старажытнагрэчаскі герой, цар г.Афіны (паводле традыцыі, каля 13 ст. да н.э.), вобраз якога быў у значнай ступені міфалагізаваны. Ант. традыцыя прыпісвае Т. шэраг легендарных подзвігаў (удзел у вайне з амазонкамі і паходзе арганаўтаў, перамогу над разбойнікам Пракрустам, забойства пачвары-людаеда Мінатаўра і інш.) і гіст. дзеянняў: вызваленне Афін ад гегемоніі Крыта, аб’яднанне Атыкі, заснаванне Істмійскіх гульняў, першы сац. падзел афінян на еўпатрыдаў (знаць), геамораў і дэміургаў. Культ Т. сфарміраваўся ў Афінах у 5 ст. да н.э. У яго гонар наладжваліся штогадовыя (дзень, калі паводле міфа Т. выратаваў афінскую моладзь ад Мінатаўра) і штомесячныя святы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎКЛІ́Д (Eukleides; 3 ст. да н.э.),
старажытнагрэчаскі матэматык. Працаваў у Александрыі. Навук. даследаванні па матэматыцы, астраноміі, оптыцы, тэорыі музыкі. Гал. праца — «Асновы» (у латынізаванай форме — «Элементы») складалася з 15 кніг і ўключала элементарную геаметрыю (гл.Эўклідава геаметрыя, Эўклідава прастора), тэорыю лікаў, метады вызначэння плошчаў і аб’ёмаў, элементы тэорыі лімітаў і інш. У ёй падведзены вынікі развіцця антычнай матэматыкі і закладзены фундамент для далейшых матэм. даследаванняў.
Тв.:
Рус.пер. — Начала Евклида. Кн. 1—15. М.; Л., 1948—50.
Літ.:
Ван дер Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Математика Древнего Египта, Вавилона и Греции: Пер. с гол. М., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКЕА́РХ (грэч. Dikaiarchos; каля 347, г. Месена, цяпер г. Месіна, Італія — 278 да н.э.),
старажытнагрэчаскі вучоны. Вучань Арыстоцеля і Тэафраста. Большую ч. жыцця правёў у Спарце, адкуль ажыццяўляў падарожжы з навук. мэтамі. Аўтар тв. «Жыццё Элады», у якім выкладаў гісторыю стварэння грэч. дзяржаў, іх дасягненні ў галіне л-ры, музыкі і інш. мастацтваў. Пісаў гісторыка-літ., біягр. і філас. творы, выступаў як аратар: У творы «Трыпалітыкон» крытычна падышоў да вучэння Платона аб дзяржаве. Стараж. крыніцы называюць Д. аўтарам твора «Апісанне Зямлі» і карты, на якой межы айкумены значна пашыраны ў параўнанні з картамі папярэдняй эпохі. На падставе ўласных вымярэнняў даволі дакладна для свайго часу вызначыў акружнасць Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАСФЕ́Н (Demosthenes; каля 384, п-аў Атыка, Грэцыя — 12.10.322 да н.э.),
старажытнагрэчаскіпаліт. дзеяч і прафес. прамоўца. Выступаў супраць захопніцкай палітыкі Македоніі і яе цара Філіпа II («філіпікі»), пасля чаго стаў прызнаным лідэрам Афін (341). Дамогся стварэння антымакед. кааліцыі стараж.-грэч. полісаў. У 330 да н.э.ўзнаг. афінянамі ганаровым залатым вянком. Пасля смерці Аляксандра Македонскага (323) зноў заклікаў да барацьбы супраць Македоніі. У выніку паражэння антымакед. кааліцыі ў Ламійскай вайне (323—322 да н.э.), ратуючыся ад праследавання, скончыў самагубствам. Захаваліся тэксты каля 60 прамоў, якія прыпісваюцца Д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНО́Н ЭЛЕ́ЙСКІ (Zēnōn Heleatēs; каля 490 да н.э., Элея, Паўд. Італія — 430 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік элейскай школы. Арыстоцель лічыў яго заснавальнікам дыялектыкі як мастацтва спасціжэння ісціны шляхам спрэчак ці тлумачэння процілеглых думак. З.Э. развіваў метафізічнае вучэнне Парменіда, лічыў, што быццё адзінае і нерухомае, а небыццё множнае і знаходзіцца ў руху, ісцінная карціна свету спасцігаецца з дапамогай мыслення. Найб. вядомасць набылі лагічныя аргументы З.Э., т. зв.апарыі — «Ахіл», «Дыхатамія», «Страла», «Стадый». Разважанні З.Э. аб прасторы і часе паслужылі імпульсам для далейшага развіцця ант. матэматыкі, логікі і дыялектыкі. Працы З.Э. не захаваліся, дайшлі толькі невялікія вытрымкі з іх, зробленыя старажытнагрэчаскімі мысліцелямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕО́Н (Kleōn, ?—422 да н.э.),
