АЗЕ́РШЧЫНА,

вёска ў Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і Рэчыцкага саўгаса-тэхнікума. За 10 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 60 км ад Гомеля. 4858 ж., 1800 двароў (1994). Суднабуд.-суднарамонтны з-д, ПМК. Сярэдняя школа, ПТВ, 3 б-кі, 3 клубы, амбулаторыя, 2 аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Царква. За 0,3 км на З ад вёскі паселішча каменнага веку.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЁНА ВЯЛІ́КАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,

адно з найбольшых газава-пылавых воблакаў, бліжэйшае да Сонечнай сістэмы ў Галактыцы. Адлегласць да Арыёна вялікай туманнасці каля 300 пс. Мае выгляд мігатлівай бледнай плямы ў сузор’і Арыёна пад трыма яркімі зоркамі «пояса Арыёна». Папярочнік туманнасці больш за 5 пс. Належыць да эмісійных туманнасцяў. Сярэдняя шчыльнасць у 1017 разоў меншая за шчыльнасць паветра. Эмісійныя газава-пылавыя туманнасці могуць з’яўляцца раёнамі актыўнага зоркаўтварэння. Гл. таксама Туманнасці галактычныя.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЦЮКІ́,

вадасховішча ў Беларусі, у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. За 12 км на У ад г. Калінкавічы, каля в. Малыя Аўцюкі. Створана ў 1980 для патрэб сельскай гаспадаркі. Пл. 0,62 км², даўж. каля 1,5 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 4,3 м, аб’ём вады каля 1,9 млн. м³. Дно пясчанае. Наліўное, напаўняецца за кошт сцёку р. Закованка і меліярацыйных каналаў. Ваганні ўзроўню на працягу года да 2,7 м.

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЭКАЛАГІ́ЧНЫ САЮ́З (БЭС, БелЭкаС),

добраахвотная грамадская арг-цыя, якая ставіць за мэту актывізацыю прыродаахоўнай дзейнасці грамадзян, прадпрыемстваў, устаноў, аб’яднанне іх намаганняў для захавання экалагічнай раўнавагі і паляпшэння асяроддзя пражывання насельніцтва Беларусі. Засн. 3.4.1989 у Мінску. Прэзідэнт Б.​П.​Савіцкі, віцэ-прэзідэнты Р.​Г.​Гарэцкі, Я.​П.​Пятраеў, Л.​Р.​Тарасенка. Больш за 5 тыс. членаў (з 1995). Вышэйшы кіруючы орган — з’езд (праводзіцца адзін раз у 3 гады).

т. 2, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Віцебскім р-не, у бас. р. Віцьба, за 10 км на У ад Віцебска. Пл. 0,15 км², даўж. 640 м, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 15,8 м, даўж. берагавой лініі 1,98 км. Пл. вадазбору 1,16 км². Схілы катлавіны — марэнныя ўзгоркі і озы. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі задзернаваныя і парослыя хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей за 3 м глініста-глеістае. Упадае і выцякае ручай.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́МОН»,

нелегальны часопіс бел. народнікаў. Выдаваўся ў 1884 у Пецярбургу гектаграфічным спосабам на рус. мове бел. арг-цыяй «Гоман». Выйшлі 2 нумары: 1-ы ў пач. года, другі 15 лістапада. Меў падзагаловак «Беларускі сацыяльна-рэвалюцыйны агляд». Змяшчаў матэрыялы пра рэв. падзеі ў Расіі і Беларусі, эканам. і паліт. становішча бел. народа, сцвярджаў самабытнасць бел. мовы, крытыкаваў палітыку царызму, выступаў за федэратыўную самастойнасць бел. народа, за развіццё яго культуры.

С.​В.​Говін.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛАВА́Я СКО́РАСЦЬ,

вектарная велічыня ω, якая характарызуе скорасць вярчэння цвёрдага цела. Модуль вуглавой скорасці ω = lim Δt 0 Δφ Δt = dφ dt , дзе Δφ — прырашчэнне вугла павароту за прамежак часу Δt. Вектар ω накіраваны ўздоўж восі вярчэння ў той бок, адкуль паварот цела бачны супраць ходу гадзіннікавай стрэлкі (правіла правага вінта). Адзінка вуглавой скорасці ў СІрадыян за секунду (рад/с).

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ РО́ЖАН,

вёска ў Салігорскім р-не Мінскай вобл., каля р. Морач і Чырвонаслабодскага вадасх., на аўтадарозе Чырв. Слабада—Ганцавічы. Цэнтр Рожанскага с/с і калгаса. За 43 км на З ад горада і чыг. ст. Салігорск, 176 км ад Мінска. 1227 ж., 460 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. За 4 км ад вёскі, ва ўрочышчы Шылава помнік партызанам. Царква Ушэсця.

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎШЧЫНА, галаўшчызна,

адзін з відаў пакарання, прадугледжаны крымінальным правам ВКЛ за забойства чалавека. Спаганялася ў выглядзе грашовага штрафу з вінаватага на карысць сваякоў забітага. Памеры штрафу залежалі ад саслоўнага становішча або пасады, якую займала ахвяра, часам і ад прафесіі забітага. За забойства па неасцярожнасці адказнасць вінаватага абмяжоўвалася толькі галоўшчынай. Закон асобна рэгламентаваў памер галоўшчыны па справах асоб нехрысціянскага веравызнання. У некат. выпадках яна вызначалася ў двайным памеры («совито»).

Т.​І.​Доўнар.

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ДНА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Лучоса, за 10 км на Пд ад г. Віцебск. Пл. 0,87 км², даўж. 1,35 км, найб. шыр. 920 м, найб. глыб. 8 м, даўж. берагавой лініі 4,05 км. Пл. вадазбору 16 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м, на У да 10 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя. Мелкаводдзе шырокае і спадзістае. Дно пясчанае, глыбей за 2—4 м глеістае.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)