КІСЯЛЁЎ (Фёдар Сцяфанавіч) (н. 15.9.1946, в. Іванава Слабада Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. акварэліст; прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1971). Выкладаў у Магілёўскім культ.-асв. вучылішчы (1973—79). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «Вартавыя неба» (1973), «У краі азёрным» (1976), серыя «Рытмы Лаўсанбуда» (1978), «Зямля рэчыцкая» (1979), «Ляўкі. Дарога да паэта» (1982), «Полацк, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр» (1988), «Ноч у Гімраку» (1991), «Паводка ў Падніколлі» (1993), «Лідскі замак» (1996), «Восеньская вясёлка» (1997). Асн. роля ў стварэнні лірычнага або рамант. вобраза прыроды, арганізацыі эфектнай рытмічнай структуры кампазіцыі належыць дынамічным, падкрэслена вольным і лёгкім спалучэнням колераў.

М.​Л.​Цыбульскі.

Ф.Кісялёў. Паводка ў Падніколлі. 1993.

т. 8, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ЧАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й ЛЕ́СУ Засн. ў 1967, адкрыты ў 1969 у г.п. Клічаў Магілёўскай вобл. як музей нар. славы, з 1998 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 370 м², больш за 4 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: чалавек і зямля, чалавек і лес, чалавек і рака. Сярод экспанатаў таксама археал. знаходкі (пацеркі, скроневыя кольцы, прылады працы, фрагменты глінянага посуду) з раскопак на тэр. раёна, прадметы культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., вырабы Клічаўскага шклозавода (1901—14), рэчы з асабістага фонду вучонага-географа А.​А.​Смоліча, матэрыялы пра стварэнне і дзейнасць у Вял. Айч. вайну падполля і партыз. руху, творы графікі і жывапісу. Філіял музея — Усакінскі мемарыяльны комплекс.

Л.​Л.​Ачыновіч.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАПО́ЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з крас. 1942 да вер. 1943 на тэр. Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. Кіраўнік С.​П.​Паршын. Складалася з жыхароў г.п. Краснаполле, в. Вял. Хутары, Маластоўка, Турэйск і б. ваеннаслужачых (усяго 18 чал.). Падпольшчыкі трымалі сувязь з 41-м партыз. атрадам і 47-й партыз. брыгадай «Перамога», перадавалі ім разведданыя, атрымлівалі ад іх лістоўкі і газеты, запісвалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, друкавалі іх на машынцы і распаўсюджвалі сярод насельніцтва, знішчылі тэлеф. сувязь у паліцыі і камендатуры. 7.11.1942 падпольшчыку І.​П.​Галярку, што працаваў тэхнікам на мясц. радыёвузле, удалося настроіць апаратуру на Маскву і ўключыць у трансляцыйную сетку; акупанты арыштавалі і павесілі патрыёта.

т. 8, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУКО́ЎСКІ (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 6.3.1937, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),

бел. мастак-плакатыст. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1972). З 1979 маст. рэдактар час. «Маладосць», у 1982—84 — «Мастацтва Беларусі», з 1989 — «Спадчына». Аўтар плакатаў: «Помнікі архітэктуры — нацыянальны скарб» (1973), «Назаўсёды ў памяці народа» (1974), «У бітвах за волю, у бітвах за долю!..» (1980), трыпціх «Дзень X» (1996), «Што ж мы за людзі?» (1998), а таксама шэрагу плакатаў, прысвечаных славутым дзеячам Беларусі: Ф.​Скарыне, Міколе Гусоўскаму, В.​Цяпінскаму, К.​Каліноўскаму, Цётцы (А.​Пашкевіч), М.​Багдановічу, Я.​Купалу, Я.​Коласу, І.​Луцкевічу, Я.​Драздовічу і інш. Творы адметныя лаканізмам адлюстравання, выразнасцю колеру, трапнасцю сюжэта.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Крукоўскі. Зверанят, нібы братоў малодшых... 1972.

т. 8, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1959, адкрыты ў 1961 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. на базе матэрыялаў, сабраных гісторыкам М.Ф.Мельнікавым. Пл. экспазіцыі 318 м², больш за 17 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў знаходкі з археал. раскопак Крычаўскага замка, калекцыі манет ВКЛ, Рэчы Паспалітай, зброі 11—19 ст., звон 1748, адліты ў Крычаве, матэрыялы пра Грунвальдскую бітву 1410, Крычаўскае паўстанне 1743—44, Крычаўскую суднаверф, стварэнне і дзейнасць партыз. руху і падполля ў час Вял. Айч. вайны. Захоўваюцца асабістыя рэчы ўраджэнцаў Крычаўшчыны М.​С.​Кісялёва, І.І.Гусакоўскага, А.Я.Смалякова і інш., калекцыі нар. адзення, прылад працы і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., вырабы мясц. ганчароў, творы прыкладнога мастацтва, жывапісу.

