машыны са спец. рабочымі органамі для выканання адной або некалькіх аперацый тэхнал. працэсу меліярац. работ. Выкарыстоўваюцца для буд-ва, рамонту і догляду арашальных сістэм, асушальных сістэм, выканання аграмеліярац. работ, паліву с.-г. культур. Бываюць: бесперапыннага і цыклічнага дзеяння; з актыўнымі (ратацыйнымі, шнэкавымі, каўшовымі, камбінаванымі), пасіўнымі (плужнымі, адвальнымі) ці актыўна-пасіўнымі (ротарна-плужнымі, скрабалкава-нажавымі) рабочымі органамі; навясныя, прычапныя, паўпрычапныя, самаходныя, гусенічныя, колавыя, на лыжах, плывучыя.
Сістэма М.м. складаецца з 8 груптэхн. сродкаў, кожная група ўключае тэхнал. комплексы. Энергетычныя, транспартныя і пагрузачныя сродкі ўключаюць: дызельныя электрастанцыі і кампрэсарныя станцыі (устаноўкі); трактары гусенічныя і колавыя, самаходныя шасі — як база для бульдозераў, рыхліцеляў, для агрэгатавання з меліярац. і с.-г. прыладамі; аўтамабілі грузавыя, седлавыя цягачы, спец. — аўтамабілі-фургоны, -цыстэрны, -змяшальнікі, цэментна-, бетона-, труба- і лесавозы, механізаваныя агрэгаты для тэхн. догляду, прычэпы; аўтамаб. і гусенічныя краны, пагрузчыкі, трубаўкладчыкі. Агульнабудаўнічыя тэхнічныя сродкі для механізацыі меліярацыйных работ: аднакаўшовыя і траншэйныя экскаватары, бульдозеры, скрэперы, аўтагрэйдэры і грэйдэры, каткі, палівачныя машыны, рыхліцелі, земснарады, машыны для буд-ва, абслугоўвання і рамонту свідравін. Машыны для будаўніцтва арашальных і асушальных сістэм: каналакапальнікі, дрэнажныя машыны, планіроўшчыкі, баразнаробы, машыны для абліцоўкі каналаў, умацавання адхонаў і інш.Машыны для культуртэхнічных работ; карчавальныя машыны, кустарэзы, каменяўборачныя машыны, драбілкі камянёў, балотныя плугі, рыхліцелі, бароны, фрэзерныя машыны, каткі палявыя і дарожныя, машыны для аэрацыі, сяўбы і інш.Машыны для догляду і рамонту арашальных і асушальных сістэм: каналаачышчальныя машыны, касілкі, дрэнапрамывачныя машыны, агрэгаты для рамонту дрэн, для догляду гідратэхн. збудаванняў і інш.Тэхніка для арашэння: дажджавальныя машыны і ўстаноўкі, камплекты кропельнага арашэння, перасоўныя агрэгатныя палівальшчыкі, гідрападкормшчыкі, прыстасаванні для ўнясення пестыцыдаў і мінер. угнаенняў, помпавыя станцыі і інш.Абсталяванне для пошукавых работ: буравыя ўстаноўкі, прыстаўкі для статычнага зандзіравання, грунтапомпы для плывунных і воданасычаных грунтоў. Ветраэнергетычныя агрэгаты і ўстаноўкі: водападымальныя ўстаноўкі, ветраагрэгаты для ўстановак пашавага водазабеспячэння, ветраэлектрычныя агрэгаты.
Прадпрыемствы Беларусі (Мазырскі завод меліярацыйных машын, эксперыментальна-вытв. прадпрыемства меліярацыі і лугаводства Беларускага НДІ, рамонтныя прадпрыемствы Беларускага дзяржаўнага канцэрна па будаўніцтве і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм) выраблялі або вырабляюць і цяпер многія М.м.: каналаачышчальнікі, каналакапальнікі, кротадрэнажныя машыны, кратавальнікі, шчылінарэзныя машыны, карчавальнікі. кустарэзы, гідрасеялкі, машыны для прамыўкі дрэн, касілкі, планіроўшчыкі і інш.
Літ.:
Машины для строительства и содержания осушительных дрен. М., 1973;
Машины и оборудование для планировки откосов мелиоративных каналов. М., 1978;
Мелиоративные машины. М., 1980;
Справочник механизатора-мелиоратора. Мн., 1982;
Кондратьев В.Н. Гидравлические сеялки для укрепления каналов. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЛО́ДКА,
баявы карабель, здольны апускацца і працяглы час дзейнічаць у падводным становішчы. Прызначаны для знішчэння караблёў і суднаў праціўніка, паражэння яго наземных аб’ектаў, пастаноўкі мінных загарод, вядзення разведкі, высадкі дыверсійных груп і выканання інш. задач, што патрабуюць скрытнасці і раптоўнасці. Існуюць таксама П.л. для навук. даследаванняў.
Першы эскіз праекта П.л. зрабіў Леанарда да Вінчы. Спробы пабудовы П.л. зроблены ў Вялікабрытаніі галандскім вучоным К. ван Дрэбелем (1620), у Расіі Я.Ніканавым (1724), у Паўн. Амерыцы Д.Бушнелем (1776), у Францыі Р.Фултанам (1801), у Германіі В.Баўэрам (1850). Мінскі дваранін К.Г.Чарноўскі прапанаваў праект метал. П.л. з перыскопам (1829), які рэалізаваў К.А.Шыльдэр (1834). Да пач. 20 ст. многія марскія дзяржавы пачалі буд-ва баявых П.л. Шырока выкарыстоўваліся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны (гл.Падводная вайна).
