раздзел медыцыны, які вывучае сардэчна-сасудзістую сістэму чалавека, яе хваробы, іх прафілактыку, дыягностыку і лячэнне.
Асобныя звесткі пра будову сардэчна-сасудзістай сістэмы чалавека вядомы са старажытнасці. Схему кровазвароту распрацаваў рымскі ўрач К.Гален (2 ст.), якая толькі ў 1628 была абвергнута англ. вучоным У.Гарвеем. У 17—19 ст. апісаны каранарны кровазварот, асобныя заганы сэрца, грудная жаба. У 19 ст. ўклад у даследаванне сардэчна-сасудзістай сістэмы зрабілі чэш. фізіёлаг Я.Пуркіне, ням. ўрач В.Гіс, англ. вучоныя А.Кіс і М.Флэк; у Расіі — І.М.Сечанаў, І.Ф.Цыён, А.Б.Фохт, І.П.Паўлаў, В.Я.Данілеўскі, Л.А.Арбелі, К.М.Быкаў і інш. У самаст. раздзел унутр. хвароб К. вылучылася ў пач. 20 ст.
На Беларусі станаўленне К. адносіцца да 1977, калі створаны Бел.НДІ кардыялогіі. Навук. працы вядуцца таксама ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Уклад у і развіццё К. зрабілі Г.І.Сідарэнка, У.В.Гарбачоў, М.Ф.Волкаў, Я.Б.Бардзін, А.Г.Даўгяла і інш. Вывучаюцца пытанні эпідэміялогіі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Распрацаваны эфектыўныя метады прафілактыкі, лячэння і рэабілітацыі хворых на гіпертанічную хваробу і ішэмічную хваробу сэрца, новыя віды аперацый на сэрцы і сасудах, створаны штучны клапан сэрца, прэпараты з кардыялагічным дзеяннем. Дапамога хворым аказваецца ў Мінскім і абл. кардыялагічных дыспансерах, кабінетах і стацыянарах, аддзяленнях рэабілітацыі ў санаторыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙБНІЦ ((Leibniz) Готфрыд Вільгельм) (1.7.1646, г. Лейпцыг, Германія — 14.11.1716),
нямецкі вучоны, філосаф, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Іенскім ун-тах (1661—66). У 1672—76 на дыпламат. рабоце ў Парыжы. З 1676 на службе ў гановерскіх герцагаў. Заснавальнік (1700) і першы прэзідэнт Берлінскай АН. Адзін са стваральнікаў дыферэнцыяльнага і інтэгральнага вылічэння, даследчык у галіне фізікі і механікі, пачынальнік матэм. логікі. Займаўся геалогіяй, біялогіяй, псіхалогіяй, лінгвістыкай, гісторыяй, юрыспрудэнцыяй. Аўтар шэрагу тэхн. вынаходстваў (гідраўлічны рухавік, лічыльная машына, пнеўматычныя прылады і інш.). Асн. творы: «Новая сістэма прыроды» (1695), «Новыя вопыты пра чалавечы розум» (1704), «Новы метад максімумаў і мінімумаў» (1684), «Тэадыцэя» (1710), «Манадалогія» (1714). Быццё ўяўляў як бясконцую колькасць дзейных субстанцый, непадзельных першаэлементаў — манад, якія з’яўляюцца духоўнымі, дзейнымі ўтварэннямі. Кожная з манад, паводле Л., першапачаткова валодае здольнасцю ўспрымаць (перцэпцыяй), але гэта толькі бессвядомы стан манады; усвядомленым успрыманнем (аперцэпцыяй) валодае толькі чалавек. У тэорыі пазнання Л. імкнуўся пераадолець крайнасць дэкартаўскага рацыяналізму і эмпірызму Дж.Лока, адмаўляў вучэнне Р.Дэкарта пра прыроджаныя ідэі і вучэнне Лока пра душу як «чыстую дошку». Ён лічыў, што існуюць ісціны фактаў (адкрываюцца вопытам) і метафіз. (вечныя) ісціны, якія выяўляюцца з дапамогай розуму. На Беларусі філас. і навук. працы Л. былі вядомы з 1-й пал. 18 ст.; уплыў яго ідэй заўважаецца ў працах Б.Дабшэвіча, Г.Каніскага і інш.бел. мысліцеляў.