старажытнагрэчаскідзярж. дзеяч, правадыр афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі. Паліт. праціўнік Перыкла (з 430), пасля яго смерці (429) найб. уплывовы дзярж. дзеяч Афін, супрацьстаяў памяркоўна-дэмакр. групоўцы Нікія. Праводзіў паслядоўную палітыку ўмацавання дэмакр. ладу, ваен. магутнасці Афін, для чаго ўдвая павялічыў узносы з саюзнікаў, упершыню ўвёў надзвычайны ваен. падатак з багатых гараджан і інш. Выступаў за актывізацыю ваен. дзеянняў супраць Спарты і яе саюзнікаў, як стратэг удзельнічаў у Пелапанескай вайне 431—404. У 425 разам з Дэмасфенам авалодаў в-вам Сфактэрыя, у 422 кіраваў ваен. дзеяннямі супраць спартанскага палкаводца Брасіда ў Фракіі, пацярпеў паражэнне і загінуў у бітве каля Амфіпаля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫ́РЫ́НФ (грэч. Tiryns),
старажытнагрэчаскі горад у Аргалідзе (Пелапанес). Паселішча ўзнікла ў эпоху неаліту. У пач. 2-га тыс. да н.э. Т. стаў цэнтрам дзяржавы ахейцаў. У час росквіту Т. (16—13 ст. да н.э.) быў пабудаваны палац, упрыгожаны фрэскамі ў мінойскім стылі, акропаль умацаваны мурамі таўшчынёй да 10 м (т.зв. цыклапічная муроўка). Сярод цароў Т. вядомы Дыямед, удзельнік Траянскай вайны. У канцы 13 ст. да н.э. горад спустошаны дарыйцамі. У 1-м тыс. да н.э. існаваў як невялікі поліс. Канчаткова разбураны каля 470 да н.э.Археал. даследаванні праводзяцца з 1831, найб. значныя вынікі атрыманы Г.Шліманам і В.Дзёрпфельдам у 1884—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІ́П (Lysippos),
старажытнагрэчаскі скульптар 4 ст. да н.э.; буйнейшы прадстаўнік позняй класікі. Нарадзіўся ў Сікіёне. Быў прыдворным мастаком Аляксандра Македонскага. Працаваў пераважна ў бронзе. У сваёй творчасці, што папярэднічала эліністычнаму мастацтву, адышоў ад ідэальных канонаў Паліклета, імкнуўся да большай жыццёвай непасрэднасці выявы, перадачы драм. складанасці і зменлівасці з’яў, шматпланавых рухаў. Сярод твораў: «Апаксіямен», «Гермес адпачывае», статуі Зеўса ў Тарэнце, Геліяса на калясніцы на в. Родас, шматлікія выявы Геракла і яго подзвігаў («Геракл Фарнезскі», «Геракл са львом» і інш.), манум. скульптурныя групы (конныя дружыннікі Аляксандра Македонскага, якія палеглі ў бітве пры р. Гранік, і інш.). Адзін з першых у ант. мастацтве звярнуўся да партрэтнага жанру (партрэт Аляксандра Македонскага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМФЕ́Й (Nýmphaion),
старажытнагрэчаскі горад у Крыме на беразе Керчанскага праліва, за 17 км на ПдЗ ад г. Керч. Засн. ў 2-й чвэрці 6 ст. да н.э. на месцы скіфскага паселішча. Росквіт Н. прыпадае на 5—4 ст. да н.э. Асновай эканомікі Н. было земляробства і вываз збожжа ў Грэцыю, развіваліся рамёствы, асабліва керамічная вытв-сць. У 1-й пал. 4 ст. да н.э. ўключаны ў склад Баспорскай дзяржавы. У сярэдзіне 3 ст.н.э. разбураны готамі і перастаў існаваць. Археал. даследаванні праводзяцца з 1939. Выяўлены свяцілішчы на беразе мора і акропаль, культавыя прадметы (маскі, рытоны, эсхары), рэшткі жылых будынкаў з брукаванымі дварамі і вуліцамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТЭ́АС (Pytheas), Піфей (4 ст. да н.э.),
старажытнагрэчаскі мараплавец, астраном, матэматык і географ. Нарадзіўся ў грэч. калоніі Масалія (цяпер г. Марсель, Францыя). Паміж 350 і 320 да н.э. праплыў з Масаліі праз Гібралтарскі праліў уздоўж. зах. і паўн. берагоў Еўропы. Адкрыў а-вы Зеландыя, Вялікабрытанія і Ірландыя, п-вы Брэтань і Скандынаўскі, моры Паўн. і Ірландскае, праліў Катэгат і Біскайскі заліў, апісаў прыроду і насельніцтва в-ва Вялікабрытанія, які назваў Брытаніяй. Вызначыў сувязь паміж рухам Месяца і прыліўна-адліўнымі з’явамі акіяна, вылічыў нахіл плоскасці экліптыкі да плоскасці нябеснага экватара.
Літ.:
Авадяева Е.Н., Зданович Л.И. 100 великих мореплавателей. М., 1999;
Верн Ж. Проклятое золото: Пер. с фр. Гродно, 1994.