П.л. мае стальны герметычны абцякальны корпус цыгара-, шара- ці кроплепадобнай формы Бывае аднакорпуснай (без лёгкага корпуса), паўтаракорпуснай (лёгкім корпусам часткова ахопліваецца моцны корпус) і двухкорпуснай (моцны корпус ахоплены лёгкім корпусам). Моцны корпус здольны вытрымаць вонкавы ціск вады на вял. глыбіні. П.л. ўнутры падзелена воданепранікальнымі перагародкамі на 4—8 адсекаў. У моцным корпусе размяшчаюцца экіпаж, зброя, механізмы, розныя сістэмы і ўстройствы, паліва, запасы прэснай вады і інш. Лёгкі корпус служыць для надання П.л. абцякальных абводаў, размяшчэння цыстэрнаў, трубаправодаў, якарных і інш. прыстасаванняў. Для апускання П.л. баластныя цыстэрны запаўняюць вадой, для ўсплывання іх прадзімаюць сціснутым паветрам. П.л. пад вадой кіруюць верт. (па напрамку) і гарыз. (па глыбіні) рулямі. Паводле гал.энергет. установак П.л. падзяляюцца на атамныя і дызельныя (дызель-акумулятарныя). Атамная мае ядз.энергет. ўстаноўку, можа знаходзіцца пад вадой некалькі месяцаў; дызельная ў надводным стане рухаецца з дапамогай дызеляў, пад вадой — электрарухавікоў, што сілкуюцца ад акумулятарных батарэй. Для сачэння за гарызонтам, вадой і паветрам П.л. мае перыскоп. Паводле асн. ўзбраення П.л. падзяляюцца на тарпедныя, ракетныя (з міжкантынент. балістычнымі або крылатымі) і ракетна-тарпедныя, паводле прызначэння — на стратэг. і шматмэтавыя. Аснашчаны гідраэлектроннай, радыёэлектроннай, радыёлакацыйнай і інш. апаратурамі. Дызельныя П.л. (водазмяшчэнне да 10 тыс. тон) маюць глыбіню апускання да 300 м, скорасць руху пад вадой 20 вузлоў (37 км/гадз); атамныя стратэг. (водазмяшчэнне да 26 тыс.т) — глыбіня апускання да 500 м і больш, скорасць руху пад вадой да 36 вузлоў (да 66,7 км/гадз). Гал. кірункі развіцця і ўдасканалення П.л.: павелічэнне глыбіні апускання, скорасці ходу, далёкасці і аўтаномнасці падводнага плавання, зніжэнне шуму, удасканаленне ўзбраення, радыёэлектроннага абсталявання і інш. П.л. знаходзяцца на ўзбраенні ЗША, Расіі, Кітая і інш.
Л.А.Пенязь, В.М.Пташнік.
Атамная падводная лодка «Акула» (Расія).Разрэз атамнай ракетнай падводнай лодкі тыпу «Агайо» (ЗША): 1 — баластныя цыстэрны; 2 — адсек галоўных і дапаможных агрэгатаў; 3 — рэактарны адсек; 4 — ракетны адсек; 5 — навігацыйныя прылады; 6 — жылыя памяшканні; 7 — цэнтральны пост; 8 — акумулятарныя батарэі; 9 — тарпедны адсек; 10 — гідраакустычная антэна; 11 — перыскоп і антэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫХ ВЫЛІЧА́ЛЬНЫХ МАШЫ́Н НДІМіністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь,
навукова-даследчае рэсп. унітарнае прадпрыемства. Засн. ў 1958 на базе Мінскага праектнага бюро, створанага на аснове СКБ Мінскага з-да ЭВМ; у 1969 пераўтвораны ў Мінскі філіял Н.-д. цэнтра ЭВТ (Масква), з 1972 сучасная назва. У структуру ін-та ўваходзяць аддзяленні: навук.-тэхн. ЭВМ, ПЭВМ і выліч. комплексаў; н.-д. матэматычнае; н.-д. электроннае; інж.навук.-вытв.; навук.-вытв. мікраэлектронікі; а таксама цэнтр камп’ютэрнай бяспекі і сертыфікацыі сродкаў вылічальнай тэхнікі (СВТ); цэнтр стандартызацыі і менеджменту якасці; доследная вытв-сць.