Н.​М.​Марозава.

т. 8, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРО́Ў (Георгій Лаўрэнцьевіч) (10.1. 1896, в. Балахнята Сафонаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 24.5.1967),

расійскі і бел. архітэктар. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1926). Працаваў у Маскве, у 1928—34 у Мінску. Работы на Беларусі: гал. корпус і карпусы ф-таў БДУ (1928—31), клінічны гарадок (1931), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Беларуская політэхнічная акадэмія, лабараторны корпус і друкарня імя Ф.​Скарыны Нац. АН Беларусі (1934) — усе ў Мінску, інтэрнат і навук. корпус Бел. с.-г. акадэміі ў г. Горкі Магілёўскай вобл. (1930—33), будынак кінатэатра ў Оршы (1932). Сярод інш. работ: кінастудыі ў г. Алматы, Ашгабаце, Бішкеку (1956—59, у сааўт.), кінатэатры ў Бухарэсце (1956), Сафіі (1958) і інш.

А.​А.​Воінаў.

т. 9, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАХВА́,

рака ў Шклоўскім, Магілёўскім і Быхаўскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 90 км. Пл. вадазбору 731 км². Пачынаецца за 1 км на ПнУ ад в. Старая Вадва Шклоўскага р-на. Асн. прытокі: Лахвіца, Жыварэзка, Праціўніца (справа). Цячэ пераважна па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. ад 500—800 м у верхнім цячэнні да 1—1,5 км у ніжнім. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, выш. да 25 м. Пойма двухбаковая, слабаперасечаная. Рэчышча каналізаванае на З участках агульнай працягласцю каля 22 км. На астатнім працягу рэчышча звілістае, шыр. 15—20 м, месцамі да 40 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,4 м³/с. На рацэ зона адпачынку Лахва.

т. 9, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА ПАВІТУ́Х,

спецыяльная мед. навуч. ўстанова для падрыхтоўкі павітух у 1865—1917 у Магілёве. Падпарадкоўвалася Мін-ву ўнутр. спраў. У 1875 набыла статус цэнтральнай для Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губ. Тэрмін навучання 3—4 гады. Існавалі 2 падрыхтоўчыя і 2 спец. класы. Выкладаліся: Закон Божы, рус. і лац. мовы, арыфметыка, фізіка, анатомія і фізіялогія, малая хірургія, агульная паталогія, фармакалогія і рэцэптура, акушэрства, гінекалогія, гігіена. Прымаліся асобы жаночага полу ад 18 да 25 гадоў, пераважна сял. паходжання, якія падзяляліся на пансіянерак і вольных слухачак. Выпускніцы-пансіянеркі павінны былі адпрацаваць па 1,5 года за кожны год навучання ў якасці сельскіх павітух у губерні, якая іх утрымлівала.

Н.​Я.​Новік.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІМЕ́НКА (Мікалай Васілевіч) (н. 15.9.1942, в. Ліпень Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1994). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1965). З 1974 у Гомельскім ун-це. Навук. працы па фізіцы эл.-магн. узаемадзеянняў адронаў у састаўных мадэлях рэлятывісцкай квантавай тэорыі поля. Распрацаваў падыход да апісання палярызавальнасці адронаў, атрымаў ураўненні для звязаных сістэм зараджаных часціц у эл.-магн. полі.

Тв.:

Поляризуемость и гирация элементарных частиц (разам з Л.​Р.​Марозам) // Вопр. атомной науки и техники. Сер. Общая и ядерная физика. 1979. Вып. 4 (10);

Эффект релятивистского «дрожания» кварков в электрической поляризуемости мезонов (разам з С.​Р.​Шульгой) // Ядерная физика. 1993. Т. 56, вып. 6.

т. 9, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЦЭ́ВІЧЫ,

удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, браты: Міхаіл Аляксандравіч (1.7.1840—18.6.1863) і Іван Аляксандравіч (Ян-Алаіз; 2.8.1841—18.6. 1863). З дробнай бел. шляхты Магілёўскай губ. Скончылі Полацкі кадэцкі корпус (1859, 1861). У чыне прапаршчыкаў накіраваны на службу ў артыл. брыгады ў Магілёў. Напярэдадні ўзбр. выступлення на Магілёўшчыне, прызначанага на 23.4.1863, уцяклі з часці, прыбылі на зборны пункт каля в. Чарнаручча і прынялі ўдзел у фарміраванні і дзеяннях Чарнаруцкага (Магілёўскага) атрада. Пасля разгрому атрада ўрадавымі войскамі 27.4.1863 каля в. Славені (Талачынскі р-н) трапілі ў палон. Паводле прысуду ваен. трыбунала «за парушэнне воінскай прысягі» публічна расстраляны ў Магілёве разам з І.Анцыпам і У.​Корсакам.

Г.В.Кісялёў.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)