рускі артыст эстрады, паэт, кампазітар. Выступаў з 1915 як аўтар і выканаўца ўласных песень, створаных у вытанчана-інтымным жанры муз. навелы (да 1940-х г. у грыме і касцюме П’еро). Манера яго выканання вызначалася багатай нюансіроўкай інтанацый і жэстаў. У 1919 эмігрыраваў з Расіі, канцэртаваў у ЗША, Кітаі, краінах Еўропы. У 1943 вярнуўся ў СССР. Аўтар лірычных песень на ўласныя словы, а таксама на вершы Г.Ахматавай, А.Блока, С.Ясеніна, В.Інбер і інш. Здымаўся ў кіно: «Чым людзі жывыя» (1912), «Змова асуджаных» (1950), «Ганна на шыі» (1954) і інш. Аўтар кн. «Чвэрць стагоддзя без радзімы. Старонкі мінулага» (1989), «Дарогай доўгай...» (1991). Дзярж. прэмія СССР 1951.
Літ.:
Бабенко В.Г. Артист Александр Вертинский: Материалы к биографии;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАКТО́ЗА,
прыродны монацукрыд з групы гексозаў. Існуе ў ацыклічнай (піранознай) і цыклічнай (фуранознай) формах, L-галактоза ўваходзіць у састаў поліцукрыдаў чырвоных водарасцей, D-галактоза вельмі пашырана ў прыродзе, уваходзіць у састаў алігацукрыдаў (рафінозы, мелібіёзы, стахіёзы), некат. гліказідаў, раслінных і бактэрыяльных поліцукрыдаў (розных камедзей і слізей, галактанаў, пекцінавых рэчываў, геміцэлюлоз, сапанінаў, гуміарабікаў, глікаліпідаў хларапластаў, глікапратэінаў, антацыянаў і інш.). У арганізме жывёлы і чалавека галактоза — састаўная частка лактозы, групаспецыфічных поліцукрыдаў і інш. злучэнняў. У біял. тканках галактоза ператвараецца ў глюкозу, таксама ў аскарбінавую і галактуронавую к-ты. Зброджваецца т.зв. лактознымі дражджамі. Добра растваральная ў вадзе, дрэнна — у спірце. У жывёльных і раслінных тканках D-галактоза можа ўключацца ў гліколіз. У чалавека спадчынная адсутнасць гэтага ферменту вядзе да немагчымасці утылізаваць D-галактозу з лактозы і выклікае захворванне — галактаземію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎБЕК ((Holoubek) Густаў) (н. 21.4.1923, г. Кракаў, Польшча),
польскі акцёр і рэжысёр. Праф. Вышэйшай тэатр. школы (Варшава). Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве. З 1947 у т-рах Кракава і Катавіц, з 1957 у розных т-рах Варшавы (у т. л. ў 1969—87 у Т-ры Драматычным, у 1972—82 адначасова дырэктар). Акцёрскае мастацтва Галоўбека вызначаецца высокай інтэлектуальнасцю, строгасцю ў падборы выразных сродкаў разам з глыбокай унутр. засяроджанасцю. Сярод лепшых роляў: Эдып («Эдып» Сафокла), Конрад («Дзяды» А.Міцкевіча), Скрыпач («Разня» С.Мрожака), Лір («Кароль Лір» У.Шэкспіра). Яго лепшая рэжысёрская работа — «Гамлет» Шэкспіра (выканаў таксамагал. ролю). З 1953 здымаецца ў кіно («Пятля», «Супольны пакой», «Санаторый пад Клепсідрай» і інш.). У 1972—81 узначальваў Т-ва польскіх акцёраў т-ра і кіно. Дзярж. прэміі Польшчы 1966, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАЛО́ГІЯ (ад грэч. homologia адпаведнасць) у біялогіі, 1) адпаведнасць органаў у арганізмах розных відаў, абумоўленая іх філагенетычнай роднасцю. Падобныя органы або іх часткі звычайна развіваюцца ад эвалюцыйна аднолькавых зыходных зачаткаў, якія могуць выконваць розныя функцыі. Такія органы наз. гомалагічнымі. Напр., канечнасці пазваночных — ногі, ласты, крылы лятучых мышэй. Гамалогія як падабенства, заснаванае на роднасці, процістаіць аналогіі. Гамалогія органаў у розных відаў мае 3 крытэрыі: падабенства марфалагічнага плана будовы органаў, таксама іх стану ў арганізме ў адносінах да інш. органаў і падабенства іх морфагенезу.