Асн. кірункі навук. даследаванняў і дзейнасці: стварэнне сучасных ЭВМ, у т. л. суперЭВМ з кластэрнай арганізацыяй, ЭВМ універсальных шырокага выкарыстання, ахаваных, персанальных і інш., вылічальных комплексаў і ўстройстваў спец. прызначэння, мікраэлектронных устройстваў, сістэмных і прыкладных праграмных сродкаў, прыкладных сістэм апрацоўкі даных, сістэм кантролю доступу і шматузроўневай аховы аб’ектаў; распрацоўка метадаў і сродкаў аховы інфармацыі; удасканаленне метадаў і сістэм праектавання і кіравання стварэннем СВТ. Вынікам н.-д. і доследна-канструктарскіх работ стала стварэнне і ўкараненне ў вытв-сць: шэрагу ЭВМ серыі «Мінск» («Мінск-1», «Мінск-2», ... «Мінск-32»), у 1960—75 выраблена больш за 4 тыс.ЭВМ; больш за 10 мадэлей адзінай сістэмы і комплексаў на іх базе (ЕС-1020, ЕС-1021, ЕС-1130 і інш.), у 1971—84 — больш за 9 тыс. машын і комплексаў, або 70% камп’ютэрнага парка СССР; шэрагу персанальных ЭВМ (ЕС 1840, ЕС 1841 ... ВМ 2002 і інш.), з 1984 больш як 30 мадэлей забяспечвалі поўную праграмную сумяшчальнасць з персанальнымі камп’ютэрамі лініі Intel і былі найб. масавымі ў СССР (да 1991 выраблена 150 тыс. машын). Яны падрыхтавалі аснову для шырокага і хуткага авалодання сучаснымі СВТ карыстальнікамі розных прафес.груп. Створаны: знешнія ўстройствы і сістэмы, устройствы тэхн. дыягностыкі, камп’ютэрныя сістэмныя і партатыўныя касавыя апараты і інш. За апошняе дзесяцігоддзе ў ін-це распрацаваны: ахаваныя СВТ для апрацоўкі сакрэтнай інфармацыі для выкарыстання ў дзярж. установах і арг-цыях, ва ўзбр. сілах і сілавых ведамствах; ЭВМ рознага базіравання (стацыянарныя, аўтамаб., пераносныя); універсальныя ЭВМЕС 1230 і інш.; тры пакаленні ўстройстваў пасаж. аўтаматыкі для Мінскага метрапалітэна; першы рад суперкамп’ютэраў у адпаведнасці з рас.-бел. праграмай «СКІФ»; аўтаматызаваная сістэма пагранічнага кантролю АСПК-Дазор і інш.
У ін-це працуюць (працавалі) Ю.Р.Бастанджан (гл. Дадатак), Э.В.Кавалевіч, Г.П.Лапато, М.А.Мальцаў, В.У.Пржыялкоўскі, А.Я.Пыхцін, В.Я.Пыхцін, Г.Дз.Смірноў, Г.К.Сталяроў, М.Ф.Чалайдзюк, Л.Т.Чупрыгіна, Л.І.Шунякоў і інш. Выдадзены творы ў галіне ЭВМ, праграмных сістэм і сістэм апрацоўкі інфармацыі: «Электронная вылічальная машына «Мінск-32» (1972), «Арыфметычныя і лагічныя асновы лічбавых аўтаматаў» (2-е выд. 1980), «Лагічнае праектаванне ВІС» (1984), «МікраЭВМ. Кн. 5. Персанальныя ЭВМ» (1988), «Паралельная апрацоўка інфармацыі. Т. 4» (1988), «Фартран 77 для ПЭВМ АС» (1991) і інш. На камп’ютэрных сайтах размешчаны 2 гіст. даведкі пра ін-т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАВЯДАЛЬНЫЯ ЖАНРЫ
бел. вуснай нар. творчасці ўключаюць казкі, легенды, паданні, былічкі, сказы, анекдоты, небыліцы. У залежнасці ад дамінуючай эстэтычнай або інфарматыўнай функцыі падзяляюцца на дзве падсістэмы: казкавая проза і няказкавая. Да казкавай прозы адносяцца ўсе жанравыя разнавіднасці казак, анекдоты, небыліцы, а таксама легендарныя казкі, якія ў шэрагу выпадкаў набліжаюцца да сац.-бытавых. У залежнасці ад асаблівасцей вобразнай сістэмы, ідэйна-тэматычнага зместу, паэтыкі, марфалогіі казачны эпас мае сваю класіфікацыю. У казках пра жывёл цэнтральнае месца займаюць персанажы з жывёльнага свету. У чарадзейных казках вызначальная роля ў развіцці сюжэтаў належыць чарадзейству, звышнатуральным сілам і здольнасцям герояў, якія перамагаюць Паганага Цмока, Кашчэя Бессмяротнага і інш.Нац. каларыт бел. чарадзейным казкам надаюць вобразы волатаў і асілкаў, звязаныя з мясц. фальклорнай традыцыяй. Асобную групу складаюць казкі на былінныя сюжэты. У бытавых казках дзейнічаюць звычайныя людзі; канфлікт адлюстроўвае сац. і маральна-этычныя супярэчнасці. Сярод бытавых казак, якія яшчэ называюць рэалістычнымі, даследчыкі вылучаюць таксама сац.-бытавыя, сатырычныя і жартоўныя творы. Гумарыстычныя казкі-небыліцы паказваюць рэчаіснасць з наўмысным парушэннем храналагічнай паслядоўнасці падзей, ствараюць перавернутую мадэль сусвету. Казачныя вобразы непераможных асілкаў, сялян, прыгожых, верных у каханні жанчын раскрываюць лепшыя якасці бел. народа: мужнасць, працавітасць, здольнасць на высокія пачуцці і ўчынкі, імкненне да справядлівасці і волі. Станоўчым вобразам у казках супрацьстаяць страшныя пачвары, якія ўвасабляюць варожыя чалавеку надпрыродныя і сац. сілы, а таксама людзі, дзеянні і перакананні якіх не адпавядаюць нормам нар. маралі. Анекдоты маюць шмат агульных рыс з бытавымі казкамі ў ідэйна-тэматычным змесце і вобразнай сістэме. Ім уласцівы сцісласць, дынамізм, нечаканая развязка, гумар і сатыра.
