БЮДЖЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНЫ,

каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн. фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.

Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.

Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп. мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тым не менш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац. развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, а таксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл. табл. 1).

У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл. табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.

Літ.:

Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;

Государственный бюджет. Мн., 1995.

М.​І.​Ткачук.

Табліца 1
Структура даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Крыніцы паступлення Гады
1993 1994 1995
Акцызы 16,8 11,0 9,1
Падатак на дабаўленую вартасць 29,6 27,2 23,0
Падатак на прыбытак і даходы 22,9 34,2 32,3
Падаткі з насельніцтва 8,2 10,9 10,5
Падатак на паліва 4,5 4,2 3,0
Падатак на нерухомасць 2,9 0,7 0,3
Плата за зямлю 1,6 2,1 0,4
Мытныя пошліны і зборы ад знешнеэканамічных аперацый 0,2 0,3 0,6
Зборы і непадатковыя даходы 1,4 3,8 9,1
Адлічэнні на ахову здароўя 28,0
Іншыя даходы 11,8 2,8 14,9
Табліца 2
Структура расходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Накіраванне сродкаў Гады
1993 1994 1995
Народная гаспадарка 40,8 27,6 24,3
Сацыяльна-культурныя мерапрыемствы 35,0 35,4 43,5
Навука 1,4 1,1 2,0
Абарона 4,5 5,4 4,9
Праваахоўныя органы 3,9 4,2 7,5
Абслугоўванне дзяржаўнага доўгу 2,9 5,6 4,0
Органы ўлады 1,6 1,4 3,5
Рэзервовы фонд мясцовых органаў 0,9 0,8 0,3
Рэзервовы фонд прэзідэнта 0,3
Фонд стабілізацыі эканомікі 0,5 1,2
Іншыя расходы 3,8 17,3 9,7

т. 3, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́НСТВА,

у крымінальным праве Рэспублікі Беларусь забароненае законам грамадска небяспечнае дзеянне (або бяздзейнасць), якое пасягае на асобу, канстытуцыйны лад дзяржавы, уласнасць, а таксама на інш. аб’екты, якія ахоўваюцца законам. Неабходнай прыкметай З. з’яўляецца наяўнасць віны (наўмыснасць або неасцярожнасць дзеяння). Не з’яўляюцца З. дзеянне або бяздзейнасць, якія фармальна маюць прыкметы якога-н. З., але з-за сваёй малазначнасці не ўяўляюць сабой грамадскай небяспекі. Грамадска небяспечнае дзеянне не можа быць прызнана злачынным, калі на момант учынення яно не было прадугледжана крымін. законам, г. зн. не было процізаконным, проціпраўным. Сукупнасць названых прыкмет (віны і проціпраўнасці) утварае склад З. Адсутнасць любой з іх выключае паняцце З.

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь асобна вылучае паняцце цяжкае З. — наўмыснае дзеянне, якое ўяўляе сабой павышаную грамадскую небяспеку (іх пералік змешчаны ў агульнай частцы крымін. кодэкса). У адпаведнасці з сучаснай крымін. дактрынай краіны асаблівая частка кодэкса падзяляе З. паводле аб’екта пасягання на дзярж., супраць уласнасці, супраць асобы, супраць грамадскай бяспекі і грамадскага парадку, супраць правасуддзя, воінскія З. і інш.

т. 7, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́БА, Волаба,

возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 34 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 3,39 км², даўж. 4,62 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі 17,1 км. Пл. вадазбору 56,5 км².

Катлавіна складанай формы, з мноствам заліваў, ляжыць сярод маляўнічых азёр, аб’яднаных пратокамі з р. Дрыса. Схілы катлавіны выш. 5—15 м, пад лесам, на З разараныя. Берагі пясчаныя, на У зліваюцца са схіламі. 9 астравоў агульнай пл. 7 га. Прыбярэжная зона да глыб. 3—4 мзах. частцы да 5—7 м) пясчаная. Зарастае ўздоўж берагоў. Упадае р. Студзёніца, злучана шырокай і глыбокай пратокай з воз. Сіньша. Месца адпачынку і турызму.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСА́ДЗЕ (Акакій Аляксеевіч) (6.8.1899, г. Кутаісі — 23.3.1978),

грузінскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1936). Праф. Тбіліскага тэатр. ін-та (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1917. З 1920 у Груз. т-ры імя Ш.​Руставелі (Тбілісі; у 1935—55 гал. рэжысёр). З 1958 гал. рэжысёр Груз. т-ра імя Л.​Месхішвілі (Кутаісі). З 1969 акцёр груз. т-ра ў г. Руставі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў і пастановак: Ахма («Анзор» С.​Шаншыяшвілі), Пэпія («Апавяданне жабрака» І.​Чаўчавадзе), Яга («Атэла» У.​Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Шуйскі («Вялікі гасудар» У.​Салаўёва; і рэж.), Шмага («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага; і рэж.). З 1924 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1951; Дзярж. прэмія Грузіі імя Руставелі 1975 (усе за тэатр. работы).

т. 4, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСТРАЦО́Ў (Сцяпан Сяргеевіч) (29.12.1883, в. Вастрацова Бураеўскага р-на, Башкортастан — 3.5.1932),

ваенны дзеяч. Скончыў Ваен.-акад. курсы вышэйшага каманднага складу РСЧА (1924). З 1906 у арміі. За рэв. агітацыю сярод салдат у 1910 зняволены на 3 гады ў турму. У 1-ю сусв. вайну прапаршчык, узнаг. 3 Георгіеўскімі крыжамі. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—20 камандзір палка на Усх. і Зах. франтах, удзельнічаў у вызваленні ад польскіх войск Смалявіч, Мінска, Баранавіч, Ваўкавыска, Слоніма. У 1922 камандаваў групай войск пры вызваленні Прымор’я, у 1923 — экспедыцыяй па ліквідацыі войск ген. Пепяляева. У 1924—28 камандаваў дывізіямі на Беларусі. З 1929 камандзір корпуса, удзельнічаў у ліквідацыі канфлікту на Кітайска-Усх. чыгунцы. Чл. ЦВК БССР (1927—29). Адзін з першых кавалераў 4 ордэнаў Чырв. Сцяга.