рускі пісьменнік, літаратуразнавец, рэлігійны філосаф. Муж З.Гіпіус. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). Адзін з арганізатараў рэлігійна-філас. сходаў 1901—03 з мэтай зблізіць рас. інтэлігенцыю з царквой. У 1920 эмігрыраваў, жыў у Парыжы. У Вял.Айч. вайну калабарацыяніст. Друкаваўся з 1881. Ранняя лірыка (зб. «Вершы, 1883—1887», 1888) блізкая да паэзіі С.Надсана. У эстэт. маніфесце рус. сімвалізму «Пра прычыны ўпадку і пра новыя плыні сучаснай рускай літаратуры» (1893) развіваў канцэпцыю «новага мастацтва», асн. элементамі якой лічыў «містычны змест» і «сімвалы». Паэт. дэкларацыя — зб. «Сімвалы» (1892). У трылогіі «Хрыстос і Антыхрыст» (1895—1905), рамане «Аляксандр I» (кн. 1—2, 1911—12), п’есе «Павел I» (1908) і інш. асэнсаванне сусв. гісторыі як вечнай барацьбы двух пачаткаў — Хрыста і Антыхрыста, двух сістэм маральных каштоўнасцей. На аналагічнай апазіцыі будуюцца і яго літ.-крытычныя даследаванні: «Л.Талстой і Дастаеўскі» (т. 1—2, 1901—02), «Дзве тайны рускай паэзіі» (1915, пра М.Някрасава і Ф.Цютчава) і інш. Аўтар прац «Наступны Хам» (1906), «Не мір, але меч. Да будучай крытыкі хрысціянства» (1908), гіст.-рэліг. эсэ і інш. П’еса «Хрыстос і Антыхрыст (Царэвіч Аляксей)» Б.Луцэнкі і У.Рудава паводле рамана М. «Пётр і Аляксей» паст.Дзярж.рус.драм.т-р (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ (сапр.Віленкін) Мікалай Максімавіч
(27.1.1885, г. Глубокае Віцебскай вобл. — 2.7.1937),
рускі пісьменнік, філосаф, перакладчык. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1879). Адзін з арганізатараў рэлігійна-філас. сходаў 1901—03 з мэтай зблізіць рас. інтэлігенцыю з царквой. У 1905 арыштаваны за выданне бальшавіцкай газ. «Новая жизнь», у якой надрукаваў «Гімн рабочых» («Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!»). У 1906 выехаў за мяжу, вярнуўся ў Расію пасля амністыі ў 1913. Пасля 1917 жыў у Берліне, Лондане (працаваў у сав. паўпрэдстве), Парыжы. Друкаваўся з 1876. Першы зб. «Вершы» (1883) канфіскаваны цэнзурай. Арт. «Старадаўняя спрэчка» (1884) — першы ў Расіі літ. маніфест дэкадэнцтва. У рэлігійна-філас. працы «У святле сумлення» (1890) распрацаваў тэорыю меанізму, якая характарызуе накіраванасць да неіснуючага (Абсалюта, святыні) як сродку знаходжання сэнсу жыцця і пазбаўлення ад пакут. Ідэі меанізму спрабаваў увасобіць у творах розных жанраў: у лірыцы («Два шляхі», 1900), драматургіі («Альма», 1900), крытыцы і публіцыстыцы («Пра два шляхі дабра», 1903, і інш.). Аўтар зб-каў вершаў «Новыя песні» (1901), «З цемры да святла» (1922), паэм «Гефсіманская ноч» (1884, апубл. 1900), «Горад смерці» (1894), драм. трылогіі «Жалезны прывід» (1909), «Малая спакуса» (1910), «Хаос» (1912), кніг «Генрых Ібсен» (1897), «Рэлігія будучыні» (1905), «Ад Дантэ да Блока» (1922) і інш. Пераклаў «Іліяду» Гамера, творы П.Верлена, П.Б.Шэлі, Дж.Байрана, Г.Флабера і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША ДО́ЛЯ»,
