фане́ма

(гр. phonema = гук)

лінгв. найменшая гукавая адзінка мовы, якая ў розных пазіцыях выконвае сэнсаадрознівальную функцыю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛЕ́КСІКА (ад грэч. lexikos які адносіцца да слова),

сукупнасць усіх слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад і ўзровень. У больш вузкім значэнні Л. — асобны пласт слоўнікавага складу мовы, вылучаны на падставе пэўнай прыкметы. Ад інш. моўных узроўняў (фаналогіі, марфалогіі, сінтаксісу і інш.) Л. адрозніваецца сваімі больш цеснымі і непасрэднымі сувязямі з рэчаіснасцю, больш высокай рухомасцю і зменлівасцю ў часе, няпэўнасцю межаў у кожны канкрэтны момант свайго існавання, адкрытасцю і пранікальнасцю для слоўных наватвораў, часавай і прасторавай усеабдымнасцю абазначаных словамі прадметаў, паняццяў і з’яў, шматлікасцю лексічных адзінак у слоўнікавым складзе жывой мовы. Паводле пэўнай прыкметы, што кладзецца ў аснову вылучэння, Л. падзяляецца на шэраг вял. груп слоў. Паводле нарматыўнасці ўсе бел. словы адносяцца да літ. Л. (агульнаўжывальная, агульнанар. і інш.) ці да нелітаратурнай Л., якая падзяляецца на дыялектную (гл. Дыялектызм), устарэлую (гл. Архаізм, гістарызм), новую (гл. Неалагізм, Аказіяналізм), тэрміналагічную і вытворча-прафес. Л. (тэрміны, наменклатурныя назвы, прафесіяналізм). Паводле паходжання словы адносяцца да спрадвечнай Л. (індаеўрапейская, агульнаславянская, усходнеслав., уласнабел.) ці да запазычанай Л. з інш. моў (гл. Запазычанні ў мове) або да агульнай для шмат якіх моў Л. (гл. Інтэрнацыяналізмы). Паводле стылістычнай афарбоўкі вылучаюць кніжную Л. (тэрміналагічная, гіст., паэт. і інш.) і размоўную Л. (прастамоўная, жаргонная, вульгарна-лаянкавая і інш.; гл. ў арт. Арго). Паводле эмацыянальна-экспрэсіўных магчымасцей словы адносяць да нейтральнай Л. (словы, што ўжываюцца ў любых стылях і кантэкстах) ці да канатацыйна-экспрэсіўнай Л. (абразлівая, узнёслая, фамільярная і інш.). Паводле сферы выкарыстання — на афіц.-дзелавую, бытавую, дзіцячую, студэнцкую і інш. Л. Паводле адрасатнай характарыстыкі вылучаюць Л. паэтычную, пэўнага твора (напр., Л. паэмы «Новая зямля» Я.​Коласа), аўтара і інш. Паводле ступені ўжывальнасці словы падзяляюць на актыўную лексіку і пасіўную лексіку. Л. вывучаюць лексікалогія, граматыка, фразеалогія, стылістыка і інш. лінгвістычныя дысцыпліны. Фіксацыяй і сістэматызацыяй Л. займаецца лексікаграфія.

Літ.:

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Шмелев Д.Н. Современный русский язык: Лексика. М., 1977;

Методы изучения лексики. Мн., 1975;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 9, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЕ МОВАЗНА́ЎСТВА, кампаратывістыка,

