МАГІЛЁЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—19 ст. Размяшчаўся на мысе правага берага р. Дняпро. Яго дзядзінец меў форму, блізкую да чатырохвугольніка (пл. больш за 1 га). З захаду пляцоўка дзядзінца ўзвышалася над далінай р. Дубровенка на 20 м, з Пд — над далінай Дняпра на 25 м, з У — на 14 м; з Пн была ўмацавана ровам. Замак пабудаваны ў 1526 на месцы могільніка 12—13 ст. Па перыметры пляцоўку замка ўмацоўваў вал з гліны і пяску, абпаленых для трываласці да цэглападобнага стану. Археал. даследаванні пацвердзілі звесткі Баркулабаўскага летапісу пра замак: «Лета 1526 большой замок зароблен и принято много горы Могилы, на которой теперь замок Могилев стоит». Ад назвы гэтай гары і атрымаў сваю назву замак. У 16 ст. М.з. меў драўляныя ўмацаванні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і ваен. рыштунку. Уначы ахоўвала варта. У ваен. час яго абаранялі жыхары Магілёва і воласці, у гароднях замкавых умацаванняў размяшчаліся іх сем’і са сваім скарбам. У час паўстання падкіраўніцтвам С.Налівайкі М.з. спалены 13.12.1595, аднак хутка адноўлены, пра што сведчыць інвентар Магілёва за 1604. Замкавыя ўмацаванні складаліся з 7 вежаў і 2—3-ярусных гародняў, пастаўленых на высокім земляным вале. Цераз абарончы роў, які аддзяляў замак ад горада, быў перакінуты драўляны мост на палях. Яго апошні пад’ёмны пралёт — «узвод на ланцугах» — падводзіў да 5-яруснай «Горнай брамы». Астатнія 6 вежаў былі 3—5-ярусныя, а «Дольная» брама мела 4 ярусы. З боку замка да Дняпра і Дубровенкі вялі 2 патаемныя хады. Сцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. У 1633 замак згарэў, але праз 2 гады адноўлены 2 брамы і сцены ў выглядзе 1—2-раднага частаколу. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 з 6.2 да 1.5.1655 М.з. вытрымаў аблогу казацкіх войск, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 1655—60 замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў пабудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гасп. пабудовы (пазней двойчы гарэлі). Бастыённыя ўмацаванні замка ў пач. 19 ст. знівеліраваны. Археал. даследаванні замка праводзілі М.А.Ткачоў (1982), З.Л.Яцкевіч (1990), І.М.Марзалюк (1992—96). У выніку даследаванняў Марзалюка даказана, што на гары Магіла ў 12—13 ст. існавала ўмацаванае слав. паселішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯНЕ́РСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,
грамадскія арг-цыі дзяцей і дарослых, члены якіх называюць сябе піянерамі (франц. pionnier даследчык). Існуюць у Расіі, Украіне, Беларусі, Казахстане, Кітаі, Францыі, Партугаліі, Фінляндыі і інш. краінах, адрозніваюцца структурай, мэтамі і формамі дзейнасці. Упершыню ўзніклі ў Расіі ў маі 1922 як дзіцячыя камуніст. арг-цыі, якія ў кастр. 1922 аб’яднаны ва ўсерас. дзіцячую камуніст. арг-цыю «Юныя піянеры імя Спартака» (з 1926 Усесаюзная П.а. імя У.І.Леніна). П.а. СССР (у 1988 больш за 20 млн. 10—15-гадовых піянераў-школьнікаў) дзейнічала падкіраўніцтвам камсамола як яго рэзерв і памочнік, мела сетку пазашкольных устаноў — палацы і дамы піянераў і школьнікаў, піянерскія лагеры і інш., выдавала (1988) 34 газеты і 53 часопісы. Ў яе ўваходзіла Бел. П.а. імя У.І.Леніна (створана ў 1922, каля 900 тыс.чл. у 1977). З 1920-х г. П.а. існавалі пры камуніст. і левых сацыяліст. і рабочых партыях многіх краін (у т. л. ў Зах. Беларусі). Распад сусв.сацыяліст. сістэмы і СССР выклікаў крызіс піянерскага руху. Усесаюзная П.а. імя У.І.Леніна 1.10.1990 пераўтворана ў Саюз П.а. — Федэрацыю дзіцячых арг-цый, якая ў 2001 аб’ядноўвала на ўмовах свабоднай асацыяцыі 65 піянерскіх і інш. дзіцячых арг-цый у большасці б. рэспублік СССР. Яе членам з’яўляецца грамадскае аб’яднанне Бел.рэсп. піянерская арг-цыя (БРПА, утворана 13.9.1990) — добраахвотная непаліт. грамадская арг-цыя дзяцей (ад 7 гадоў) і дарослых (узрост неабмежаваны) са свабодным членствам, правапераемніца Бел. П.а. імя У.І.Леніна. Налічвае (2001) 280 тыс. членаў. Гал. мэта — дапамагчы падлеткам у іх грамадз. станаўленні, арыентаваць іх на актыўную стваральную дзейнасць, накіраваную на пазнанне свету і паляпшэнне навакольнага жыцця. Кіруючыя органы — Цэнтр. савет (Мінск), абласныя, гар. і раённыя саветы піянераў. Вышэйшы орган — рэсп. злёт, які раз у 3 гады выбірае старшыню Цэнтр. савета. Асн. праца БРПА вядзецца ў школах, дзе ствараюцца піянерскія дружыны (5 і больш піянераў), якія могуць аб’ядноўвацца ў атрады. Членства ў арг-цыі падзяляецца на 4 ступені: «наследнікі» (папярэдняя ступень, школьнікі 7—10 гадоў), «даследчыкі» (уласна піянеры, дзеці з 10 гадоў), «выпрабавальнікі» (старэйшыя піянеры), «лідэры» (кіраўнікі аб’яднанняў). «Даследчыкі», «выпрабавальнікі» і «лідэры» носяць чырв. гальштукі з адпаведнай колькасцю каляровых стужак-нашывак. БРПА працуе па 5 асн. праграмах: «Сем Я» — самапазнанне і развіццё асобы; «Наследнікі» — праца з малодшымі школьнікамі; «Спадчына» — засваенне сац.-культ. традыцый, фарміраванне экалагічнага мыслення, «Гульня — справа сур’ёзная» — выкарыстанне патэнцыялу гульні ў гуманізацыі адносін паміж падлеткамі; «Дзіцячы ордэн міласэрнасці». Вынікі выканання праграм падводзяцца ў штогадовых летніх палатачных лагерах.