т. 4, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЬЦАВА́ННЕ (ад ням. wälzen качаць, перакочваць),

перапрацоўка поліметал. адходаў металургічнай вытв-сці (шлакаў свінцовай, меднай і алавянай вытв-сці, цвёрдых рэшткаў цынкавай вытв-сці) з мэтай дадатковага атрымання металаў. Прадукты вельцавання — узгоны свінцу, цынку, волава і інш. металаў, а таксама клінкер, які мае звычайна медзь.

У працэсе вельцавання адходы змешваюцца са здробненым палівам (коксам, антрацытам і інш.) і награюцца ў гарыз. вярчальных печах да т-ры 1100—1300 °C. Лятучыя металы (перш за ўсё цынк) пад уздзеяннем т-ры аднаўляюцца з вокіслаў, выпараюцца і зноў акісляюцца кіслародам паветра і вуглякіслым газам. Вокіслы ўлоўліваюцца ў фільтрах, пасля чаго з іх вылучаюць металы. Медзь, жалеза і інш. нелятучыя металы, якія застаюцца ў цвёрдым стане, выплаўляюць (на плавільных з-дах).

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁЛЕР ((Wöhler) Фрыдрых) (31.7.1800, Эшэрсгайм, каля г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 23.9.1882),

нямецкі хімік. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1853). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1823). З 1836 праф. у Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Ажыццявіў перагрупоўку цыянату амонію ў мачавіну (рэакцыя Вёлера, 1828) — першы сінтэз прыроднага арган. рэчыва з неарган., здзейснены па-за жывым арганізмам. Даследаванні Вёлера паставілі пад сумненне правільнасць уяўлення аб «жыццёвай сіле» (гл. Віталізм). Вызначыў формулу бензойнай к-ты, пры даследаванні яе вытворных адкрыў радыкал бензаіл, што пацвердзіла тэорыю радыкалаў (разам з Ю.Лібіхам, 1832). Атрымаў метал. алюміній, берылій, ітрый, карбід кальцыю і з яго ацэтылен.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1740.

Адбылося ў Быхаўскім старостве з-за злоўжыванняў мясц. феад. адміністрацыі і ўзмацнення рэліг. супярэчнасцей. Выклікана намерам М.​Сапегі ператварыць у сваіх уладаннях на Быхаўшчыне правасл. цэрквы ва уніяцкія. Даведаўшыся пра гэта, сяляне і мяшчане мяст. Дашкавічы Аршанскага пав. ў крас. 1740 збілі уніяцкага святара і выгналі панскую адміністрацыю. Сяляне в. Сідаравічы аб’ядналіся з жыхарамі інш. вёсак і стварылі ўзбр. атрад у 200 чал. Узначалілі выступленне сяляне В.​Ярашэнка, Г.​Бушня, М.​Казёл і В.​Гетман. 27 крас. ў вёску рушылі быхаўскі намеснік Д.​Стахоўскі з 2 святарамі ў суправаджэнні атрада з быхаўскага гарнізона. Каля вёскі сяляне зрабілі засаду і забілі некалькі чалавек, у т. л. Стахоўскага. У маі выступленне задушана, 6 сялян забіта, шмат паранена.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХА́ГАР (Ahaggar),

Хогар, пустыннае нагор’е ў Цэнтральнай Сахары, у Алжыры. Складзена з плоскавяршынных ступеньчатых хрыбтоў (сярэдняя выш. да 800 м), выцягнутых з Пн на Пд, і базальтавых плато (сярэдняя выш. 2000 м), над якімі ўздымаюцца вулканічныя конусы, найбольшы выш. 3003 м (г. Тахат). З Пн і Пд нагор’е акаймавана пясчанікавымі градамі (куэстамі) палеазойскага ўзросту. Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў і гранітаў. Радовішчы плаціны, алмазаў, урану, нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны горна-пустынны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 35 °C, ападкаў менш як 100 мм за год. Пастаянны паверхневы сцёк толькі ў вярхоўях сухіх далін (уэдаў), дзе шчыльнае травяное покрыва. Трапляюцца асобныя дрэвы і гаі (кіпарысы, мірт, пальмы, акацыі). Жывёльны свет: муфлоны, гепарды, ільвы; у аазісах шмат птушак.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВО́Е,

вёска ў Беларусі, у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПдЗ ад г. Дзяржынск, 47 км ад Мінска, 11 км ад чыг. ст. Койданава. 420 ж., 147 двароў (1995).

Вядома з 16 ст. ў складзе Старынкаўскай вол. Мінскага пав. ВКЛ, уласнасць Радзівілаў. У 1756 пабудавана царква. У 19 ст. ў складзе Койданаўскай вол. У 1867 адкрыта пач. школа. З 1924 цэнтр сельсавета Койданаўскага р-на, з 1932 — нац. польскага сельсавета, з 1936 — бел. сельсавета Дзяржынскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў Баравым дзейнічала падп. група Дзяржынскага антыфаш. к-та. У 1970 — 288 ж., 99 двароў. У Баравым сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — капліца-пахавальня (пач. 20 ст.).

т. 2, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)