ВІ́ЛЕНСКІ КРАЙ,

назва тэрыторыі паўн.-зах. Беларусі і паўд.-ўсх. Літвы, якая ў крас.—чэрв. 1919 і кастр. 1920 захоплена польск. войскамі і да вер. 1939 знаходзілася ў складзе Польшчы. 21.4.1919 Польшча захапіла Віленскі край. 14.7.1920 яго заняла Чырв. Армія. Паводле дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) Вільня і Віленскі край прызнаны часткай Літвы. Дзярж. мяжа паміж Расіяй і Літвой праводзілася па лініі Друя — Браслаў — усх. ўзбярэжжа воз. Нарач — Маладзечна — Валожын — вярхоўе Нёмана — Масты — Лунна — Індура; да Літвы меркавалася далучыць гарады Бельск і Беласток. Аднак наступленне польск. войск у 2-й пал. 1920 спыніла ўстанаўленне такой мяжы. У сувязі з уступленнем польск. войск у Віленскі край у Сувалках адбыліся польска-літ. перагаворы і 7.10.1920 падпісаны дагавор, паводле якога Вільня заставалася за Літвой. Аднак 9.10.1920 войскі ген. Л.​Жалігоўскага захапілі Вільню і Віленскі край, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39 і ўтварэнне т.зв. Сярэдняй Літвы. У лют. 1922 сейм Сярэдняй Літвы прыняў пастанову, у якой сцвярджалася, што «Віленскі край без усякіх умоў і агаворак становіцца неад’емнай часткай Польшчы». Савет Лігі Нацый ухваліў гэта рашэнне. 24.3.1922 яго зацвердзіў польскі сейм. У снеж. 1925 у выніку уніфікацыі адм.-тэр. падзелу Польшчы Віленскі край з часткай Заходняй Беларусі быў падзелены паміж Віленскім, Навагрудскім і Беластоцкім ваяв. У пач. 2-й сусв. вайны 19.9.1939 Віленскі край занялі сав. войскі. У адпаведнасці з сав.-літ. дагаворам аб узаемадапамозе ад 10.10.1939 большая частка краю і г. Вільня перададзены Літве (6909 км² з нас. 490 тыс. чал.). У жн. і ліст. 1940 Літ. ССР перададзена яшчэ больш за 2600 км² тэр. БССР.

У.​М.​Міхнюк.

т. 4, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́Н (Баранаў) Сяргей

(27.9.1892, в. Віцькі Гродзенскага р-на — 1937?),

бел. грамадскі і культ. дзеяч. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Узначальваў гродзенскае т-ва дапамогі ахвярам 1-й сусв. вайны. У 1919 старшыня Бел. нац. к-та ў Гродне, заснавальнік і выкладчык Гродзенскай бел. гімназіі. Займаўся каап. дзейнасцю. У час выбараў у польскі сейм (1922) балаціраваўся ад блока нац. меншасцяў. Арыштаваны польскімі ўладамі і на суд. працэсе над удзельнікамі бел. эсэраўскага падполля ў Беластоку ў 1923 прыгавораны да 8 гадоў турэмнага зняволення. Пасля адбыцця пакарання ў канцы 1920-х г. эмігрыраваў у СССР, дзе ў 1930-я г. рэпрэсіраваны.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ГЛЫЯ, збегі,

групы, сем’і сялян ці асобныя сяляне ў ВКЛ, якія без ведама і дазволу феадала кідалі сваю гаспадарку і патаемна перасяляліся ў інш. месцы (найчасцей у інш. вёскі, гарады). Уцёкі былі адной з пасіўных формаў класавай барацьбы сялян, яны пачасціліся па меры ўвядзення і ўзмацнення прыгону, асабліва ў час заснавання фальваркаў. Сяляне пагранічных ваяводстваў ВКЛ часта ўцякалі за мяжу — у Расію, Прусію, на Украіну. За 2-ю пал. 16—17 ст. сейм Рэчы Паспалітай прыняў каля 20 пастаноў аб уцёках сялян са шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ. Каб прадухіліць уцёкі, былі расшыраны паліцэйскія функцыі сельскага войта, уведзена кругавая парука і адпрацоўка паншчыны абшчынай за збеглага, уведзены штрафы за прыём беглых і інш.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗА́ЎСКАС ((Brazauskas) Альгірдас) (н. 22.9.1932, г. Рокішкіс, Літва),