Аснову няказкавай прозы складаюць легенды, паданні, сказы, былічкі. Легенды адлюстроўваюць розныя ўяўленні народа, яго спробы растлумачыць паходжанне сусвету, з’явы прыроды і грамадскага жыцця. Яны таксама звязаны з хрысціянскім веравучэннем і апавядаюць пра звышнатуральныя з’явы і цуды, якія рабілі Бог і святыя ў час вандровак па зямлі. Паданне расказвае аб рэальных падзеях ці асобах мінулага або рэальна магчымых, але не запісаных у крыніцах. Паданні падзяляюцца на некалькі тэматычных груп, найб. буйныя з якіх гістарычныя — аб гістарычных падзеях і дзеячах і тапанімічныя, дзе тлумачыцца паходжанне назваў населеных пунктаў, рэчак, урочышчаў, курганоў і інш.Найб. вядомыя паданні пра барацьбу з іншаземнымі захопнікамі — татарамі, французамі, пра заснаванне Вільні і інш. Сказы апавядаюць аб сучаснасці або недалёкім мінулым. У былічках расказваецца аб звышнатуральных з’явах і здарэннях, якія нібыта мелі месца ў сапраўднасці: пра сустрэчы з чортам, русалкай і інш. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» (1971, укладальнік К.Кабашнікаў), «Чарадзейныя казкі» (т. 1—2, 1973—78) і «Казкі ў сучасных запісах» (1989, укладальнікі абодвух К.Кабашнікаў, Г.Барташэвіч), «Сацыяльна-бытавыя казкі» (1976) і «Жарты. Анекдоты. Гумарэскі» (1984, укладальнік абодвух А.Фядосік), «Легенды і паданні» (1983, укладальнікі М.Грынблат, А.Гурскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБЫ́ (Mycota),
група гетэратрофных бесхларафільных арганізмаў, разнастайных паводле будовы, памераў і спосабу жыцця; адно з царстваў жывой прыроды. Спалучаюць прыкметы раслін (нерухомасць, верхавінкавы тып росту, наяўнасць клетачных сценак і інш.) і жывёл (гетэратрофны тып абмену, наяўнасць хіціну, утварэнне мачавіны і глікагену і інш.). Маюць асобы цыкл развіцця (змена ядзерных фаз, дыкарыятычны стан, разнаякаснасць ядзер у межах адной клеткі — гетэракарыёз і інш.). Раней грыбы адносілі да ніжэйшых раслін. Вядома больш за 100 тыс. відаў грыбоў, пашыраных па ўсім зямным шары. Падзяляюцца на 3 аддзелы: ааміцэты, слізевікі і сапраўдныя грыбы. Сярод апошніх вылучаюць аскаміцэты, базідыяльныя грыбы, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, хітрыдыяміцэты.
Вегетатыўнае цела большасці грыбоў уяўляе сабой міцэлій (грыбніцу), які складаецца з адна- ці шматклетачных разгалінаваных тонкіх ніцей — гіфаў, што ў працэсе развіцця ўтвараюць строму або пладовыя целы рознай марфалогіі. Арганізмы ніжэйшых грыбоў (слізевікі, хітрыдыяміцэты) прадстаўлены голымі плазмодыямі. У жыццёвым цыкле грыбоў магчымы розныя стадыі развіцця (плеямарфізм). Аднаклетачны стан назіраецца ў перыяд размнажэння грыбоў (напр., у спор). Грыбы размнажаюцца вегетатыўным, бясполым і палавым спосабамі. У аснову вызначэння сістэматычнага стану грыбоў пакладзены асаблівасці будовы грыбнога цела, палавога і бясполага споранашэння і формы пладовых цел. Вегетатыўнае размнажэнне ажыццяўляецца кавалкамі міцэлію (шапкавыя грыбы), пачкаваннем (дрожджы), асобнымі клеткамі — аідыямі (галасумчатыя), гемамі і хламідаспорамі (галаўнёвыя грыбы), бясполае — з дапамогай спор, што ўтвараюцца на асобных клетках міцэлію. Споры могуць фарміравацца эндагенна, унутры шарападобна пукатых канцоў гіфаў (спарангіяспоры, зааспоры; у ніжэйшых грыбоў) або экзагенна (канідыяспоры; у вышэйшых і некат. ніжэйшых грыбоў). Для палавога размнажэння ўласціва зліццё аднолькавых або розных паводле памераў гамет (у ніжэйшых грыбоў), яйцаклеткі і сперматазоіда (у ааміцэтаў), вегетатыўных клетак з аднолькавымі або рознымі палавымі знакамі (у зігаміцэтаў), антэрыдыю і архікарпа з утварэннем сумкі (у аскаміцэтаў) або шляхам саматагаміі з утварэннем базідый (у базідыяміцэтаў). Утварэнню сумак і базідый звычайна папярэднічае развіццё на міцэліі пладовых цел — спец. спараносных органаў. У аскаміцэтаў гэта клейстатэцый, перытэцый, апатэцый і інш., у базідыяльных грыбоў распасцёртыя, палачка-, куста-, шара-, зоркападобныя і інш. пладовыя целы.