разам з Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкай 1905, вышэйшы этап рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. Адбывалася падкіраўніцтвамрэв. партый — бальшавікоў, меншавікоў, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Бунда, адначасова і ў цеснай сувязі са снежаньскімі ўзбр. паўстаннямі 1905. Стачцы папярэднічаў рэв. ўздым пасля абвяшчэння Маніфеста 17 кастрычніка 1905. У кастр.—снеж. 1905 у Расіі баставалі 1277 тыс. рабочых. Стачка ініцыіравана бальшавікамі як папярэдняя фаза запланаванага імі ўсеагульнага ўзбр. паўстання з мэтай звяржэння царызму і ўсталявання рэв.-дэмакр. дыктатуры рабочых і сялян. Кіраўніцтва стачкай і паўстаннем ускладалася на Саветы рабочых дэпутатаў (гл.Саветы дэпутатаў) і падобныя да іх арг-цыі. 19.12.1905 Маскоўскі Савет, дзе пераважалі бальшавікі, вырашыў пачаць 20 снеж. ўсеагульную стачку, каб перавесці яе ва ўзбр. паўстанне. Гэтае рашэнне падтрымалі канферэнцыя чыгуначнікаў і з’езд паштова-тэлегр. служачых. Ў розныя рэгіёны краіны выехалі дэпутаты Маскоўскага Савета, каб наладзіць кантакты і заручыцца падтрымкай. Усё гэта паспрыяла адначасоваму пачатку стачкі і яе хуткаму пашырэнню па ўсёй Расіі, у т. л. на Беларусі. Баставалі чыгункі, пошта, тэлеграф, рабочыя буйных прамысл. цэнтраў. Гал. патрабаваннем бастуючых была ліквідацыя самадзяржаўя. 22 снеж. стачка ў Маскве перарасла ва ўзбр. выступленне. Урадавым войскам у ходзе барыкадных баёў супрацьстаялі бальшавіцкія, эсэраўскія і меншавіцкія баявыя дружыны (6 тыс.чал., з іх 2 тыс. ўзброеныя). З прыбыццём у Маскву Сямёнаўскага і Ладажскага палкоў 31 снеж. паўстанне было падаўлена. Узбр. паўстанні адбыліся яшчэ ў 30 гарадах Расіі (Растоў-на-Доне, Ніжні Ноўгарад, Екацярынаслаў, Харкаў і інш.). У Чыце, Краснаярску, Новарасійску (гл.«Новарасійская рэспубліка») улада на непрацяглы тэрмін пераходзіла ў рукі Саветаў. Але ўсе гэтыя выступленні насілі ізаляваны характар і да лют. 1906 задушаны карнымі войскамі.
На Беларусі 21—22 снеж. забаставалі ўсе чыгуначнікі, іх падтрымалі рабочыя 17 гарадоў, у 13 з якіх стачка набыла агульнагар. характар. Стачкамі кіравалі стачачныя к-ты (Баранавічы, Орша, Пінск, Лунінец, Магілёў), кааліцыйныя саветы (Мінск, Віцебск), Гомельскі камітэт дэлегатаў. Гэтыя органы выконвалі некат. функцыі рэв. улады. Адбываліся масавыя мітынгі і дэманстрацыі, фарміраваліся баявыя дружыны. Бел. рабочыя спрабавалі перашкодзіць прасоўванню карных войск у Маскву і інш. цэнтры паўстання. У Гомелі, Баранавічах (гл.Баранавіцкае выступленне рабочых і салдатаў 1905), Пінску, Смаргоні сітуацыя была блізкая да ўзбр. паўстання, але мясц.рэв. арг-цыі чакалі зыходу барацьбы ў цэнтры Расіі. У канцы снеж. 1905 — пач.студз. 1906 забастоўкі на Беларусі задушаны царскімі войскамі.
Літ.:
Яковлев Н.Н. Вооруженные восстания в декабре 1905 г.М., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛОІДНАЯ ХІМІЯ
Сістэматычныя даследаванні па калоіднай хіміі на Беларусі пачаліся з 1924 у БДУ, з 1932 вяліся ў Ін-це хіміі (з 1959 Ін-т агульнай і неарганічнай хіміі) АН Беларусі падкіраўніцтвам М.Ф.Ярмоленкі. Шырокія па ахопе праблем тэорыі і практыкі калоіднай хіміі даследаванні тых гадоў (вывучэнне тыксатрапіі і каагуляцыі калоідных сістэм, набракальнасці каўчукападобных палімераў, адсарбцыйных і каталітычных уласцівасцей прыродных адсарбентаў і глін; сінтэз і мадыфікацыя ўласцівасцей цэалітападобных структур; фізіка-хім. заканамернасці асадкаў гідраксідаў і аксідаў металаў і іх седыментацыйнай устойлівасці) атрымалі працяг у акадэмічных і навуч. установах хім. профілю — Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі і Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це, Магілёўскім ун-це харчавання, Гомельскім тэхн. ун-це і інш.
У галінесарбентаў і сарбцыйных працэсаў распрацаваны метады актывацыі і мадыфікацыі ўласцівасцей прыродных глін і інш. мінералаў (У.С.Камароў), прыродных арганічных калоідаў і комплексаў гумінавых кіслот (І.І.Ліштван), асновы сінтэзу саасаджаных адсарбентаў з высокай тэрмічнай стабільнасцю ў прысутнасці арганічных і неарганічных мадыфікатараў (А.І.Рацько). У кірунку вывучэння механізму дзеяння і сінтэзу паверхнева-актыўных рэчываў прапанаваны змены рэжымаў выкарыстання і новыя рэагенты ў якасці збіральнікаў і дэпрэсантаў, што значна павялічыла эфектыўнасць флатацыйнага абагачэння калійных руд Старобінскага радовішча (Х.М.Александровіч, Ф.Ф.Мажэйка); даследаваліся стабілізацыя калоідных сістэм на фоне канцэнтраваных раствораў электралітаў, атрыманне воднабітумных эмульсій (М.П.Круцько), высокаканцэнтраваных устойлівых калоідаў аксідаў і гідраксідаў пераходных металаў (А.І.Лесніковіч). У галіне міцэлярных і палімерных структур даследавалася фарміраванне структур дысперсных палімерных сістэм у вязкацякучым стане (Б.Э.Гелер); уведзена паняцце асацыіраваных комплексаў у хімію ультрадысперсных сістэм (Я.М.Рахманько, У.С.Салдатаў).
Развіццё метадычнай базы калоіднай хіміі абумовіла фарміраванне новых кірункаў даследаванняў, што адносяцца да хіміі такіх мікрагетэрагенных сістэм, як інжынерная хімія, хімія інтэлектуальных матэрыялаў, нанатэхналогія, якія даюць магчымасць нарошчвання малекулярных структур з зададзенымі функцыянальнымі групамі на паверхні носьбітаў адвольнай прыроды. У гэтым кірунку дасягнуты значныя поспехі ў канструяванні новых нетрадыцыйных фатаграфічных матэрыялаў (Г.А.Браніцкі, В.В.Свірыдаў, В.Дз.Сташонак), электра- і магнітарэалагічных суспензій (А.Д.Мацапура, З.П.Шульман), розных варыянтаў рэалізацыі золь-гель працэсаў, напр., атрыманне аптычнага шкла (Я.М.Паддзенежны), у даследаванні працэсаў хімічнай самазборкі на межах падзелу фаз (А.І.Лесніковіч).
