ПРАКТЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраметрыі, які распрацоўвае метады, інструменты і прылады для вызначэння геагр. каардынат, азімутаў напрамкаў і дакладнага часу паводле астр. назіранняў. Падзяляецца на геадэзічную астраномію, мараходную (распрацоўвае спосабы вызначэння па нябесных свяцілах і навігацыйных ШСЗ месцазнаходжання судна ў моры і папраўкі прылад курсапаказвання) і авіяцыйную (вызначае каардынаты лятальнага апарата í папраўкі компаса ва ўмовах палёту). Вымяральныя прылады П.а.: зеніт-тэлескоп, кварцавы гадзіннік, мерыдыянны круг, пасажны інструмент, секстант, універсальны інструмент, хранограф, хранометр і інш. Па астр. гадзінніках службы часу розных краін вызначаюць час адпаведнага часавага пояса з дакладнасцю да дзесяцітысячнай долі секунды, кругласутачна перадаюць сігналы дакладнага часу. Астр. метады арыенціроўкі (вызначэнне геагр. каардынат і азімутаў напрамкаў) з’яўляюцца найб. надзейнымі метадамі ў далёкіх плаваннях марскіх караблёў, авіяц. і касм. палётах.

Літ.:

Блажко С.Н. Курс практической астрономии. 4 изд. М., 1979.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНЫЯ СКО́ПІШЧЫ,

сукупнасці (групы) зорак, якія маюць агульнае паходжанне і звязаны паміж сабой сіламі ўзаемнага прыцягнення. Для сфарміраваных З.с. характэрна наяўнасць цэнтр. згушчэння (ядра), абкружанага менш шчыльнай каранальнай вобласцю. У залежнасці ад знешняга выгляду, памераў, узросту і хім. складу адрозніваюць рассеяныя і шаравыя З.с.

Рассеяныя З.с. (напр., Гіяды, Плеяды) у Галактыцы канцэнтруюцца ў плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху і маюць найб. скорасці адносна Сонца; узрост да 1 млрд. гадоў. Пры назіранні ў слабы тэлескоп раздзяляюцца на асобныя зоркі. Шаравыя З.с. (напр., скопішча M3 у сузор’і Гончых Псоў, M13 у сузор’і Геркулеса) маюць вял. колькасць кампактна размешчаных зорак у выглядзе сферычнай або эліптычнай сістэмы; з цяжкасцю раздзяляюцца на асобныя зоркі нават у моцных тэлескопах. Утвараюць у Галактыцы сферычную падсістэму і канцэнтруюцца ў яе цэнтры; маюць узрост ад 5 да 15 млрд. гадоў. Наяўнасць пераменных зорак (напр., тыпу RR Ліры) дазваляе вызначаць адлегласці да скопішчаў.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФРА́КТАР (ад лац. refractus пераломлены),

тэлескоп з лінзавым аб’ектывам. Упершыню выкарыстаны Г.Галілеем для астр. назіранняў (1609). Бывае візуальны (складаецца з аб’ектыва і акуляра) і фатаграфічны (мае аб’ектыў і касету з фотапласцінкай). Спалучэнне ў аб’ектыве 2 і болей лінзаў са шкла з рознай аптычнай шчыльнасцю дае магчымасць выправіць сферычную і храматычную аберацыі аб’ектыва. Адносная адтуліна Р. звычайна 1:15 (гл. Святласіла). Раздзяляльная здольнасць Р. тым большая, чым большы дыяметр аб’ектыва, што дае магчымасць вывучаць менш яркія нябесныя целы. Самы вялікі ў свеце Р. (ЗША) мае дыяметр аб’ектыва 1,02 м, Р. Пулкаўскай абсерваторыі — 0,65 м. Невялікія Р. устанаўліваюцца на азімутальнай ці экватарыяльнай манціроўках, буйныя — толькі на экватарыяльнай. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў невялікіх візуальных (напр., астраметрычных) інструментах.

