бо́йкі, ‑ая, ‑ае.
1. Рашучы, энергічны, смелы. Рыгорка — хлопчык здольны, бойкі і вельмі ганарысты. Колас. «Ну, будзе дзянёк!» — .. падумала .. [Таня], міжвольна прыслухоўваючыся да голасу бойкага юнака ў карычневай футболцы. Даніленка.
2. Жвавы, скоры. А жыў там адзін чалавек. З выгляду так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе. Якімовіч.
3. Ажыўлены, поўны руху, дзейнасці. Бойкі шлях. Бойкі гандаль. □ Самы бойкі клёў плоткі назіраецца, як правіла, на досвітку і позна ўвечары, калі яе касякі выходзяць на кармленне пад берагі. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карані́цца, ‑ніцца; незак.
1. Пускаць карані, урастаць каранямі. Дрэва галініцца і караніцца.
2. Мець сваёй асновай, прычынай што‑н.; адбывацца, здарацца ад чаго‑н. Іменна такія бязвольныя чалавечкі, баязліўцы, абывацелі — тая пажыўная глеба, у якой караняцца воўчыя грыбы накшталт Дзерваеда. «ЛіМ». Ці гэта быў вынік звычайнага крызісу, нярэдка характэрнага маладосці пад час выбару шляху, ці прычыны караніліся ў нечым іншым, цяжка сказаць. Ліс.
3. Моцна трымацца, знаходзіцца ў кім‑, чым‑н. Моцна каранілася ў свядомасці людзей думка аб немагчымасці барацьбы з балотамі. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каўзану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Разм.
1. Аднакр. да коўзацца.
2. Рухаючыся, злёгку дакрануцца, датыкнуцца да каго‑, чаго‑н.; слізгануць. Рука каўзанулася па мокрым, слізкім каўняры... Галавач.
3. Хутка з’ехаць, саслізнуць куды‑н. Разам з лавінай абломкаў скалы Сяргей каўзануўся некуды ўніз, ледзь паспеўшы скурчыцца і ўтуліць галаву між каленяў. Шыцік.
4. Прабегчы, праслізнуць, не затрымліваючыся на паверхні чаго‑н. (пра святло, позірк і пад.). Па столі зноў каўзанулася жоўта-белае святло, і вочы ў Ледзі палыхнулі зеленаватым агнём. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падчы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., што.
1. Зрабіць больш чыстым; прывесці ў парадак. Гулка забубнілі па зямлі раптоўныя ліўні; яны то аціхалі, то наляталі зноў і ўсё абмылі, усё падчысцілі, сагналі мутнымі пераваламі з двароў і палеткаў бруд, трэскі, салому. Лужанін. Падчысціць бы.. [рэчы], падрамантаваць, дык і пайшлі б у ход. Кулакоўскі.
2. Сцерці, саскрэбці (напісанае, надрукаванае).
3. Разм. Усё дачыста, без астатку забраць, з’есці і пад. [Маці:] — А ў каморцы і мышам ужо няма чаго есці — надоечы я ўсё да апошняй крупінкі падчысціла. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад паліць 1 (у 2 знач.).
2. у знач. прым. Абпалены. Паленая вапна. □ У даляглядзе пад яркім сонцам горы колеру паленай цэглы лезуць адна на адну. Бядуля.
3. у знач. прым. Які апаліўся, падгарэў. Запахла паленай збажыной, полымя абняла палову палёгка, пакідаючы чорныя прагаліны. Гурскі. Ад гарачыні з буракоў пацёк на цэглу сок, і ў хаце доўга пахла паленым цукрам. Пальчэўскі. / у знач. наз. па́ленае, ‑ага, н. Узляцеў фантан іскраў, засмярдзела паленым. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нацкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго на каго-што, з дадан. сказам і без дап.
1. Падахвоціць сабак да нападу на каго‑н. Нацкаваць зграю сабак на воўка. □ — Ты чаго? — прыўстаў Юрка. — На мяне Сцёпа Палкана нацкаваў... — усхліпваючы, прашаптаў Рыгорка. — Ледзь не парваў мяне... Курто.
2. перан. Разм. Падбухторыць да якіх‑н. варожых дзеянняў супроць каго‑н. Пан староста Наўроцкі, вядома, не ўспомніў, што нядаўна ксяндзы нацкавалі асаднікаў і мясцовую шляхту, каб адабраць царкву пад касцёл у адной вёсцы. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ненадзе́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якому нельга верыць, даверыцца; на якога нельга спадзявацца. Ненадзейная ахова. □ Кватэру Качаноў Антохін добра ведаў, і пакідаць там раненага падпольшчыка было небяспечна.. Ён моцна стагнаў, а за сцяной жыла ненадзейная суседка. Новікаў. Васіль уводзіў Вадзягіну ў вушы, што Саўка самы ненадзейны [стараста]. Федасеенка.
2. Які выклікае апасенне сваёй якасцю, трываласцю і пад. Ненадзейныя ўмацаванні. □ Пасля таго, як партызаны разведалі ўчастак, гітлераўцы падкінулі туды ў падмацаванне пяхоту з мінамётамі і некалькі танцаў. Яны ўзмацнілі ненадзейныя для іх пазіцыі. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
набо́р, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. набіраць — набраць (у 3–5 знач.).
2. Сукупнасць прадметаў аднолькавага прызначэння. Набор хірургічных інструментаў. Туалетны набор. // Група вучняў, студэнтаў і пад. аднаго году паступлення. У інстытут прыйшоў новы набор.
3. Сукупнасць металічных літар, якія перадаюць які‑н. тэкст. Рассыпаць набор. □ Бацька і сын Воранавы часткамі пераносілі набор да сябе на кватэру, якая знаходзілася на Шорнай вуліцы. Пятніцкі.
4. Аздабленні з металічных прадметаў на вупражы, рэмені і г. д.
•••
Набор слоў — спалучэнне слоў без усякага сэнсу; бяссэнсіца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ком, ‑а; мн. камы, ‑оў; м.
Круглаваты, звычайна зацвярдзелы кавалак якога‑н. мяккага, рыхлага рэчыва. Ком цеста. Ком зямлі. □ Татам мы дапамагалі, Мы ў радочкі цэглу клалі, З гліны клеілі камы. Кірэенка. // Пра што‑н. скамечанае, скручанае. Ком паперы. □ Дана ўзяла посцілку, кажух, падушку, згарнула ўсё ў вялізны ком. Асіпенка.
•••
Ком у горле; ком падкаціўся (падступіў) да горла — пра спазмы ў горле пры адчуванні моцнай крыўды, радасці і пад.
Першы блін комам — тое, што і першы блін камяком (гл. блін).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
латашы́ць, ‑ташу, ‑тошыш, ‑тошыць; незак., каго-што.
Разм.
1. Ірваць без разбору, псуючы і спусташаючы. Латашыць яблыкі. Латашыць суседскі гарох. □ Мы латашылі ўсё, што трапляла пад руку: бручку, моркву, цыбулю, часнок, памідоры. С. Александровіч.
2. Знішчаць, з’ядаючы і топчучы. Латошаць коні канюшыну. // Спусташаць. Рыгор з Паўлам накіраваліся ў лес. — Латошаць лес, як траву! — пашкадаваў Павал. — Што ж, лес сякуць — трэскі ля[ця]ць! Гартны. // Рабаваць. Латашыць чужыя клункі.
3. перан. Біць, лупцаваць. Як скоціцца .. [дзед], як пагоніцца за хлопцамі, як пачне латашыць кульбаю! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)