Літ.:
Лесникович А.И. Исследования в области химической инженерии и коллоидной химии // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. хім.навук. 2003. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫБАЛОГІЯ І ТРЫБАТЭХНІКА
Трыбалогія — навука аб працэсах узаемадзеяння цел пры іх адносным руху, а трыбатэхніка — сукупнасць інжынерных дысцыплін, што вырашаюць праблемы трэння, змазкі і зносу. Даследаванні на Беларусі пачаліся ў 1960-я г.падкіраўніцтвам У.А.Белага ў Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (цяпер Бел.ун-т транспарту), а таксама ў Аддзеле механікі палімераў (цяпер Ін-т механікі металапалімерных сістэм), Фізіка-тэхн. ін-це, Ін-це механікі і надзейнасці машын Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел.нац.тэхн. ун-це, гомельскіх тэхн. ун-це і ун-це імя Ф.Скарыны і інш.
Трыбалагічныя даследаванні вядуцца ў наступных кірунках: трыбааналіз — фізіка, хімія і механіка паверхневых з’яў на кантакце цвёрдых цел (тэндэнцыя да мініяцюрызацыі вузлоў трэння ў прэцызійных механізмах, прыладах апрацоўкі інфармацыі і мікраэлектрамех. сістэмах узняла праблемы адгезіі, трэння і змазкі, а з’яўленне тунэльнай і атамна-сілавой мікраскапіі дазволіла перавесці даследаванні на нанаметровы атамна-малекулярны ўзровень); трыбаматэрыялазнаўства — даследаванне ўласцівасцей і стварэнне новых матэрыялаў для вузлоў трэння (распрацоўваюцца нанакампазіты на аснове ўсіх вядомых класаў матэрыялаў — металаў, керамікі, палімераў, інтэлектуальныя матэрыялы — магніта- і электракіраваныя кампазіты, самаарганізавальныя монаслаі, біяарган. сістэмы); трыбатэхналогія — распрацоўка сродкаў і метадаў атрымання кампанентаў трыбасістэм з прынцыпова новымі характарыстыкамі; трыбаманіторынг — інтэграваны падыход да дыягностыкі і бесперапыннага кантролю рабочых рэжымаў трыбасістэм. У галіне трыбатэхнікі ажыццяўляецца дзярж. падтрымка ў рамках праграм фундаментальных даследаванняў «Паверхня», «Матэрыял», навукова-тэхн. праграм «Трыбатэхніка», «Абарона паверхні», «Новыя матэрыялы і тэхналогіі». На Беларусі рэгулярна праводзяцца міжнар. канферэнцыі, з 1980 выдаецца міжнар. навуковы час. «Трэнне і знос», створана трыбалагічнае т-ва.
Літ.:
Макушок Е.М. Механика трения. Мн., 1974;
Трение и износ материалов на основе полимеров Мн., 1976;
Макушок Е.М., Калиновская Т.В., Белый А.В. Массоперенос в процессах трения. Мн., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗААБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ
аб’ядноўвае любоўную, сямейную і сац.-бытавую лірыку. Яна адпавядае больш высокаму ўзроўню развіцця свядомасці, светапогляду і светаразуменню народа. Першыя запісы пазаабрадавай паэзіі адносяцца да 17 ст. У нар. лірычнай песні адлюстраваліся філасофскія, гуманістычныя і маральна-этычныя ўяўленні народа пра ідэал узаемаадносін паміж людзьмі.
Любоўная лірыка вызначаецца падборам пэўнага тэматычнага матэрыялу і ідэйнай накіраванасцю лірычнай песні. У ёй праз маст. сродкі раскрываецца складаны ўнутр. свет чалавека, яго перажыванні. Ідэя любоўных песень — абараніць каханне ад перашкод і варожых яму з’яў. Гал. аб’екты самавыражэння лірычнага героя — каханая ці каханы, прырода, што з’яўляецца даверанай асобай у каханні, радзіма, уласнае жыццё і інш., якія ўвасабляюцца і разглядаюцца як самастойна існуючыя з’явы. Моцная эмацыянальная афарбоўка любоўнай песні ствараецца глыбокім роздумам героя, смуткам, меланхоліяй, філасофскімі разважаннямі, карцінамі прыроды.
Сямейная лірыка адлюстроўвае сялянскі побыт, гаспадарча-земляробчую працу, мары пра шчасце, а таксама маральна-этычныя праблемы і звычаёвыя прававыя нормы сумеснага жыцця. У песнях пра жыццё ў сям’і лірычная гераіня — найчасцей маладая замужняя жанчына, якая сумуе па сваёй роднай старонцы, бацьках, а таксама з прычыны крушэння надзей, што звязваліся са шлюбам.
Сацыяльна-бытавыя песні паказваюць побыт і гісторыю народа на працягу некалькіх стагоддзяў. Да іх адносяцца казацкія, рэкруцкія, салдацкія, чумацкія, бурлацкія і інш. песні. Для іх характэрны востра-сац. змест і грамадская накіраванасць. Узнікненню і шырокаму бытаванню на Беларусі казацкіх песень паклала пачатак паўстанне падкіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага ў 17 ст.Бел. рэкруцкія песні ўзніклі ў канцы 18 — пач. 19 ст. Яны адлюстроўвалі провады рэкрута на пажыццёвую ваен. службу, развітанне з бацькамі, каханай, блізкімі, таму гучаць як хаўтурныя галашэнні. Дарожныя пакуты гандлёва-возніцкага промыслу нарадзілі чумацкія песні з матывамі небяспекі, голаду, хваробы, адрыву ад сям’і. У бурлацкіх песнях тэмы галечы, бяспраўя, здзекаў гаспадароў.
Нар. балады найчасцей выконвалі ў вялікі пост, піліпаўку ці спасаўку. Іх асаблівасці — наяўнасць міфалагічнага, звышнатуральнага элемента і інтрыгуючай сюжэтнай фабулы, семантычная і маст. яскравасць персанажаў, вобразнасць, лёгкасць запамінання твора. Маст. распрацоўка сюжэтаў будуецца на супрацьпастаўленні лёсавызначальных праблем чалавека. У баладах напружаныя адносіны паміж кроўнымі роднымі, членамі сям’і або інш. людзьмі прыводзяць да трагічнай развязкі. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Балады» (т. 1—2, 1977—78, укладальнік Л.Салавей), «Песні пра каханне» (1978) і «Сямейна-бытавыя песні» (1984, укладальнік абодвух І.Цішчанка), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987, укладальнікі І.Цішчанка, В.Скідан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАБО́ЛЬСК,
горад у Цюменскай вобл. Расіі, порт на р. Іртыш, каля ўпадзення ў яе р. Табол. 97 тыс.ж. (1999). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Прам-сць: дрэваапр., лёгкая, харчовая; нафтахім. і ёдавы камбінаты; суднаверф, суднарамонтны з-д; прадпрыемствы: мэблевая, дыванаткацкая ф-кі, маст. разьбы па косці, па вытв-сці буд. матэрыялаў. Пед.ін-т, філіял Казанскага тэхнал. ун-та. Драм. тэатр (з 1705). Гіст.-арх. музей-запаведнік (з 1870).
