разьба́, ‑ы, ж.
1. Вырэзванне ўзораў, малюнкаў на цвёрдых матэрыялах. Мастацкая разьба.
2. Узор, малюнак, выразаны на цвёрдых матэрыялах. Хаты не проста цяп-ляп, а шаляваныя, з разьбой на белых ці блакітных ліштвах. Брыль.
3. Вінтавая нарэзка. Унутраная разьба. Знешняя разьба. □ Я глянуў на Тарасюка. Ён закручваў вечка біклагі і ніяк не мог трапіць на разьбу. Рукі ў яго дрыжалі. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рамані́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да рамана (у 1 знач.). Ваенна-гістарычнае апавяданне падначальвае сабе элементы раманічнай кампазіцыі, сюжэтную структуру і вобразную сістэму. Дзюбайла.
2. Які мае адносіны да рамана (у 2 знач.); звязаны з любоўнымі адносінамі. Лабановіч заходзіць у кухню. Яму цікава паглядзець на сваю старожку, чыя асоба звязвалася раманічнаю гісторыяй з асобаю яго папярэдніка, гэтага самага Мітрафана Васільевіча. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскаці́ць, ‑качу́, ‑ко́ціш, ‑ко́ціць; зак., што.
1. Коцячы, раз’яднаць, развесці ў розныя бакі. Раскаціць бочкі. □ Дастаць .. гармонік ніхто не мог. Для гэтага прыйшлося б раскаціць усю кучу бярвення. Якімовіч.
2. Разагнаўшы, паступова надаць вялікую скорасць чаму‑н. Раскаціць каляску.
3. Пакаціўшы, разгарнуць, раскруціць што‑н. згорнутае ў рулон. Раскаціць сувой. □ Хросны раскаціў на стале шарачак і аберуч пагладзіў яго. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Пытаючы ў каго‑н., даведацца, высветліць што‑н. Ганна з палёгкаю ўздыхнула і шпарка рушыла ў бок чыгункі, каб распытаць там дарогу ў Арэхаўку. Шамякін. Салдат разгаварыўся з Панасам, распытаў, хто ён такі, за што яго забралі. Колас. Кепска, што гэтую мясцовасць .. [Рыбак] ведаў блага, ды і не распытаў як след у хлопцаў у лесе. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распя́ць, разапну, разапнеш, разапне; разапнём, разапняце; зак., каго-што.
1. Прыбіць цвікамі да крыжа рукі і ногі (старадаўні спосаб пакарання). Дрот калючы. Вышак многа. Кулямётчыкі не спяць. Спевакоў за песню могуць На крыжы распяць. Маляўка.
2. Расправіўшы, туга нацягнуць. Добра, што Кастусь, які ехаў па малако, захапіў брызент: распялі яго, прымацаваўшы да калёс, і так пратрымалі больш гадзіны над ягнятамі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассла́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
1. Пазбавіцца сіл, напружання; аслабець. Вова расслабіўся і сёмы раз ужо не перакуліўся, калыхнуўся назад. Хомчанка. Холад між тым і асвяжаў, не даваў расслабіцца, напружваў усе мышцы. Быкаў.
2. Стаць слабкім; пасвабаднець; расслабець. [Даніла] намацаў дрыжачымі пальцамі канец раменьчыка на хамуце, рвануў яго на сябе — супонь расшморгнулася, расслабілася, і Белакапытны, вылузаўшы галаву з хамута, выскачыў з баразны. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
Выточваючы, расшырыць, паглыбіць. Растачыць дэталь.
растачы́ць 2, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
Згрызці, праесці, патачыць скрозь, у многіх месцах. Шашаль растачыў сцяну.
растачы́ць 3, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
Прытачыўшы, зрабіць большым, шырэйшым. Растачыць каўнер кашулі. □ Чакаючы нявестку ў хату, Стары Хамёнак перасыпаў гумно, растачыў яго для тых снапоў, што прыйдуць разам з новым сем’янінам. Шкраба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расхіста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Прымусіць хістацца; раскалыхаць. Калі чалавека, які званіў, забілі, званы доўга яшчэ гудзелі, так моцна ён расхістаў іх. Шамякін.
2. Хістаючы, зрабіць няўстойлівым, хісткім. Расхістаць слуп. □ Валока як-колечы спрабаваў расхістаць абломак [бетону], ля якога цадзіўся промень, штурхнуў яго ўгару і пацягнуў на сябе. Быкаў.
3. перан. Давесці да разладу, падарваць. Сялянскія паўстанні расхісталі феадальнапамешчыцкі лад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раўнаду́шны, ‑ая, ‑ае.
Абыякавы да навакольнага, да таго, што адбываецца. Ні ён сам пра сябе, ні другія пра яго не маглі і не могуць сказаць, што чалавек ён абыякавы, марудны, раўнадушны. Бялевіч. Кастусь гарэў сам справаю паўстання і не мысліў сабе раўнадушнымі сваіх падначаленых. Якімовіч. // Які не выказвае цікавасці, пачуцця любві да каго‑н. // Які выяўляе раўнадушнасць. Раўнадушны погляд. Раўнадушны тон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
са́джанец, ‑нца, м.
Маладая дрэвавая расліна, вырашчаная з сеянцаў або чаранкоў у гадавальніку і прызначаная для перасадкі куды‑н. Людзі хоць і лічылі Пракопа дзіваком, але кожны стараўся ў яго, а ні ў кога іншага, купіць саджанец яблыні, грушы, вішні, слівы ці насенне кветак. Кавалёў. Прывёз хлапец з-пад Рагачова У кулундзінскія палі Сямейку саджанцаў вішнёвых, Каб тут дужэлі і раслі. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)