укаці́цца, укачуся, укоцішся, укоціцца; зак.
1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., пранікнуць куды‑н. Укаціўся мяч у вароты. / у перан. ужыв. За .. [Вурмістравым] у пакой укаціўся вялізны шызы клуб марознага паветра. Хадкевіч.
2. Разм. Уехаць. Раніцай укацілася ў вёску палутарка. // Хутка ўвайсці, убегчы куды‑н. [Бялькевіч:] — Памятаю, сяджу гэта я, а .. [Верабейчык] укаціўся хуценька, да сакратаркі падбег, нешта сказаў ёй, агледзеў усіх і знік. Савіцкі. Нячутна адчыніліся дзверы — і ўкаціўся Кляпнёў, як заўсёды з усмешачкай. Шамякін. // З цяжкасцю ўвайсці, улезці, уваліцца куды‑н. Насілу ўкацілася [Зося] ў хату. Крапіва. [Шпулькевіч:] — Я ледзьве ў сані ўкаціўся, ледзьве дапаў у мястэчка да фельчара, ён мне ўвесь бок убінтаваў. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укра́сці, украду, украдзеш, украдзе; пр. украў, украла; зак., каго-што.
Узяць цішком, прысвоіць сабе чужое. [Прыбіральшчыца:] — Надоечы я адну дзяўчыну мусіла суцяшаць .. Дакументы і грошы ў яе прапалі. Дзе падзеліся — не знае. Ці ўкралі, ці згубіла — невядома. Грамовіч. // перан. Падманам, інтрыгай прысвоіць, захапіць што‑н. (уладу, славу і пад.). [Лабыш:] Во жулік... Атруціў, забіў, зарэзаў... і абакраў! Славу маю ўкраў!.. Козел. // перан. Выкарыстаць што‑н. за кошт іншых, пазбавіўшы каго‑н. чаго‑н. Трэба біць, біць іх больш, ворагаў, што хочуць украсці .. наша шчасце. Шамякін.
•••
З-пад сучкі яйцо ўкрасці — быць хітрым, вёрткім, з адчайна-зухаватымі выхадкамі.
У бога цяля ўкрасці — быць выключэннем сярод іншых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
філо́саф, ‑а, м.
1. Спецыяліст у галіне філасофіі, а таксама наогул мысліцель, які займаецца распрацоўкай пытанняў светапогляду. Філосафы старажытнасці. □ Мы песні складалі Пра маладосць, Пра любоў. Чыталі філосафаў, Лёталі ў Арктыку. Зарыцкі. // Разм. Студэнт філасофскага факультэта вышэйшай навучальнай установы.
2. перан. Чалавек, які ўдумліва адносіцца да жыцця; умудроны жыццёвым вопытам чалавек. Мудры дзед. Век ажыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў. Такія ў вёсцы — філосафы. Варожаць і на ўраджай і на пагоду. Дзе не розумам, то хітрасцю дойдуць... Пташнікаў.
3. Разм. Чалавек, схільны да абстрактных разважанняў. Мікола, каб неяк прынізіць гэтага самаўпэўненага філосафа, сказаў: — У сямейным жыцці трэба не філасофстваваць, а жыць, і ўсё... Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чало́, ‑а; мн. чолы, ‑аў; н.
1. Уст. і паэт. Лоб. Потым.. [Майка] ўзняла гатовую дыядэму і павязала яе вакол галавы. У змроку над яе чалом успыхнуў німб з зеленаватых халодных зорак. Караткевіч. Ім [рыбакам] навальніца, што ў моры спаткала, хваль ручнікамі чало ўцірала. Вялюгін. // Пра твар. І раптам — што за штука? — У дзеда спахмурнела ўраз чало. Корбан. Абвёў рукой наўкола луг шырозны. І мне чало касца, дзе лёг загар, Здавалася як вылітае з бронзы. Ляпёшкін.
•••
Біць чалом гл. біць.
На чале з кім-чым, каго-чаго — пад кіраўніцтвам каго‑, чаго‑н.
