1. Які мае адносіны да саматужнікаў, належыць ім. Саматужны я майстэрні. □ Вытворчасць саней — з даўняга часу вельмі пашыраны і скрозь вядомы саматужны промысел на Беларусі.«Помнікі».// Зроблены ўручную, не фабрычным спосабам. Дзядзька Марцін рэзаў сечку на саматужнай сячкарні, — відаць, збіраўся ехаць араць папар.Колас.// Недасканалы, прымітыўны па выкананню. Атрымалася [лістоўка] нягеглая з выгляду і нікога не ўзрадавала. Адразу кідалася ў вочы, што друк саматужны.Навуменка.
2.перан. Неарганізаваны, распылены, адасоблены. Галоўная рыса нашага руху, якая асабліва кідаецца ў вочы ў апошні час, гэта яго раздробленасць, яго саматужны, калі можна так сказаць, характар: мясцовыя гурткі ўзнікаюць і дзейнічаюць амаль зусім незалежна ад гурткоў у іншых месцах і нават (што асабліва важна) ад гурткоў, якія дзейнічалі і дзейнічаюць адначасова ў тых жа цэнтрах.Ленін.// Не падрыхтаваны належным чынам. [Шыянок:] — Мне здавалася, што я пагаварыў немаведама чаго. Нават баяўся, што сакратар парткома заўтра ўсыпле за маё саматужнае выступленне.Сабаленка.// Малакваліфікаваны. Адным словам, падрыхтоўка мая была неважнецкая, саматужная.Лужанін.[Пан Галыга:] — Ну! Музыка саматужны, Пакажыся, што за «грач».Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БОН (Bonn),
горад у Германіі, у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія; месца часовага знаходжання парламента і ўрада краіны. 296,9 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Рэйне. Міжнар. аэрапорт Кёльн-Бон. Прадпрыемствы паслуг, дакладнай механікі і оптыкі, эл.-тэхн., папяровай, фармацэўтычнай, паліграф., харч., тытунёвай, мэблевай, керамічнай, алюмініевай прам-сці. У Боне знаходзіцца гандл.-прамысл. палата ФРГ, шматлікія праўленні прамысл. і фін. канцэрнаў і інш. Раён Бад-Годэсберг — курорт з мінер. водамі. Ун-т (з 1818). Музеі: зямлі Рэйнланд, Гар.маст. збор Бона, Акад.маст. музей Бонскага ун-та, Дом-музей Л.Бетховена (нарадзіўся ў Боне), Бетховенгале, дзе кожныя 2 гады праводзіцца Міжнар.муз. фестываль, прысвечаны Бетховену (верасень).
Засн. ў 1 ст. рымлянамі. З 1286 горад. У 1273—1794 рэзідэнцыя кёльнскіх архіепіскапаў. У 1794 акупіраваны франц. войскамі, з 1814 у складзе Прусіі. У 1949—90 сталіца ФРГ. У 1969 да Б. далучаны суседнія гарады Бад-Годэсберг і Боель.
Стары горад моцна разбураны ў 1944—45. У пасляваенны час рэканструяваны, пабудаваны раён з урадавымі і адм. вышыннымі будынкамі. Помнікі архітэктуры: раманскі сабор Санкт-Касіус-унд-Фларэнцыус (1150—1224), гатычная царква св. Рэмігія (1274—1317), барочная царква Іезуітэнкірхе (1686—1717), палацы курфюрстаў (1697—1726, цяпер ун-т) і Попельсдорф (1715—56).
Да арт.Бон. Панарама горада.Да арт.Бон. Раён Бад-Годэсберг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙМАР, Ваймар (Weimar),
горад у ФРГ, у зямлі Цюрынгія. Размешчаны ў Цюрынгенскай катлавіне на р. Ін. 60 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Развіта камбайнабудаванне і выраб дакладных вымяральных прылад. Паліграф.прам-сць. У Веймары мемар. музеі: Нац. музей Гётэ, Паркавы дом Гётэ, Дом Шылера, Дом Ліста, а таксама Музей ням. л-ры, архіў Гётэ і Шылера, Ням.нац.т-р (1906—08), Вышэйшая школа архітэктуры і буд-ва (1904—07, арх. Х.К. ван дэ Велдэ). Каля Веймара — мемар. комплекс Бухенвальд. Турызм.