грамадска-паліт. і літ. газета; першае легальнае перыядычнае выданне на бел. мове. Выдавалася з 1(14).9 да 1(14).12.1906 у Вільні кірыліцай і лацінкай. Рэдактар-выдавец І.Тукеркес. Актыўны ўдзел у стварэнні газеты і выданні першых нумароў прымалі І. і А.Луцкевічы, Цётка. У праграмным арт. «Да чытачоў» газета выступіла за ўдзел у рэв. руху, сац. і нац. свабоду, развіццё класавай самасвядомасці рабочых і сялян, асвету на роднай мове. Друкавала вострапубліцыст. і агітац. артыкулы («Што будзе?», «Даход расійскага цара», «Пагром», «Як мужыку палепшыць сваё жыццё» і інш.), у якіх выкрывала антынар. палітыку царызму. Інфармавала пра рэв. падзеі ў краіне, цяжкае становішча прац. сялянства. Гэтымі тэмамі і ідэяй прасякнуты надрукаваныя ў газеце творы Цёткі (верш «Наш палетак» і апавяд. «Прысяга над крывавымі разорамі»), Я.Коласа [вершы «Наш родны край» (1.9.1906, першае выступленне паэта ў друку), «Беларусам», «Асенні вечар», апавяд. «Слабода»] і інш. Змясціла апавяданне Ядвігіна Ш. «Суд». Выйшла 6 нумароў. На газету неаднаразова накладваўся арышт, а рэдактар прыцягваўся да крымін. адказнасці; паводле суд. прыгавору 11.1.1907 выданне забаронена, рэдактар прыгавораны да турэмнага зняволення на 1 год.
Літ.:
Шлюбскі АНовыя матэрыялы да гісторыі «Нашай долі» // Полымя. 1927. №3;
Біч М. У змаганні за лепшую долю // Там жа. 1966. №8;
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968. С. 212—234.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСМЯЯ́НАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (9.9.1899, Масква — 17.1.1980),
расійскі хімік-арганік, заснавальнік навук. школы па хіміі элементаарган. злучэнняў.
Акад. АНСССР (1943, чл.-кар. з 1939). Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1979). Скончыў Маскоўскі ун-т (1922), дзе і працаваў (з 1935 праф., у 1948—51 рэктар), адначасова ў АНСССР: з 1934 у Ін-це арган. хіміі (з 1939 дырэктар), з 1954 дырэктар Ін-та элементаарган. злучэнняў (з 1980 імя Н.). З 1946 акад.-сакратар Аддз.хім. навук, з 1951 прэзідэнт, у 1961—75 акад.-сакратар Аддз. агульнай і тэхн. хіміі АНСССР. Навук. працы па хіміі металаарган. злучэнняў. Адкрыў рэакцыю атрымання араматычных металаарган. злучэнняў раскладаннем двайных дыазоніевых солей з галагенідамі металаў (рэакцыя Н., 1929), з’яву металатрапіі (1960). Развіў новыя ўяўленні пра дваістасць рэакцыйнай здольнасці арган. злучэнняў нетаўтамернага характару (1955, разам з М.І.Кабачнікам). Даследаваў механізм арган. рэакцый, «сэндвічавыя» злучэнні, у т. л. вытворныя ферацэну. Распрацаваў асновы новага кірунку даследаванняў — па стварэнні сінт. прадуктаў харчавання (1962). Адзін з аўтараў і рэдактар (разам з К.А.Качашковым) серыйнага выд. «Метады элементаарганічнай хіміі» (1963—78). Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1943. Залаты медаль імя Ламаносава АНСССР 1962.
Тв.:
Элементоорганическая химия: Избр. тр., 1959—1969. М., 1970;
Исследования в области органической химии: Избр. тр., 1959—1969. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНЫЯ МА́СЫ,
вялікія аб’ёмы паветра ў трапасферы, сувымерныя па плошчы з часткамі мацерыкоў і акіянаў. Валодаюць пэўнымі аднароднымі ўласцівасцямі і перамяшчаюцца як цэлае ў адной з плыняў агульнай цыркуляцыі атмасферы, адасоблены ад суседніх пагранічнымі зонамі — франтамі атмасфернымі. Характэрныя ўласцівасці П.м. набываюць у месцах фарміравання з аднароднай подсцільнай паверхняй (трапічны акіян, марскія прасторы умеранага пояса, арктычныя моры, вял. раёны тайгі або пустынь і інш.) і аднародных умовах атрымання сонечнага цяпла. Пры перамяшчэнні некаторы час захоўваюць уласцівасці, атрыманыя ў месцах фарміравання, потым страчваюць іх і трансфармуюцца ў новыя П.м.
