электраармату́ра

(ад электра- + арматура)

сукупнасць устройстваў, якімі замацоўваюць электрычныя лямпы, падводзяць да іх ток, засцерагаюць ад пашкоджанняў, размяркоўваюць святло і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЕССТУПЕ́НЬЧАТАЯ ПЕРАДА́ЧА,

механізм для плаўнай змены частаты вярчэння вядзёнага вала ў трансп. машынах, станках, прыладах; частка варыятара. Адрозніваюць бесступеньчатыя перадачы механічныя і электрычныя. У залежнасці ад віду перадавальных звёнаў мех. Бесступеньчатыя перадачы бываюць з вадкім рабочым звяном (гідраўлічныя), з гнуткім (раменныя і ланцуговыя) і жорсткім звёнамі. Паводле характару работы бесступеньчатыя перадачы з гнуткім і жорсткім звёнамі падзяляюцца на фрыкцыйныя (трэння) і зачэплівання, бесперапыннага дзеяння і імпульсныя. Электрычная бесступеньчатая перадача выконваецца па сістэме генератар—рухавік; выкарыстоўваецца ў трансп. машынах і інш. для перадачы вял. магутнасцяў (гл. Электрычны прывод). Выкарыстанне бесступеньчатай перадачы павышае прадукцыйнасць машын, паляпшае магчымасці кіравання.

Фрыкцыйная бесступеньчатая перадача: а — з гнуткім звяном і рассоўнымі шківамі; б, в — з жорсткімі звёнамі.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЯ́ЛЬНІК,

інструмент для пайкі металаў і расплаўлення прыпою. Медная рабочая частка П. награваецца ад знешняй крыніцы цяпла (ад паяльнай лямпы і інш.). Форма, памеры і маса П. вызначаюцца тыпам паянага шва, канфігурацыяй і масай вырабу. Бываюць без пастаяннага падагрэву, з падагрэвам полымем ці з электрападагрэвам (найб. пашыраны). Спец. від П. — ультрагукавы, у якім ваганні нагрэтага стрыжня разбураюць аксідную плёнку на паверхні паянага вырабу пад слоем прыпою. Асн. перавага — магчымасць бясфлюсавай пайкі. Выкарыстоўваюцца для пайкі і луджэння вырабаў са сталі, медзі і медных сплаваў, алюмінію (пераважна ультрагукавыя П.) мяккімі алавяна-свінцовымі прыпоямі.

Паяльнікі: 1 — газавы з падагрэвам адкрытым полымем; 2 — бензінавы з рэзервуарам для гаручага ў рукаятцы; 3 — электрычныя (звычайны і з фарсіраваным падагрэвам — паяльны пісталет).

т. 12, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мікрафо́н

(ад мікра- + -фон)

прыбор, які ператварае гукавыя ваганні ў электрычныя і служыць для перадачы гукаў на адлегласць або для ўзмацнення іх.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рэко́рдэр

(англ. recorder)

прыстасаванне ў гуказапісным апараце, якое ператварае электрычныя ваганні гукавой частаты ў механічныя ваганні разца, каб зафіксаваць гукі на гуканосьбіце.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

інфрако́н

(ад лац. infra = пад + гр. eikon = малюнак)

перадавальная электронна-прамянёвая трубка з намнажэннем зараду для пераўтварэння нябачных вокам вобразаў у электрычныя сігналы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАРО́ТКАЕ ЗАМЫКА́ННЕ,

злучэнне токаправодных частак эл. ланцуга праз малое (блізкае да нуля) супраціўленне. Парушае работу эл. апарата (устаноўкі), небяспечнае для людзей.

Бывае 2- і 3-фазнае; аднафазнае — на зямлю або корпус (злучэнне праваднікоў эл. устаноўкі з прадметамі, што маюць нулявы патэнцыял); міжвітковае (злучэнне накоратка аднаго або некалькіх віткоў абмоткі эл. апарата ці эл. машыны); перамежнае (пачаргова ўзнікае і знікае, напр., паміж правадамі, якія разгойдваюцца). Прычыны К.з. — парушэнне электраізаляцыі правадоў або выпадковае злучэнне неізаляваных праваднікоў паміж сабой ці праз электраправодны матэрыял. Вядзе да рэзкага павелічэння току, выклікае празмернае награванне правадоў і апаратаў, можа прывесці да пажару ці пашкоджання эл. абсталявання. Каб папярэдзіць небяспечныя наступствы К.з. выкарыстоўваюць токаабмежавальныя рэактары электрычныя, секцыянаванне эл. сеткі, прыстасаванні хуткага адключэння ўчастка з К.з. (рэлейную ахову, аўтам. выключальнікі і інш.).