галіна мовазнаўства, якая даследуе генетычныя сувязі моў, апісвае моўную роднасць у яе эвалюцыі ў часе і прасторы, вывучае асобную мову (або групу моў) у яе развіцці на падставе параўнання з адпаведнымі фактамі іншых моў. Узнікла ў 19 ст., калі младаграматыкі (гл. Младаграматызм) стварылі ўласную канцэпцыю моўнай эвалюцыі і сфармулявалі ідэі фанет. законаў, змяненняў па аналогіі, адноснай храналогіі і інш. Да прыёмаў даследавання П.-г. м. адносяцца: вызначэнне генет. прыналежнасці пэўных фактаў; фармуляванне правіл суадпаведнасці паміж моўнымі структурамі ў сферы фанетыкі, марфалогіі, а таксама (у меншай ступені) сінтаксісу і семантыкі; мадэляванне архетыпаў — зыходных форм прамовы; стварэнне моўнай храналогіі; рэканструкцыя першасных і другасных станаў сістэмы мовы і інш. П.-г. м. дазваляе пайсці ў глыб гісторыі мовы за межы самых стараж. тэкстаў шляхам высвятлення асобных з’яў і фактаў пэўнай мовы з дапамогай фактаў роднаснай мовы, гісторыя якой прасочваецца з больш стараж. часоў (напр., у адносінах да бел. мовы такімі мовамі з’яўляюцца старажытнаруская мова і стараславянская мова). Дае магчымасць высветліць ступень роднасці паміж мовамі адной моўнай сям’і і ўдакладніць генеалагічную класіфікацыю моў. Мае лінгвадыдактычную накіраванасць, бо дазваляе ствараць т.зв параўнальна-гіст. граматыкі (гл. Параўнальная граматыка). Грунтуецца на прынцыпе параўнання моў, што звязвае яго з апісальным і агульным мовазнаўствам і прынцыпе гістарызму, што збліжае яго з гіст. лінгвістыкай і сацыялінгвістыкай. Выкарыстанне створанага ў яго межах параўнальна-гістарычнага метаду даследавання моўных з’яў дало магчымасць дасягнуць значных навук. вынікаў у параўн.-гіст. граматыцы індаеўрап., алтайскіх, фіна-угорскіх, семіцкіх, дравідыйскіх, кіт.-тыбецкіх і інш. моўных сем’яў, а таксама стварыць асновы граматыкі настратычных моў. На Беларусі даследаванні ў галіне П.-г. м. вяліся і вядуцца Т.​С.​Глушак, Р.​М.​Казловай, Р.​В.​Краўчуком, В.​У.​Мартынавым, А.​Я.​Супруном і інш. Выдаецца шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93).

Літ.:

Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании: Пер. с фр. М., 1954;

Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980;

Десницкая А.В. Сравнительное языкознание и история языков. Л., 1984.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лад. articulo расчляняю),

1) у мовазнаўстве — работа органаў мовы (губ, языка, мяккага паднябення, галасавых звязак), з дапамогай якіх утвараюцца гукі мовы. Сукупнасць артыкуляцыі складае артыкуляцыйную базу мовы. Правільнае (без акцэнту) вымаўленне слоў чужой мовы патрабуе засваення яе артыкуляцыйнай базы. Паводле ступені выразнасці маўлення ацэньваюць якасць вымаўлення асобных людзей (пры адборы дыктараў, чытальнікаў, акцёраў і інш.) і каналаў сувязі.

У бел. артыкуляцыйнай базе пераважаюць артыкуляцыі з высокім становішчам языка, апусканнем да ніжніх зубоў кончыка языка пры вымаўленні мяккіх зычных «дз’», «ц’» (дзеканне-цеканне), а таксама «з’», «с’», «н’», «л’», ад чаго яны робяцца мякчэйшыя за, напр., адпаведныя рус. гукі. Спецыфічна бел. асаблівасці: губна-губная артыкуляцыя пры вымаўленні «в» пасля галосных і перад «у», «о»; працяжнае вымаўленне «г»; наяўнасць значнай колькасці змычна-шчыліннай артыкуляцыі («дж», «дз», «ч», «ц», «ц’», «дз’»). Артыкуляцыя суседніх гукаў накладваюцца і прыстасоўваюцца адна да адной (акамадацыя).

2) У музыцы — спосаб выканання паслядоўнасці гукаў голасам або на муз. інструменце. Вызначаецца злітнасцю або расчлянёнасцю. Асн. віды артыкуляцыі — легата і стаката. Іх разнавіднасці адрозніваюцца ступенню выразнасці і характарам выканання. Існуюць блізкія паміж сабою партамента і глісанда (лёгкае слізганне ад аднаго гуку да другога) і інш. Тэхнічна артыкуляцыя звязана з рознымі прыёмамі руху рукі, націску пальцаў, вядзення смычка або плектра, у спевах — са спосабам карыстання галасавым апаратам.

