бязглу́зды, ‑ая, ‑ае.
1. Неразумны; які нічога не разумее; бесталковы. Бязглузды чалавек. // Які выражае адсутнасць думкі; тупы. Бязглузды выгляд.
2. Пазбаўлены сэнсу, зместу; недарэчны. Прыгадаліся [Анатолю] вечары ў цешчы Адзелаіды Сяргееўны, напоўненыя сумам, бязглуздымі гульнямі і агідным крыўляннем. Асіпенка. Але тое, што Іван схаваўся ад адказнасці ў кусты, пабаяўся з’явіцца на сход, прыслаўшы толькі нейкую бязглуздую запіску, канчаткова збянтэжыла Колю. Шахавец. [Сухадольскі Русаковічу:] А я заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы. Крапіва. Гэты цвердалобы Карпенка гатовы разбіцца ў шчэпкі, каб толькі выканаць які бязглузды загад. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жніво́, ‑а і жні́ва, ‑а, н.
1. Уборка збожжавых культур сярпамі або жатнымі машынамі. Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Разгарнулася жніво. Дуброўскі. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скончана жніво, звезена жыта ў гумны, і над апусцелым полем дружна ўзлятаюць стайкі шпакоў — прадвеснікаў блізкай восені. Лынькоў. // Час, пара ўборкі збожжа. Дні за тры да жніва прайшоў дождж, ціхі, без грому.. Жыта пачало хутка паспяваць. Асіпенка.
2. Зжатая збажына; ураджай. Кладуцца снапы ў снапы, — Такога жніва не было! Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.
1. што. Коцячы, перамясціць, змясціць куды‑н. Закаціць калёсы ў хлеў. □ Каля магазіна [Вова і Пеця] знайшлі бочку, закацілі яе на самы высокі пагорак. Хомчанка.
2. Разм. Уехаць, заехаць куды‑н. Макара шукалі ўсім калгасам. Але нідзе не знайшлі. Вярнуўся ён толькі назаўтра пад вечар. Закаціў на калясцы ў Язэпаву зямлянку, выцер пот рукавом. Асіпенка.
3. Разм. Учыніць, зрабіць што‑н. надзвычайнае. Закаціць скандал. Закаціць істэрыку. □ Шахцёр спыніўся, падняў угору .. букет і закаціў такую прамову, што ў Міхася міжвольна прайшоўся па спіне халадок. Лупсякоў.
•••
Закаціць (падвесці) вочы — завесці зрэнкі пад верхнія павекі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згавары́цца, ‑варуся, ‑ворышся, ‑верыцца; зак.
1. Дамовіцца адносна якіх‑н. дзеянняў; дагаварыцца. — Мы згаварыліся, — сказала адна [таварышка], — прыйсці пазней, чым казалі табе, каб ты мела час адпачыць. Чорны. — Мы свой «фэст» наладзім, — казаў Сцёпка, бо моладзь згаварылася пусціць канал якраз у гэты дзень, калі збярэцца народ каля «святога» калодзежа. Колас.
2. Дасягнуць узаемнага разумення, дагаднення. Калі эшалон даў гудок адпраўлення, я ўскочыў у тармазную будку і лёгка згаварыўся з вартавым, які хадзіў па платформе. Навуменка. — З табой мы ўсё роўна не згаворымся. Ідзі ты, Канькоў, лепей у кантору, ды баб агітуй. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абабе́гчы, абягу, абяжыш, абяжыць; абяжым, абежыце; абягуць; пр. абабег, ‑ла; заг. абяжы; зак., каго-што.
1. без дап. Бягом зрабіць круг вакол чаго‑н. Абабегчы вакол дома.
2. Бегучы ў абход, абмінуць каго‑, што‑н. [Гітлеравец] выскачыў, абабег хлеў, прабег трохі наперад па цаліку, спыніўся і — застрачыў з аўтамата. Лупсякоў.
3. Паспешліва наведаць усе або розныя месцы. [Чалавек] старанна пагаліўся, выпрасаваў касцюм, потым абабег усе магазіны ў пошуках нейкага адмысловага падарунка. Асіпенка.
4. перан. Хутка распаўсюдзіцца, стаць вядомым усім. Чутка пра незвычайны ўраджай з аднае бульбіны ў той жа вечар абабегла ўвесь калгас. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асядла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Прымацаваць сядло на спіне каня. Прачнуўся Дубяга далёка да дня, Хутчэй асядлаў баявога каня. Танк.
