сямейства караткавусых круглашоўных насякомых атр. двухкрылых. Каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у траве на лугах, узлесках, балотах. Большасць лічынак жыве ўнутры сцёблаў злакаў і асок, на суквеццях, утвараюць галы. На Беларусі каля 100 відаў, найб. вядомыя з родаў шведскіх мух (Oscinella), зеленавочак (Chlorops), мераміз (Meromyza).
Даўж. 1—8 мм. Цела шэрае, чорнае, зеленаватае або жоўтае з чорнымі палосамі. За год 1—5 генерацый. Лічынкі большасці З.м. расліннаедныя, могуць пашкоджваць сцёблы і насенне злакаў; ёсць сапрафагі; некат. драпежныя, жывуць у яйцавых коканах павукоў, багамолаў, у глебе на каранёвых тлях і інш. Некат. віды ў тропіках — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЯЕ́Д
(Circaetus gallicus або С. ferox),
птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Паўд.-Зах. Сібіры, Паўн. Манголіі. Жыве ў мясцінах, дзе лясныя масівы перамяжоўваюцца адкрытымі прасторамі. На Беларусі рэдкі гнездавальны від, пераважна на Палессі і Паазер’і; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 73 см, маса да 2 кг, размах крылаў да 1,95 м. Зверху шаравата-буры, знізу — белы з рэдкімі стракацінамі, горла і валляк цёмныя, хвост паласаты. Гнёзды на высокіх дрэвах, скалах. Нясе 1 яйцо. Корміцца пераважна змеямі (адсюль назва), вужамі, яшчаркамі, жабамі. Зімуе ў Паўд.-Зах. Азіі, Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКУТ
(Aquila chrysaëtos),
драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў лясных, горных і пустынных раёнах Еўразіі, Паўн. Афрыкі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдкі від, адзначаны ў Бел. Паазер’і і на Палессі. У час вандровак і пралёту трапляецца часцей. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. 80—95 см, размах крылаў да 2 м, маса да 6,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне цёмна-бурае, знізу святлейшае з дамешкам залаціста-рыжаватага колеру. Пер’е на патыліцы і ззаду шыі залаціста-жоўтае. Цэўка аперана да пальцаў. Дзюба і лапы дужыя, жоўтыя. Кіпцюры вялікія, чорныя. Гнёзды на высокіх дрэвах і скалах. Корміцца млекакормячымі, птушкамі, земнаводнымі, мярцвячынай. Выкарыстоўваецца як лоўчая птушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЭ́РЫЯ
(Vaucheria),
род ніткаватых жоўта-зялёных водарасцей сям. вашэрыевых. Больш за 60 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. Жывуць у прэсных і марскіх вадаёмах, на вільготнай глебе ўтвараюць зялёныя аксамітныя дзернавінкі. На Беларусі ў азёрах і невял. вадаёмах трапляецца 1 таксанамічна не вызначаны від.
Ніткі тонкія, трубчастыя, слабаразгалінаваныя, зялёныя або жоўта-зялёныя, без перагародак (уяўляюць сабой адну вял. шмат’ядравую клетку), прымацаваныя да субстрату рызоідамі. У цэнтр.ч. вакуоля з клетачным сокам. Хларапласт дыскападобны, без пірэноіда. Запасное рэчыва — алей. Бясполае размнажэнне апланаспорамі, зааспорамі і цыстамі, палавое — аагамія. Палавыя органы — аагоніі і антэрыдыі (асн. сістэматычная прыкмета роду), утвараюцца на бакавых галінках. Вегетатыўнае размнажэнне бывае рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ-ФОЛС
(Victoria Falls),
нацыянальны парк у Зімбабве, у бас.р. Замбезі. Засн. ў 1952 (з 1931 рэзерват, з 1939 запаведнік). Пл. 1900 тыс.га. Гал. аб’ект аховы — ландшафты вакол вадаспада Вікторыя. Размешчаны на прылеглай да вадаспада плошчы ўздоўж цячэння р. Замбезі, у паўн.ч. змыкаецца з нац. паркам Мосі-Оа-Тунья (Замбія). Расліннасць — дажджавыя і галерэйныя лясы, што складаюцца пераважна з розных відаў пальмаў, бамбуку, дрэвападобных папарацей, а таксама пустынная расліннасць Паўн. Калахары. Для фауны звычайныя слон, бегемот, афр. буйвал, жырафа, антылопы, малпы, кракадзіл, леў, леапард, гіены, насарог, зебры; больш як 200 відаў птушак; шматлікія яшчаркі, змеі; пашыраны розныя віды мурашак і тэрмітаў. Цэнтр турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́НІЯ
(Begonia),
род кветкавых раслін сям. бягоніевых. Каля 900 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных лясах Амерыкі, Афрыкі і Азіі. На Беларусі шмат відаў вырошчваюць у аранжарэях, цяпліцах, пакаёвай культуры (напр., бягонія каралеўская — В. rex, Крэднера — В. credneri, металічная — В. metallica, Мэсона — В. masconiana, срэбраплямістая — В. argenteo-quttata і інш.) і адкрытым грунце (напр., бягонія гібрыдная — В. tuberhybrida, заўсёдыквітучая — В. semperflorens і інш.).
Шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым карэнішчам або клубнем, рэдка кусты або ліяны. Лісце звычайна простае, асіметрычнае, на чаранках. Кветкі розных памераў і афарбоўкі, звычайна яркія, аднаполыя, адзіночныя ці ў суквеццях. Плод — сухая каробачка з дробным насеннем. Дэкар. расліны (адрозніваюць кустовыя, клубневыя і лісцевыя бягоніі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАЛЮ́БЫ
(Hydrophilidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. У сусв. фауне больш за 4 тыс. відаў, пашыраных на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 100 відаў. Жывуць у вадзе, берагавым пяску, у гнаі, у раслінных рэштках. Найб.пашыраны вадалюб вялікі (Hydrous aterrimus), вадалюб чорны (H. piceus), вадалюб малы (Hydrophilus caraboides), вадалюб гноевы (Sphaeridium scrabaeoides).
Даўж. 1—50 мм. Цела пукатае, бліскучае, чорнае, зеленавата-чорнае або з плямістым малюнкам. Некат. добра лятаюць і плаваюць. Водныя формы дыхаюць атм. паветрам. Самкі ўтвараюць яйцавыя коканы, куды адкладваюць да 50 яец. Акукліваюцца сярод водных раслін або ў глебе. Лічынкі драпежныя, дарослыя — расліннаедныя. Шэраг відаў — гаспадары паразітычных чарвей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДРО́ЎКІ ЖЫВЁЛ,
адносна недалёкія і кароткатэрміновыя перамяшчэнні жывёл у пошуках корму, месцаў адпачынку, зімовак, сховішчаў і інш. Пры вандроўках, у адрозненне ад міграцыі жывёл, вобласць, у якую перамяшчаюцца жывёлы, мяжуе або часткова супадае з вобласцю, дзе яны знаходзіліся да пачатку перамяшчэння (звычайна месцы размнажэння). Вандроўкі жывёл пераважна прымеркаваны да сезона года, часу сутак. Пашыраны сярод горных млекакормячых і птушак; у многіх птушак (гракі, шпакі) адбываюцца перад сезонным пералётам, у інш. (снягір, сініцы) — усю восень і зіму. Некаторыя беспазваночныя штодзень перамяшчаюцца з аднаго яруса расліннасці ў іншы, водныя беспазваночныя — з адной глыбіні на другую (у залежнасці ад т-ры, вільготнасці, асветленасці і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНІ́ЛЬ
(Vanilla),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 110 відаў. Пашыраны ў тропіках. Некалькі відаў, пераважна ваніль духмяная, або пляскаталістая (V. fragrans), помпавая (V. pompona) і таіцянская (V. tahitensis), культывуюцца ў трапічных краінах для атрымання пладоў, у якіх ёсць ванілін. На Беларусі як дэкар. расліны вырошчваюцца ў аранжарэі Цэнтр.бат. саду АН Беларусі і аматарамі.
Наземныя або эпіфітныя шматгадовыя травяністыя ліяны. Сцябло доўгае, лазячае з дапамогай шматлікіх паветр. каранёў. Лісце простае, сядзячае, бліскучае. Кветкі пераважна белавата-жоўтыя або белавата-зеленаватыя, сабраныя па 15—20 у суквецці. Плод — доўгая струкападобная каробачка з шматлікім вельмі дробным насеннем. Харч., дэкар. і лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКА́РКА,
бухарка (Coenorrhinus), род насякомых сям. трубакрутаў атр. жукоў. 11 відаў. Пашыраны ў Еўропе (акрамя Пн), Іране, Турцыі, у Прыморскім краі; на Беларусі — усюды. Найб. вядома букарка пладовая (С. pauxillus).
Даўж. цела 1,8—3 мм. Надкрылы цёмна-сінія з метал. бляскам, укрыты валаскамі і падоўжнымі кропкавымі баразёнкамі. Галава-трубка моцна выгнутая. Лічынка даўж. да 3 мм, светла-жоўтая з цёмнай галавой, бязногая, выгнутая. Кукалка жаўтавата-белая, даўж. 2,5—3 мм. Зімуюць жукі ў глебе. Вясной яны праколваюць хабатком пупышкі, бутоны і лісце яблыні, грушы, слівы, радзей айвы, вішні, чаромхі і інш., выядаюць завязь, тычынкі, маладое кволае лісце, якое засыхае і ападае; таксама шкодзяць раслінам і лічынкі.