Літ.:

Максутов Д.Д. Астрономическая оптика. 2 изд. Л., 1979.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Аптычныя схемы рэфрактараў: а — візуальнага; б — фатаграфічнага; 1 — аб’ектыў; 2 — акуляр; 3 — шторка; 4 — фотапласцінка; 5 — касета.

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

геліёграф

(ад гр. helios = сонца + -граф)

1) аўтаматычны апарат для запісу працягласці сонечнага свячэння;

2) тэлескоп з фотаапаратам, прызначаны для фатаграфавання Сонца.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

optical

[ˈɑ:ptɪkəl]

adj.

1) во́чны; зро́кавы

an optical defect — дэфэ́кт зро́ку

2) апты́чны

A telescope is an optical instrument — Тэлеско́п — гэ́та апты́чная прыла́да

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

ПАЗААТМАСФЕ́РНАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, які даследуе касм. аб’екты пры дапамозе апаратуры, выведзенай за межы зямной атмасферы.

Празрыстасць атмасферы Зямлі абмежавана 2 вузкімі спектральнымі ўчасткамі ў дыяпазонах бачнага святла і радыёхваль. Выпрамяненне інш. частот ад касм. аб’ектаў паглынаецца атмасферай. Значныя перашкоды для наземных назіранняў абумоўлены таксама воблакамі, рухам паветр. мас, запыленасцю, пераламленнем святла на тэрмічных неаднароднасцях і інш. Уплыў атмасферы на назіранні зводзіцца да нуля на вышыні 34 км. П.а. дала магчымасць праводзіць даследаванні ва ўсім дыяпазоне эл.-магн. хваль, у т. л. ў рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. Атрыманы ультрафіялетавыя спектры многіх зорак, высакаякасныя дэталёвыя фатаграфіі Сонца; у інфрачырв. частцы спектра некаторых халодных зорак выяўлены палосы вады. Даследаванні праводзяцца з дапамогай стратастатаў, ракет, ШСЗ, касм. станцый, а таксама ў абсерваторыях, размешчаных на ШСЗ (напр., з 1990 на арбіце працуе касм. тэлескоп Хабла — рэфлектар з дыяметрам люстэрка 2,4 м; вышыня 600 км над Зямлёй; ЗША).

Літ.:

Крат В.А., Котляр Л.М. Стратосферная астрономия. Л., 1976.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁТЭЛЕСКО́П (ад радыё... + тэлескоп) прылада для прыёму, рэгістрацыі і даследавання радыёвыпрамянення касм. аб’ектаў. Пры дапамозе Р. даследуюцца інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення, яго спектральная шчыльнасць, палярызацыя, вызначаюцца каардынаты крыніцы радыёвыпрамянення на нябеснай сферы.

Складаецца з накіраванай прыёмнай антэны (многаэлементнай або люстраной у выглядзе парабалічнага металічнага суцэльнага ці рашэцістага люстэрка) і высокаадчувальнага радыёпрыёмнага ўстройства (радыёметра) для рэгістрацыі і вымярэння характарыстык выпрамянення. Люстэрка Р. значна большае, чым у аптычных тэлескопаў. Напр., дыяметр нерухомага люстэрка Р. пабудаванага ЗША ў кратэры вулкана Арэсіба (Пуэрта-Рыка), 305 м. Найбуйнейшы кальцавы Р. з антэнай пераменнага профілю — РАТАН-600. Найб. высокую раздзяляльную здольнасць (павялічваецца з ростам базы) маюць радыёінтэрферометры (гл. Інтэрферометр). Напр., для сістэмы двух Р. у Сімеізе (Украіна) і ў Голдстане (ЗША) — база 9485 км — дасягнута раздзяленне 0,0001″ (пад такім вуглом з Зямлі бачны след нагі касманаўта на Месяцы). Пры дапамозе радыёінтэрферометраў атрымана высокае раздзяленне многіх радыёгалактык. Гл. таксама іл. да арт. РАТАН-600.

