БІНАКУЛЯ́РНЫ ЗРО́К,
зрок абодвума вокамі і фарміраванне пры гэтым адзінага зрокавага ўспрымання (відарысу) аб’екта. Дае магчымасць вызначыць таксама ўзаемнае размяшчэнне прадметаў у прасторы, зрокава меркаваць аб іх аддаленасці. Пры бінакулярным зроку вочы размешчаны так, што адлюстраванне аб’екта трапляе на ідэнтычныя, сіметрычна размешчаныя ўчасткі сятчаткі абодвух вокаў. Калі адлюстраванне выявіцца на несіметрычных участках, вочы рэфлекторна паварочваюцца, пакуль сіметрыя не будзе дасягнута. Адзнака аддаленасці прадметаў і іх узаемнага размяшчэння адбываецца ў кары галаўнога мозга на аснове аналізу і сінтэзу сукупнасці нерв. імпульсаў, якія зыходзяць з сеткаватых абалонак і вочных мышцаў.
т. 3, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ АКУ́СТЫКА,
раздзел акустыкі, які вывучае законы распаўсюджвання гуку на аснове ўяўленняў пра гукавыя прамяні (лініі, уздоўж якіх распаўсюджваецца гукавая энергія). Найб. просты выгляд (прамыя лініі) прамяні маюць у аднародным ізатропным асяроддзі. Геаметрычная акустыка — гранічны выпадак хвалевай акустыкі пры пераходзе да бясконца малой даўжыні хвалі; законы геаметрычнай акустыкі выконваюцца ў тых выпадках, калі можна не ўлічваць дыфракцыю хваль. Для гукавых прамянёў справядлівы тыя ж законы адбіцця і пераламлення, што і для светлавых. Ураўненні геаметрычнай акустыкі падобныя да ўраўненняў геаметрычнай оптыкі. Выкарыстоўваецца ў арх. акустыцы, гідралакацыі і інш.
т. 5, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТЫЛКАЎЧУКІ́,
сінтэтычны палімер, супалімер ізабутылену з невял. колькасцю ізапрэну, [—C(CH3)2—CH2—]m—[—CH2—C(CH3)=CH—CH2—]n. Мал. маса (3—7)∙105, шчыльн. 910—920 кг/м³, т-ра шклавання -69 °C. Асаблівасці — нізкія ненасычанасць, пара- і газапранікальнасць. Атрымліваюць нізкатэмпературнай (ад -80 °C да -95 °C) полімерызацыяй ізабутылену з 0,6—5 малярнымі % ізапрэну ў прысутнасці каталізатара (хларыд алюмінію AlCl3). Гума на аснове бутылкаўчуку ўстойлівая да ўздзеяння азону, к-т, шчолачаў і інш. агрэсіўных рэчываў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці аўтамабільных і варачных камер, дыяфрагмаў фарматараў-вулканізатараў шын, дэталяў харч. машынабудавання, мед. вырабаў, электраізаляцыйных матэрыялаў і інш.
т. 3, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАРГАЗМІ́Я (ад ан... + аргазм),
адсутнасць аргазму пры палавых зносінах; адна з формаў зніжэння сексуальнасці ў жанчын. Анаргазмія часта спалучаецца са зніжэннем палавой цягі або з поўнай яе адсутнасцю. Частата ўзнікнення залежыць ад узросту жанчыны і рэгулярнага палавога жыцця. Адрозніваюць анаргазмію першасную (з пачатку палавога жыцця) і другасную (страта аргастычных адчуванняў пасля пэўнага перыяду нармальных сексуальных адносін). У аснове анаргазміі ляжаць парушэнні псіхасексуальнага развіцця, некаторыя асаблівасці асобы, псіхагенныя фактары, захворванні. Анаргазмія можа выклікаць адчуванне павышанага крованапаўнення палавых органаў, боль, эмацыянальныя парушэнні, расстройства сну. Лячэнне строга індывідуальнае, праводзіцца сексапатолагам.
т. 1, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТА́ЦЫЯ (ад лац. optatio жаданне),
у міжнародным праве выбар асобай грамадзянства паводле закону або міжнар. дагавора. Адбываецца пры пераходзе тэрыторыі ад адной дзяржавы да другой, пры вырашэнні пытанняў пра асоб з двайным грамадзянствам (біпатрыдаў), пры абмене насельніцтвам. Дзеці пры аптацыі звычайна прымаюць грамадзянства бацькоў. Міжнар. права не мае адзінай агульнапрызнанай рэгламентацыі аптацыі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь і яе пагадненняў з інш. краінамі аптацыя праводзіцца на добраахвотных пачатках з улікам інтарэсаў бакоў. Так адбывалася аптацыя на аснове бел.-польск. пагадненняў пасля вызвалення тэр. Беларусі і Польшчы ад ням. фашыстаў.