У прыродна-кліматычных зонах Беларусі трапляюцца прадстаўнікі ўсіх сістэматычных груп грыбоў, якія спецыялізаваны да розных экалагічных умоў існавання. Напр., агарыкальныя, афілафаральныя, гастэраміцэты і інш. сапрабіёнты развіваюцца ў лясах на гнілой драўніне, лясным подсціле, плесневыя грыбы — на прадуктах харчавання, кармах жывёл. Мучніста-расяныя грыбы, іржаўныя, перанаспоравыя, хітрыдыевыя, гельмінтаспорый, фузарый, фітафтора, макраспорый, склератынія і інш. групы фітапатагенных грыбоў паразітуюць на збожжавых, агароднінных, пладова-ягадных культурах. Вядома больш за 200 відаў ядомых грыбоў і каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Грыбы мінералізуюць раслінныя рэшткі ў глебе, патагенныя грыбы выклікаюць хваробы раслін, жывёл і чалавека. Грыбы — актыўныя накапляльнікі радыенуклідаў. Многія віды плесневых грыбоў выкарыстоўваюць у мікрабіял. прам-сці для атрымання вітамінаў, антыбіётыкаў, ферментаў, стэроідных гармонаў, дрожджы — у хлебапячэнні, піваварэнні, вінаробстве. Шэраг відаў грыбоў культывуюць (шампіньёны, вешанкі, труфелі). Вывучае грыбы мікалогія.
Літ.:
Беккер З.Э. Физиология грибов и их практическое использование. М., 1963;
Эволюция и систематика грибов: Теорет. и прикладные аспекты. Л., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТО́ЎНАСЦЬ,
станоўчая або адмоўная значнасць для чалавека і грамадства пэўных з’яў рэчаіснасці і аб’ектаў навакольнага асяроддзя. Носьбітам К. з’яўляецца нешта канкрэтнае (прадмет, рэч, дзеянне, з’ява), а сама К. ёсць значэнне дадзенага аб’екта для суб’екта. Таму матэрыяльным або духоўным можа быць носьбіт К., а не сама К. З фармальнага пункту погляду К. падзяляюцца на пазітыўныя і негатыўныя, адносныя і абсалютныя, суб’ектыўныя і аб’ектыўныя. У залежнасці ад зместу грамадскіх ідэалаў, маральных прынцыпаў і норм К. могуць быць агульначалавечымі (дабро — зло, любоў — нянавісць, давер — варожасць, праўда — хлусня, шчырасць — крывадушнасць) і канкрэтна-гістарычнымі (патрыярхат — матрыярхат, роўнасць — бяспраўнасць, дэмакратыя — аўтарытарызм). Другой формай існавання К. з’яўляецца канкрэтнае прадметнае ўвасабленне чалавечых учынкаў і грамадскіх каштоўнасных ідэалаў (этычных, эстэт., паліт., прававых, рэліг. і інш.). Да прадметных К. адносяць натуральныя даброты і зло, якія заключаюцца ў прыродных багаццях і стыхійных бедствах; сац. даброты і зло, што абумоўлены сутнасцю грамадскіх адносін ці палітыкай дзяржавы; культ. спадчыну мінулага, якая выступае ў форме багацця сучаснікаў; эстэт. характарыстыкі прыродных і грамадскіх аб’ектаў, твораў матэрыяльнай і духоўнай культуры (прыгожае — агіднае, узнёслае — нізкае і г.д.); маральнае дабро і зло, што заключаюцца ў дзеяннях людзей; прадметы рэліг. пакланення і г.д. Адрозніваюць таксама асобасныя К., якія ўваходзяць у псіхал. структуру асобы ў форме каштоўнаснай арыентацыі, мэты і выконваюць функцыю рэгулятараў паводзін індывіда.
Каштоўнасныя арыентацыі і сістэмы ацэнак фарміруюцца і відазмяняюцца ў гіст. развіцці грамадства. У культуры Стараж. Грэцыі яны склаліся ў выніку распаду першабытнай каштоўнаснай свядомасці на самаст. яе мадыфікацыі — прававыя, паліт., рэліг., эстэт., маральныя і мастацкія. У працэсе ўтварэння самаст. дзяржаў атрымалі заканад. афармленне прававыя адносіны, якія вызначалі абавязкі і правы кожнай часткі грамадства — індывіда, сац., этн. і паліт.груп. З ускладненнем сац. структуры грамадства прававыя спосабы яго арг-цыі дапоўніліся паліт. К., якія ўвасабляліся ў пэўных праграмах, тэарэт. канцэпцыях, ідэалаг. сістэмах і адпаведных сістэмах К. (патрыятызм, грамадзянскасць, нац. і саслоўная гордасць, класавая салідарнасць, парт. дысцыпліна і да т.п.). Народжаныя эканам., этн., сац.-псіхал. і ідэалаг. падзелам чалавецтва, паліт. К. то садзейнічалі кансалідацыі грамадства, то прыводзілі да разбурэння яго цэласнасці, апраўдання ваен. і рэв. канфліктаў. У сярэдзіне 20 ст., з прычыны пагрозы самазнішчэння чалавецтва ў выніку ўнутр. разладу, ядзернай катастрофы або экалагічнага крызісу, узнікла ўсведамленне прыярытэту агульначалавечых К., якія здольны прывесці да адмірання паліт. адносін, а значыць, і паліт. К. Гэтыя К. адлюстроўваюць шматвяковы вопыт сац.-паліт. развіцця свету, светапоглядныя ідэалы, маральныя нормы развіцця цывілізацыі і з’яўляюцца агульнымі для ўсіх людзей незалежна ад якіх-н. адрозненняў (самакаштоўнасць чалавечага жыцця, свабода, шчасце, міласэрнасць і інш.).