Засн. ў 1587 атрадам казакоў Д.Чулкова. Да 1590 адміністрацыйна падпарадкаваны г. Цюмень. У 1606—09 пабудаваны драўляны горад, які поўнасцю знішчаны пажарамі 1643, 1677, 1680. У 17—18 ст. Т. — гал. ваенна-адм., паліт., культ. (тут пісаліся летапісы, адкрыты першыя ў Сібіры школы, тэатр. друкарня, выдаваўся час. «Иртыш, превращающийся в Ипокрену») і царк. (у 1620 створана Сібірская епархія, у далейшым — Табольская мітраполія) цэнтр Сібіры. З 1708 горад, цэнтр Сібірскай губ., з 1782 — Табольскага намесніцтва, у 1796—1917 — Табольскай губ. Горад меў гандл. сувязі з Бухарой, Джунгарыяй, Кітаем. У 1773—74 апорны пункт урада пры задушэнні сял. вайны падкіраўніцтвам Е.І.Пугачова. Месца паліт. ссылкі, у т. л.Авакума, П.С. і М.С. Бабрышчавых-Птушкіных, А.М.Радзішчава, В.К.Кюхельбекера, М.М.Мураўёва, М.А.Фанвізіна і інш. У канцы 19 ст.эканам. значэнне Т. паменшала. У жн. 1917 — крас. 1918 тут пад арыштам знаходзіўся апошні рас. імператар Мікалай II з сям’ёй.
Напачатку ў Т. пераважала драўляная забудова. З канца 17 ст. пачалося мураванае будаўніцтва: у нагорнай яго частцы ўзведзены першы ў Сібіры мураваны крэмль (17—пач. 18 ст.), Сафійска-Успенскі (1681—86) і Пакроўскі (1743—46) саборы. Захаваліся комплекс Гасцінага двара (1703—05), «Шведская палата» (1714—16); Святыя вароты (1748), цэрквы Спаская (1709—13), Андрэеўская (1744—59), Раства Багародзіцы (1744—61), Міхаіла Архангела (1745—54), Крыжаўзвіжанская (1754—71), Захарыя і Лізаветы (1759—76), Параскевы Пятніцы (1762), Пятра і Паўла (1768—88), жылыя і адм. будынкі ў стылі барока, класіцызму, эклектыкі і мадэрна. Помнік Ермаку (1839).
З Т. звязаны лёс многіх беларусаў, якія траплялі сюды пераважна прымусова ў выніку рус.-польскіх войнаў 17 ст. Яны адыгралі вял. ролю ў культ. развіцці Т., адрозніваліся больш высокай пісьменнасцю. Адзін з паплечнікаў Ермака полацкі шляхціц Корсак на мяжы 17 ст. склаў т.зв. Пагодзінскі спіс Есіпаўскага летапісу. Барысаўскі шляхціц С.Станкевіч, сасланы ў Т. у 1659, склаў летапіс «Сібірская гісторыя» задоўга да летапісу С.У.Рэмезава, якога лічаць першым гісторыкам Сібіры. Беларус І.Даніловіч быў у 1673 табольскім стралецкім галавой. У 18 ст. царскі ўрад працягваў выкарыстоўваць ваеннапалонных з ВКЛ з мэтай фарміравання ў Т. казацкіх атрадаў для Сібірскіх і Калыванскіх ліній. Праз перасыльную турму ў Т. ў 19 ст. прайшлі ссыльныя дзекабрысты. у т. л. ўраджэнцы Беларусі, на катаргу і пасяленне ў Сібір з Беларусі адпраўлена 12 483 удзельнікі паўстання 1863—64. Доўгі час у Т. жылі сасланыя А.Петрашкевіч, удзельнікі паўстання 1863—64 К.Кастравіцкі (у 1868 у яго нарадзіўся тут сын, вядомы бел. паэт К.Каганец). Я.Ф.Ястржэмбскі. Я.Дамель і інш.
Літ.:
400 лет Тобольску: Сб. док. и материалов. Свердловск, 1987;
Заварихин С.П. В древнем центре Сибири. М., 1987;
Белорусы в Сибири. Новосибирск, 2000;
Очерки истории белорусов в Сибири в XIX—XX вв. Новосибирск, 2001.
Г.А.Лаўрэцкі (архітэктура), В.А.Ярмоленка (беларусы ў Т.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАТЫКА
Работы па праблемах інфарматыкі на Беларусі пачаты ў 1960-я г. ў працэсе стварэння на Мінскім з-дзе ЭВМ сям’і вылічальных машын «Мінск». Сістэмнае праграмнае забеспячэнне і пакеты навук. праграм агульнага прызначэння распрацоўваліся ў НДІЭВМ і АН Беларусі. Асн. работы вядуцца па праблемах дыскрэтнай аптымізацыі ў Ін-це матэматыкі (ІМ) і Аб’яднаным ін-це праблем інфарматыкі (АІПІ) Нац.АН Беларусі, БДУ; тэорыі аўтам. кіравання — у ІМ, АІПІ, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР), Бел.нац.тэхн. ун-це (БНТУ), Ваен. акадэміі (ВА); лагічнага праектавання — у НДІЭВМ, АІПІ, БДУІР, БДУ; аўтаматызацыі праектавання — у АІПІ, Мінскім вытв. аб’яднанні аўтам. ліній, БДУІР, БНТУ; тэорыі і метадах апрацоўкі сігналаў і відарысаў — у АІПІ, БДУ, БДУІР, НВА «Інтэграл», ВА; праграмнага забеспячэння — у НДІЭВМ, АІПІ, ІМ, БДУ, Цэнтр.НДІ арганізацыі і тэхнікі кіравання, НВА «Агат»; аховы інфармацыі — у АІПІ, БДУ, НДІтэхн. аховы інфармацыі, НДІ сродкаў аўтаматызацыі, НДІЭВМ, НВА «Агат»; тэорыі і метадах геаінфармацыйных сістэм — у АІПІ, Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Геаінфармацыйныя сістэмы», Рэсп.навук.-тэхн. цэнтры «Экамір»; інфарм. тэхналогій у медыцыне — у АІПІ, Бел. цэнтры мед. тэхналогій, інфарматыкі, кіравання і эканомікі аховы здароўя. (Гл. таксама Інфарматыка).
Сеткавыя і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі і размеркаваная апрацоўка інфармацыі ў рэжыме аддаленага доступу развіваюцца з 1970-х г., калі ствараліся рэгіянальныя і лакальныя камп’ютэрныя сеткі на базе лакальных і аддаленых дысплейных комплексаў для Адзінай сістэмы ЭВМ (ЕСЭВМ). Рэгіянальныя сеткі ствараліся на аснове персанальных ЭВМ з аддаленым доступам з выкарыстаннем мадэмаў па вызначаных тэлеф., валаконна-аптычных і спадарожнікавых каналах сувязі. З 2001 на Беларусі працуе лічбавая сетка з інтэграцыяй абслугоўвання, што спалучае магчымасці агульнай тэлеф. сеткі і сеткі перадачы даных. Глабальная сусветная сетка Інтэрнет забяспечвае доступ да аддаленых інфарм. рэсурсаў з дапамогай Вэбтэхналогіі. Асн. правайдэрам, які забяспечвае паслугі доступу да сеткі, з’яўляецца Рэсп. аб’яднанне «Белтэлеком». У навук. і агульнаадук. галінах створана навук.-інфарм. камп’ютэрная сетка, якая аб’ядноўвае камп’ютэрныя сеткі ў Нац.АН Беларусі (BASNET), БДУ (карпаратыўная сетка БДУ), Мін-ва адукацыі (UNIBEL).