т. 1, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РТЭР (ад англ. barter тавараабмен),
прамы безграшовы абмен таварамі ці паслугамі; найпрасцейшы від гандл. аперацый (натуральны абмен). Абумоўлены пераважна недахопам валюты, яе няўстойлівасцю як сродку плацяжу. Найб. пашыраны ў міжнар. гандлі. Ажыццяўляецца з дазволу кампетэнтных дзярж. органаў на аснове бартэрных здзелак пры абавязковай ацэнцы тавараў (паслуг) па сусв. ці блізкіх да іх дагаворных цэнах. Такая ацэнка неабходна для эквівалентнасці абмену, мытнага ўліку, вызначэння страхавых сум, ацэнкі магчымых прэтэнзій і велічыні санкцый. У межах адной краіны ці асобных яе рэгіёнаў бартэр ажыццяўляецца паводле ўзаемнай дамоўленасці паміж таваравытворцамі.
т. 2, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫННЫ СУД,
суд феадала над залежнымі ад яго людзьмі — прыгоннымі сялянамі ў Расіі і ВКЛ у 15 — 1-й пал. 19 ст. Дзейнічаў на аснове стараж. звычаёвага права. Паводле вотчыннага права юрысдыкцыі феадала падлягалі не толькі залежныя сяляне, але і інш. асобы, што пражывалі на яго землях (гл. Вотчына). Судаводства ў вотчынным судзе ажыццяўляў сам феадал ці службовыя асобы яго дваровай адміністрацыі (соцкія, старосты і інш.). Меры пакарання (цялесныя ці інш.) феадал часам вызначаў адвольна. Фактычна існаваў да адмены прыгоннага права ў 1861.
Т.І.Доўнар.
т. 4, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РАЎ Уладзімір Рыгоравіч (18.10.1901, руднік пры Багадухаўскай балцы, Данбас, Украіна — 13.7.1956),
расійскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Данскую (Растоў-на-Доне) кансерваторыю (1927). У 1932—56 муз. кіраўнік Рускага народнага хору імя Пятніцкага. На аснове традыцый рус. нар. муз. мастацтва стварыў індывід. стыль шматгалосай песні («Уздоўж вёскі», «Праводзіны», «Зялёнымі прасторамі», «І хто яго ведае», «Ой, туманы мае», «Руская прыгажуня» і інш., многія з якіх сталі народнымі). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1952.
Літ.:
Ливанова Т. В.Г.Захаров. М., 1954;
Воспоминания о В.Г.Захарове. М., 1967.
т. 7, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДО́НСКІ Уільям Ільіч (н. 14.3.1938, г.п. Тамашпаль Вінніцкай вобл., Украіна),
бел. фізік. Д-р тэхн. н. (1985). Скончыў Адэскі ін-т інжынераў марскога флоту (1961). З 1968 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па сінтэзе і фіз. уласцівасцях магнітарэалагічных вадкасцей (МРВ). Распрацаваў тэорыю МРВ і канцэпцыю пабудовы адаптыўных структур на іх аснове (вібраахоўныя, электраакустычныя і робататэхн. прыстасаванні).
Тв.:
Магнитореологический эффект и управление процессами переноса (разам з С.А.Дзямчук) // Успехи механики. 1989. Т. 12, № 4.
т. 8, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НУ ЗАКО́НЫ,
адзін з самых стараж. літ. помнікаў інд. цывілізацыі. Складзены на аснове ідэй брахманізму, з’яўляюцца зборам норм (грамадз., рэліг., маральных) паводзін веруючага індуса. У М.з. ўключаны таксама тэксты касмалагічнага, культавага і рытуальнага зместу, тлумачэнні па дзярж. ладзе і каставай сістэме. М.з. складаюцца з 12 глаў, якія разбіты на 2650 шлок (двухрадкоўяў). Паводле брахманскай традыцыі, аўтар М.з. — міфічны першачалавек Ману (адсюль назва). Асноўныя тэксты адносяцца да часу дынастыі Маур’я (4—2 ст. да н.э.), да нашага часу захавалася рэдакцыя, запісаная на мяжы Н.Э.
А.І.Малюгін.
т. 10, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)