Упершыню ўпамінаецца ў 975. З 1254 горад. У 1573—1918 сталіца герцагства (з 1815 — Вял. герцагства) Саксен-Веймар-Айзенах. У 18—19 ст. адзін з асн.маст. і культ. цэнтраў Германіі. У Веймары працавалі І.С.Бах, І.Г.Гердэр, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, Ф.Ліст. У 1919 у Веймары прынята рэсп. канстытуцыя Германіі (гл. ў арт.Веймарская рэспубліка). Аблічча Веймара вызначаюць маляўнічыя паркі (найбольшы — парк Гётэ) і арх.помнікі 16—18 ст.: Дом Кранаха (каля 1526), Герцагскі палац (цяпер музей; перабудаваны ў 1790—1803 у стылі класіцызму), палац Бельведэр (1726—32) і інш.
Да арт.Веймар. Герцагскі палац (перабудаваны ў 1790—1803, цяпер музей з мастацкім зборам).Веймар. Старажытная плошча ў цэнтры горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬСК-ПАДЛЯ́СКІ (Bielsk Podlaski),
горад на ПнУ Польшчы, у Беластоцкім ваяв. 27 тыс.ж. (1992). Прадпрыемствы льноапрацоўчай, трыкат. прам-сці, па абслугоўванні сельскай гаспадаркі. Вытв-сць радыётэхн. зборачных вузлоў, камунальнага абсталявання, буд.метал. вырабаў. Бел. ліцэй. 11 сярэдніх і 6 пач. школ. Музей Мартыралогіі. Помнікі архітэктуры: барочны касцёл і кляштар кармелітаў (17 ст.), неакласіцыстычны касцёл канца 17 ст., драўляныя цэрквы 17—19 ст., ратуша (пасля 1779). Дзейнічае Бел.гіст.т-ва, Брацтва правасл. моладзі, Звяз бел. моладзі, Бел. саюз.
Упершыню згадваецца ў летапісе пад 1253 як месца збору войскаў галіцкага кн. Данілы Раманавіча супраць Міндоўга. Пасля 1320 у ВКЛ, у 1391—1413 у Мазовіі. У 1430 Бельск-Падляскі атрымаў ад Вітаўта гар. правы. З 1507 уладанне вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1562 у Бельск-Падляску праходзіў сойм ВКЛ, дзе абмяркоўваўся план будучай Люблінскай уніі 1569. З 1569 у Польскім каралеўстве. З 1720 уладанне Браніцкіх. З 1795 у Прусіі, з 1807 у Рас. імперыі, павятовы цэнтр Беластоцкай вобл., з 1842 у Гродзенскай губ. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіраваны герм. войскамі, у 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна Беластоцкай вобл. У 1941—44 акупіраваны ням. фашыстамі. З 1944 у Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., прыстань на Зах. Дзвіне. За 51 км ад Віцебска, 38 км ад чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. Вузел аўтадарог на Віцебск, Шуміліна, Улу, Лепель, Чашнікі, Сянно. 9,1 тыс.ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1447 (паводле А.П.Сапунова) або 1460 (паводле В.В.Турчыновіча). З пач. 16 ст. вёска Бешанковічы ўваходзіла ў Полацкае ваяв. З пач. 17 ст. мястэчка, з 1634 мелі магдэбургскае права. Са стараж. часоў вядома бешанковіцкая кераміка. З сярэдзіны 18 ст. Бешанковічы — горад, 5—6 тыс.ж. У канцы 18 ст. мястэчка ў Лепельскім пав. Паводле перапісу 1897 у Бешанковічах 4423 ж. У пач. 20 ст. цэнтр воласці. З крас. да вер. 1918 цэнтр Бешанковіцкага пав. З 1924 цэнтр раёна у Віцебскай акр. (да 1930), з 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл. 4,3 тыс.ж. (1939). З 6.7.1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бешанковічах і раёне 10 276 чал. У 1969 — 4,7 тыс.ж.
Прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль, Бешанковіцкая Ільінская царква. Курган Славы на ўшанаванне памяці сав. воінаў, партызанаў і землякоў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў, магілы ахвяраў фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКА́ЗНЬ,
вёска ў Цяцеркаўскім с/с Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., на беразе воз. Іказнь, на аўтадарозе Браслаў—Міёры. Цэнтр калгаса. За 15 км на У ад Браслава, 221 км ад Віцебска, 31 км ад чыг. ст. Міёры. 325 ж., 134 двары (1997).
У гіст. крыніцах вядома з 1499. У розны час належала Сапегам, Пронскім, Страбоўскім, Сіняўскім, Езлавецкім, Лапацінскім, Юндзілам і інш. У пач. 16 ст. пабудавана царква, якая ў сярэдзіне стагоддзя пераабсталявана ў кальвінскі збор. Мястэчка І. згадваецца ў «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» А.Гваньіні. У 16—18 ст. ў І. існаваў Іказненскі замак. У 1628 у мястэчку каля 600 ж., якія валодалі 126 валокамі зямлі. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Дзісенскага пав. Мінскай, пазней Віленскай губ. У вайну 1812 спалена французамі. У 1879 у І. 541 ж., касцёл, правасл. царква. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Перабродскай гміны Браслаўскага пав. У 1931 у І. 480 ж., 96 двароў, пач. школа, млын З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не. З 1970 у Цяцеркаўскім с/с. 268 ж., 88 гаспадарак (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Мікалаеўская царква (1905), касцёл (1912), вянковы двор (1909); помнік археалогіі — замчышча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР Існаваў з пач. 17 да сярэдзіны 20 ст. ў мяст. Койданава (цяпер г.Дзяржынск Мінскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 у стылі готыкі Крыштофам Мікалаем Радзівілам Перуном на месцы стараж. гарадзішча (вядомы пад назвай Койданаўскі замак). Пры буд-ве выкарыстана цэгла на вапнава-пясчанай рошчыне. У 1884 перабудаваны.
Мураваны прамавугольны ў плане храм зальнага тыпу з 5-граннай апсідай (абапал мела 2 сакрысціі) і 4-яруснай вежай-званіцай (2 васьмерыкі на 2 чацверыках). Асн. аб’ём, бакавыя сцены якога былі ўмацаваны контрфорсамі і прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, быў накрыты высокім 2-схільным гонтавым дахам, на якім узвышаўся купал з пазалочанымі флюгерамі. Вежа-званіца з гадзіннікам у верхнім ярусе завяршалася шатром, сцены праразалі высокія арачныя аконныя праёмы і круглыя байніцы. Тэрыторыя, абкружаная валамі і вадзяным ровам, была ўмацавана мураванай сцяной і 9 круглымі ў плане 2-яруснымі абарончымі вежамі (мелі па 6 байніц). Праз роў быў перакінуты драўляны мост вянковай канструкцыі з размаляванай балюстрадай. На тэр. збору знаходзіліся мураваны будынак плябаніі, драўляныя будынкі 2-класнай кальвінскай школы (існавала да сярэдзіны 19 ст.), шпіталя, жылыя і гасп. пабудовы. У К.к.з. захоўвалася Брэсцкая біблія 1563. Комплекс моцна пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, пазней разабраны.
Літ.:
Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПО́ЛЛЕ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл., у вярхоўі р. Тур’я і на правабярэжжы р. Маластоўка. За 109 км ад Магілёва, 51 км ад чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча. Вузел аўтадарог на Чэрыкаў, Касцюковічы, Чачэрск, Слаўгарад. 5,9 тыс.ж. (1998).