Аўтаматызацыя праектавання як самастойны навук. кірунак сфарміравалася з пачаткам серыйнага выпуску ЭВМ. На базе лабараторый Ін-та матэматыкі і выліч. тэхнікі створаны Ін-ттэхн. кібернетыкі (1965; з 2002 — Аб’яднаны ін-т праблем інфарматыкі Нац.АН Беларусі). У ін-це вядуцца даследаванні працэсаў тэхн. падрыхтоўкі па тэорыі аўтаматызацыі праектавання, а таксама эксперым. і доследна-канструктарскія распрацоўкі ў машына-, авія- і суднабудаванні, радыётэхн., электроннай прам-сці і інш. Прапанаваны класіфікацыя і кадзіраванне інфармацыі, метады рашэння тыповых праектных задач, пабудавання інфарм. мадэлей, фармалізацыі тыповых тэхнал. маршрутаў (Г.К.Гаранскі). Даследаваны працэсы тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці, прапанаваны дэдуктыўная тэорыя сістэмна-структурнага мадэліравання працэсаў (В.Дз.Цвяткоў), тэорыя аўтаматызаванага сінтэзу канструкцый спец.тэхнал. аснасткі (А.Г.Раковіч). Распрацаваны метады г праграмныя сродкі аўтаматызацыі складана-рэзальных інструментаў, інструментальных наладак спец. агрэгатных станкоў і аўтам. ліній, станкоў-аўтаматаў (Л.М.Ламбін, Б.І.Сініцын). Даследаваны праблемы інфарм. забеспячэння працэсаў тэхн. падрыхтоўкі вытв-сці (М.А.Ярмаш), аспекты эрганамічнага праектавання складаных тэхн. сістэм (Г.Р.Маньшын). Прапанаваны падыходы фармалізацыі працэсаў прыняцця рацыянальных рашэнняў складаных праектных задач (Г.М.Левін, В.С.Танаеў). Развіта тэорыя праектавання складаных тэхн. аб’ектаў (А.І.Семянкоў). Праведзены даследаванні па мадэліраванні і аптымізацыі шматпераходных тэхнал. працэсаў (У.І.Махнач), інфарм. працэсаў тэхн. падрыхтоўкі вытв-сці нерэгулярных канструкцый (С.В.Мядзведзеў), скразных тэхналогій праектавання і вытв-сці складаных вырабаў у машына- і прыладабудаванні (Л.В.Губіч). Даследуюцца метады праектавання сістэм кіравання тэхнал. абсталяваннем (А.І.Дабралюбаў), дыягностыкі складаных сістэм кіравання. Прапанаваны прынцыпы пабудавання аўтаматызаваных сістэм кіравання эксперыментам, інфарм.-вымяральных сістэм (Р.Х.Садыхаў, П.М.Чаголін). Распрацаваны метады і тэорыя аналізу выпадковых працэсаў (А.М.Крот), падыходы да стварэння праграмных комплексаў на базе выліч. сістэм і сетак (Г.В.Рымскі). Даследаваны прынцыпы стварэння праграмна-апаратных сродкаў і распрацаваны эксперым. ўзоры чарцёжна-графічных аўтаматаў (Я.В.Дняпроўскі, В.К.Ерахавец), планшэтных прылад уводу-вываду графічнай інфармацыі (Г.І.Аляксееў). Распрацаваны комплекс дзяржстандартаў і кіруючых дакументаў, якія рэгламентуюць стварэнне аўтаматызаваных сістэм (У.І.Махнач, І.С.Міцяеў, А.І.Семянкоў). Вынікі н.-д. і доследна-канструктарскіх работ укаранёны на мінскіх трактарным і аўтамаб. з-дах, ААТ «Гарызонт», «Віцязь» і інш.
Штучны інтэлект як навук. кірунак сфарміраваўся ў 1970-я г. на аснове дасягненняў псіхалогіі, біялогіі, медыцыны, нейрафізіялогіі, лінгвістыкі, семіётыкі, матэм. логікі, праграмавання, выліч. тэхнікі і інш.Асн. кірункі даследаванняў: сінтэз і распазнаванне мовы, апрацоўка і распазнаванне відарысаў і картаграфічнай інфармацыі, пытанні рэалізацыі сістэм аўтам. аналізу тэкстаў натуральнай мовы (вядуцца ў БДУ і Мінскім лінгвістычным ун-це), распрацоўка нейракамп’ютэраў і нейрасеткавых мадэлей (у Цэнтры інфарм. тэхналогій, БДУІР, Брэсцкім тэхн. ун-це) і інш. У БДУІР з 1995 рыхтуюць спецыялістаў па спецыяльнасці «Штучны інтэлект» і яе спецыялізацыях; вядуцца работы па развіцці і давядзенні да практ. рэалізацыі графадынамічнай парадыгмы прадстаўлення і перапрацоўкі ведаў.
Лагічнае праектаванне — пачатковы этап праектавання дыскрэтных выліч. і кіравальных устройстваў з выкарыстаннем апарата лагічнай алгебры, тэорыі аўтаматаў і лагічных схем, графаў і інш. раздзелаў дыскрэтнай матэматыкі. З 1960-х г. вядуцца работы па стварэнні новых ЭВМ і сістэм аўтаматызаванага праектавання (Г.М.Лапато і інш.). Распрацаваны кананічны метад сінтэзу лагічных схем (А.Ш.Блох), прапанаваны метады аўтам. аналізу і сінтэзу лагічных схем кіравання тэхнал. машынамі (С.І.Акуновіч, А.І.Дабралюбаў). З пач. 1970-х г. у АІПІ падкіраўніцтвам А.Дз.Закрэўскага развіваецца тэорыя аўтаматызаванага лагічнага праектавання, што прывяло да стварэння сям’і моў і сістэм праграмавання ЛЯПАС (П.М.Бібіла і інш.). Распрацаваны эфектыўныя метады і алгарытмы рашэнняў шэрагу задач лагічнага праектавання, а на іх базе — метады сінтэзу асінхронных аўтаматаў і лагічных схем у канкрэтных элементных базісах, а таксама атрымання правяральных і дыягнастычных тэстаў для іх.
