ГУДЗЕ́ВІЦКІ ЛІТАРАТУ́РНА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1965 на грамадскіх пачатках пры сярэдняй школе ў в. Гудзевічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., з 1990 — дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 729 м², больш за 12 тыс. экспанатаў (1997). У экспазіцыі этнагр. помнік краю — сял. хата 18 ст. з прадметамі сял. побыту 17—19 ст. Сярод экспанатаў вырабы з косці і каменю часоў неаліту, кераміка сярэднявечча, вырабы мясц. кавалёў 18—20 ст., калекцыя падвойных дываноў, кафля 17—20 ст., вырабы з лёну, саломкі, дрэва, калекцыя нар. адзення, рукапісы і кнігі з аўтографамі вядомых бел. пісьменнікаў, дзеячаў медыцыны, мастакоў, артыстаў, кампазітараў, творы жывапісу, графікі і скульптуры.

А.​М.​Белакоз.

Гудзевіцкі краязнаўчы музей. Сялянская хата 18 ст.

т. 5, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ (Анатоль Емяльянавіч) (н. 9.9.1924, в. Слатвін Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1949), Вышэйшую дыпламат. школу МЗС СССР (1951). Удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З 1944 на сав. і гасп. рабоце. З 1951 у МЗС БССР, з 1957 у прадстаўніцтвах СССР і БССР пры ААН, заг. аддзела міжнар. эканам. арг-цый МЗС БССР, з 1961 нам. міністра, у 1966—90 міністр замежных спраў БССР. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1966—90 узначальваў дэлегацыі БССР на сесіях Ген. Асамблеі ААН. Чл. ЦК КПБ у 1971—90. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1967—90.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАВІ́К,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека ў белай вопратцы, з сівой барадой і доўгімі валасамі, які жыў у хаце (пад ці за печчу) або ў сенцах, каморы, клеці. Паводле павер’яў у кожнай хаце (сям’і) быў свой Д. (увасабляў памерлага гаспадара), які нібыта ахоўваў дом, клапаціўся пра гаспадарку, назіраў за сямейным побытам і інш. Прымхлівыя людзі імкнуліся задобрыць Д.: у памінальныя і святочныя дні яго клікалі да стала, «частавалі» лепшымі стравамі, прасілі, каб не рабіў шкоды. Рэліг. значэнне вобраз Д. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст. Знайшоў адлюстраванне ў бел. фальклоры (пераважна ў былічках).

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Фабіян, бел. мысліцель-гуманіст і паэт эпохі Адраджэння і барока. Ідэолаг нонадарантызму (рэліг.-філас. рух у Беларусі 2-й пал. 16 ст.). Крытыкаваў Біблію, лічыў Хрыста не Богам, а простым чалавекам, адмаўляў неўміручасць душы, існаванне замагільнага свету. У 1589 разам з С.​Будным у палеміцы з езуітамі даказваў, што душа чалавека пасля смерці гіне разам з целам. Аўтар верша на польскай мове «Эпіграма на герб Лясот», надрукаванага ў кнізе С.​Буднага «Пра свецкую ўладу» (1583). У творы выказаў думку, што ўсякая ўлада павінна быць разумнай, кіравацца маральнымі дабрачыннасцямі.

Літ.:

Подокшин С.А. Скорина и Будный: Очерк филос. взглядов. Мн., 1974.

С.​Л.​Падокшын.

т. 6, с. 25

т. 6, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛЕ́НКА (Міхась) (Міхаіл Пятровіч: н. 28.10.1922, в. Ястрабка Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1952). Настаўнічаў. У 1953—82 у рэдакцыі «Гомельскай праўды». Друкуецца з 1940. Большасць апавяданняў прысвяціў падзеям вайны, жыццю вёскі і школы, працы настаўнікаў. Героі яго твораў — людзі высакародныя, верныя свайму дому, зямлі, непрымірымыя да праяў несумленнасці і фальшу (аповесці «Наш дом», 1971, «Апанаска Лугавы», 1972, і інш.). Для дзяцей выдаў кнігі «Вернасць слову» (1956), «Зачараваны гарлачык» (1961), «На вуліцы Сонечнай» (1963), «Ключы бабулі Зімы» (1986). Піша вершы, нарысы.