2) Ідэнтычнасць структуры 2 (у дыплоідаў) або большай колькасці (у аўтапаліплоідаў) храмасом, якая азначае, што ў гомалагічных храмасомах аднолькавыя локусы размешчаны ў той жа лінейнай паслядоўнасці. Доказам гамалогіі генет. структур служыць дакладная кан’югацыя іх храмасом у прафазе меёзу і ўтварэнне жыццяздольных гамет і зігот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫЯ ГЛІ́НЫ,
легка- і тугаплаўкія гліны, якія пры абпальванні даюць шчыльны чарапок. Легкаплаўкія — полімінеральныя, звычайна жалезістамантмарыланітавыя і гідраслюдзістыя з паказчыкам вогнетрываласці менш за 1350 °C; тугаплаўкія ганчарныя гліны часцей не вытрыманыя паводле мінеральнага саставу, з высокай колькасцю гліназёму (20—42%), высокай звязвальнай здольнасцю і пластычнасцю, паказчыкам вогнетрываласці 1350—1580 °C. Легкаплаўкія ганчарныя гліны выкарыстоўваюць для вытв-сці грубакерамічных вырабаў, цэглы, чарапіцы, дрэнажных труб, радзей — ганчарнага посуду, скульптуры. Тугаплаўкія з’яўляюцца сыравінай для розных керамічных вытв-сцей — сан.-тэхн. фаянсу, глазураваных вырабаў, сценавых і вонкавых камянёў, каналізацыйных труб і інш. На Беларусі сыравінная база для вытв-сці грубай керамікі ўключае 212 радовішчаў легкаплаўкіх глін для вытв-сці цэглы з агульнымі запасамі 208,1 млн.т (распрацоўваецца 113), а таксама 6 радовішчаў тугаплаўкіх глін з агульнымі запасамі 53,6 млн.т (распрацоўваюцца 3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАЗА́, лікаподый (Lycopodium),
род споравых раслін сям. дзеразовых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды: Дз. булавападобная (L. clavatum) і гадавая (L. annotinum). Растуць у яловых. хваёвых, радзей у мяшаных і лісцевых лясах.
Шматгадовыя вечназялёныя расліны з доўгімі вілавата-галінастымі (дыхатамічнымі) паўзучымі сцёбламі даўж. да 2 м. Ад сцёблаў адыходзяць верт. густааблісцелыя парасткі выш. да 30 см, са стробіламі на канцах. Лісце дробнае, сядзячае, лінейна-ланцэтнае, размешчана спіралямі. Стробілы адзіночныя або іх па некалькі на канцах галінак, сядзячыя ці на доўгіх ножках. Лек., фарбавальныя (даюць жоўтую фарбу) і дэкар. расліны; некат. віды ядавітыя. Сухія споры маюць да 50% тлустага алею, выкарыстоўваюцца ў медыцыне (як дзіцячая прысыпка), у ліцейнай вытв-сці. Да роду Дз. часам далучаюць таксама расліны з родаў баранец, дзярэзка, дыфазіястр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЕ,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Пружанскага р-на Брэсцкай і Свіслацкага р-на Гродзенскай абласцей. Створаны ў 1968 з мэтай зберажэння ў натуральным стане асн.ч.Дзікага балота, а таксама для падтрымання гідралагічнага рэжыму прылеглай ч.Белавежскай пушчы. Пл. 7,4 тыс.га (1997). Знаходзіцца ў межах Нарава-Ясельдзінскай раўніны. Займае ч.стараж. праточнай даліны на водападзеле Балт. і Чарнаморскага басейнаў. У флоры заказніка больш за 150 відаў, ёсць рэдкія ахоўныя віды: арніка горная, венерын чаравічак сапраўдны, зубніца клубняносная, лілея-саранка і інш. Тарфяныя паклады сярэдняй глыб. 1,4 м пераважна з драўнянага (найчасцей бярозавага) торфу, укрытага асаковым і часткова асакова-гіпнавым. У глыбокіх западзінах сапрапелі (магутнасць пластоў да 0,6 м). На балотным масіве зрэдку трапляюцца мінер. «астраўкі» з шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў. П.І.Лабанок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛЕ́ННЕ,
арыфметычнае дзеянне, адваротнае множанню. Падзяліць лік a (дзеліва) на b (дзельнік адрозны ад нуля) — значыць знайсці такі лік x (дзель), што здабытак bx = a (або xb = a). Для абазначэння Дз. выкарыстоўваюць знакі двукроп’я (a:b), гарыз. () або нахільнай (a/b) рысы.
