Е́СЬМАН Руслан Іосіфавіч (н. 16.4.1941, Мінск),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі ліцейных працэсаў. Д-р тэхн. н., праф. (1993). Скончыў Ленінградскі ваенна-мех. ін-т (1963). З 1965 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па цеплафіз. асновах, тэорыі і тэхналогіі ліцейных працэсаў. Распрацаваў адзіную сістэму матэм. апісання працэсаў фарміравання адліўкі складанай канфігурацыі ў метал. форме.

Тв.:

Расчеты процессов литья. Мн., 1977 (разам з М.​П.​Жмакіным, Л.​І.​Шубай);

Термодинамика, теплопередача и двигатели внутреннего сгорания. Мн., 1985 (разам з Б.​Я.​Жалезкам, У.​М.​Адамавым).

т. 6, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́РЫН Генадзь Лаўрэнцьевіч (н. 7.6.1946, г. Гомель),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1974). Працуе пераважна ў манум. жывапісе: вітражы «Пераўтварэнне энергіі» (1976, з В.​Даўгала) у чытальнай зале Дома культуры г. Новалукомль (Віцебская вобл.), «Хлеб Радзімы» (1982, з Ю.​Багушэвічам) у фае Дома культуры саўгаса «Рагінь» Гомельская вобл., размалёўкі ў тэхніцы энкаўстыкі («Партызаны Міншчыны» і інш.) і плафон «Мінск — горад-герой» (1979—82, з Багушэвічам) у холе канферэнц-залы б. Мінскага гаркома КПБ. Аўтар станковых работ «Габеленшчыцы» (1979), «Слова пра родную зямлю» (1982) і інш.

т. 6, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛА Мікалай Міхеевіч (3.10.1862, Чэрыкаўскі пав. Магілёўскай губ. — 1885),

удзельнік рэв.-народніцкага руху. У час вучобы ў Магілёўскай гімназіі з 1875 удзельнічаў у гуртках «самаразвіцця». З 1877 чл. гуртка Л.С.Залкінда, які ў 1880 далучыўся да «Народнай волі». Вёў агітац. работу сярод сялян на бел. мове, вывучаў і збіраў фальклор. У час вучобы ў Кіеўскім ун-це стварыў «Камуну магілёўцаў». У 1882 чл. нарадавольскага гуртка У.​І.​Бычкова (гл. ў арт. Бычковы). У крас. 1883 арыштаваны, у 1884 высланы ва Усх. Сібір. Патануў у р. Селенга.

М.​Б.​Ласінскі.

т. 6, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКЛЁПАЧНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,

нераздымнае злучэнне дэталей з дапамогай заклёпак (метал. стрыжняў з закладнымі галоўкамі). Робіцца ўнахлёстку, устык з адной або двума накладкамі. Выкарыстоўваецца ў канструкцыях, якія працуюць ва ўмовах ударных і вібрацыйных нагрузак, для змацавання дэталей, якія не зварваюцца або не дапускаюць награвання, і інш. З.з. выцясняюцца больш эканамічнымі зварнымі і клеявымі злучэннямі.

Заклёпачнае злучэнне: а — схема злучэння (1, 2 — замыкальная і закладная галоўкі; 3 — стрыжань заклёпкі, 4 — дэталі, якія злучаюцца); б — пашыраныя тыпы заклёпак (1—3 — з патайной, паўпатайной, плоскай галоўкамі; 4 — канічная з падгалоўкам).

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРААСТРЫ́ЗМ,

рэлігія, якая была пашырана ў старажытнасці і раннім сярэдневякоўі ў Іране, Афганістане, Сярэдняй Азіі, Азербайджане, краінах Б. і Сярэдняга Усходу; захавалася ў парсаў Індыі і гебраў у Іране. Назва ад імя прарока Заратуштры (Зараастра). Свяшчэнны канон З. — «Авеста». Асн. прынцыпы: вера ў адзінага бога Ахурамазда; проціпастаўленне 2 спрадвечных пачаткаў — дабра і зла, барацьба паміж якімі складае змест сусв. працэсу; вера ў канчатковую перамогу дабра; шанаванне агню; забарона закапвання памерлых у зямлю. Ідэйныя канцэпцыі З. мелі ўплыў на фарміраванне маніхейства, мітраізму, іудаізму, хрысц. ерасей паўлікіян і катараў.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЭ́МБА Мікалай Іванавіч (15.6.1821, Віцебская губ. — 8.4.1879),