Засваенне выпрацаваных на кожным гіст. этапе К. складае неабходную аснову фарміравання унікальнага ўнутр. свету кожнага чалавека, які з’яўляецца асновай яго непаўторнай асобы і індывідуальнасці, эфектыўнага развіцця і функцыянавання грамадства і чалавечай супольнасці ў цэлым. Філас. праблемы прыроды і сутнасці К. з’яўляюцца прадметам даследавання спец. навукі — аксіялогіі.
Літ.:
Ценности культуры и современная эпоха. М., 1990;
Чумаков А.Н. Философия глобальных проблем. М., 1994;
Каган М.С. Философская теория ценности. СПб., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСІ́ЛЛЕ,
выкарыстанне сілы або пагрозы сілай якім-н. сац. суб’ектам (асобай, групай, супольнасцю, арг-цыяй, партыяй, дзяржавай і да т.п.) з мэтай прымусу людзей да пэўных паводзін, набыцця або захавання эканам. і паліт. панавання, заваёвы пэўных правоў, прывілеяў або тэрыторый. Н. як адзін з канстытуіруючых кампанентаў гіст. працэсу адыграла істотную ролю ў працэсах утварэння дзяржаў, імперый, заваёў, паўстанняў, рэвалюцый, войнаў, сцвярджэння рэлігіі, у рэалізацыі рэпрэсіўных стратэгій пануючымі дзярж. структурамі. Мэтамі Н. могуць быць: захоп, захаванне, умацаванне, змена ўлады, перамены ў ажыццяўленні палітыкі, заваёва. інш. народаў, тэрыторый і краін, эканам. ўзбагачэнне, задушэнне апазіцыі, іншадумства і да т.п. Паводле маштабаў бывае адзінкавае (асобныя адзінкавыя дзеянні), групавое ці абмежаванае (у адносінах да пэўных сац., этн., паліт., рэліг.груп), масавае (масавыя рэпрэсіі, тэрор, вайна і інш.). Асн. віды і формы Н.: агрэсія, унутрыдзярж. (грамадзянская), міждзярж., сусв. войны, рэвалюцыя, паўстанне, бунт, пераварот, путч, тэрор, забойства, збіванне, згвалтаванне, замбіраванне. Вылучаюць таксама Н. інструментальнае, якое мае канкрэтную мэту (напр., захоп улады), і сімвалічнае, якое арыентавана на засваенне створанага прапагандай пэўнага ўзору (напр., прапагандаванага ў фаш. Германіі вобраза «сапраўднага арыйца»). У сучасным свеце шырока ўжываецца ўскоснае, псіхал. Н. ў выглядзе навязвання скажонай інфармацыі, сац. міфаў, маніпуліравання свядомасцю людзей.
Існуе некалькі тэорый Н. напр., Я.Дзюрынг лічыў, што прычынай паяўлення ў грамадстве проціборствуючых класаў з’яўляецца менавіта Н. Абапіраючыся на яго тэорыю, аўстр. сацыёлаг Л.Гумпловіч, тэарэтык сацыял-дэмакратыі К.Каўцкі лічылі выкарыстанне Н. вырашальнай прычынай узнікнення класаў і дзяржавы. К.Маркс, а ўслед за ім У.І.Ленін разглядалі Н. як характар сац. прагрэсу, асабліва перабольшвалася роля рэв. Н. ў стварэнні новых, больш прагрэс., сацыяліст. форм грамадскага ладу. Буйнамаштабныя формы выкарыстання масавага Н. ў 20 ст. (2 сусв. вайны, сац. рэвалюцыі, масавы тэрор, які ажыццяўляўся таталітарнымі паліт. рэжымамі і інш.) паказалі абмежаванасць, аднабаковасць толькі сац.-класавай трактоўкі Н. і зноў прыцягнулі ўвагу да пошукаў вытокаў Н. ў асаблівасцях чалавечай прыроды, што бярэ пачатак у канцэпцыях Т.Гобса, Ф.Ніцшэ і З.Фрэйда. Аўстр. філосаф К.Лорэнц лічыў уласцівую чалавеку агрэсіўнасць, звязаную з Н., ахоўнай рэакцыяй арганізма на неспрыяльнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Э.Фром, даследуючы «анатомію чалавечай дэструктыўнасці», якая выяўлялася ў розных формах Н. над сабой і інш. (садызм, мазахізм, імкненне ўладарнічаць, падпарадкоўваць), паказаў, што ўсе яе праяўленні абумоўлены сац. фактарамі «хворага грамадства», якое адчувае неабходнасць у лячэнні на аснове «гуманістычнага псіхааналізу». У гісторыі грамадска-паліт., філас. і рэліг. думкі існавала мноства канцэпцый, якія абвяргалі неабходнасць выкарыстання Н. Ідэя ненасілля зарадзілася ў стараж.-ўсх.рэліг. культах індуізму, будызму і канфуцыянства, знайшла ўвасабленне ў стараж.-грэч. традыцыі і ў раннім хрысціянстве. Прынцып цярплівасці і звязаных з ім ненасільных дзеянняў знайшоў адлюстраванне ў філас. працах Вальтэра, Ж.Ж.Русо, Дж.Лока, І.Канта. У найноўшы час прынцып ненасілля атрымаў яркае ўвасабленне ў вучэнні аб непраціўленні злу насіллем Л.М.Талстога, аб ненасільных дзеяннях у паліт. сферы М.Гандзі, у імкненні М.Л.Кінга выкарыстоўваць ненасілле ў барацьбе з расавым прыгнётам. Гэтыя прынцыпы ў сучасных умовах выкарыстоўваюцца ў міжнар. адносінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫЯ
Даследаванні па геаметрыі на Беларусі пачаліся з 1921 у БДУ. Даследаваліся крывыя 3-га парадку (У.К.Дыдырка) і праблема ўкладання рыманавых прастор у эўклідаву (Ц.Л.Бурстын).