Для рацыянальных лікаў (цэлых, дробных і нуля) Дз. адназначнае і заўсёды магчымае (акрамя Дз. на нуль, што немагчыма). У межах цэлых лікаў — адназначнае, але не заўсёды магчымае, напр., 6 дзеліцца на 2 і 3, але не дзеліцца на 5. Абагульненнем звычайнага Дз. з’яўляецца Дз. з астачай. Падзяліць цэлыя неадмоўныя лікі a на b — знайсці такія цэлыя неадмоўныя лікі x і y, якія задавальнялі б патрабаванні a = bx + y, y < b, дзе x — няпоўная дзель (пры y ≠ 0) ці дзель (пры y = 0); y — астача. Гл.таксамаПадзельнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ РАЁННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ (ДРЭС),
цеплавая кандэнсацыйная электрастанцыя, якая выпрацоўвае толькі электрычную энергію. Першая ў свеце раённая электрастанцыя на мясц. паліве (торфе) магутнасцю 15 мВт пабудавана ў 1912—14 пад Масквой па ініцыятыве рус. інжынера Р.Э.Класона. Планам ГОЭЛРО (1920) прадугледжвалася збудаванне некалькіх цеплавых электрастанцый, з іх найб. вядомая Шатурская ДРЭС, у Беларусі — Асінаўская ДРЭС (гл.Беларуская ДРЭС). Паступова тэрмін ДРЭС амаль страціў свой першапачатковы сэнс («раённая») і ў сучасным разуменні азначае кандэнсацыйную электрастанцыю даволі вял. магутнасці, якая працуе ў аб’яднанай энергасістэме побач з інш. буйнымі электрастанцыямі. Першай і адной з самых буйных цеплавых электрастанцый блочнага тыпу ў Беларусі з’яўляецца Бярозаўская ДРЭС (920 тыс.кВт). У Беларускай энергетычнай сістэме працуюць таксамаЛукомская ДРЭС (найбольшая з такога тыпу электрастанцый; 2400 тыс.кВт), б. Васілевіцкая ДРЭС (гл.Светлагорская ЦЭЦ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛАР (англ. dollar ад ням. Taler талер),
1) грашовая адзінка ЗША, роўная 100 цэнтам. Уведзены з 1786 паводле рашэння кангрэса ЗША (спачатку сярэбраны, з 1792 і залаты). З 1873 пасля адмены свабоднай чаканкі серабра грашовай адзінкай стаў Д. залаты. З 1928 эмісія Д. ў банкнотах, з 1965 — медна-нікелевага Д. У сучаснай валютнай сістэме Д. фактычна прызнаны асновай валютных парытэтаў і курсаў. Д. ЗША з’яўляецца таксама грашовай адзінкай Віргінскіх Астравоў, Гуама, Ліберыі, Мікранезіі, Панамы, Пуэрта-Рыкі, Тайваня, Усх. Самоа, Церкса і Кайкаса.
2) Грашовая адзінка Аўстраліі, Багамскіх Астравоў, Барбадаса, Беліза, Бермудскіх Астравоў, Брунея, Гаяны, Зімбабве. Кайман Астравоў, Канады, Ліберыі, Лівіі, Новай Зеландыі, Саламонавых Астравоў, Сінгапура, Сянгана (Ганконга), Трынідада і Табага, Фіджы, Ямайкі, групы краін Карыбскага басейна (усходнекарыбскі Д.).