Характар трансфармацыі залежыць ад розніцы т-ры подсцільнай паверхні і т-ры ў П.м. Паводле агульнай класіфікацыі П.м. падзяляюць на цёплыя, халодныя і мясцовыя. Цёплыя рухаюцца ў больш халоднае асяроддзе, халодныя — у больш цёплае, мясц. знаходзяцца ў ачагу фарміравання. Паводле паходжання вылучаюць занальныя тыпы П.м.: арктычнае паветра, антарктычнае паветра, умераных шырот паветра (палярнае), трапічнае паветра і экватарыяльнае паветра. Кожны тып па ўласцівасцях падзяляецца на марское і кантынентальнае паветра ў залежнасці ад вобласці фарміравання або трансфармацыі. На Беларусі пераважае вільготнае марское паветра ўмераных шырот, якое фарміруецца над Атлантычным акіянам. Паступленне яго абумоўлена дзейнасцю цыклонаў на палярным фронце і арктычным фронце. Найб. халоднае арктычнае паветра прыходзіць з ПнЗ і мае ўласцівасці вільготнага марскога, радзей з ПнУ паступае кантынентальнае паветра. Трапічнае паветра абумоўлена ўплывам азорскага антыцыклону, часцей бывае на Пд рэспублікі, вельмі рэдка ў цэнтр. і паўн. раёнах.
аб’яднанне гурткоў «Народнай волі» Беларусі і Літвы ў 1881—84. Створана па ініцыятыве выканкома «Народнай волі» пад кіраўніцтвам Віленскай цэнтр. групы. У сферу дзейнасці арг-цыі паводле «Статута Віленскай цэнтральнай групы» ўвайшлі Віленская, Віцебская, Гродзенская, Ковенская, Магілёўская і Мінская губ. Ставілася мэта «пашырыць рэвалюцыйную арганізацыю на свой раён і давесці яе да такой ступені сілы, каб у момант перавароту гэтая мясцовасць пайшла за партыяй». У арг-цыю ўвайшлі нарадавольскія гурткі Вільні, Мінска, Гродна, Віцебска, Магілёва, Гомеля, Рагачова, Оршы, Беластока і інш. гарадоў краю. Былі арганізаваны новыя рабочыя гурткі, у Мінску і Магілёве наладжаны выраб фальшывых дакументаў, у Віцебску створана вял.б-ка нелегальнай л-ры, падрыхтавана да работы падп. друкарня. Наладжаны кантакты з замежным цэнтрам, ваен. арг-цыяй «Народнай волі», Польска-літоўскай сац.-рэв. партыяй, партыяй «Пралетарыят». Пасля арышту ў ліп. 1882 амаль усяго складу выканкома «Народнай волі» адносіны арг-цыі з цэнтрам былі разбураны. На гэтым этапе сярод нарадавольцаў краю стала папулярнай ідэя фарміравання груповак па нац. прыкмеце. Да сярэдзіны 1883 уплыў Віленскай цэнтр. групы і міжгуртковыя сувязі аслабелі. Кансалідуючай сілай выступала «Маладая партыя Народнай волі» (апазіцыйная плынь), члены якой лічылі неабходным засяродзіцца на прапагандзе сярод рабочых, адстойвалі прынцып федэрацыі і большай аўтаномнасці мясц. груп. Вясной 1884 па краі пракацілася хваля рэпрэсій, сувязі паміж гурткамі перапыніліся, паступова аб’яднанне нарадавольцаў краю перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГНАЗІ́РАВАННЕ,