Тв.:

Мая песня. Мн., 1952;

Майская навальніца. Мн., 1959;

Наваселле. Мн., 1964;

Запаветны акіян. Мн., 1972;

Маці Мар’я. Мн., 1976;

Журлівіца. Мн., 1980;

Родная зямля. Мн., 1982.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРАКО́ЎСКІ (Валяр’ян Дзмітрыевіч) (10.9 1904, Мінск — 18.8.1979),

бел. графік. Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Ленінградзе (1929). Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, плакаце. У 1929—31 маст. рэдактар Белдзяржвыда. З 1931 у Ленінградзе. Аформіў кнігі «Сымон-музыка» Я.​Коласа і «Два» А.​Вольнага (1925), «Выбраныя апавяданні» (1926) і «У глыбі Палесся» (1927) Я.​Коласа, «У віры жыцця» М.​Зарэцкага, зборы твораў Я.​Купалы (т. 2, 2-е выд.) і Ц.​Гартнага (т. 2; усе 1929), «Яўген Анегін» А.​Пушкіна (1937), «Выбранае» Ю.​Тынянава (1941), «Байкі» І.​Крылова (1944), «Лірыка» А.​Пракоф’ева (1956), зб. «Нашы казкі» (1965) і інш. Творы Д. вызначаюцца высокай тэхнікай выканання, арыгінальнасцю кампазіцыйнай будовы.

Л.​Дз.​Налівайка.

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАВАХІШВІ́ЛІ (М.) (сапр Адамашвілі Міхаіл Савіч, 20.11.1880, с. Цэракві Марнеульскага р-на, Грузія — 1937),

грузінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1903. Выступаў з апавяданнямі, артыкуламі супраць самадзяржаўя, за што быў прыцягнуты да суд. адказнасці. 3-за праследаванняў у 1907 выехаў за мяжу, падарожнічаў па Еўропе і Амерыцы. Пасля вяртання на радзіму ў 1909 выдаваў час. «Эры» («Нацыя»), які неўзабаве быў забаронены, а Дж. засуджаны да турэмнага зняволення, пазней — ссылкі. Аўтар сатыр. раманаў «Квачы Квачантырадзе» (1924), «Гіві Шадуры» (1928), гіст. «Арсен з Марабды» (1932), «Лёс жанчыны» (1936), адметных актуальнасцю тэматыкі і праблематыкі, майстэрствам сюжэтнай кампазіцыі, паглыбленым псіхалагізмам. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. На бел. мову асобныя творы Дж. пераклаў А. Жук.

Літ.:

Радиани Ш. Михаил Джавахишвили. Тбилиси, 1958.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́РБНІК (Falco columbarius),

птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны ў тайзе, лесатундры, часткова ў тундры Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа гнездавога арэала. Жыве ва ўсіх абласцях, акрамя Брэсцкай, часцей трапляецца ў Бел. Паазер’і на вял. вярховых балотах. Нар. назва галубятнік. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Даўж. цела 27—34 см, маса 160—250 г. Самкі большыя за самцоў. Крылы адносна кароткія, хвост доўгі. Апярэнне ў самцоў шызае, у самак дымчата-бурае, брушны бок белавата-рыжы з падоўжнымі стракацінамі, хвост паласаты. Корміцца пераважна дробнымі птушкамі. Гняздуецца на дрэвах у гнёздах інш. птушак, на зямлі, скалах, зрэдку будуе гняздо. Нясе 3—6 яец.

Дзербнік: 1 — самец; 2 — самка.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 27.12.1928, г. Новаўкраінка, Украіна),

бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1979). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1962). Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык маст. фільмаў «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.​Белавусавым), «Трэцяя ракета» (1963), «Праз могілкі» (1965, абодва з Я.​Ігнацьевым), «Іван Макаравіч» (1968, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Я, Францыск Скарына» (1970), «Бацька» (1972), «Братушка» (1976, з Л.​Трапковым), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Ветразі майго дзяцінства» (1982), «Развітальныя гастролі» і «Слава богу, не ў Амерыцы» (1992), «Тутэйшыя» (1993) і інш., а таксама тэлевізійных «Гора баяцца — шчасця не бачыць» (1974) і «Нас выбраў час» (3, 4. 5-я серыі, 1979).

т. 6, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМЧУ́К (Міхаіл Іванавіч) (н. 28.6.1946, в. Дзевяткі Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік, дзярж. дзеяч Беларусі. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д-р фіз.-матэм. н. (1983), праф. (1985). Засл. дз. нав. Беларусі (1996). Скончыў БДУ (1968). З 1970 у БДУ і НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. У 1985—88 заг. аддзела навукі і навуч. устаноў ЦК КПБ. З 1988 міністр нар. адукацыі, з 1991 нам. старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. З 1994 рэктар БПА. Навук. працы па квантавай электроніцы і навук. прыладабудаванні (статыстычных метадах часавага аналізу хуткапераменных патокаў светлавога выпрамянення). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Статистический одноквантовый метод в оптико-физическом эксперименте. Мн., 1981 (разам з М.​А.​Івановым).

М.І.Дзямчук.

т. 6, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)