А.​І.​Падлужны (мовазнаўства).

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ СЛО́ЎНІК,

лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або перакладае толькі тую лексіку, якой адрозніваюцца слоўнікавыя склады 2 блізкароднасных моў або слоўнікі адной і той жа мовы. Першыя Д.с. бел. мовы — «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870) і рукапісны «Беларускі слоўнік» С.​Мядзведскага (1910), якія перакладалі на рус. мову тыя бел. словы, што лексічна і семантычна адрозніваліся ад адпаведных рус. слоў. Падобны двухмоўны Д.с. — слоўнікавы дадатак «Кароткі дыферэнцыяльны руска-беларускі слоўнік» да практычнага дапаможніка «Беларуская мова для небеларусаў» А.​А.​Крывіцкага, А.​Я.​Міхневіча, А.​І.​Паддужнага (1973).

Існуюць і інш. разнавіднасці Д.с.: дыферэнцыяльна-дыялектныя або абласныя даведнікі (у адрозненне ад поўных дыялектных слоўнікаў уключаюць толькі тыя дыялектызмы, якімі дадзеная гаворка або група гаворак адрозніваюцца ад слоўнікавага складу літ. мовы, напр., «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» М.​В.​Шатэрніка, 1929, «Слоўнік Гродзенскай вобласці» Т.​П.​Сцяшковіч, 1983); дыялектныя даведнікі, што ўводзяць у навук. ўжытак упершыню лексікаграфічна зафіксаваныя лексічныя і фразеалагічныя адзінкі, якія адсутнічалі ў папярэдніх рэгіянальных слоўніках (напр., «З народнай фразеалогіі: Дыферэнцыяльны слоўнік» І.​Я.​Лепешава, 1991). Асобныя даследчыкі (Крывіцкі, Г.​А.​Цыхун) вылучаюць змяшаны (дыферэнцыяльна поўны) тып дыялектнага слоўніка.

Літ.:

Норман Б.Ю. Гипотеза Сэпира-Уорфа и белорусско-русский дифференциально-семантический словарь // Актуальные проблемы лексикологии. Мн., 1970.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУРЫ́ЗМ (франц. purisme ад лац. purus чысты),

імкненне ачысціць літаратурную мову ад іншамоўных запазычанняў, неалагізмаў, а таксама ад ненарматыўных лексічных і граматычных элементаў (напр., народна-размоўных, прастамоўных, дыялектычных). У шырокім сэнсе — залішне строгія, непрымірымыя адносіны да любых запазычанняў, навізны і наогул да ўсіх выпадкаў скажэння і вольнага выкарыстання мовы. Характэрны для перыядаў найб. актыўнага фарміравання і станаўлення нац. літ. моў; звязаны з сац.-гіст., паліт. і культ. працэсамі, з бурным фарміраваннем нацый або перыядамі нац. адраджэння. У бел. мове тэндэнцыі П. найб. выразна праявіліся ў 1920-я г., калі адбывалася актыўнае фарміраванне лексічных, арфаграфічных, грамат. норм сучаснай бел. літ. мовы. Яны выражаліся ў выкарыстанні замест іншамоўных запазычанняў і інтэрнацыяналізмаў шырока вядомых агульнаслав., усх.-слав. і рус. лексем дыялектнай і вузкарэгіянальнай лексікі, у стварэнні некат. штучных неалагізмаў на бел. моўным матэрыяле. Значнае выражэнне атрымалі ў тагачаснай распрацоўцы бел. навук. тэрміналогіі: «красленне» (чарчэнне), «кругадрэз» (сегмент), «пэўнік» (аксіёма). Падобныя тэрміны звычайна прапаноўваліся ў якасці варыянтаў і выносіліся на суд грамадскасці і часу. Імкненне найб. поўна выкарыстаць нац. моўныя сродкі не прыводзіла да якіх-н. крайнасцей. Асобныя выпадкі П. ў тэрмінатворчасці, што вялі да абмежаванасці моўных сродкаў, ізаляванасці бел. мовы, перашкаджалі яе ўзбагачэнню сродкамі інш. моў, не зацвердзіліся і не паўплывалі на фарміраванне бел. тэрміналогіі і сучаснай бел. мовы ў цэлым.