Апрацоўка сігналаў, відарысаў, мовы. У сярэдзіне 1960-х г. у АІПІ, БДУ, БДУІР, ВА пачаліся даследаванні па стварэнні і дастасаваннях аўтаматызаваных сістэм для перадачы, апрацоўкі і захоўвання сігналаў рознай фіз. прыроды (радыёлакацыйных, акустычных, вібрацыйных). У АІШ развіты метады фарміравання выпадковых сігналаў з зададзенымі характарыстыкамі, іх аналізу і ідэнтыфікацыі (А.М.Крот, Р.Х.Садыхаў, П.М.Чаголін), распрацаваны апарат тэарэтыка-полінаміяльнага прадстаўлення дыскрэтных сігналаў (А.М.Крот). З 1970-х г. вядуцца даследаванні ў галіне апрацоўкі відарысаў з дастасаваннямі да апрацоўкі картаграфічнай інфармацыі; закладзены асновы тэорыі апрацоўкі відарысаў (С.У.Абламейка); метады аналізу і распазнавання асн. класаў аб’ектаў відарысаў (С.У.Абламейка, В.В.Старавойтаў), эфектыўныя метады і алгарытмы інварыянтнага параўнання і аналізу геам. аб’ектаў (А.В.Тузікаў), створана тэхналогія складання лічбавых карт (А.М.Кручкоў).
У АІПІ створаны новы навук. кірунак — моўная інфарматыка (Б.М.Лабанаў), распрацаваны метады распазнавання слоў у моўным патоку і сінтэзу моўных сігналаў на аснове тэкставай інфармацыі (Б.М.Лабанаў), новы падыход да распазнавання сігналаў моўных фанем (А.М.Крот, П.П.Ткачова), метады аналізу атрактараў складаных дынамічных сістэм і хаатычных сігналаў (А.М.Крот), метады апрацоўкі і аналізу мед.-біял. сігналаў і відарысаў (С.У.Абламейка, У.В.Анішчанка, А.М.Крот, А.В.Тузікаў).
У 1950—70-я г. ў ВА праведзены тэарэт. і эксперым. даследаванні па стварэнні разнесеных радыёлакацыйных станцый і сістэм. Пазней развіта тэорыя сінтэзу структуры сістэмы аптымальнай апрацоўкі сігналаў на фоне карэляваных перашкод (А.Я.Ахрыменка), развіты асновы тэорыі радыёлакацыйнага распазнавання (А.Я.Ахрыменка, В.І.Курловіч, Т.І.Шаломенцаў). У канцы 1960-х г. у БДУІР распачаты работы па стварэнні касм. спалучаных сістэм перадачы інфармацыі, у сувязі з чым распрацаваны алгарытмы фільтрацыі стахастычных працэсаў і метады супольнай нелінейнай фільтрацыі дыскрэтных і неперарыўных маркаўскіх працэсаў (В.А.Чардынцаў), алгарытмы сінхранізацыі па інфарм. сукупнасцях (У.В.Лосеў). У канцы 1970-х г. у БДУ пачаты даследаванні па мадулярных выліч. структурах для лічбавай апрацоўкі сігналаў (А.Ф.Чарняўскі), для яе створаны высокаскарасныя мадэлі базавых працэдур (А.Ф.Чарняўскі, А.А.Каляда і інш.).
Распазнаванне вобразаў. Сістэматычныя даследаванні ў гэтай галіне на Беларусі праводзяцца з канца 1970-х г.Найб. буйнымі навук. кірункамі даследаванняў з’яўляюцца метады распазнавання вобразаў, якія грунтуюцца на імавернасна-стат. падыходзе, на лагічным падыходзе і на алг. і лагічным пашырэнні эўрыстычных алгарытмаў.
У АІПІ Нац.АН Беларусі падкіраўніцтвам А.Дз.Закрэўскага распрацаваны лагічны падыход да распазнавання вобразаў у прасторы булевых і мнагазначных прыкмет, прапанаваны камбінаторныя метады выяўлення імплікатыўных заканамернасцей у патоку даных з ацэньваннем іх дакладнасці і пабудавання на іх аснове базы даных, распрацаваны шэраг алгарытмаў рашэння лагічных ураўненняў.
У межах імавернасна-стат. падыходу ў БДУ распрацаваны: тэорыя рабаснага стат. распазнавання вобразаў (Ю.С.Харын), асновы тэорыі ўстойлівай стат. класіфікацыі мнагамерных назіранняў (Я.Я.Жук, Ю.С.Харын); пабудаваны новыя рабасныя ўстойлівыя алгарытмы дыскрымінантнага аналізу (К.А.Дучынскас, У.І.Малюгін, А.Г.Мядзведзеў), кластэр-аналізу (Я.Я.Жук, Ю.С.Харын), распазнавання «разладак» (М.С.Абрамовіч, А.М.Мельнікава, П.П.Рогач), імавернасна-стат. мадэліравання складаных сістэм (С.В.Агіевіч, В.А.Галінскі, С.М.Сталеўская). У БДУ праводзіліся даследаванні ў межах дэтэрміністычнага падыходу да рашэння задач распазнавання вобразаў (В.У.Краснапрошын, М.А.Лепяшынскі, Ю.В.Плотнікаў), распрацаваны алг. і лагічныя пашырэнні эўрыстычных алгарытмаў (У.А.Абразцоў, С.І.Кашкевіч, В.У.Краснапрошын), вывучаліся ўласцівасці карэктнасці, манатоннасці, устойлівасці, пытанні складанасці рэалізацыі пабудаваных сем’яў алгарытмаў (У.А.Абразцоў, А.Л.Канавалаў, С.І.Кашкевіч, В.У.Краснапрошын), даследаваліся невыразныя распазнавальныя сістэмы з семантычнымі ўласцівасцямі (У.А.Абразцоў, С.І.Ватлін, І.П.Кавалёў, В.У.Краснапрошын). Даследаванні па распазнаванні вобразаў у дастасаванні да апрацоўкі відарысаў вядуць навук. школы С.У.Абламейкі і Р.Х.Садыхава.
Геаінфармацыйныя сістэмы. Гэты навук. кірунак, звязаны з геагр.інфарм. сістэмамі (ПС) і ГІС-тэхналогіямі, інтэнсіўна развіваецца з канца 1970-х г., калі падкіраўніцтвам А.І.Семянкова быў выкананы шэраг работ у галіне лічбавай картаграфіі. Атрыманы тэарэт. і практычныя вынікі па аўтаматызаваным распазнаванні картаграфічных відарысаў і стварэнні лічбавых мадэлей мясцовасці (С.У.Абламейка, А.М.Кручкоў, А.Г.Пратапопаў, А.В.Старцаў), стварэнні банкаў картаграфічнай інфармацыі (А.К.Сутурын, М.А.Ярмаш), стварэнні і абнаўленні марскіх карт (С.П.Борычаў, С.А.Шаўроў), апрацоўкі касм. здымкаў (Б.С.Берагаў і інш.). У АІПІ створана сям’я прылад уводу-вываду графічнай інфармацыі (Г.І.Аляксееў, Я.В.Дняпроўскі, В.К.Ерахавец і інш.). У Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Геаінфармацыйныя сістэмы» распрацаваны тэхналогіі выяўлення лясных пажараў і маніторынгу стану лясоў паводле даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, мадэліравання надзвычайных сітуацый на хімічна небяспечных аб’ектах. Дастасаванні ГІС-тэхналогій да лясной гаспадаркі Беларусі развіваюцца ў Бел.тэхнал. ун-це, унітарным прадпрыемстве «Белдзяржлес» і НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі. У ААТ «Пеленг» вядуцца работы па стварэнні метадаў і тэхналогій атрымання высокадакладных лічбавых мадэлей мясцовасці. Метады і сродкі арганізацыі экалагічнага маніторынгу навакольнага асяроддзя распрацоўваюцца ў Рэсп.навук.-тэхн. цэнтры «Экамір», Рэсп. цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства. Распрацоўкай ГІС-тэхналогій для аператыўнага кантролю катастрафічных паводак займаюцца ў БДУ і УП «Белдзіправадгас». Ваенныя дастасаванні ГІС-тэхналогій вядуцца ў ВА.