Вядома з 1784 як мяст. Маластоўка Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цэнтр Краснапольскай вол. Назву атрымала ад суседняга маёнтка за 1 км ад мястэчка. У 1890 у К. 2310 ж., 412 дамоў, царква, 3 гарбарні, 9 маслабойняў, бровар, млын, аптэка, 60 крам, 4 кірмашы ў год. Належала графам Бенкендорфам. У 1898—3248 ж. З 1924 цэнтр Краснапольскага раёна Калінінскай, з 1927 — Магілёўскай акругі. З 27.9.1938 гар. пасёлак, раённы цэнтр Магілёўскай вобл. У 1939—3572 ж. З 15.8.1941 да 1.10.1943 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 1302 чал., дзейнічала Краснапольскае патрыятычнае падполле.
Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў прам-сці. 2 сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, Магіла ахвяр фашызму. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. К. знаходзіцца ў зоне, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). У 1996 устаноўлены помнік «Чорная быль Краснапольшчыны».
Цэнтральная плошча гарадскога пасёлка Краснаполле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ЗГА (Glasgow),
горад у Вялікабрытаніі, на З Шатландыі. Знаходзіцца на Сярэднешатландскай нізіне, на р. Клайд за 35 км ад яе вусця. Адм. ц. раёна Стратклайд і гал. горад канурбацыі Клайдсайд. 684,3 тыс.ж., у межах канурбацыі больш за 1,5 млн.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог, гандл. цэнтр і марскі порт. Аэрапорт. На прадпрыемствах Глазга сканцэнтравана больш за 1/3 усіх занятых у прам-сці Шатландыі. Металургічная вытв-сць на базе мясц. каменнага вугалю і прывазной жал. руды. Буйнейшы суднабуд. раён краіны. Суднарамонт. Прадпрыемствы Глазга выпускаюць таксама суднавыя рухавікі, катлы, турбіны. Развіта лакаматывабудаванне, электратэхніка, станкабудаванне, авія- і аўтабудаванне. Прам-сцьхарч., тытунёвая, швейная, паліграф., тэкст., у т. л.вытв-сць дываноў. Метрапалітэн. Ун-т. Шатл.муз. акадэмія. Маст. галерэі і музей Глазга. Гатычны сабор (12—16 ст.), інш.арх.помнікі.
Засн. ў 6 ст. У сярэднявеччы невял. рыбацкае паселішча, з 1178 горад. У 1451 адкрыты ун-т. У 1636 атрымаў статус каралеўскага горада. У 14 і 17 ст. неаднаразова быў зруйнаваны у час войнаў з англічанамі. Пасля заключэння шатландска-англ. уніі 1707 — цэнтр гандлю, з сярэдзіны 18 ст. — важнейшы прамысл. і партовы горад Вялікабрытаніі. З 19 ст. буйны цэнтр рабочага руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТ (Тэадор) (Фёдар Яўхімавіч; 8.11.1784, в. Шаўры Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 26.11.1864),
гісторык і археолаг. Скончыў Віленскі ун-т (1803). У 1803 прыняты ў Пецярбургскі кадэцкі корпус. Удзельнік руска-пруска-французскай (1806—07) і руска-шведскай (1808—09) войнаў (капітан рас. арміі, ваен. інжынер). Мяркуюць, што ён з’яўляецца аўтарам праекта Бабруйскай крэпасці і ўдзельнікам яе буд-ва. З 1812 у адстаўцы, даследаваў гісторыю ВКЛ. Вёў раскопкі ў Падняпроўі. Першы ў Беларусі даў вызначэнне курганам як месцам стараж. пахавання. У 1820 адкрыў ямнае пахаванне недалёка ад Шаўраў (Лідскі пав.). Апісаў руіны крэпасці на Нёмане каля в. Лыскава Гродзенскага пав., даследаваў Лідскі замак. Збіраў і вывучаў помнікі археаграфіі. Адшукаў у Старым Быхаве адну з першых хронік 16 ст. Аўтар фундаментальнага твора «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41). Увёў у навук. ўжытак шэраг крыніц, у т. л.Хроніку Быхаўца (1846). Сабраў багатую калекцыю археал. матэрыялаў. Апублікаваў шэраг артыкулаў (пераважна ў «Гродненских губернских ведомостях») пра Ліду, Навагрудак, Індуру і інш. Займаўся пытаннямі стараж. міфалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі.
Літ.:
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.