А.​А.​Шымбалёў.

Радыётэлескоп у кратэры вулкана Арэсіба.

т. 13, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНЫЯ ДЗІ́РЫ,

шчыльныя кампактныя касмічныя аб’екты, сціснутыя ў ходзе гравітацыйнага калапсу да памераў, меншых за радыус rh сферы (гарызонту падзей), з-пад якой з-за гіганцкага поля прыцягнення не могуць выходзіць ні часціцы, ні выпрамяненне. Прадказанне аб існаванні Ч.дз. і апісанне іх уласцівасцей грунтуюцца на вывадах агульнай адноснасці тэорыі (АТА).

Паводле АТА значэнне rh вызначаецца масай, эл. зарадам і вуглавым момантам калапсуючага аб’екта; для сферычнай невярчальнай Ч.дз. rh роўнае яе гравітацыйнаму радыусу. З прычыны нябачнасці Ч.дз. адзіным яе праяўленнем з’яўляецца гравітацыйнае поле. Таму масу і наяўнасць гарызонту падзей вызначаюць па руху газавага асяроддзя ці зорак у наваколлі Ч.дз. Сучаснымі метадамі назірання выяўлена каля 100 кандыдатаў у Ч.дз.

Літ.:

Хокинг С. Черные дыры и молодые вселенные: Пер. с англ. СПб., 2001;

Черепащук А.М. Поиски черных дыр: новейшие данные // Успехи физ. наук. 2001. Т. 171, № 8.

М.​М.​Касцюковіч.

Пылавы дыск вакол чорнай дзіры ў цэнтры галактыкі NGC 4261 (касмічны тэлескоп імя Э.​Хабла, 1995, НАСА).

т. 17, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зені́т-телеско́п

(ад зеніт + тэлескоп)

астранамічны інструмент для вымярэння малых зенітных адлегласцей або малых розніц зенітных адлегласцей зорак з мэтай вызначэння шыраты месца назірання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

РЭФЛЕ́КТАР (ад лац. reflecto адбіваю),

1) у тэхніцы — адбівальнік, прылада для змены кірунку эл.-магн., светлавых ці гукавых хваль. Складаецца з аднаго або некалькіх люстраў, якія забяспечваюць амаль поўнае адбіццё хваль, што падаюць на іх (шурпатасці адбівальнай паверхні меншыя за даўжыню хвалі). Для канцэнтрацыі адбітых хваль паверхня люстраў увагнутая (сферычная, парабалічная і г.д.). Выкарыстоўваецца ў акустыцы, астраноміі, радыётэхніцы (антэны), быце.

2) У астраноміі — тэлескоп з люстраным аб’ектывам. Відарысы свяціл (зорак, планет, Сонца і інш.), якія ствараюцца гал. увагнутым люстрам і сістэмай дапаможных люстраў (выпуклых ці плоскіх), разглядаюць у акуляр, фатаграфуюць ці рэгіструюць інш. святлопрыёмнікамі. Адрозніваюць некалькі тыпаў Р. У параўнанні з рэфрактарам у Р. адсутнічае храматычная і меншыя астаткавыя аберацыі (гл. Аберацыі аптычных сістэм). Самы вялікі ў свеце Р. знаходзіцца ў Спец. астр. абсерваторыі Рас. АН на Паўн. Каўказе (дыяметр гал. люстра 6 м).

Літ.:

Максутов Д.Д. Астрономическая оптика. 2 изд. Л., 1979.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Аптычныя схемы рэфлектараў: 1 — з галоўным фокусам; 2 — сістэмы Ньютана; 3 — сістэмы Касегрэна; 4 — сістэмы Грэгары; 5 — сістэмы Мерсена; 6 — сістэмы Несміта.

т. 14, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)