Лярва, ля́рвіна ’лічынка’ (чэрв., КЭС), ’распушчаная жанчына’ (Нас., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Бір. Дзярж., Юрч. Фраз. 1), ’гультай, абібок, вялікая гультайка’ (Юрч. Фраз. 1, міёр., Нар. словатв.), ’бесхарактарная, мягкая натура’ (Мядзв.). Запазычана з польск.larwa ’лічынка, зародыш’, ’прывід’, ’брыдкі чалавек, асабліва жанчына’, ’страшыдла’, ’распусніца’, якое з лац.lārva ’прывід, страшыдла, вампір’, ’шкілет’ < Larēs ’Лары, духі — захавальнікі дамашняга ачагу, дзяды’. Значэнне ’лічынка’ — з франц.larve ’маска’ < ’той, хто хавае сваё сапраўднае аблічча’ (Слаўскі, 4, 53; Кюнэ, 72). Сюды ж лярвёнак ’пазашлюбнае дзіця’ (Нас.), а таксама ля́рва — забабонны тэрмін? (КЭС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БАДЗЯ́ГІ (Spongillidae),
сямейства прэснаводных каланіяльных губак. У сусв. фауне 16 родаў. Пашыраны ўсюды. У вадаёмах Беларусі не вывучаліся. Найб. вядомыя 2 віды: бадзяга азёрная (Spongilla lacustris), якая жыве ў стаячых вадаёмах, і бадзяга рачная (Ephydatia fluviatilis) — у праточных.
Памеры калоніі да 1 м. Цела шурпатае з непрыемным пахам, шэрае, жаўтаватае, брудна-зялёнае. Шкілет крамянёвы. Размнажаюцца палавым і бясполым (пачкаваннем) спосабамі. Маюць вял. здольнасць да аднаўлення: з дробнага кавалачка вырастае самастойная асобіна. Кормяцца аднаклетачнымі арганізмамі і арган. рэшткамі. Увосень утвараюць унутр. пупышкі — гемулы, якія вясной даюць пачатак новай калоніі. Засмечваюць гідратэхн. збудаванні. Ачышчаюць вадаёмы ад арган. рэчываў. Высушаныя — нар.лек. сродак ад рэўматычных і інш. боляў. У медыцыне выкарыстоўваюцца мазі з бадзягамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́НЬ ВЕЛІКАРО́ГІ, гіганцкі алень,
ірландскі алень (Megaloceros giganteus),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. аленевых атр. парнакапытных. Вядомы з сярэдняга і верхняга плейстацэну і ранняга галацэну Еўразіі і Паўн. Афрыкі. Асабліва многа шкілетаў знойдзена ў тарфяніках Ірландыі, на стаянках чалавека каменнага веку ў сярэдніх і паўд. шыротах, у т. л. ў Крыме і на Паўн. Каўказе, цэлыя шкілеты — на тэр. Разанскай і Екацярынбургскай абласцей Расіі. На Беларусі рэшткі аленя велікарогага выяўлены каля Смаргоні і в. Вейна (Магілёўскі р-н).
Буйная жывёла з вялізнымі (больш за 4 м у размаху) лапатападобнымі рагамі з некалькімі адросткамі. Вонкава нагадваў лань. Жыў на вільготных лугах па берагах рэк і балотаў, пазбягаў лясоў, у ледавіковыя эпохі адступаў на Пд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАПТЭ́РЫКС, археорніс,
першаптушка (Archaeopteryx),
самы стараж. вымерлы род птушак падкл. яшчарахвостых птушак. 1 від — A. lithographica. Назва дадзена па адбітку пяра, знойдзеным у 1860 у верхняюрскіх (цітонскіх) літаграфічных сланцах Золенгофена (Баварыя, Германія). У 1861 там знайшлі і першы няпоўны яго шкілет з адбіткамі пер’я. Вядома 5 шкілетаў; 1 экз. (берлінскі) апісаны пад назвай археорніс, але ён ідэнтычны з археаптэрыксам.