У пасляваенны час цэнтрам навук. даследаванняў па геаметрыі стала кафедра геаметрыі БДУ. Даследаванні вядуцца таксама ў Брэсцкім ун-це. Вывучаліся геаметрыя праектыўнай і афіннай прастор, геаметрыя прасторы Мінкоўскага і яе дастасаванні да тэорыі адноснасці (А.А.Бурдун, К.Д.Лукін, Л.К.Тутаеў і інш.), геаметрычныя аспекты агульнай тэорыі адноснасці (А.П.Рабушка), сіметрычныя прасторы (А.С.Фядэнка).
З 1969 пад кіраўніцтвам В.І.Вядзернікава пачаліся даследаванні новых раздзелаў дыферэнцыяльнай геаметрыі — аднародных і спластаваных прастор, спецыяльных G-структур на мнагастайнасцях, дыферэнцыяльных падоўжанняў і тэорыі падмнагастайнасцей у аднародных прасторах, геаметрыі аднародных M-прастор. Атрыманы істотныя вынікі ў наступных кірунках: прасторы з сіметрыямі (У.І.Мармазееў, А.Я.Трале, А.С.Фядэнка, У.Л.Штукар), геаметрычныя структуры, групы і алгебры Лі, дыферэнцыяльна-геаметрычныя аспекты тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў (Б.М.Дуброў, Б.Б.Камракоў, Б.П.Камракоў, А.Н.Руды, А.Ц.Уласаў і інш.), мнагастайнасці з пластаваннямі і пластаваныя групоіды Лі (І.В.Бялько, У.С.Рубанаў), інварыянтныя структуры на аднародных M-прасторах і абагульненая эрмітава геаметрыя (В.У.Балашчанка, Дз.У.Вылягжанін, Ю.Дз.Чурбанаў), групавыя ўласцівасці дыферэнцыяльных ураўненняў на мнагастайнасцях (Б.Дз.Чабатарэўскі), галоўныя G-спластаванні і геаметрычныя структуры (А.А.Ермаліцкі, С.Г.Конанаў, У.С.Мікуцкі), глабальныя пары і пароджаныя імі геаметрыі (С.В.Вядзернікаў, У.В.Сувораў), падмнагастайнасці ў псеўдарыманавых прасторах (А.К.Лапкоўскі, В.К.Лапкоўскі, А.А.Юдаў).
Вядуцца даследаванні па тапалогіі. У агульнай тапалогіі вывучаліся H-замкнёныя пашырэнні і экспаненты тапалагічных прастор (Г.А.Кукрак, У.Л.Цімаховіч), крывізны ў метрычных прасторах (У.У.Шлыкаў). Важныя вынікі атрыманы ў алгебраічнай тапалогіі і тапалогіі мнагастайнасцей — перабудове мнагастайнасцей і L-тэорыі (Ю.У.Муранаў), а таксама ў геаметрычнай тапалогіі — характарызацыі прастор Нёбелінга і Менгера і дзеяннях на іх кампактных груп (С.М.Агееў).
