штокру́жа, ‑ы, ж.

Дэкаратыўная расліна сямейства мальвавых з вялікімі пышнымі кветкамі на высокім сцябле; садовая мальва.

[Ням. Stokrose.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́перс, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Паўднёвая паўхмызняковая расліна, якая сцелецца па зямлі.

2. мн. Пупышкі гэтай расліны, якія ў марынаваным выглядзе ўжываюцца як прыправа.

|| прым. ка́персавы, -ая, -ае.

Сямейства каперсавых (наз.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

шча́ўе, -я, н.

Травяністая і паўкуставая расліна сямейства драсёнавых з прадаўгаватым ядомым лісцем кіслага смаку, а таксама страва, прыгатаваная з лісця гэтай расліны.

Сакавітае ш.

Сёрбаць ш.

|| прым. шча́ўевы, -ая, -ае.

Шчаўевая кіслата.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БАБО́К, бабоўнік, трыфоль,

трыліснік (Menyanthes),

род кветкавых раслін сям. бабковых. Уключае 1 від — бабок трохлісты ((Menyanthes trifoliata). Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца на нізінных і сфагнавых балотах, па забалочаных берагах рэк, азёраў, канаў, утварае зараснікі.

Шматгадовая травяністая расліна выш. 20—35 см з тоўстым, доўгім, паўзучым карэнішчам. Лісце трайчастае, суцэльнакрайняе, чаргаванае, прыкаранёвае, на доўгіх чаранках. Кветаноснае сцябло бязлістае, бакавое. Кветкі двухполыя, бледна-ружовыя або белыя, духмяныя, з нектарнікамі, у густых прамастойных гронках. Плод — акруглая каробачка. Лек. (жаўцягонны сродак і ўзбуджальнік апетыту), фарбавальная, меданосная і дэкар. расліна, мае гліказіды меніянцін, меліянцін, алкалоід генцыянін, вітамін C, дубільныя рэчывы і інш.

Бабок трохлісты.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКЛАЖА́Н (Solanum melongena),

шматгадовая агароднінная расліна сям. паслёнавых. Дзікарослы вядомы ў Індыі, дзе ўведзены ў культуру да нашай эры У Еўропе разводзілі пераважна як лек. расліну, з 18 ст. спажываюць у ежу. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках; на Беларусі найбольш у паўд. раёнах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

Выш. да 1 м. Лісце простае, авальнае, зялёнае з фіялетавым адценнем. Кветкі фіялетавыя, пазушныя, адзіночныя або ў гронках. Плады — ягады, грушападобныя, круглыя або цыліндрычныя, фіялетавыя, жоўтыя з карычневымі палосамі, зялёныя, белыя; маюць цукры, бялкі, дубільныя рэчывы, вітаміны C, B1, PP. Цепла- і вільгацелюбівая расліна. У культуры аднагадовая, вырошчваецца расадай. У адкрыты грунт высаджваюць у канцы мая — пач. чэрвеня.

Баклажан.

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОК-САГЫ́З (Taraxacum kok-saghyz),

кветкавая расліна роду дзьмухавец. Пашыраны ў міжгорных далінах Усх.

Цянь-Шаня. Да 1954 вырошчваўся ў Еўрапейскай ч. СССР як лепшы натуральны каўчуканос флоры. З развіццём вытв-сці сінт. каўчуку не культывуецца.

Шматгадовая травяністая расліна выш. 10—30 см. Лісце падоўжанае, зубчастае, у разетцы. Кветкі жоўтыя, дробныя, у адзіночных кошыках. На адной расліне бывае да 200 кветаносаў. Плод — сямянка. Корань стрыжнёвы, у яго млечных сасудах назапашваецца каўчук. Пры пашкоджванні кораня латэкс выцякае ў выглядзе белай вадкасці, якая хутка застывае і ўтварае плеўку эластычнага каўчуку. Па якасці не саступае каўчуку трапічных каўчуканосных раслін.

У.​П.​Пярэднеў.

Кок-сагыз.

т. 8, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДТЫ́ННІК, чыстацел (Chelidonium),

род кветкавых раслін сям. макавых. 1 від — П. вялікі, або бародаўнік (Ch. majus). Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і як заноснае на ПнУ Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца па сырых ярах, у хмызняках, на пустках, каля жылля, у садах і парках. Нар. назвы жоўты малачай, цалідонія, цанцалея.

Шматгадовая травяністая расліна выш. да 80 см. Сцябло прамастойнае, галінастае з ярка-аранжавым млечным сокам. Лісце глыбока перыстарассечанае, зверху зялёнае, знізу шызае, як і сцёблы, укрыта валаскамі. Кветкі жоўтыя, у парасонападобных суквеццях. Плод — стручкападобная каробачка. Ядавіты. Інсектыцыдная, лек., тэхн. расліна (з каранёў атрымліваюць жоўтую фарбу, з насення — тлусты алей).

Падтыннік вялікі.

т. 11, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

plant1 [plɑ:nt] n. раслі́на;

house/indoor/pot plants ха́тнія раслі́ны;

garden plants садо́выя раслі́ны;

Don’t forget to water the plants. Не забудзь паліць расліны.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

sickly [ˈsɪkli] adj.

1. хвараві́ты;

a sickly plant кво́лая раслі́на;

a sickly smile бязра́дасная ўсме́шка

2. мо́ташны, мо́ташлівы;

a sickly green colour ядаві́та-зялёны ко́лер

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

АСТЭРАКАЛАМІ́Т (Asterocalamites),

дрэвападобная расліна, якая адносіцца да членістасцябловых з позняга дэвону, ранняга карбону. Вонкавая паверхня сцябла мае падоўжныя рэбры, якія прадаўжаюцца ў сумежных міжвузеллях. Лісце ў кальчаках, якія паўторна разгаліноўваюцца, генератыўныя органы ў выглядзе рыхлых шмат’ярусных стробілаў.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)