ЕЎФРА́Т,

араб. Шат-эль-Фурат, рака ў Турцыі, Сірыі і Іраку, самая вял. ў Зах. Азіі. Даўж. (ад вытоку р. Мурат) 3065 км, ад сутокаў рэк Мурат і Курасу 2700 км, пл. басейна 673 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Армянскага нагор’я. У верхнім цячэнні праразае хрыбты Армянскага нагор’я Малацья і Эргані ў вузкай цясніне, потым цячэ ў глыбокай даліне па пустынным плато Джэзірэ, у ніжнім цячэнні — па Месапатамскай нізіне. Пасля зліцця з р. Тыгр утварае р. Шат-эль-Араб, якая ўпадае ў Персідскі заліў. Гал. прытокі: Тахма, Гёксу (справа), Беліх, Хабур (злева), упадаюць у Е. у верхнім і сярэднім цячэнні; у Іраку да Е. падыходзяць толькі сухія даліны — вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля моцных дажджоў. Жыўленне снегава-дажджавое. Веснавое разводдзе і летняя межань. У ніжнім цячэнні рэчышча абвалавана ад разводдзяў. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Хіт (Ірак) 840 м³/с, у ніжнім цячэнні памяншаецца да 300—400 м³/с ад выпарэння і выкарыстання вады на арашэнне (уздоўж берагоў Е. на Месапатамскай нізіне — паласа аазісаў). Суднаходная да г. Хіт. На рацэ вадасховішча Кебан, Атацюрк (Турцыя), Эль-Асад (Сірыя). На Е. — гарады Бірэджык (Турцыя), Рака, Дэйрэз-Зор (Сірыя), Рамады, Эль-Фалуджа, Эль-Куфа, Эс-Самава, Эн-Насірыя (Ірак). Міжрэчча Е. і Тыгра — адзін са стараж. асяродкаў цывілізацыі, дзе знаходзіліся дзяржавы Асірыя, Вавілонія, Шумер; на беразе Е. быў размешчаны г. Вавілон.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЫДЖЭ (Adige),

рака на Пн Італіі. Даўж. 410 км, пл. бас. 14,7 тыс. км², большая ч. — у Альпах. Пачынаецца на З Эцтальскіх Альпаў, да г. Верона цячэ ў трогавай даліне, у ніжнім цячэнні — па Паданскай раўніне. Упадае ў Адрыятычнае м., утвараючы агульную дэльту з р. По. Паводкі вясной і восенню. Сярэдні расход вады 266 м³/сек. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. ГЭС. На рацэ г. Верона.

т. 1, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯНЁК,

рака на Пн Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), вярхоўе — у Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 2292 км, пл. бас. каля 220 тыс. км². Пачынаецца і цячэ па Сярэдне-сібірскім пласкагор’і, у нізоўях — па Паўд.-Сібірскай нізіне. Упадае ў Алянёцкі заліў мора Лапцевых, утвараючы дэльту. У верхнім цячэнні парожыстая, даліна месцамі мае выгляд цясніны. У сярэднім цячэнні даліна пралягае сярод хвалістай мясцовасці. Асн. прытокі: Арга-Сала, Бур (злева), Сілігір (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Паводка з чэрв. да верасня. Ледастаў з канца вер.кастр. да канца мая — 1-й пал. чэрвеня. У верхнім цячэнні перамярзае са студз. да красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 1210 м³/с. Суднаходная ў нізоўях. Багатая рыбай (рапушка, омуль, муксун, нельма і інш.).

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЗЛЯ́НКА,

рака ў Мядзельскім і Вілейскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Нарач (бас. Віліі). Даўж. 53 км. Пл. вадазбору 663 км². Пачынаецца каля в. Мазалеўшчына Мядзельскага р-на. Асн. прытокі: Чорная, Ментынь (злева). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 1—2 км. Пойма ў верхнім цячэнні разараная, шыр. 200—300 м. Ад вытоку на працягу 15 км рэчышча каналізаванае. Водапрыёмнік меліярац. каналаў. На рацэ зона адпачынку Вузлянка.

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

узні́ззе Нізіна паміж гор; мясцовасць у ніжнім цячэнні ракі (Слаўг.).

ур. і б.х. Узніззе каля в. Васькавічы Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

МО́ЖА,

рака ў Крупскім р-не Мінскай вобл. і Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Бобр (бас. р. Дняпро). Даўж. 77 км. Пл. вадазбору 530 км². Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Шынкі Крупскага р-на. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, у сярэднім цячэнні (часткова) і ў нізоўі — праз лясныя масівы. Асн. прытокі: Бярозка, Казлянка і Мясрэда (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 600—800 м, у ніжнім цячэнні невыразная. Схілы пераважна спадзістыя, слаба парэзаныя далінамі прытокаў і каналаў. Пойма двухбаковая часам чаргуецца па берагах, шыр. 200—400 м. Рэчышча сярэднязвілістае, на некаторых участках выпрастана. Шыр. ракі ў межань у вярхоўі да 8 м, у ніжнім цячэнні 10—20 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,4 м³/с.

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУСЯ́ТА,

рака ў Беларусі, у Крупскім і Бярэзінскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 340 км². Пачынаецца з воз. Нерыб у Крупскім р-не. Асн. прытокі: Плаўня (злева) і Узніца (справа). Цячэ на Цэнтральнабярэзінскай раўніне.

Даліна ў вярхоўі невыразная, у сярэднім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. Да 2 км. Пойма пераважна двухбаковая шыр. да 800 м. Рэчышча ў верхнім і сярэднім цячэнні каналізаванае на працягу 27 км.

т. 3, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛМА, Валмянка,

рака ў Дзяржынскім і Валожынскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток Іслачы (бас. Нёмана). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 177 км². Пачынаецца на ПдУ ад в. Шчэпкі Дзяржынскага р-на, цячэ па зах. схілах Мінскага узв. праз г.п. Івянец. Даліна выразная. Пойма лугавая, шыр. ў вярхоўі 20—50 м, у ніжнім цячэнні 120—200 м. Рэчышча звілістае, у верхнім цячэнні каналізаванае. Берагі стромкія, абрывістыя, асабліва на адрэзку ад г.п. Івянец да вусця.

т. 4, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЯРО́ДАК,

намнажэнне алювіяльных наносаў у рэчышчы ракі ў выглядзе невысокіх затопленых або часткова аголеных астравоў. Звычайна без расліннасці. Форма асяродку падоўжаная, выцягнутая па цячэнні, пл. да некалькіх дзесяткаў, радзей соцень квадратных метраў. Падзяляюць рэчышча на рукавы, паступова рухаюцца ўніз па цячэнні ракі (ніжняя ч. намываецца, верхняя размываецца). Замацаванне асяродку расліннасцю прыводзіць да ператварэння яго ва ўстойлівы востраў. Трапляюцца пераважна на рэках паўд. ч. Беларусі (на Прыпяці, Дняпры, Сажы, Іпуці і інш.). Месца гнездавання птушак.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРХЕ́,

рака ў Іране і Іраку (нізоўі). У верхнім цячэнні наз. Гамасіяба, у сярэднім — Сеймерэ. Даўж. 870 км, пл. бас. 50 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Загрос, цячэ пераважна па днішчах глыбокіх цяснін і каньёнаў, ніжняе цячэнне — па раўнінах Хузістана, дзе падзяляецца на рукавы і губляецца ў балотах Эль-Хавіза. У час разводдзя частка сцёку паступае ў р. Тыгр. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні каля 220 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)