Прылады ўводувідарысаў. Даследаванні па аўтаматызацыі ўводу графічнай інфармацыі пачаліся ў сярэдзіне 1960-х г. У АІПІ падкіраўніцтвам П.М.Чаголіна быў выкананы шэраг работ па аналізе эксперым. графікаў і пераўтварэнні складаных форм графічных даных. У 1968 была сфармулявана (А.Расказаў) ідэя пабудавання індукцыйных вымяральнікаў каардынат. Канструктарскім бюро дакладнага электроннага машынабудавання (Мінск) распрацавана сям’я дыгітайзераў серыі ЭМ (У.П.Зуеў, Г.П.Шадурскі). У 1984 гэтая тэматыка перададзена Доследна-канструктарскаму бюро машынабудавання (ДКБМ) пры з-дзе «Эвістар» (г. Віцебск). З 1983 наладжана супрацоўніцтва АІПІ і ДКБМ, у выніку якога распрацаваны тэарэт. асновы дыгітайзераў разгортвальнага пераўтварэння, элементы тэорыі дыгітайзераў неперарыўнага дзеяння і інш.
З 1979 у АІПІ разам з Цэнтр.КБАН Беларусі разгорнуты работы па стварэнні спецыялізаванай аўтаматызаванай картаграфічнай вытв-сці, створана сям’я высокадакладных (з хібнасцю да 0,1 мм) дыгітайзераў «ПЛАНШЭТ» (Г.І.Аляксееў, М.С.Люкевіч). У 1989—90 група спецыялістаў з АІПІ і Цэнтр.КБАН Беларусі і ГППЗ «Аптрон» падкіраўніцтвам Г.І.Аляксеева распрацавала тэорыю і методыку праектавання ноніусных дыгітайзераў (Г.І.Аляксееў, А.І.Грэкаў) і зрабіла канструктарскую дакументацыю на дыгітайзеры серыі УВГ1. З 2000 у АІПІ вядуцца даследаванні па пафрагментным растравым уводзе відарысаў малафарматнымі планшэтнымі сканерамі. Распрацаваны спосаб камплексавання дыгітайзераў і планшэтных сканераў, што забяспечвае аўтам. вызначэнне становішча і арыентацыі сканера ў каардынатнай сетцы дыгітайзера (Г.І.Аляксееў, В.А.Мільман і інш.) з захаваннем аўтаномнай работы дыгітайзера і сканера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ ФРОНТ «АДРАДЖЭ́ННЕ», БНФ «Адраджэньне»,
грамадска-палітычны рух. Засн. ў 1988 на базе нефармальных аб’яднанняў, што дзейнічалі на Беларусі ў 2-й пал. 1980-х г. Ініцыятар стварэння БНФ — гісторыка-асв. т-ва«Мартыралог Беларусі». 19.10.1988 створаны Арганізац.к-тБНФ (старшыня З.Пазняк). Ядро фронту склалі прадстаўнікі інтэлігенцыі, актывісты нац.-адраджэнскай і незалежніцкай арыентацыі (А.Адамовіч, В.Быкаў, М.Дубянецкі, Пазняк, М.Ткачоў, Ю.Хадыка, М.Чарняўскі і інш.). Устаноўчы з’езд БНФ (24—25.6.1989, Вільнюс) выбраў кіруючы орган фронту — сойм, прыняў статут, праграму, рэзалюцыі, якія вызначалі асн. кірункі і формы яго дзейнасці: «Аб палітычным плюралізме», «Аб міжнацыянальных адносінах у Беларусі», «Аб беларускай нацыянальнай сімволіцы», «Аб дзяржаўнасці беларускай мовы», «Аб пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы», «Аб праекце Канстытуцыі БССР». Многія пытанні, пастаўленыя фронтам на парадак дня, аказаліся сугучнымі з настроямі і сац. надзеямі пэўных пластоў насельніцтва. Пацвярджэнне гэтаму — поспех БНФ на выбарах у Вярх. Савет (1990), калі было выбрана 60 дэпутатаў, якіх падтрымліваў фронт. У складзе Вярх. Савета сфарміравалася фракцыя БНФ (больш за 30 дэпутатаў), якая актыўна праводзіла палітыку фронту. Першыя крокі на паліт. арэне БНФ рабіў пад лозунгамі перабудовы, абвешчанымі вышэйшым кіраўніцтвамКПСС. Заяўлялася пра неабходнасць пабудовы сацыялізму з чалавечым тварам. Пазней гэтыя лозунгі былі адкінуты. У праграмнай заяве «Свабода — Незалежнасць — Адраджэнне», прынятай на II з’ездзе БНФ (23—24.3.1991, Мінск), выкладзены задачы фронту: дэкамунізацыя, канстытуцыйны працэс, рэформа сістэмы ўлады, стварэнне грамадз. супольнасці, пераход да рыначных адносін, сац. палітыка, адраджэнне культуры і нац. свядомасці. Праграма БНФ, прынятая на III з’ездзе (29—30.5.1993, Мінск), вызначыла канцэпцыю фарміравання і механізм дзеяння рыначнай гаспадаркі, канстытуцыйныя прынцыпы, структуру ўлады, прынцыпы знешняй палітыкі, геапаліт. прыярытэты Рэспублікі Беларусь і інш. На з’ездзе створана Партыя Беларускага народнага фронту. Паліт. сітуацыю ў краіне, актуальныя пытанні ўнутрыпарт. жыцця разгледзеў IV з’езд БНФ (8.7.1995, Мінск). На з’ездзе абмяркоўвалася прапанова пра падзел функцый паміж фронтам як нар. рухам, скіраваным на асв.-адраджэнскую дзейнасць, і Партыяй БНФ, скіраванай на барацьбу за паліт. ўплыў і паліт. ўладу. Але з’езд гэту пазіцыю не падтрымаў. БНФ вылучаў свайго лідэра Пазняка кандыдатам на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1994), актыўна ўдзельнічаў у выбарах у Вярх. Савет і мясц. органы ўлады (1995), але беспаспяхова. На думку асобных лідэраў фронту, асн. прычынамі паражэння БНФ на выбарах з’явілася ізаляцыя фронту ў грамадскай свядомасці, а таксама адарванасць парламенцкай апазіцыі ад самога БНФ, што прывяло да звужэння ўспрыняцця БНФ як грамадскага руху. Асобныя праявы элементаў нац. і паліт. экстрэмізму прывялі да змяншэння ўплыву БНФ у грамадстве. БНФ арганізоўваў чарнобыльскія і экалаг. акцыі: Гадзіна смутку і маўчання 1989, Асамблея народаў «Чарнобыльскі шлях», мітынгі і шэсці, жалобныя набажэнствы ў Мінску і інш. гарадах, экспедыцыі ў Чэрыкаўскі, Слаўгарадскі і інш. раёны. БНФ арганізуе штогадовыя ўшанаванні Дня незалежнасці Беларусі 25 сакавіка, Дня памяці продкаў Дзяды, угодкі перамогі пад Грунвальдам і інш. Праводзіць навукова-практычныя канферэнцыі. Фронт падтрымлівае кантакты і каардынуе дзейнасць з асн. асяродкамі бел. эміграцыі на Захадзе і з бел. згуртаваннямі ў Польшчы, найперш з Беларускім дэмакратычным аб’яднаннем. БНФ удзельнічаў у рабоце Грамадзянскага форуму Беларусі, у інш. сумесных акцыях і мерапрыемствах з бел.паліт. і грамадска-паліт. арг-цыямі дэмакр. кірунку; падтрымлівае кантакты з паліт. рухамі і партыямі інш. краін. Рады і суполкі БНФ дзейнічаюць і па-за межамі Беларусі (у Вільнюсе, Рызе, Маскве).