Памерамі з голуба, меў дзюбу з канічнымі зубамі, 3 свабодныя пальцы на крылах, доўгі хвост з 20 пазванкамі. Мяркуюць, што археаптэрыкс пералятаў з дрэва на дрэва, пры гэтым выкарыстоўваў пальцы крылаў, або бегаў па зямлі і зрэдку пералятаў на невял. адлегласці. Марфалогія археаптэрыкса пацвярджае філагенетычныя сувязі паўзуноў і птушак. Мяркуюць, што археаптэрыкс — прамы продак птушак, які паходзіць ад тэраподных дыназаўраў ці ад псеўдазухій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Каструбава́ты ’шурпаты’, ’шорсткі’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус.коструба́тий ’шурпаты’, ’лахматы’. Параўн. і ў іншых слав. мовах: укр.ко́струб ’неахайны’, коструба́тий, чэш.kostrba ’узлахмачаная галава’, kostrbatý ’каравы, шурпаты’, польск.kostrubaty і г. д., Фасмер, 2, 349. Поўны агляд слав. форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 11, 163, які выстаўляе праформы *kostrъba, *kostroma. Паводле Фасмера, 2, 349, звязана з рус.косте́рь і роднаснымі; Трубачоў выстаўляе зыходнае *kostra ’шкілет, касцяк’, ’кастрыца, адзеравянелая частка сцябла льну’. Слова *kostra роднаснае, паводле Трубачова, 159, славянскаму *kosterь. У аснове гэтых утварэнняў ляжыць слова *kostь (гл.). Параўн. яшчэ кастры́ва ’крапіва’, кастры́ца (гл.). Гл. таксама агляд Слаўскага, 2, 531–532.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касцёр ’каласоўнік, Bromus secallinus L.’ (Байк. і Некр.); ’града ці стажок складзеных дроў’; ’грудок чаго-н., вельмі многа’; ’раскладзены агонь на полі, у лесе’; ’вогнішча’ (Сл. паўн.-зах.). Рус.костёр ’касцёр, агонь’; ’купа дроў і да т. п.’, ’вялікая ўкладка снапоў у полі’, ’кастрыца’ і г. д., укр.косте́р ’сажань дроў’, славен.kóster ’вогнішча; купа дроў’ і г. д. Праформа *kostrъ, генетычна звязана з прасл.*kostra ’кастрыца; шкілет, касцяк; вострыя костачкі рыбы; шэрсць казы; хвошч палявы’ і г. д. Да этымалогіі гл. досыць складаны агляд Трубачова, Эт. сл., 11, 158–160. 163–164. Гл. яшчэ тлумачэнне Фасмера, 2, 347–348.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВАСЬМІПРАМЯНЁВЫЯ КАРА́ЛЫ (Octocorallia),
падклас беспазваночных жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Тры сучасныя атр.: альцыянарыі, або мяккія каралы (Alcyonacea); гарганарыі, або рагавыя каралы (Gorgonacea); марскія пёры (Pennatulacea). 2800 відаў. Пашыраны пераважна ў марскіх водах трапічнага пояса. Вядомы з пач. мезазою. Жывуць калоніямі. На Беларусі выяўлены ў адкладах юры і мелу як рэдкія выкапнёвыя жывёлы. Найб. вядомыя: чырвоны, або высакародны карал (Corallium rubrum), арганчык (Tubipora musica), гарганарыя (Subergorgia mollis) і інш.
Маюць 8 перыстых шчупальцаў вакол ротавай адтуліны. Шкілет вапняковы або рагавы, складаецца з асобных элементаў — спікул рознай формы. Гастральная поласць падзелена радыяльнымі перагародкамі на камеры; ад рота ў яе апускаецца эктадэрмальная глотка. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Кормяцца прасцейшымі, бактэрыямі, часцінкамі дэтрыту і інш. Многія свецяцца. Калоніі прыгожыя, рознакаляровыя. Утвараюць каралавыя рыфы. З многіх вырабляюць упрыгожанні, сувеніры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЗО́РКІ (Asteroidea),
клас беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку (каля 400 млн. гадоў назад). З вымерлыя і 8 сучасных атр., 30 сям., 300 родаў, больш за 1500 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 10 км. На Беларусі вапнавыя шыпы М.з. знойдзены ў сярэднеардовікскіх адкладах.
