пакліча зоры з сабою»). Для каляднай вобразнасці найб. характэрны амбівалентныя карнавалізаваныя ператварэнні: «каза», якая ўсімі ўшаноўвалася, «упала, здохла і прапала», а потым уваскрэсла ў скоках; дыялогі і спрэчкі жывёл, птушак і рыб рэзюмуюцца нечаканымі змяшчэннямі: «З цябе, рыбачка, смачная юшка, а з мяне, арла — мяккая падушка». К.п. характэрны сталыя рэфрэны, перакліканне запявалы з хорам, слоўныя прыгаворы перад спяваннем і пасля яго. Напевы К.п. тыпалагічна акрэсленыя і надзвычай устойлівыя; найчасцей квінтавыя з дакладнай структурай і характэрнай калядкавай рытмаформулай («А ў борку, ў борку», «За мхом, за мхом на пожанкі»). Гучанне маляўнічае дзякуючы багатым тэмбравым зрухам і розным гукапераймальным прыёмам, абумоўленым сувяззю з тэатралізаванай гульнёй. У паўд. (Палессе) і цэнтр. раёнах Беларусі пераважаюць песні святочна-прыўзнятага характару са звонкімі рэфрэнамі-воклічамі, у паўн. (Паазер’е) — гарэзліва-гуллівыя, ва ўсх. набліжаюцца да распеўных лірычных або пластычных карагодных песень. Агульныя з калядкамі тыпы напеваў, акрамя навагодніх віншаванняў-прыгавораў, маюць шчадроўскія песні. Зберагліся ў побыце вёскі і бытуюць як вясёлая навагодняя карнавальная забава.

Публ.:

Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі / Скл. А.​І.​Гурскі, З.​Я.​Мажэйка. Мн., 1975 (Бел. нар. творчасць);

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Можейко З.Я. Коляда в белорусском полесском селе // Сов. этнография. 1969. №3;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ АБАРО́НЧАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1941,

баявыя дзеянні сав. войск Паўд.-Зах. фронту (камандуючы ген.-палк. М.​П.​Кірпанос) пры садзеянні войск Бранскага, правага крыла Паўд. франтоў і Пінскай ваеннай флатыліі па стрымліванні гал. сіл. ням.-фаш. групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Г.​Рундштэт) і часткі сіл групы армій «Цэнтр» у пач. Вял. Айч. вайны. Праведзена 7.7—26.9.1941 з мэтай не дапусціць захопу праціўнікам сталіцы Украіны і прарыву яго на левы бераг Дняпра. Пасля няўдалых прыгранічных баёў сав. войскі не здолелі спыніць праціўніка на лініі ўмацаваных раёнаў былой (да вер. 1939) сав.-польск. мяжы. Злучэнні 1-й ням.-фаш. танк. групы 9 ліп. захапілі г. Жытомір, але 11 ліп. былі спынены сав. войскамі на р. Ірпень (за 15—20 км ад Кіева). На працягу 2-й пал. ліп. — 1-й пал. жн. немцы беспаспяхова лабавымі ўдарамі намагаліся авалодаць Кіевам, які абаранялі воіны 37-й арміі і нар. апалчэння. Контрудары па ворагу нанеслі 5-я (на ПнЗ ад Кіева) і 26-я (на ПдУ ад Кіева) арміі, аднак праціўнік пацясніў іх і акружыў 6-ю і 12-ю арміі Паўд. фронту. У сярэдзіне жн. правы фланг Паўд.-Зах. фронту пачалі абыходзіць злучэнні 2-й танк. групы і 2-й палявой арміі, вылучаных са складу ням.-фаш. групы армій «Цэнтр». Яны разбілі войскі Цэнтр. фронту, 19 жн. захапілі абласны цэнтр БССР Гомель і ў канцы жн.пач. вер. развілі наступленне на Пд у тыл кіеўскай групоўкі сав. войск. Па загаду Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання 19 жн. на левы бераг Дняпра адведзены ўсе войскі Паўд.-Зах. фронту, акрамя 37-й арміі. 1 вер. 1-я ням. танк. група захапіла ў раёне г. Крамянчуг плацдармам на левым беразе Дняпра, 12 вер. адсюль пачала наступленне на Пн і 15 вер. каля г. Лохвіца злучылася з 2-й танк. групай. У акружэнне трапілі часці 21, 37, 5 і 26-й армій Паўд.-Зах. фронту, камандаванне якога страціла кіраванне войскамі і не здолела арганізаваць іх адыход на У. У адпаведнасці з запозненым загадам Стаўкі 19 вер. сав. войскі пакінулі Кіеў. Толькі частка сав. воінаў выйшла з акружэння, многія загінулі (у т. л. Кірпанос, разам з б.ч. свайго штаба) або трапілі ў палон. У ходзе К.а.а. супраціўленнем на працягу 2,5 месяца сав. войскі адцягнулі значную частку ням.-фаш. сіл з Маскоўскага напрамку. 21.6.1961 Прэзідыум Вярх. Савета СССР устанавіў медаль «За абарону Кіева».

