ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНІК электрычны,

прыстасаванне для аховы эл. праводкі, прылад, апаратаў, электрарухавікоў ад перагрэву пры кароткіх замыканнях і перагрузках. Складаецца з ізаляцыйнага корпуса (трубка або патрон) і плаўкай устаўкі (дрот або пласцінка, якія ад празмернага току плавяцца і разрываюць эл. ланцуг). Бываюць адкрытыя (устаўка размешчана звонку корпуса) і закрытыя, трубчастыя і пробкавыя (разьбовыя). У сілавых устаноўках З. замяняюцца больш дакладнымі аўтам. выключальнікамі.

Засцерагальнікі электрычныя: а — трубчасты (1 — плаўкі элемент, 2 — ізаляцыйная трубка, 3 — кантактавыя спружыны); б — пробкавы (1 — дрот з легкаплаўкага металу; 2 — пробка; 3 — металічны патрон; стрэлкі паказваюць напрамак працякання току).

т. 7, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)