Стаць на чале ўлады гл. стаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чыгу́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чыгуну (у 1 знач.). Чыгуннае ліццё. Чыгунная чушка. □ Запасы ржавага жалеза — даўжэзныя прэнты, найцяжэйшыя колы, ўсялякі чыгунны лом — ляжала ўсё гэта паўз глухія сцены цэхавых карпусоў. Чорны. // Выраблены, выліты з чыгуну. Чыгунная агароджа. □ Схіліўшы цяжкую галаву на ўзорыстую спінку чыгункай лаўкі, Крысціна задрамала. Васілевіч. Ахоўнік павёў .. [Вольгу] ў барак; у пакоі, дзе палілася чыгунная печка і было душна, прадставіў тоўстаму начальніку. Шамякін. // перан. Цяжкі, цвёрды, як чыгун. А ці не так, зямлянін, ты? Было і ёсць. Свінцовы дождж. Чыгунны крок. І ўсё ж, і ўсё ж, Пакуль кароткі перадых, Адтае сэрца. Губ тваіх Не згасне спёка. Семашкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шано́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Дастойны павагі, паважаны. — Вы не знойдзеце нідзе Працы больш шаноўнае. Дзе ні вуліца, ні пляц, Як паглядзіш — мой палац. Астрэйка. // Які выклікае павагу. Шаноўныя гады. □ Народ наш старасць паважае. Заўжды схіляецца перад сівой Шаноўнай галавой. Корбан.
2. (звычайна ў звароце). Вельмі паважаны. Вы памыліліся, шаноўны грамадзянін, Вы па старому адрасу, а там мяне няма. А. Александровіч. / у іран. ужыв. [Вольга:] — Дарэчы, я ніяк не вызначу, якой масці наш шаноўны кватарант? Новікаў. / у знач. наз. шано́ўны, ‑ага, м.; шано́ўная, ‑ай, ж. Крык разбудзіў нечакана: — Гэй, уставайце, шаноўныя! Куляшоў. — Дык вось, шаноўны, — зноў пачаў Шарон (Даўней блізкіх шаноўнымі зваў ён). Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шату́н, ‑а, м.
1. Спец. Дэталь машыны, механізма, якая злучае поршань з валам рухавіка і служыць для перадачы руху ў час работы. Перад .. [трактара] вісеў на цурбалках, а радыятар, поршні, шатуны — усё нутро машыны ляжала, параскіданае на ўтаптанай каленямі раллі і на кавалачках бруднай фанеры. Ракітны.
2. Разм. Мядзведзь, які блукае зімой па лесе, а не спіць у берлагу. Бывае, што і самому раптам нейкім мулкім стане твой любімы горад, куды звычайна з радасцю і нецярпеннем спяшаешся з усіх дарог, і ты ходзіш па ачышчаных ад снегу вуліцах, нібы той мядзведзь-шатун, і не ведаеш, дзе дзець сябе, такога злога, незадаволенага, вуглаватага. Сіпакоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́гада, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Невялікі сакавіты плод некаторых кустовых і травяністых раслін. На кустах ядлоўцу чарнеюць ягады. В. Вольскі. Паспелі ягады каліны, Ляцяць кляновыя лісты. Матэвушаў.
2. толькі мн. (я́гады, ягад). Ядомыя плады гэтых раслін як прадукт харчавання, прадмет промыслу, гандлю і пад. Па гэтых сцежках хіба выпадкова маглі прайсці людзі — па грыбы ці па ягады. Шамякін. З вялікай ахвотай падмацаваліся хлопцы ягадамі ды назбіралі яшчэ ў шапку. Маўр.
•••
Вінная ягада — сушаны плод фігавага дрэва; інжыр.
Воўчыя ягады — чырвоныя або чорныя плады ядавітых лясных раслін.
Аднаго поля ягады (ягадкі) (неадабр.) — пра людзей, падобных у якіх‑н. адносінах адзін да аднаго.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
яздо́к, ездака, м.
1. Той, хто едзе на кані верхам або кіруе запрэжкай. Яздок вымушаны быў стрымліваць гарачага каня. Гурскі. На пралётцы на ўвесь рост стаіць яздок. «Маладосць».
2. Пра таго, хто ўмее добра ездзіць. Гэй, ляці, але дзяржыся, Злы яздок, Без пары не праваліся У масток. Чарот. [Дзеду] маршал Будзённы, яздок зна[кам]іты, з падзякаю ціснуў руку. Колас.
•••
Не яздок куды — пра таго, хто не хоча або не можа ездзіць куды‑н., бываць дзе‑н. Галя рашуча адарвалася ад родных мясцін, і калі Косцік спытаў: «Хутка ў Нежыхаў пададзімся?» — яна адказала: «Я туды не яздок. Мне няма чаго туды падавацца!» Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
алля́ні́шча
1. Поле, дзе рос лён (Слаўг., Смален. Дабр.). Тое ж алляні́нне, аляні́шча (Мін. Станк. 1851, л. 396), алля́нішча (Нас.).
2. Месца, дзе быў пасланы лён; сцелішча (Слаўг., Смален. Дабр.). Тое ж алляні́нне (Слаўг.).
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)