Л.​А.​Антапюк.

т. 13, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТАРГУЕ́Ў (Павел Андрэевіч) (30.6.1881, г. Старадуб Бранскай вобл., Расія — 21.3.1959),

расійскі і бел. мовазнавец і педагог. Правадз. чл. Інбелкульта (1924). Д-р філал. н. (1941), праф. (1923). Скончыў Маскоўскі ун-т (1908), працаваў у ім у 1917—23. У 1918 чытаў курс лекцый па бел. мове ў Бел. нар. ун-це ў Маскве («Беларуская мова ў яе сучасным і мінулым стане» у кн. «Курс беларусазнаўства», 1918—20). У 1938—51 заг. кафедры рус. мовы Навазыбкаўскага пед. ін-та, адначасова ў 1947—48 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. Склаў праект «Праграмы па вывучэнні беларускіх гаворак і збіранні звестак для складання Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы». Вывучаў бел. гаворкі ў іх гіст. і сучасным стане, гаворкі рус.-бел.-ўкр. памежжа ў іх узаемадзеянні: «Гаворкі ўсходніх паветаў Гомельскай губерні ў іх сучасным стане», «Северска-беларуская гаворка. Даследаванне ў галіне дыялекталогіі і гісторыі беларускіх гаворак» (Залаты медаль Рус. геагр. т-ва; абедзве 1927), «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» (1973). Даследаваў праблемы бел. літ. мовы: артыкулы «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання» (1922), «Да пытання аб ляшскіх рысах у беларускай фанетыцы» (1927), «Беларускае мовазнаўства ў 1917—1927 гг.» (1930).

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 3. Мн., 1978.

Я.​М.​Рамановіч.

т. 13, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЯНІ́ЗМ, стараславянізм, царкоўнаславянізм,

1) слова, запазычанае са стараславянскай мовы або царкоўнаславянскай мовы. Вызначаецца кніжна-пісьмовай ці ўзвышанай стылістычнай афарбоўкай.

С. пранікалі ў старажытнарускую мову, калі стараслав. мова ці яе звод (варыянты) шырока выкарыстоўваліся на Русі. Шмат С. у старабеларускай мове («блаженства», «бранити», «отвещати»). Фанетычныя прыкметы С.: няпоўнагалоссе (спалучэнні «ра», «ла», «рэ», «ле» паміж зычнымі, якія суадносяцца з усх.-слав. поўнагалоснымі «оро», «оло», «ере», «еле» ў адпаведных каранях: «храбры» — «харобры»; спалучэнні «жд», «шч» у адпаведнасці з усх.-слав. «ж» («дж»), «ч» («отвещати» — «отвечати»).

У сучаснай бел. мове (у адрозненне ад рус. і ўкр. моў) колькасць С. вельмі абмежаваная, а іх стылістычная афарбоўка нейтралізавалася («благаславіць», «уваскрасаць», «храм», «шлем»). У асобных маст. творах сустракаюцца стылістычна афарбаваныя аказіяналізмы («брація», «падзвіжнік» у Я.​Коласа). Да С. набліжаецца кніжная фразеалогія царкоўнаслав. паходжання, якая ўжываецца пераважна ў публіцыстыцы («святая святых», «плоць ад плоці»), У гутарковай мове стылістычна афарбаваныя С. могуць мець іранічнае адценне. Катэгорыя С. для сучаснай літ. бел. мовы мала характэрная.

2) Слова, запазычанае неслав. мовай з якой-н. слав. мовы. Напр., фінскае kuontalo з усх.-слав. *kodelь, рум. bob з паўд.-слав.* bоbъ.

Літ.:

Шахматов А.А. Очерк современного русского литературного языка. 4 изд. М., 1941. С. 70—90;

Замкова В.В. Славянизм как стилистическая категория в русском литературном языке XVIII в. Л., 1975.

А.​Я.​Супрун.