музычны тэарэтык, педагог, кампазітар. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Ігры на фп. і віяланчэлі вучыўся ў А.​Герке і І.​Гроса, тэорыю музыкі вывучаў у А.​Б.​Маркса ў Берліне. З 1859 выкладаў у Муз. класах Пецярбургскага аддзялення Рас. муз. т-ва. З 1862 праф. Пецярбургскай кансерваторыі, у 1867—71 яе дырэктар. Распрацаваў «Інструкцыю для Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі», якая садзейнічала ўпарадкаванню навуч. працэсу і стала асновай працы кансерваторыі. Аўтар араторыі «Іаан Хрысціцель», сімфоніі, хароў. Сярод яго вучняў Г.Ларош, П.Чайкоўскі.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНІК электрычны,

прыстасаванне для аховы эл. праводкі, прылад, апаратаў, электрарухавікоў ад перагрэву пры кароткіх замыканнях і перагрузках. Складаецца з ізаляцыйнага корпуса (трубка або патрон) і плаўкай устаўкі (дрот або пласцінка, якія ад празмернага току плавяцца і разрываюць эл. ланцуг). Бываюць адкрытыя (устаўка размешчана звонку корпуса) і закрытыя, трубчастыя і пробкавыя (разьбовыя). У сілавых устаноўках З. замяняюцца больш дакладнымі аўтам. выключальнікамі.

Засцерагальнікі электрычныя: а — трубчасты (1 — плаўкі элемент, 2 — ізаляцыйная трубка, 3 — кантактавыя спружыны); б — пробкавы (1 — дрот з легкаплаўкага металу; 2 — пробка; 3 — металічны патрон; стрэлкі паказваюць напрамак працякання току).

т. 7, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМАГА́Р Алесь (сапр. Яцэвіч Аляксандр Хведаравіч; 1.10.1903, в. Кірава Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 1995),

бел. пісьменнік. Брат Янкі Золака. Скончыў Вышэйшы пед. ін-т у Мінску (1930). У гады фаш. акупацыі працаваў у рэдакцыі «Беларускай газэты», быў настаўнікам, інспектарам нар. школ. З 1944 у эміграцыі, жыў у Аўстрыі, Францыі, з 1956 у ЗША. Аўтар паэт. зб. «Да згоды» (1962), кніг артыкулаў «Вызвольныя шляхі» (1965) і апавяданняў «Лесавікі» (1973), рамана «Случчына ў агні» (1986). Творы З. адметныя сплавам мастацкасці і публіцыстычнасці.

С.​Б.​Сачанка.

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Андрэй Аляксеевіч (13.12.1900, г. Замасць, Польшча — 1.10.1970),

расійскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1944). У 1934—49 саліст Укр. т-ра оперы і балета, у 1950—56 — Вял. т-ра. Дзякуючы моцнаму голасу прыгожага мяккага тэмбру, выразнай дыкцыі, псіхал. адухоўленасці выканання стварыў галерэю яскравых запамінальных вобразаў: князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Ялецкі, Мазепа («Пікавая дама», «Мазепа» П.​Чайкоўскага), Рыгалета («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Нагульнаў («Узнятая цаліна» І.​Дзяржынскага), Шчорс («Шчорс» Б.​Ляташынскага).

т. 7, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВАРЫЯ́НТ [ад лац. invarians (invariantis) нязменны] у структурнай лінгвістыцы, моўная адзінка ў адцягненасці ад яе канкрэтнай матэрыяльнай рэалізацыі. Напр., усе гукі «а», незалежна ад таго, якім чалавекам і як яны вымаўляюцца, абагульняюцца ў адзін І., што называецца фанемай «а»; усе значэнні і грамат. формы слова «кніга» з’яўляюцца рэалізацыяй аднаго адпаведнага І. і г.д. Структурныя інварыянтныя адзінкі кожнага ўзроўню мовы праяўляюцца ў суадносных варыянтных адзінках маўлення, што замацоўваецца адпаведнымі тэрмінамі: фанема — гук, ці алафон; марфема — морф, ці аламорф; лексема (слова) — лекс, або алалекс, і г.д.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)