РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ АДХО́ДЫ,
вырабы, матэрыялы, рэчывы і біял. аб’екты, не прыдатныя да далейшага выкарыстання, у якіх утрыманне радыенуклідаў перавышае вызначаныя нормы. Паводле агрэгатнага стану Р.а. падзяляюцца на вадкія, цвёрдыя, газападобныя; паводле ўзроўню актыўнасці — на групы нізкага, сярэдняга і высокага ўзроўняў; паводле хім. якасцей — на гаручыя і негаручыя.
Утвараюцца ў працэсе работы і рамонту энергет. ядз. рэактараў на АЭС, суднах і інш.; пры выкарыстанні радыеізатопных крыніц і прэпаратаў у тэхніцы, навуцы, медыцыне, у працэсе апрацоўкі руд, горных парод і інш. Метады перапрацоўкі і захавання Р.а. залежаць ад іх фіз. і хім. якасцей. Для вадкіх Р.а. выкарыстоўваюць метады канцэнтравання і захавання ў стальных ёмістасцях, для цвёрдых — захаванне ў спец. бетонных сховішчах. Біял. Р.а. (трупы эксперым. жывёл і інш.) спальваюць тэрмічным або хім. спосабам ў спец. могільніках.
На Беларусі асобны тып Р.а. — прадукты дэзактывацыі аб’ектаў і тэр. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986).
М.Л.Жэмжураў.
т. 13, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫЙНАЯ ЗБРО́Я,
адзін з магчымых відаў зброі масавага паражэння, дзеянне якога заснавана на выкарыстанні баявых радыеактыўных рэчываў. Дастаўка іх у зону паражэння можа ажыццяўляцца з дапамогай авіябомбаў, распыляльных авіяц. прылад, беспілотных самалётаў, крылатых ракет і інш.
Баявыя рэчывы Р.з. — парашкі або растворы, якія маюць у сабе высокаактыўныя і караткадзейныя ізатопы хім. элементаў, здольных да іанізавальнага выпрамянення. Асн. крыніца іх атрымання — адходы ядз. рэактараў, а таксама апрамяненне спец. рэчываў у ядз. рэактарах. Знешняе і ўнутранае біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў выклікае ў чалавека прамянёвую хваробу або лакальнае пашкоджанне асобных органаў, таксічнае атручэнне (чалавек страчвае працаздольнасць, мае патрэбу ў працяглым лячэнні). Дзеянне Р.з. параўнальнае з дзеяннем радыеактыўных рэчываў на арганізм чалавека, жывёл, расліннасці, якія ўтвараюцца пры выкарыстанні ядзернай зброі і заражаюць навакольнае асяроддзе. Інтэнсіўнае і працяглае выпрамяненне выклікае гібельныя наступствы для жывёльнага і расліннага свету ў мясцовасці паражэння.
І.Г.Дазараў, У.Г.Шахаў.
т. 13, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ВЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
прэпараты (індывід, рэчывы, іх растворы і сумесі) з рэгламентаванымі саставам і ўласцівасцямі, прызначаныя для навук. даследаванняў і аналізу хімічнага. Р.х., якія выкарыстоўваюць у хім. рэакцыях пры аналізе і сінтэзе розных рэчываў, часта называюць рэагентамі. Вырабляюць Р.х. ў форме, якая забяспечвае надзейнасць захавання і зручнасць пры выкарыстанні. На этыкетках звычайна паказваюць таксічнасць, вогне- і выбухованебяспечныя ўласцівасці, а таксама ўмовы захоўвання і транспарціроўкі.
Большасць Р.х. кантралююць паводле 2—3, а некаторыя па значна большай колькасці характарыстык (напр., Р.х. для біял. даследаванняў больш чым па 20). Найважн, характарыстыка Р.х. — чысціня. Звычайна адрозніваюць «асабліва чыстыя», «хімічна чыстыя», «чыстыя для аналізу» і «чыстыя» Р.х. (найніжэйшая кваліфікацыя Р.х., маюць не менш як 98% асн. рэчыва). Ёсць спец. віды кваліфікацыі з рознымі патрабаваннямі да ступені чысціні Р.х., абумоўленымі галінамі іх выкарыстання, напр., «спектральна чыстыя», «аптычна чыстыя», «для храматаграфіі». Выпускаюць таксама Р.х. «гарантаванай чысціні» са спецыфікацыяй, у якой прыведзены даныя фактычнага хім. аналізу.
т. 13, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
караціно́іды
(ад карацін + -оід)
прыродныя фарбавальныя рэчывы (пігменты), якія ёсць у тканках вышэйшых раслін, водарасцях, грыбах, бактэрыях і прымаюць удзел у фотасінтэзе; да іх належаць карацін і ксантафіл.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ксіліды́ны
(ад гр. ksylon = ссечанае дрэва)
арганічныя злучэнні, цвёрдыя або вадкія бясколерныя рэчывы з пахам аніліну, выкарыстоўваюцца пры вырабе фарбавальнікаў, як паскаральнікі вулканізацыі каўчуку, як антыаксіданты і інш.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гумі́навы
(ад лац. humus, humi = зямля, глеба);
г-ыя кіслоты — арганічныя злучэнні, высокамалекулярныя аморфныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца пры вырабе свінцовых акумулятараў, як стымулятары росту раслін, састаўныя часткі ўгнаенняў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
нейрале́птыкі
(ад нейра- + гр. leptikos = які аблягчае)
лекавыя рэчывы, якія аказваюць супакойлівае дзеянне на цэнтральную нервовую сістэму і аслабляюць некаторыя сімптомы псіхозаў (трызненне, галюцынацыі, страх, трывогу і інш.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
парамагне́тыкі
(ад пара- + магнетыкі)
рэчывы, здольныя слаба намагнічвацца пад уздзеяннем знешняга магнітнага поля ў напрамку, які супадае з напрамкам сілавых ліній поля (напр. паветра, алюміній, плаціна і інш.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ферамо́ны
(ад гр. phero = нясу + hormao = прыводжу ў рух)
біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюцца жывёламі ў навакольнае асяроддзе і з’яўляюцца нюхальнымі сігналамі для іншых асобін таго ж віду.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
энцэфалагра́фія
(ад гр. enkephalos = мозг + -графія)
метад рэнтгенаграфічнага даследавання галаўнога мозгу, пры якім у поласць чэрапа ўводзяць паветра, кісларод або спецыяльныя рэчывы, што даюць выразны цень на рэнтгенаграмах.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)