т. 8, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМЯРА́ЛЬНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,

прыстасаванне, якое пераўтварае фіз. велічыню, што вымяраецца або рэгулюецца, у сігнал (звычайна электрычны) для далейшай перадачы, апрацоўкі ці рэгістрацыі. Адна з асн. частак сродкаў вымяральнай тэхнікі, сістэм аўтаматыкі і тэлемеханікі. Тэрмін «вымяральны пераўтваральнік» уведзены стандартам замест тэрміна «датчык».

Параметры, якія ўспрымаюцца вымяральным пераўтваральнікам, бываюць механічныя (намаганне, перамяшчэнне, скорасць, вібрацыя), гідраўлічныя і пнеўматычныя (ціск, расход), аптычныя (сіла святла), цеплавыя (т-ра), электрычныя (напружанне і ток), радыеактыўныя. Выходныя сігналы падзяляюцца на электрычныя і пнеўматычныя (часам гідраўлічныя), амплітудныя, часаімпульсныя, частотныя і фазавыя, аналагавыя (неперарыўныя) і лічбавыя (дыскрэтныя). Вымяральны пераўтваральнік складаецца з аднаго (напр., тэрмапара, тэнзометр) або з некалькіх элементарных пераўтваральнікаў, найважнейшы з якіх — адчувальны элемент. Пераўтваральнікі злучаюцца па каскаднай, дыферэнцыяльнай і кампенсацыйнай схемах. Найб. Пашыраны маштабныя і функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі. Маштабныя (напр., дзялільнікі частаты і напружання, трансфарматары вымяральныя) мяняюць маштаб велічыні, якая вымяраецца, без змены яе фіз. прыроды. Гэтыя вымяральныя пераўтваральнікі пашыраюць межы вымярэнняў сродкамі вымяральнай тэхнікі. Функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі (напр., тэрмарэзістары, фотаэлементы) пераўтвараюць велічыню той ці іншай фіз. прыроды ў функцыянальна звязаны з ёй сігнал (звычайна электрычны). Такімі вымяральнымі пераўтваральнікамі можна вымяраць разнастайныя неэл. велічыні. Асобны клас складаюць аперацыйныя вымяральныя пераўтваральнікі, якія выконваюць над велічынямі пэўныя матэм. аперацыі (інтэграванне, дыферэнцыраванне і інш.). Асн. характарыстыкі вымяральных пераўтваральнікаў: від функцыянальнай залежнасці паміж уваходнай і выходнай велічынямі, адчувальнасць і парог адчувальнасці, хібнасць.

У.​М.​Сацута.

Вымяральны пераўтваральнік: а — тэмпературы (1, 2 — тэрмаэлектроды); б — ціску (1 — мембрана, 2 — газ або вадкасць); в — акустычны (1 — мембрана, 2 — вугальны парашок); г — нахілу (1 — электроды, 2 — электраліт); д — вызначэння канцэнтрацыі кіслаты ў растворы (1 — электроды, 2 — электрамагніт, 3 — рычаг, 4 — клапан).
Схема палярызацыйнага валаконна-аптычнага вымяральнага пераўтваральніка ціску, акустычных ваганняў і лінейных паскарэнняў: 1 — крыніца аптычнага выпрамянення (AB); 2 — валаконныя светлаводы; 3 — палярызатар AB; 4 — аптычны адчувальны элемент (прызма); 5 — мембрана; 6 — аналізатар AB; 7 — прыёмнік AB.

т. 4, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

п’езаква́рц

(ад п’еза- + кварц)

разнавіднасць кварцу, што пры змене формы і аб’ёму ўтварае электрычныя зарады на гранях крышталя; выкарыстоўваецца ў радыётэхніцы, электраакустыцы і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

перамы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Вузкая палоска зямлі паміж суседнімі воднымі масівамі, паглыбленнямі і пад. Капаць канаву з перамычкамі. □ Нарач аддзяляецца ад суседняга возера Мястра вузкай перамычкай з пралівам. «Беларусь».

2. Часовая плаціна, гаць. Перакрыць раку перамычкай. □ Калі канал будзе гатоў, перамычку ўзарвуць, і воды .. хлынуць па каналу. Дуброўскі.

3. Спец. Праваднік, які злучае два электрычныя ланцугі.

4. Спец. Аконнае або дзвярное перакрыцце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)