вірусная хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем органаў кроваўтварэння, пастаяннай або з рэцыдывамі ліхаманкай, анеміяй і працяглым вірусаносьбіцтвам. Пашырана ў многіх краінах свету, у т. л. на Беларусі. Хварэюць коні, радзей аслы і мулы. Узбуджальнік — РНК-змяшчальны вірус, крыніцай якога з’яўляюцца хворыя жывёлы і вірусаносьбіты, крывасосныя насякомыя і інш. Інкубацыйны перыяд 5—90 сут. Цячэнне хваробы спачатку вострае, потым хранічнае і латэнтнае. Т-ра павышаецца да 40—42 °C. Адзначаецца агульная слабасць, узбуджальнасць, сардэчная недастатковасць, ацёкі ў вобласці жывата і канечнасцей. У крыві рэзка памяншаецца колькасць эрытрацытаў і гемаглабіну, павялічваецца колькасць лімфацытаў. Лячэнне не распрацавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДЗЕ́Я (ludaia),
старажытнарымская правінцыя на тэр.Паўд.Палесціны ў 6—41 і з 44 н.э. Цэнтр — г.Іерусалім. Пасля падзелу ў 4 да н.э. былога царства Ірада 7 у І. правіў яго сын Архелай, адхілены рымлянамі ад улады. Верагодна, І. падпарадкоўвалася рым. намесніку Сірыі, але мела ўласнага пракуратара з шырокімі паўнамоцтвамі. Мясц. духавенства мела абмежаваную суд. ўладу. У 41—44 І. ў складзе царства Ірада Агрыпы I, але потым зноў перададзена пад кіраванне пракуратараў. Тэрор і злоўжыванні рым. улад прывялі да ўсеагульнага нар. паўстання (гл.Іудзейская вайна 66—73), пасля задушэння якога І. страціла аўтаномію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Піліп Іванавіч) (27.11.1916, в. Гойкаў Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 17.3.1944),
удзельнік партыз. руху на тэр. Гомельскай і Магілёўскай абл. у Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1941 на фронце, з чэрв. 1942 у тыле ворага ў дыверсійнай групе, з ліп. 1943 камандзір групы падрыўнікоў 255-га партыз. атрада, потым — партыз. палка 255-га. Падрыхтаваў 13 дыверсійных груп, пусціў пад адхон 19 эшалонаў, падарваў 30 аўтамашын з жывой сілай і тэхнікай ворага. Загінуў у баі каля в. Перунава Кіраўскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЕ́Й (Марат Іванавіч) (10.10.1929, в. Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 11.5.1944),
піянер-партызан.
Герой Сав. Саюза (1965). У Вял.Айч. вайну з ліст. 1942 у партыз. атрадзе «25 год Кастрычніка», са жн. 1943 разведчык штаба 200-й партыз. брыгады імя К.К.Ракасоўскага Мінскай вобл. У снеж. 1943 здабыў ваен. карты і планы камандавання праціўніка. 11.5.1944 пры выкананні баявога задання каля в. Хароміцкія Уздзенскага р-на К. быў акружаны карнікамі. Адстрэльваўся да апошняга патрона, потым гранатай падарваў сябе і гітлераўцаў, якія наблізіліся да яго. Пахаваны на радзіме, дзе ў 1987 створаны мемарыял. У Мінску К. пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Пётр Міхайлавіч) (24.7.1893, в. Залесная Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1944),
генерал-лейтэнант (1944), Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. гвардыі з 1917, потым у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1926). У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Паўн.-Каўказскім і Цэнтр. франтах: нам. камандуючага, камандуючы арміяй, камандзір корпуса. Вызначыўся ў баях за Дняпро на Пн ад Кіева: у вер. 1943 корпус пад камандаваннем ген.-м. К. з ходу фарсіраваў раку, захапіў плацдарм і забяспечыў пераправу часцей арміі. У пас. Гарачаводскі Стаўрапольскага краю яму пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЬКО́Ў (Рыгор Мацвеевіч) (14.2.1899, с. Васільеўка Акцябрскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 17.12.1961),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў ваен. эл.-тэхн. акадэмію (1938). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял.Айч. вайну з вер. 1941 камандзір дыверсійна-разведвальнага партыз. атрада, які ў 1941—42 зрабіў 600-кіламетровы рэйд па тылах праціўніка ў паўд. раёнах Беларусі. З мая 1943 камандзір дыверсійна-разведвальнай групы, што дзейнічала ў раёне Брэст—Баранавічы—Ваўкавыск, потым на тэр. Польшчы і Чэхаславакіі. Аўтар кн. «Вайна ў тыле ворага» (1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІ́ЧКІ (Cantharellus),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. лісічкавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі 2 віды: Л. сапраўдная, або жоўтая (C. cibarius), і Л. трубкападобная (C. tubaeformes). Трапляюцца ў хваёвых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—кастрычніку.
Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. да 10 см, пукатая або плоская, потым лейкападобная з тонкім хвалістым краем, жоўтая, жаўтаватая ці белаватая. Складкі пласціністыя, тоўстыя, зыходзяць на ножку. Ножка цыліндрычная, суцэльная, аднаго колеру са шляпкай з шапкай*. Мякаць шчыльная, белаватая, з прыемным пахам. Споры эліпсападобныя, гладкія, бясколерныя. Ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКАШЭ́ВІЧ ((Łukaszewicz) Юзаф Анджэй) (30.11.1799, в. Крамплева каля Познані, Польшча — 13.2.1873),
польскі гісторык, публіцыст, бібліёграф. Чл. Кракаўскага (1857) і Пазнанскага (1873) навук. т-ваў. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). З 1829 у Познані; супрацоўнік, потым дырэктар б-кі Э.Рачынскага, у 1832—42 настаўнік польскай мовы ў пратэстанцкай гімназіі імя Фрыдрыха Вільгельма, у гар. архіве. Рэдагаваў час. «Przyjaciel Ludu» («Сябра народу», 1839—45) і «Orędownik Nauk» («Прыхільнік навук», 1840—46). Аўтар прац па гісторыі арыянства, кальвінізму, лютэранства і інш. пратэстанцкіх кірункаў у Польшчы (па рэгіёнах) і ВКЛ. Адзін з буйнейшых даследчыкаў Рэфармацыі ў Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́Н,
старажытны горад, які ўпершыню згадваецца пад 1138 у Статуце Смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, потым пад 1173 у Іпацьеўскім летапісе як месца нараджэння ў кн. Рамана Расціславіча сына, у гонар якога ў Л. быў пабудаваны храм св. Міхаіла, у грамаце «Аб пагароддзі і пачэсці» пад 1211—18 згадваецца ў ліку гарадоў, што плацілі даніну смаленскаму епіскапу. Месцазнаходжанне горада дакладна не вызначана. Адзіным месцам магчымай лакалізацыі летапіснага Л., дзе тапанімічныя і археал. звесткі супадаюць з пісьмовым сведчаннем Іпацьеўскага летапісу, з’яўляецца гарадзішча каля в.Лучын ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДВІГ ((Ludwig) Крыста) (н. 16.3.1928, Берлін),
аўстрыйская спявачка (мецца-сапрана). Вучылася пад кіраўніцтвам бацькі А.Людвіга, потым у муз. школе ў Франкфурце-на-Майне. З 1946 працавала ў розных ням. оперных т-рах, з 1955 салістка Венскай дзярж. оперы. Спявала таксама ў т-рах «Метраполітэн-опера», «Ла Скала». Сярод партый: Дарабела, Керубіна («Усе яны такія», «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Леанора («Фідэліо» Л.Бетховена), Актавіян і Маршальша («Кавалер ружы» Р.Штрауса), Эбалі («Дон Карлас» Дж.Вердзі). У 1954—74 пастаянна ўдзельнічала ў Зальцбургскіх фестывалях. Выконвала сольныя партыі ў 9-й сімфоніі Бетховена. Выступае як камерная спявачка.