ПЕПТЫ́ДНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від аміднай сувязі; узнікае ў выніку ўзаемадзеяння α-амінагрупы (—NH2) адной амінакіслаты з α-карбаксільнай групай (—COOH) інш. амінакіслаты. Такія палімерныя малекулы (поліпептыдныя ланцугі) могуць складацца з соцень амінакіслотных звёнаў, а бялковая малекула — з аднаго ці некалькіх поліпептыдных ланцугоў. З’яўляецца адзінай кавалентнай сувяззю, з дапамогай якой амінакіслотныя астаткі злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць каркас бялковай малекулы. Мае (на 40%) характар двайной (спалучанай) сувязі і таму карацей за адзінарную —C—N—сувязь. Часткова спалучаны характар —C—N—сувязі абумоўлівае плоскую канфігурацыю —C(O)—NH—групы (усе 4 атамы знаходзяцца ў адной плоскасці) і існаванне транс- (больш устойлівай) і цысформ. Ферментатыўнае ўтварэнне П.с. ў жывых клетках адбываецца ў працэсе біясінтэзу бялку.
С.С.Ермакова.
т. 12, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕРАДСМЯРО́ТНЫ РАЗГАВО́Р ПУСТЭ́ЛЬНІКА ПЯТРА́»,
«Перэдсьмертный розговор Пустэльніка Петра, каторый жыў у пушчы дзевецьдзесят лет, а памёр маючы сто сорок лет», бел. агітацыйная брашура. Надрукавана лацінкай на бел. мове ў невядомай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. Мае памету: «Друкавана ў Кіеве». Складаецца з 16 старонак невял. фармату; уяўляе сабой празаічную гутарку — зварот выдуманага пустэльніка Пятра да шляхты і мужыкоў падтрымаць паўстанне «палякаў» супраць царызму. Ідэйнай накіраванасцю блізкая да «Гутаркі старога дзеда». У канцы надрукаваны бел. пераклад-пераробка патрыят. гімна «Божа, што Польшчы...». Мяркуючы па рэаліях гімна (Тураў, Петрыкаў), брашура прызначалася для распаўсюджвання ў паўд. частцы Беларусі.
Літ.:
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971.
Г.В.Кісялёў.
т. 12, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОК-Н-РОЛ (англ. rock’n’roll, rock and roll літар. трасіся і пагойдвайся),
танцавальная музыка, асноўная і найбольш традыц. форма рок-музыкі. Узнікла ў пач. 1950-х г. у ЗША як вынік спалучэння «чорнага» стылю рытм-энд-блюз і «белага» хіл-білі. Упершыню тэрмін «Р.-н.-р.» ужыты ў 1951 амер. дыск-жакеем А.Фрыдам. Уяўляе сабой сінтэз моцна акцэнтаванай рытмавай асновы блюза і мелодыкі стылю кантры. Характарызуецца маторна-танц. метрарытмам, выкарыстаннем эл.-муз. інструментаў, павышанай дынамікай, спецыфічнай вак.-выканальніцкай манерай, якая ўзыходзіць да стараж. негрыцянскіх традыцый. Першы шлягер Р.-н.-р. — песня «Рок вакол часу» Б.Хейлі. Сярод зорак класічнага Р.-н.-р. Э.Прэслі, Ч.Бэры, Л.Рычард і інш.
Дз.А.Падбярэзскі.
т. 13, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРГА́САВА МО́РА (Sargasso Sea). У цэнтральнай частцы Атлантычнага акіяна. Абмывае ўсх. берагі Канады, ЗША, Кубы. Пл. 6—7 млн. км² (межы ўмоўныя і зменлівыя ў выніку сезонных перамяшчэнняў цячэнняў). Глыб. да 7110 м. Назва ад скопішчаў плаваючых саргасавых водарасцей, вял. колькасць якіх звязана з наяўнасцю ў С.м. зоны сыходжання паверхневых цячэнняў. У С.м. размешчаны Бермудскія а-вы. Уяўляе сабой застойны цэнтр асім. замкнутай антыцыкланічнай цыркуляцыі, тыповай для субтрапічных мораў, паміж цячэннямі Гальфстрым, Канарскім, Паўн.Атлантычным і Паўн. Пасатным. Т-ра вады на паверхні 18—23 °C зімой, 26—28 °C летам. Салёнасць 36,5—37‰. Багаты жывёльны свет: свабоднаплаваючыя — макрэлевыя, лятучыя рыбы, марскія іголкі, крабы, марскія чарапахі і інш.; прымацаваныя да водарасцей — актыніі, імшанкі і інш.