Памеры ад 1 см да 1 м. Цела звычайна мае форму 5-прамянёвай, часам многапрамянёвай (да 50 прамянёў) зоркі або пяцівугольніка. Многія ярка афарбаваны. Шкілет унутраны. Шкілетныя пласцінкі скуры ўзброены шыпамі, іголкамі, часам педыцылярыямі (гл.Марскія вожыкі). Рухаюцца з дапамогай амбулакральных ножак. Пераважна драпежнікі. кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі, некат. грунтаеды. Большасць раздзельнаполыя. Развіццё з метамарфозам (плаваючая лічынка); некат. жывародныя. Здольныя да рэгенерацыі страчаных частак цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЕРАПАДО́БНЫЯ, сінапсіды,
тэраморфы (Synapsida, Theromopha),
падклас вымерлых паўзуноў. 2 атр.: пеліказаўры і тэрапсіды (Therapsida), 60 сям., каля 1 тыс. відаў. Рэшткі вядомы на ўсіх мацерыках, акрамя Аўстраліі, ад познакаменнавугальнай эпохі да сярэдзіны юрскага перыяду (росквіт у пярмі). Адасобіліся ад прымітыўных катылазаўраў. У верхнім карбоне і пярмі пераважалі прымітыўныя З., якіх аб’ядноўваюць у атр. пеліказаўраў (4 падатр.; 85—90 відаў, даўж. да 300 см). Афіякадонты і сфенакадонты — драпежнікі, казеазаўры — малюскаеды, эдафазаўры — расліннаедныя. З верхняй пярмі да сярэдняй юры былі пашыраны тэрапсіды (З падатр.: анамадонты, дэйнацэфалы, тэрыядонты; каля 450 відаў, даўж. да 600 см). Усе З. мелі добра развітыя іклы, зубы паднябення. З. — пераходныя жывёлы ад прымітыўных паўзуноў да млекакормячых, тыповыя прыкметы якіх з’явіліся ў тэрыядонтаў. Па рэштках З. вызначаюць узрост кантынентальных адкладаў.
Да арт.Зверападобныя. 1 — эдафазаўр; 2 — шкілет тытанафонеуса з атрада тэрапсід.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУЧА́ЛЬНАЯ ТКА́НКА,
тканка арганізмаў жывёл і чалавека, якая складаецца з клетак і міжклетачнага рэчыва і ўтварае ўнутр. асяроддзе арганізма. Есць ва ўсіх органах і ў залежнасці ад функцыі мае розную будову. Яе стан і функцыі рэгулююцца нерв. і гумаральнымі механізмамі. Функцыі З.т.: механічная (утварае шкілет, абалонкі і апору ўнутр. органаў, злучае органы), трафічная (пераносіць пажыўныя і інш. рэчывы да функцыянальнай тканкі — парэнхімы і ад адных органаў да другіх), ахоўная (ажыццяўляе ахоўныя запаленчыя рэакцыі арганізма), пластычныя (удзельнічае ў рэгенерацыі, запаўняе дэфекты пры пашкоджанні органаў).
Паводле будовы падзяляецца на касцявую, храстковую, рэтыкулярную (складае аснову крывятворных органаў), тлушчавую і валакністую, якая пранізвае ўсе органы і ўтварае праслойкі паміж асобнымі органамі. У міжклетачным рэчыве валакністай З.т. ёсць валокны калагенавыя (моцныя, не расцягваюцца), эластычныя і тыкулінавыя (пераплятаюцца, утвараюць сетку). Прамежкі паміж валокнамі і клеткамі запоўнены студзінападобным рэчывам. Клеткі З.т.: камбіяльныя, фібрабласты, гістыяцыты, плазматычныя, пігментныя, тлушчавыя і інш.