2. Разм. Сесці верхам на што‑н. Асядлаць бервяно. □ [Сцёпка] нарэшце ўхапіўся за галіну, падцягнуўся і асядлаў яе. П. Ткачоў. // Размясціцца па абодва бакі чаго‑н. Асядлаць дарогу. □ Танкавы корпус асядлаў абедзве шашы: на Смаленск і Сураж. Асіпенка.
3. перан. Разм. Поўнасцю падпарадкаваць сабе, прымусіць дзейнічаць па свайму жаданню. [Міхась:] — З нейкімі косамі ўсе ды з мянташкамі — па старым парадку. А мы са шваграм тэхніку асядлаем. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панано́сіць, ‑ношу, ‑носіш, ‑носіць; зак., чаго.
1. Прынесці за некалькі прыёмаў многа чаго‑н. [Ася:] — Мне ўжо і так маластоўскія дзяўчаты ўсяго пананосілі. — Бяры, бяры і папраўляйся, — весела кажам мы. Асіпенка.
2. Сваім рухам нанесці многа чаго‑н., утварыць што‑н. З акна былі відаць кучы камення на ўзлеску, ля поля, на іх ужо вецер пананосіў пылу. Чорны. / у безас. ужыв. Цяжка прайсці вуліцай у Грынях ля Раінінай хаты, куды пананосіла зімою з Выганчыку горы снегу. Пташнікаў.
3. і што. Нанесці на паперу, карту, схему ўсё, многае. Пананосіць населеныя пункты на карту.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паны́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае хмурны, прыгнечаны настрой; сумны, маркотны. Іван сеў, кінуўшы на дол скуранку, побач спынілася панылая, здалося, разгубленая Джулія. Быкаў. // Які выражае хмурны, прыгнечаны настрой. — Пайграй... — панылым голасам прамовіў Сымон. — Пайграй... Чарнышэвіч. Саўчанка адразу абмяк, запалыя, пачырванелыя.. вочы сталі яшчэ больш безуважлівымі і панылымі. Лупсякоў. // Прасякнуты хмурнасцю, прыгнечанасцю; бязрадасны. Каторы ўжо раз за гэтыя суткі ўсеабдымнай тугою ахоплівала.. [Клімчанку] гэтая панылая думка. Быкаў.
2. Які выклікае хмурны, прыгнечаны, тужлівы настрой. Марудна цягнуўся панылы, змрочны дзень. Асіпенка. [Ярмоленка] з тугой глядзеў на гэтыя агні, на вуліцу, якая здавалася яму нязвыкла шырокай і панылай. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мата́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што. Віць, навіваць, накручваць. Матаць ніткі. Матаць шоўк.
2. чым. Рухаць з боку ў бок, махаць чым‑н. Матаць нагамі. □ Жарабок матаў галавой то ўніз, то ўгору, вадзіў ноздрамі ад свежага паху сасонніку. Ермаловіч.
3. Разм. груб. Хутка ісці, бегчы куды‑н.; уцякаць, паспешна выбірацца адкуль‑н. — Хведар, — крычыць Цопа, — матай у цэнтр, няхай мяхі даюць. Скажы, што малацьбу пачалі. Асіпенка.
•••
Матаць (сабе) на вус — запамінаць што‑н. з якой‑н. мэтай.
мата́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
Разм. Неэканомна, неразумна траціць грошы, маёмасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мацава́ць, мацую, мацуеш, мацуе; незак., што.
1. Трывала прымацоўваць. Чалавек шэсць грузчыкаў завіхаліся на платформах, мацавалі станкі сталёвымі тросамі. Асіпенка. // Змацоўваць элементы машын, канструкцый.
2. У горнай справе — устанаўліваць крапеж. Аглядалі [крапеж] ў забоях дбайна, Як мацуюць шахцёры столь. Аўрамчык.
3. У марской і авіяцыйнай справе — моцна прывязваць, замацоўваць. Мацаваць трос.
4. перан. Рабіць моцным, узмацняць. Мацаваць дружбу. □ — Вам шлях у заўтра, ленінцы, Смялей мацуйце строй! Кірэенка.
5. Разм. Прабаваць моц чаго‑н. [Наўмыснік] паднімаўся кожны дзень на ўзровень сцяны і кожны раз перад тым, як стаць мураваць, мацаваў нагой дошку пад нагамі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)