Нэ́ндза ’нуда; ныцік; пераборлівы ў ядзе’ (Сл. ПЗБ, Цых.), ’худы, знясілены чалавек’ (камян., Жыв. сл.), нэ́нджа ’пераборлівы ў ядзе’ (Сл. ПЗБ), нэ́нза ’нуда, ныцік, плакса’ (Сл. ПЗБ), нэ́нда ’нуда’ (Сл. ЦРБ), не́нза ’клопат, турботы’ (ТС), ст.-бел. нендза, надза, недза (1580 г.). Запазычана са ст.-польск. nędza ’беднасць; нядоля; бядняк’ (Булыка, Лекс. запазыч., 78); магчыма, шматразовае запазычанне ў больш позні час і семантычны ўплыў з боку нуда́ (гл.). Сюды ж нэ́ндзны ’дробны’ (Сл. ПЗБ), нэ́нзны ’дрэнны, мізэрны’ (Крыў., Дзіс.) (польск. nędzny ’варты жалю, убогі, мізэрны’), нэ́нзлы ’пераборлівы’, нэндзлы ’плаксівы’ (Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ), нэ́ндзіцца ’капрызіць’ (Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кача́ць ’качаць’ (ТСБМ, БРС, Касп., Сцяшк. МГ); ’качаць бялізну’, ’качаць, валяць’, ’раскачваць цеста’ і г. д. Параўн. ст.-рус. качати ’гайдаць, хістаць’, рус. кача́ть ’калыхаць, хістаць’, укр. кача́ти ’катаць’, ’качаць бялізну’, ’качаць цеста’. Далей параўн. польск. дыял. kociać się ’качацца, валяцца і да т. п.’, чэш. káceti ’валіць, разбураць’, káceti se ’валіцца’, ст.-славац. káceť ’рубіць (лес)’, славац. (дыял.) kácat sa ’хістацца’. У аснове гэтага дзеяслова са шматлікай семантыкай, але досыць празрыстай формай, ляжыць зыходнае *katjati (sę), якое з’яўляецца ітэратыўна-дуратыўным утварэннем да прасл. *kotiti. Пры гэтым атрымліваецца аблаўтная форма вакалізма (a < ō < о). Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 164.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кашу́ля ’сарочка, рубашка’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат., Сцяшк. МГ). У бел. мове непасрэднае запазычанне з польск. мовы (у помніках ст.-бел. мовы ўпершыню сустракаецца ў 1508 г.). Першакрыніцай запазычання з’яўляецца лац. (нар.-лац.) casula ’плашч з капюшонам’ (так у Фасмера, 2, 362). Падрабязны агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 2, 192. З польск. мовы ўзята таксама ўкр. кошу́ля. Немэтазгодна разглядаць разам са Слаўскім і інш. гісторыю гэтага слова толькі як агульнаславянскага запазычання з лац. casula. Славац. košeľa, напр., сведчыць, як указвае Махэк₂, 282, што непасрэднай крыніцай у даным выпадку было с.-в.-ням. kāsel(e). Бел. слова зафіксавана досыць позна як паланізм.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каю́та ’жылое памяшканне для пасажырах або экіпажа на судне’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. каю́та ’тс’, укр. каю́та. У бел. мове, як і ва ўкр., непасрэднае запазычанне з рус. мовы. Рус. каю́та ўпершыню згадваецца ў крыніцах у 1705 г. (таксама і ў варыянце кают, 1720 г.). Крыніцай запазычання Фасмер, 2, 216 лічыць ням. Kajüte або гал. kajuit. Шанскі, 2, 107, мяркуе, што хутчэй рус. слова было запазычана ў Пятроўскую эпоху з ням. мовы: аб гэтым сведчыць ж. р. слова (гал. форма не падыходзіць). Фасмер, там жа, указвае, што думка Зяленіна аб запазычанні са швед. kajuta (< н.-ням.) абгрунтавана.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аточыны ’нутраное сала’, ’ператоплены тлушч’ (Лекс. Палесся, 134, 136; слонім, Арх. Бяльк.). Укр. оточини ’кішачны тлушч’, ’зерне ці мука, што застаецца пасля прасявання праз рэшата’, рус. оточа, оточка ’агрызкі, смецце, што нагрызлі мышы’. Славац. дыял. otoky, otočky ’нутраное сала’, славен. obtòč ’клаака’ (ці сюды?). З суф. *‑iny (мн. л.) ад дзеяслова *otočiti; верагодна, паводле Вештарт, Лекс. Палесся, 136, першага ’кішачнае сала’, г. зн. тое сала, што аточвае, акружае кішкі’. Аднак і ’ператопленае сала’, хаця менш пашыраная назва, можа тлумачыцца ў сувязі са значэннем ’абцякаць’, нельга выключыць і сувязі з назвай клаакі, якая звязваецца з дзеясловам *odtočiti зліваць’. Параўн. тачыць ’ліць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ашчэ́ ’яшчэ’ (Кліх, Шат., Сцяшк., Жд., Тэксты, 144), рус. дыял. ощо, пск. още, балг. о́ще, макед. уште. Тэарэтычна можа ўзыходзіць да прасл. ošče, параўн. ст.