т. 14, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НІМЫ (ад анты... + грэч. ...onyma імя),

словы адной і той жа часціны мовы з процілеглым значэннем. Гл. ў арт. Антанімія.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ТЫКА (грэч. grammatikē ад gramma літара, напісанне),

1) лад мовы; сукупнасць, сістэма яе формаўтваральных і формаўжывальных сродкаў.

2) Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца сістэма моўных формаў (марфалогія), сродкі і спосабы іх спалучэння ў сказе (сінтаксіс). Па грамат. асаблівасцях вызначаецца тып пэўнай мовы.

Грамат. семантыка якасна адрозніваецца ад семантыкі лексічнай: у грамат. паняццях адлюстроўваюцца пераважна ўласцівасці саміх моўных адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў), а ў значэннях лексічных адзінак звычайна абагульняюцца ўласцівасці рэальных прадметаў, з’яў, прыкмет. Аднак тое, што ў адной мове выражаецца сродкамі граматыкі, у іншай можа перадавацца лексічна (напр., значэнне сумеснасці дзеяння ў манг. мове перадаецца дзеяслоўным суфіксам, у бел. — словамі «разам з»). Уласцівыя пэўнай мове грамат. паняцці абавязкова маюць у ёй матэрыяльнае выяўленне. Таму ў кожнай грамат. з’яве адрозніваюць граматычнае значэнне і грамат. спосаб яго перадачы. Асн. спосабамі перадачы грамат. значэнняў у бел. мове (як у рознай ступені і ў інш. мовах свету) з’яўляюцца: афіксацыя («дуб — дубы», «кідаць — кінуць»), суплетывізм («браць — узяць», «чалавек — людзі», «я — мяне»), інтанацыя («Дождж ідзе. — Дождж ідзе?»), службовыя словы («чытаў бы», «будзеш ведаць»), асноваскладанне (дыялектнае «хадзіцьмеш» з «хадзіць + маеш»), рэдуплікацыя («сівы-сівы»), парадак слоў («яшчэ зялёны лісток — лісток яшчэ зялёны»), а таксама розныя спосабы аналітычнага канструявання з грамат. значымай спалучальнасцю адзінак («ісці / бегчы / ехаць лесам» — акалічнасць; «валодаць / гандляваць /, любавацца лесам» — дапаўненне).

Слова разам з паказчыкам яго грамат. значэння ўтварае граматычную форму («братамі» — граматычная форма мн. л. тв. скл. ад назоўніка м.р. «брат»). Грамат. формы, што перадаюць змяненне аднаго слова ў межах пэўных грамат. значэнняў (склону, ліку, часу, асобы і інш.), утвараюць парадыгмы словазмянення (1-е скланенне назоўнікаў, 2-е спражэнне дзеясловаў, ступені параўнання прыметнікаў і да т.п.). Усе адзінкі моўнага ладу размяркоўваюцца па пэўных класах — граматычных катэгорыях. Стрыжань грамат. катэгорыі — катэгарыяльнае значэнне. У бел. мове адрозніваюць грамат. катэгорыі імені і дзеяслова, назоўніка і прыметніка і інш., а ў межах катэгорыі, напр., назоўніка — катэгорыі роду, склону, ліку, а таксама адзінкавасці і зборнасці, абстрактнасці і канкрэтнасці і г.д. Пытанне аб колькасці катэгорый у пэўнай мове вельмі складанае: побач з даўно заўважанымі і навук. зафіксаванымі цэнтр. катэгорыямі існуюць і перыферыйныя, часам лінгвістычна не распрацаваныя. Грамат. катэгорыі ўтвараюць складаную іерархічную сістэму з рознаскладанымі функцыян. ўзаемасувязямі. Найб. просты прыклад якіх — проціпастаўленне катэгорыі па наяўнасці — адсутнасці пэўнага грамат. значэння (простая апазіцыя: м. род — немужч. род).