літоўскі дзярж. і паліт. дзеяч. Канд. эканам. н. (1974). Скончыў Каўнаскі політэхн. ін-т (1956). У 1965—66 міністр прам-сці буд. матэрыялаў Літ. ССР. У 1966—77 1-ы нам. Старшыні Дзяржплана Літ. ССР. З 1977 сакратар, чл. Бюро, з 1988 1-ы сакратар ЦК КПЛ, якая ў канцы 1989 пераўтворана ў Дэмакр. партыю працы Літвы (ДППЛ). Са студз. 1990 старшыня Вярх. Савета Літ. ССР. Пасля абвяшчэння 11.3.1990 Акта аб аднаўленні незалежнасці Літ. дзяржавы — нам. прэм’ер-міністра Літвы. У кастр. 1992 пасля перамогі ДППЛ на выбарах у сейм Літ. Рэспублікі Бразаўскас абраны старшынёй сейма. З лют. 1993 прэзідэнт Літ. Рэспублікі.

А.Бразаўскас.

т. 3, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІННІ́ЦКІ (Юрый) (Георгій, свецкае імя Габрыэль; 1660—23.9.1713),

уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З укр. шляхецкага роду герба «Сас». Служыў у войску, займаў адм. пасады, пасол на Варшаўскі вальны сейм 1690 ад Рускага ваяв. У 1700 прыняў манаства. У 1700—13 епіскап перамышльскі. З 1708 адміністратар (в.а. кіраўніка) Кіеўскай мітраполіі, Уладзіміра-Брэсцкай і Львоўскай епархій. Ад кіравання мітраполіяй адхілены каралём Станіславам Ляшчынскім, але пасля вяртання на трон караля Аўгуста II у 1710—13 мітрапаліт кіеўскі. Актыўна пашыраў унію на зах.-ўкр. землях, нават шляхам закрыцця правасл. цэркваў; адначасова імкнуўся прадухіліць пераход шляхты ў рымска-каталіцкі абрад, але беспаспяхова.

Літ.:

Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907.

С.​В.​Казуля.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІСТРА́ЦКІЯ СЯЛЯ́НЕ, «гарадскія» сяляне,

катэгорыя сельскага феад.-залежнага насельніцтва, прыпісанага да маёнткаў, што належалі гарадам; існавала ў 15—19 ст. пераважна ў зах. частцы Беларусі. Гарадское землеўладанне склалася ў 15—16 ст. шляхам куплі магістратамі маёнткаў у прыватных асоб, што пацвярджалася прывілеямі вял. кн. ВКЛ. Такія правы атрымалі Брэст (1408), Гродна (1502 і 1506) і інш. У 1611 сейм Рэчы Паспалітай забараніў гарадам набываць маёнткі, М.с. атрымлівалі ў карыстанне зямлю і адбывалі за гэта паншчыну ці плацілі аброк. У 19 ст. некаторыя гар. думы прыцягвалі іх да выканання грамадскіх павіннасцей па прыбіранні вуліц, рамонце мастоў і інш. Пасля 6-й рэвізіі (1811) сяляне гар. вёсак абкладаліся падушным падаткам.

У.​А.​Сосна.

т. 9, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЛЕ́ШКА (Іван Ілья) (каля 1552—13.5.1622),

бел. дзярж. дзеяч, пісьменнік. Падкаморы мазырскі і падстароста слонімскі з 1591, маршалак слонімскі з 1602, кашталян мсціслаўскі ў 1605—10, брэсцкі ў 1610—15 і смаленскі з 1615. Пасол на сейм 1605. На сеймах 1598, 1609 і 1611 прызначаны ў склад камісіі па размежаванні Мазырскага пав. з Кіеўскім ваяв. У 1613 у складзе сенатарскай рады пры Жыгімонце III Вазе. Валодаў маёнткамі Дзевяткавічы, Бусяж, часткай Жыровічаў, трымаў Здзітаўскую дзяржаву. У 1613 фундаваў уніяцкі Жыровіцкі Успенскі манастыр, ігуменам якога стаў Іасафат Кунцэвіч; у 1613 і 1618 перадаў манастыру сваю частку Жыровічаў. Аўтар славутага сатыр. твора «Прамова Мялешкі», скіраванага супраць замежнага (гал. ч. польскага) уплыву ў ВКЛ.