т. 8, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р,

помнік архітэктуры 11—18 ст. у г. Полацк Віцебскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 11 ст. пры кн. Усяславе Брачыславічу як правасл. храм. Будынак 5-нефавы крыжова-купальны (7 купалаў, паводле інш. звестак 5) з 3 гранёнымі апсідамі. На кожным фасадзе (акрамя ўсходняга) было 6 прамавугольных плоскіх лапатак, якія адпавядалі ўнутр. падзелу памяшкання 16 слупамі на нефы, 3 сярэднія нефы заканчваліся апсідамі. Над сяродкрыжжам сабора быў цэнтр. купал на барабане. Сцены складзены з прыроднага каменю і плінфы ў тэхніцы паласатай муроўкі (муроўка са «схаваным радам», што стварала 2-колерную гаму паверхні), характэрнай для Полацкай школы дойлідства. У канцы 15 — пач. 16 ст. перабудаваны ў 5-вежавы храм абарончага тыпу. Неаднаразова быў разбураны (у 1607 і 1643 спалены, у 1710 пашкоджаны выбухам). Паміж 1738—50 перабудаваны (арх. І.​К.​Глаўбіц, каменшчык Б.​Касінскі) у стылі позняга барока. Храм арыентаваны з Пд на Пн. У 18 ст. сабор — 3-нефавая мураваная базіліка з 2 шмат’яруснымі вежамі на гал. фасадзе. З усх. боку ў кампазіцыю сабора ўключаны рэшткі сцен і гранёныя апсіды храма сярэдзіны 11 ст. (даўжыня старой пабудовы вызначыла шырыню новай). Стараж. апсіды і сіметрычная прыбудова да зах. фасада ўтвараюць своеасаблівы трансепт, гранёныя крылы якога завершаны ў цэнтры купалам з ліхтарыкамі. Цэнтр. неф на гал. фасадзе і з боку алтарнай апсіды завершаны фігурнымі атыкавымі франтонамі. Гал. фасад дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі на пілястрах, авальнымі нішамі на гранёных крылах, пінаклямі на вуглах ярусаў вежаў і франтонаў. Бакавыя фасады аздоблены спаранымі пілястрамі і ляпнымі гірляндамі. У інтэр’еры 3-ярусная каменная алтарная перагародка, на якой захаваліся маляўнічыя кампазіцыі 18—19 ст., у т. л. «Тайная вячэра», «Спас нерукатворны» і скульпт. кампазіцыя «Тройца новазапаветная». У стараж. частцы храма (усх. апсіда) захаваліся рэшткі фрэсак 11 ст. У будынку сабора пасля рэстаўрацыі (1985, арх. В.​Слюнчанка) размешчана канцэртная зала з арганам і Музей гісторыі і архітэктуры Сафійскага сабора. П.С.с. уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Літ.:

Ткачоў М.А. Новае пра Сафійскі сабор // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №2;

Трусов О.А. Археологическое изучение Полоцкой Софии // Древности Белоруссии и Литвы. Мн., 1982;

Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;

Слюнченко В.Г. Полоцкий Софийский собор: Ист.-архит. очерк. Мн., 1987.

У.​А.​Чантурыя, Т.​І.​Чарняўская, В.​В.​Церашчатава.

Полацкі Сафійскі сабор. Галоўны фасад.
Полацкі Сафійскі сабор. Выгляд з боку апсіды.
Полацкі Сафійскі сабор. Канцэртная зала з арганам.

т. 12, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)