Л.Ф.Яўменаў, А.А.Дзмітрук.
Да арт.Беларускі народны фронт «Адраджэньне». Мітынг у Курапатах на Дзяды. 29.10.1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЗНАЎСТВА
Адну з першых характарыстык глеб Беларусі даў В.М.Севяргін (1820—21). Звесткі пра глебы Беларусі ёсць на глебавых картах Еўрап. Расіі, складзеных К.С.Весялоўскім (1851) і В.І.Часлаўскім (1879). У 1921 створана кафедра глебазнаўства ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це (з 1925 БСГА), дзе ў 1922—30 падкіраўніцтвам Я.М.Афанасьева праведзены даследаванні глеб Беларусі, пазней складзена карта глеб Беларусі маштабу 1:26 000 (А.Р.Мядзведзеў, В.І.Пашын, П.П.Рагавой, В.Н.Чацверыкоў, М.П.Булгакаў). У 1931 створаны Ін-т аграглебазнаўства і ўгнаенняў, дзе вывучалі пераважна выкарыстанне ўгнаенняў для павышэння ўрадлівасці глеб. На кафедры глебазнаўства, створанай у 1933 на геаграфічным факультэце БДУ, асноўным кірункам сталі глебава-геаграфічныя даследаванні. На аснове буйнамаштабнага картаграфавання глеб Беларусі ў 1952 падрыхтавана манаграфія «Глебы БССР» і складзена глебавая карта краіны ў маштабе 1:800 000 (М.П.Булгакаў, І.С.Лупіновіч, А.С.Мядзведзеў і інш.). У 1958 арганізаваны Ін-т глебазнаўства (з 1969 — БелНДІ глебазнаўства і аграхіміі). У 1960-я г. ўзніклі новыя кірункі глебазнаўства — меліярацыйная геаграфія (В.С.Аношка, С.М.Зайко, М.К.Чартко, В.І.Шабанава), глебавая біягеахімія (В.С.Аношка, У.П.Дубікоўскі, С.М.Зайко, В.М.Яцухно). З 1964 развіваецца канцэпцыя пашыранага аднаўлення ўрадлівасці глеб. У выніку ў 1964—2004 у БГСА распрацаваны характарыстыка гумусавага стану разнагумусавых дзярнова-падзолістых лёгкасугліністых глеб у залежнасці ад сістэмы ўгнаенняў, тэхналогіі іх унясення і спосабаў апрацоўкі глебы; вызначаны нарматывы для дасягнення бездэфіцытнага балансу гумусу і аптымальнага ўзроўню змяшчэння гумусу для розных с.-г. культур (А.М.Брагін, В.Б.Вараб’ёў, Г.І.Гарбылёва, А.У.Каліноўскі, Г.Дз.Кротаў, І.У.Цыцкоўская); вызначаны аптымальныя значэнні катыённага складу і структурнага стану глебы для розных культур (Г.І.Гарбылёва, М.І.Іванова, М.М.Камароў); даказана значэнне тэрмадынамічных паказчыкаў для дыягностыкі калійнага і фасфатнага рэжыму ў глебе (А.А.Паддубны, Г.А.Чарнуха); вывучаны асаблівасці біялагічных якасцей глебы пад антрапагенным уздзеяннем (А.В.Красікава, Т.Э.Мінчанка); вывучаецца роля арганамінеральных калоідаў як фактару, што вызначае якасці глебы (В.Б.Вараб’ёў, Т.В.Лаломава, Г.В.Седукова) і інш.
У НДІ глебазнаўства і аграхіміі паспяхова развіваюцца ідэі І.С.Лупіновіча і А.Р.Мядзведзева аб аптымізацыі якасцей глеб. Вызначана ўзаемасувязь ураджайнасці с.-г. культур з аграхімічнымі якасцямі глеб (І.М.Багдзевіч, Т.Н.Кулакоўская, В.В.Лапа, М.М.Семяненка і інш.), праведзены баніціровачныя работы, распрацавана класіфікацыя антрапагенна-парушаных глеб, вывучаюцца радыяцыйна забруджаныя землі (А.І.Зінковіч, М.І.Смяян, Г.С.Цытрон, Л.І.Шыбут і інш.). Вывучаны глебавыя працэсы ў мінеральных балотных і забалочаных глебах (М.І.Афанасьеў, Т.Ф.Голуб, С.Н.Іваноў, С.М.Касьянчык, І.С.Лупіновіч, А.С.Меяроўскі, Т.А.Раманава); мінерала-спектраграфічны склад глеб (У.Д.Лісіца, П.С.Самадураў); біялагічная актыўнасць і глебавыя мікраарганізмы (Ф.П.Вавула, Л.А.Карагіна, Н.А.Міхайлоўская) і інш. У Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі вывучаюцца пытанні генезісу, трансфармацыі і аховы тарфяных глеб, аблогаў сапрапеляў і атымізацыі экасістэм (М.М.Бамбалаў, В.Б.Кадацкі, Б.В.Курзо, Г.А.Сакалоў, В.С.Хоміч і інш.).
Літ.:
Бамбалов Н.Н. Балане органического вещества торфяных почв и методы его изучения. Мн., 1984;
Оценка плодородия почв Белоруссии. Мн., 1989;
Афанасьев А.Н. Генезис, проблемы, классификация и плодородие почв. Мн., 1997;
Аношка В.С. Гісторыя развіцця глебазнаўства на Беларусі. Мн., 2000;
Яцухно В.М., Черныш А.Ф. Проблема деградации земель Беларуси. Мн., 2003.