т. 11, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ Існаваў у 1673—1-й трэці 19 ст. за 1 км на Пд ад Нясвіжа. Засн. падканцлерам ВКЛ Міхалам Казімірам Радзівілам, які запісаў на пабудову касцёла св. Крыжа 30 тыс. злотых. Новыя ахвяраванні зрабіў яго сын Кароль Станіслаў. У 1690 рашэнне пра заснаванне кляштара зацвердзіў сейм. Мураваны касцёл па бенедыкцінскай традыцыі быў крыжападобны ў плане, са светлавым купалам на сяродкрыжжы і вежай над гал. фасадам (пацярпеў ад пажару 1793). Паводле інвентара 1804, у касцёле было 5 ілюзорных алтароў, маляваных на сценах, 1 алтар і амбон разьбяныя. Побач з кляштарам размяшчаліся гар. прывілеяваныя могілкі. У 1830-я г. кляштар скасаваны. Будынкі разабраны ў 19 ст.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 11, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬСКІЯ,

дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ, Рэчы Паспалітай герба «Пелеш». Вядомы з канца 16 ст., асн. маёнткі мелі на Піншчыне і Міншчыне. Найб. вядомыя:

Францішак (1738—23.3.1821), скарбнік, падстолі гродзенскі (1777), падкаморы старадубскі (1780). На сеймах 1778 і 1780 выбіраўся скарбовым камісарам ВКЛ. Маршалак Трыбунала ВКЛ (1783). Пасол на Чатырохгадовы сейм 1788—92. У час паўстання 1794 чл. Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Чл. Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага 1812. Станіслаў (?—3.1.1829), камісар скарбовы ВКЛ (1784—92) і Рэчы Паспалітай (1792—93), маршалак Ігуменскага пав. (1795—1812). Канстанцін (?—21.10.1799), шамбялян (камергер) караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пасол на Чатырохгадовы сейм 1788—92. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, прызначаны Т.​Касцюшкам ген.-м. Гродзенскага пав. Пасля задушэння паўстання ў падполлі. Людвік (1785—8.8.1843). У званні маёра ўдзельнічаў у Маскоўскай кампаніі 1812 Напалеона. З 1823 у Варшаве, прэзідэнт Польск. банка (1828). У час паўстання 1830—31 нам. міністра скарбу. Кароль (?—1824), скульптар. Бацька Казіміра Ельскага. Пачынаў як лепшчык у 1778—82 з арх. К.​Спампані, працаваў пераважна ў Вільні. Упрыгожыў маёнтак Д.​Пшаздзецкага ў Заслаўі, аўтар помнікаў Спампані ў Цаперскім манастыры пад Клецкам і М.​Завішы ў капліцы ў Кухцічах (Уздзенскі р-н), скульптур Алены, Казіміра і Станіслава для Віленскага кафедральнага сабора. Для касцёла бернардзінцаў у Троках (Літва) зрабіў фігуры 4 евангелістаў, анёлаў і абраз св. Тройцы. Ян (1780—?), скульптар. Сын Караля. Выканаў фігуры прарокаў Іераміі і Ісаі (1804) для гал. алтара касцёла Пятра і Паўла ў Вільні. Па прыватных заказах Дамініка Радзівіла зрабіў 10 разных рам для партрэтаў у Нясвіжскім замку і інш. Гл. таксама Ельскі М.К., Ельскі А.К., Ельскі К., Ельскі К.М.

Да арт. Ельскія. Казімір Ельскі. Бюст Захарыя Нямчэўскага. Паміж 1810 і 1820.

т. 6, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎГУСТ III (17.10.1696, Дрэздэн — 5.10.1763),

кароль Рэчы Паспалітай [1733—63], курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст II; 1733—63). Сын Аўгуста II. Выхаваны пратэстантам, у 1712 перайшоў у каталіцтва. Узброеная інтэрвенцыя рас. і саксонскіх войскаў у час вайны за польскую спадчыну (1733—35) дапамагла яму перамагчы свайго канкурэнта Станіслава Ляшчынскага і замацавацца на польск. троне. Быў пасіўны ў міжнар. справах, не справіўся з безуладдзем унутры Рэчы Паспалітай (пры ім паспяхова завяршыў работу толькі сейм 1736, астатнія 13 былі сарваны). Армія скарацілася да 12 тыс. чал. На Беларусі ўзмацніўся ўціск праваслаўных і пратэстантаў і інш. Жыў болей у Саксоніі, чым у Варшаве; на палітыку Аўгуста моцна ўплываў яго фаварыт граф Г. фон Бруль.

Літ.:

Staszewski J. August III Sas. Wrocław etc., 1989.

Аўгуст III.

т. 2, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)