Літ.:
Бурстын Ц.Л. Курс дыферэнцыяльнай геаметрыі. Мн., 1933;
Тутаев Л.К. Линии и поверхности в аффинном трехмерном пространстве. Мн., 1962;
Ведерников В.И., Ведерников С.В. Геометрия однородных пространств, порожденных морфизмами G-пространств // Проблемы геометрии. М., 1987. Т. 19;
Рябушко А.П. Некоторые центрально-симметрические пространства Эйнштейна // Изв. вузов. Физика. 1964. №1;
Феденко А.С. Пространства с симметриями. Мн., 1977;
Комраков Б.П. Примитивные действия и проблема Софуса Ли. Мн., 1991;
Белько И.В. Слоенные группоиды Ли и метод Эресмана в дифференциальной геометрии. Мн., 1997;
Балащенко В.В. Алгебра канонических аффинорных структур и классы регулярных M-пространств // Докл. РАН. 2002. Т. 385, №6;
Ермолицкий А.А. Римановы многообразия с геометрическими структурами. Мн., 1998;
Шлыков В.В. О кривизнах линии в метрическом пространстве // Успехи мат. наук. 1985. Т. 40, №2;
Муранов Ю.В. Задача расщепления // Труды МИРАН. 1996. Т. 212;
Агеев С.М. Характеризация свободного действия нульмерной компактной группы на k-мерном менгеровском компакте // Изв. РАН. Математика. 1995. Т. 59, №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАКРА́ТЫЯ (ад грэч. dēmos народ + kratos улада),
форма дзярж.-паліт. арганізацыі грамадства, заснаваная на прызнанні народа ў якасці крыніцы ўлады. Вядомы розныя гіст. формы Д.: першабытная, абшчынная, ваенная племянная, полісная арганізацыя грамадства ў гарадах-дзяржавах Стараж. Грэцыі і Італіі і рэсп. форма праўлення ў Стараж. Рыме; сярэдневяковыя гарады-рэспублікі (Венецыя, Генуя, Жэнева, Ноўгарад, Полацк і інш.). Дэмакр. ін-ты ўлады існавалі ў Англіі (парламент), Іспаніі (картэсы), Францыі (ген. штаты), ВКЛ (сейм і мясц. сеймікі) і інш. Важнымі гіст. вехамі на шляху ажыццяўлення ідэалаў Д. сталі нац.-вызв. барацьба і ўтварэнне суверэнных, незалежных дзяржаў у 19—20 ст., устанаўленне ліберальна-дэмакр. рэжымаў у шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы ў 1990-я г. Прынцыпы Д. былі адлюстраваны ў Статуце ВКЛ 1588, Дэкларацыі незалежнасці ЗША (1776), «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час.Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948) і інш. Вопыт Афін і шэрагу інш.грэч. полісаў паслужыў асновай для ўзнікнення тэорыі Д. ў працах Арыстоцеля, Палібія, Платона і інш.стараж. філосафаў. Праблемы дэмакр. ўладкавання жыцця на прынцыпах «натуральнага права», роўнасці і свабоды, суверэннасці народа распрацоўвалі Дж.Лок, Ж.Ж.Русо, Ш.Л.Мантэск’ё, Т.Джэферсан, М.А.Бярдзяеў, бел. мысліцелі Ф.Скарына, А.Волан і інш. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму (К.Маркс, Ф.Энгельс, Г.Пляханаў, У.Ленін і інш.) разглядалі Д. ў сувязі з матэрыяльнымі ўмовамі жыцця грамадства, неабходнасцю стварэння ўмоў для рэальнага раўнапраўя людзей, усебаковага развіцця асобы. Паводле сучасных тэарэтыкаў Д. (Г.Арэнт, У.Ростаў, К.Попер, І.Шумпетэр, А.Тойнбі і інш.), развітую Д. можна напоўніць рэальным зместам толькі пры ўмове свядомага ўдзелу ў паліт. працэсе розных сац. сіл і грамадзян, але рэалізацыі гэтых умоў перашкаджае канцэнтрацыя эканам. улады ў руках «кіруючай эліты», якая стварае алігархічную мадэль улады і палітыкі.
Асн. прынцыпы палітычнай Д.: вяршэнства закона; роўнасць усіх грамадзян, сац.груп, нацый і народнасцей; гарантаванае захаванне правоў, свабод чалавека і грамадзяніна; выбарнасць кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў; раздзяленне ўлад; паліт. плюралізм; галоснасць; шматпартыйнасць і інш. Эканамічная Д. знаходзіць сваё ўвасабленне ва ўтварэнні розных форм уласнасці, свабоднай прадпрымальніцкай і інш.эканам. дзейнасці, удзеле працоўных у кіраванні прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Сацыяльная Д. — гэта сістэма ін-таў, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэма пенсіённага забеспячэння, страхавання па беспрацоўі, аховы здароўя, дапамогі сем’ям і інш.). Адрозніваюць непасрэдную Д. (асн. рашэнні прымаюцца непасрэдна грамадзянамі на рэферэндумах, сходах і да т.п.) і прадстаўнічую (рашэнні прымаюцца выбарнымі органамі). Тэрмін «Д.» ўжываецца і ў адносінах да грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў (напр., прафс., парт. Д.). Агульнай сац.-эканам. і паліт. асновай функцыянавання і развіцця Д. з’яўляецца пабудова грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Як форма дзярж. ўладкавання і паліт. рэжыму Д. проціпастаўляецца антыдэмакратыі, аўтарытарызму, таталітарызму, дыктатуры, дэспатызму, фашызму і г.д.
У нац. заканадаўстве Рэспублікі Беларусь замацаваны асн. прынцыпы Д., якія ствараюць прававую аснову для арг-цыі і функцыянавання дэмакр. ін-таў і механізмаў улады: народаўладдзе, разнастайнасць паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, раздзяленне ўлад, роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне сваіх абавязкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна стала наз. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр.сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл.Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац.груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаны фін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен у яе.