т. 14, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мара́ль, ‑і, ж.
1. Правілы, нормы паводзін людзей у адносінах паміж сабой. Камуністычная мараль. Буржуазная мараль. □ Маё знаёмства з доктарам з пункту погляду маралі тутэйшых жыхароў адбылося вельмі прыстойна і як мае быць. Васілевіч.
2. Павучальны вывад з чаго‑н. Мараль байкі.
3. Разм. Павучанне, натацыя. [Максім:] — Ты мне маралі не чытай... На сябе спачатку паглядзі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
катастро́фа, ‑ы, ж.
Раптоўнае вялікае бедства, падзея з трагічнымі вынікамі. Аўтамабільная катастрофа. Авіяцыйная катастрофа. □ — І вось тады, калі на моры здарылася з намі катастрофа, — працягваў Федзя, — мне было сорамна і крыўдна, да жудасці не хацелася гінуць такой бязглуздай, нікчэмнай смерцю. Каваль. // Значная змена, якая цягне за сабой рэзкі пералом у грамадскім або асабістым жыцці. Нацыянальная катастрофа. Сямейная катастрофа.
[Ад грэч. katastrophē — паварот; знішчэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нястры́маны і нестрыма́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не можа валодаць сабой, стрымлівацца. Усе ведаюць, што Булай нястрыманы, што любіць пакамандаваць. Шыцік.
2. Якога немагчыма стрымаць. З нястрыманаю сілаю і з громам бервяно падае ў ваду. Колас. — Няма куды дзяваць збожжа, — з нястрыманай радасцю сказаў.. [Шаманскі]. Дуброўскі. Сябры скарысталі вясёлы.. настрой для розных смешных успамінаў і далі волю нестрыманаму смеху. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падле́зці, ‑лезу, ‑лезеш, ‑лезе; зак.
1. Залезці пад што‑н.; прабрацца куды‑н. паўзком. Падлезці пад мост. □ Таня асцярожна падлезла пад куст, лягла на дно ямы і старанна прыкрылася, нахіліўшы над сабой галінкі. Зуб. Падлезшы пад нізка асеўшае крыло самалёта, я пачаў хутка разграбаць снег. Шамякін.
2. Разм. Падступіцца, наблізіцца да чаго‑н. Бэз падлез пад самае акно. Скарынкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рабі́навы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да рабіны. Рабінавы гай. Рабінавы кій. □ Дадому вярталіся Ганька з цёткай Фядорай ужо на захадзе сонца. Пані Юля і дзеці правялі іх да канца рабінавай алеі. Васілевіч. // Прыгатаваны з рабін, з рабінамі. Рабінавы сок. Рабінавая настойка.
2. Які нагадвае сабой колер ягад рабіны; аранжава-чырвоны. Рабінавы колер.
•••
Рабінавая ноч гл. ноч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
радыя́тар, ‑а, м.
1. Прыстасаванне для ахаладжэння вады або масла, паветра ў маторах аўтамабіляў, трактараў, самалётаў і пад. Паветрана-масляны радыятар. □ Шафёр заліў ваду ў радыятар, і машына памчала далей. Кулакоўскі.
2. Награвальны прыбор цэнтральнага ацяплення, які ўяўляе сабой сістэму труб з гарачай вадой або парай унутры. Нішто не перашкаджае цяпер думаць дома, грэючы спіну каля радыятара. Шамякін.
[Ад лац. radio — выпраменьваю.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)