-рус. още (побач з ešče, ješče, jьšče, iščet гл. Слаўскі, 1, 368 з літар.), аднак ужо Карскі (1, 304; 2–3, 66) дапускаў пазнейшае паходжанне беларускага слова з ješče са стратай пачатковага j, параўн. вядомае ў гэтым арэале адпадзенне j, в і г у пачатку слова: акрас ’якраз’, ачай (< ячай) ’адтуліна ў верхнім камені жорнаў’, авёрка ’вавёрка’, ашчына ’вашчына’, алстук ’гальштук’ (Сцяц. Нар.), аром ’ярмо’ (слуц., Рэгіян. асабл., 54), рус. пск. ащерица ’яшчарка’ і пад. Гл. яшчэ.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Маладосць, моладасць, моладась, мо́лодосць ’маладыя гады жыцця’, ’уласцівасць маладога’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. мо́лодість, рус. мо́лодость, польск. młodość, н.- і в.-луж. młodosć, чэш. mladost, славац. mladosť, славен. mladóst, серб.-харв. мла̏дост, макед., балг. младост. Цэйтлін (Лексика, 22) дапускае, што ў ст.-слав. мове было слова младость са значэннем ’ранняе дзяцінства’, параўн. серб.-харв. мла́дити ’народжваць дзіцянят’, харв. mladíti ’тс’, н.-луж. ga sy ty młody? ’калі ты нарадзіўся?’. На бел. моўнай тэрыторыі гэта лексема мае кніжны характар. У ст.-рус. мове младость азначала ’дзяцінства’, а значэнне ’маладосць’ у рус. мове зафіксавана толькі ў 1704 г. (Палікарпаў).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Маршча́к ’маршчына’ (ТСБМ, Ян., Жд. 1, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; навагр., КЭС), маршча́вы, маршчля́вы, маршча́ты ’маршчыністы’, ’які мае зморшчаную паверхню’, ’сабраны ў зборкі’ (Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.). Укр. моршо́к ’маршчынка’, рус. перм. морше́нь ’складка, няроўнасць, маршчынка на паверхні’, арханг. мо́рхи, морхи́ ’зборкі, складкі на сукенцы’, ’няроўнасці на адзенні’. Да моршчыць (гл.). Сюды ж маршчак ’лапаць са скуры’ (Янк., 1; бялын., Янк. Мат.; Тураў, КЭС; мазыр., З нар. сл.; глус., Мат. Маг.), які названы так таму, што зверху ў ім скура сабрана ў маршчыны. Укр. сумск. моршень ’абутак, зроблены з аднаго кавалка скуры’ можа быць кантамінацыяй з морщити і рус. поршень ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́ры 1 ’насілкі, на якіх носяць труну з нябожчыкам’ (Нас., Растарг., Зянк. 1, Власт, Некр.; віц., Шн.; паўн.-усх., КЭС; КЭС, лаг.; Мікуц.). Укр. ма́ри, рус. смал., кур., варон. мары, ст.-бел. мары ’тс’ (XV ст.), запазычана з польск. mary, якое са ст.-чэш. mary (спачатку páry) < с.-в.-ням. bāre > ням. Bahre (Карскі, Труды, 313; Брукнер, 324; Махэк₂, 352; Жураўскі, Бел. мова, 62; Булыка, Запазыч., 198). Сюды ж ма́ры ’прыстаўныя сценкі воза, выкарыстоўваемыя пры возцы сена, снапоў’ (Касп., красл., Сл. ПЗБ) і рус. кастр. ма́ра ’тс’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 151).
Ма́ры 2 ’думкі, пажаданні’ (КЭС, лаг.). Да ма́ра (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мачу́ла 1, мачу́ло, мачу́лішча, мачу́ліска ’мачыльня, сажалка, лужа, яма на балоце, акно сярод плаву, агароджанае калкамі месца ў возеры, дзе мочаць лён’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; полац., ушац., Нар. лекс.). Беларускае. Да мачы́ць (гл. мача́ць). Сюды ж мачу́льнік ’сноп канапель, прыгатаваны для мачэння’ (паст., Сл. ПЗБ).
Мачула 2 ’рагоз, Typha latifolia L.’ (маг., Кіс.). У выніку пераносу значэння ’яма, сажалка’ на назву расліны, якая расце там. Да мачу́ла 1.
Мачула 3 ’перакладзіна на рыштаваннях’ (ст.-бел., XVII ст.) запазычана са ст.-польск. maczulec, якое з ням. Netzholz (Булыка, Лекс. запазыч., 97; Варш. сл., 2, 841).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)