распрацоўка прагнозу; спец.навук. даследаванне перспектыў развіцця якога-н. аб’екта або з’явы; вызначэнне тэндэнцый і перспектыў развіцця пэўных працэсаў на аснове аналізу даных аб іх мінулым і сучасным стане. Найб. распаўсюджаныя аб’екты П.: навук.-тэхн. (развіццё фундаментальных і прыкладных даследаванняў, розных галін тэхнікі, новыя тэхналогіі і матэрыялы і інш.), тэхніка-эканам. (тэхніка-эканам. паказчыкі вытв-сці, асваенне новых відаў прадукцыі і інш.), ваенна-паліт. (ваенныя канфлікты, блокі і інш), прыродныя (навакольнае асяроддзе, паводкі і інш.). У іх аснове ляжаць 3 узаемадапаўняльныя крыніцы атрымання інфармацыі: экстрапаляцыя ў будучыню тэндэнцый, заканамернасці развіцця якіх у мінулым і цяпер добра вядомы; мадэліраванне аб’ектаў навук. вывучэння, паказ іх у спрошчаным, схематычным выглядзе; прагнозная ацэнка экспертаў. У адпаведнасці з гэтым існуюць 3 спосабы П., якія дапаўняюць адзін аднаго: экстрапаліраванне і інтэрпаліраванне — пабудова дынамічных радоў развіцця паказчыкаў прагназіруемага працэсу; мадэліраванне — пабудова пошукавых і нарматыўных мадэлей; анкетаванне. Алгарытм (сац. тэхналогія) П. можа быць наступным: вывучэнне праблемы (праблемнай сітуацыі) — распрацоўка сац. заказу — пашпартызацыя — распрацоўка мэт і задач — распрацоўка даследчага прагнозу — канструяванне нарматыўнага прагнозу — верыфікацыя і карэкціроўка прагнозаў. Існуе вял. колькасць прагнозаў, якія ўтрымліваюць пошукавыя і нарматыўныя аспекты П. (праграмныя, пошукавыя, аналітычныя, мэтавыя і інш.).
Літ.:
Рабочая книга по прогнозированию. М., 1982;
Бестужев-Лада И.В. Поисковое социальное прогнозирование. М., 1984;
Яго ж. Нормативное социальное прогнозирование. М., 1987;
Котляров И.В. Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́РСКІ (Аляксандр Андрэевіч) (н. 19.2.1919, с. Новаіванаўскае Амвросіеўскага р-на Данецкай вобл., Украіна),
расійскі матэматык, адзін з заснавальнікаў тэорыі матэм. мадэліравання і выліч. эксперыменту. Акад.Рас.АН (1976; чл.-кар. 1966). Замежны чл.Нац.АН Беларусі (2000). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Маскоўскі ун-т (1945). З 1953 у Ін-це прыкладной матэматыкі АНСССР, з 1990 у Ін-це матэм. мадэліравання Рас.АН (у 1990—98 дырэктар). Навук. працы па матэм. фізіцы, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, тэорыі нелінейных працэсаў, выліч. матэматыцы. Пабудаваў агульныя тэорыі рознасных схем, ітэрацыйных метадаў рашэння сетачных ураўненняў. Распрацаваў новыя прынцыпы апраксімацыі шматмерных задач, аналітычныя і лікавыя метады рашэння актуальных задач ядз. фізікі, фізікі плазмы, цеплаправоднасці і інш. Правёў разлік атамнага выбуху і дынамікі выбуху тэрмаядз. зараду. Сааўтар адкрыцця эфекту Т-слоя ў плазме, адзін са стваральнікаў тэорыі рэжымаў з абвастрэннем у нелінейных суцэльных асяроддзях. Дзярж. прэмія СССР 1954. Ленінская прэмія 1962.
Тв.:
Математическое моделирование: Идеи. Методы. Примеры. М., 1997 (разам з А.П.Міхайлавым);
Разностные схемы с операторными множителями. Мн., 1998 (разам з П.М.Вабішчэвічам, П П.Матусам);
Уравнения математической физики. 6 изд. М., 1999 (разам з А.М.Ціханавым);
Численные методы математической физики. М., 2000 (разам з А.У.Гуліным).
Літ.:
А.А.Самарский: (К 80-летию со дня рождения) // Дифференц. уравнения. 1999. Т. 35, № 2.