Спосабы выражэння грамат. значэння падзяляюцца на 2 тыпы ў залежнасці ад таго, дзе (у межах слова ці па-за імі) знаходзіцца грамат. сродак; напр., «прачытае» — сінтэтычны спосаб выражэння грамат. значэння буд. часу, «буду чытаць» — аналітычны. У залежнасці ад таго, які спосаб пераважае ў пэўнай мове, мовы падзяляюцца на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Бел. мова належыць да сінтэтычнага тыпу. Вакол аднаго грамат. значэння могуць групавацца розныя сродкі яго выражэння, утвараючы функцыянальна-грамат. палі. Напр., значэнне колькасці ў бел. мове перадаецца з дапамогай канчаткаў («сад — сады», «іду — ідуць»), лічэбнікаў («дзве сястры»), колькаснага займенніка і прыслоўя («некалькі бяроз», «многа клёнаў»), нумаралізаваных назоўнікаў («кошык грыбоў»), спец. сінтакс. канструкцыі («Камарэчы там — плойма!») і інш. Функцыянальна-грамат. поле мае свой цэнтр і перыферыю, будуецца па законах недакладнага мноства.

Адно з карэнных пытанняў грамат. ладу мовы — пытанне аб часцінах мовы, г.зн. аб размеркаванні ўсіх слоў лексікону па буйных грамат. разрадах. У залежнасці ад мэт вывучэння і апісання мовы граматыка ў мовазнаўстве падзяляецца на тыпы. Напр., навук.-апісальная граматыка адлюстроўвае грамат. лад мовы згодна з існуючай навук. канцэпцыяй. Нарматыўная граматыка вызначае, якія тыпы формаў і канструкцый суіснуюць у мове, і дае іх ацэнку з пазіцый правільнасці (гл. Норма моўная) або няправільнасці іх ужывання. Гістарычная граматыка падае сістэму мовы ў часе, апісваючы прычыны, працэсы і вынікі змянення моўных формаў. Параўнальная граматыка здзяйсняе сістэмнае супастаўленне і параўнанне фактаў розных моў у сінхронным ці дыяхронным (гіст.) плане. Тыпалагічная граматыка апісвае мову (ці мовы — як роднасныя, так і генетычна далёкія) у адпаведнасці з пэўнымі, тэарэтычна выпрацаванымі мадэлямі пабудовы натуральных моў або інш. знакавых сістэм. Структурная граматыка асн. ўвагу накіроўвае на аналіз функцый розных элементаў і іх сістэмныя сувязі. Трансфармацыйная граматыка мадэліруе мову як своеасаблівы механізм утварэння адзінак вышэйшых узроўняў (і тэксту ў цэлым) з пэўных зыходных элементаў па адпаведных правілах. Граматыка як частка мовазнаўства звязана з інш. яго галінамі — фанетыкай і фаналогіяй, лексікалогіяй і дэрываталогіяй (навука пра словаўтварэнне), фразеалогіяй, стылістыкай, а таксама з інш. філалагічнымі дысцыплінамі і інш. галінамі ведаў: логікай, псіхалогіяй, семіялогіяй і інш.

Распрацоўка грамат. тэорыі ў старажытнасці дасягнула высокага ўзроўню ў Індыі. Еўрап. традыцыі ў вывучэнні грамат. ладу моў бяруць пачатак у ант. навуцы, найперш звязанай з вытлумачэннем стараж. тэкстаў (паэм Гамера, біблейскіх паданняў). Асн. тэндэнцыяй у развіцці грамат. думкі ў Еўропе было паступовае вызваленне ад схем і ўяўленняў грэка-лац. навукі, пошук паняццяў і метадаў даследавання, якія б далі магчымасць адэкватна апісваць кожную канкрэтную мову. Значны ўклад у развіццё грамат. тэорыі зрабілі слав. вучоныя. Пачынальнікамі навук. распрацоўкі граматыкі бел. мовы былі Л.​Зізаній, П.​Шпілеўскі, К.​Нядзведскі, І.​Нядзёшаў, Я.​Карскі, К.​Каганец, Б.​Пачобка, Б.​Тарашкевіч, М.​Булахаў і інш.

Літ.:

Кузнецов П.С. О принципах изучения грамматики. М., 1961;

Виноградов В.В. Русский язык: (Граммат. учение о слове). 2 изд. М., 1972;

Шуба П.П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1962;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;

Есперсен О. Философия грамматики: Пер. с англ. М., 1958.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 5, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)