парытэ́т

(ням. Parität, ад лац. paritas, -atis = роўнасць)

1) раўнапраўе бакоў пры разборы канфліктаў (напр. у міжнароднай нарадзе);

2) экан. адносіны паміж валютамі розных краін у золаце.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

што², злуч.

1. Далучае даданы сказ да галоўнага.

Крыўдна, што я гэтага не змог зрабіць.

Такі шум, што можна аглухнуць.

Назбіралі так мала ягад, што і варэнне не зварыш.

2. Як, чым, нібы.

Спіць што мёртвы.

3. з часціцай «ні» або без яе. Указвае, што сказанае ў галоўным сказе адносіцца да кожнага моманту, месца, да кожнай з’явы і пад., названых у даданым.

Што край, то абычай (прыказка).

4. 3 паўторам — указвае на раўнапраўе, аднолькавасць, роўнасць у адносінах да чаго-н.

Што ён паедзе, што я — адно і тое ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АДЗІ́НКА 1) найменшы з натуральных лікаў n = 1. Пры множанні адвольнага ліку на 1 атрымліваецца той жа самы лік.

2) Элемент e мноства M наз. адзінкай, у адносінах да бінарнай алг. аперацыі *, калі для адвольнага элемента a мноства M выконваецца роўнасць a * e = a, або e * a = a (абедзве роўнасці незалежныя, г. зн., што ў агульным выпадку a * в ≠ в * a). Адрозніваюць левыя і правыя адзінкі: a * eп = a і eл * a = a. Калі на мностве M вызначана некалькі бінарных аперацый (напр., множанне і складанне лікаў), то e наз. адзінкай толькі ў адносінах да множання, у адносінах да складання — нулём.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮІСО́Н ((Buisson) Фердынанд Эдуард) (20.12.1841, Парыж — 16.2.1932),

французскі педагог і грамадскі дзеяч. Праф. Лазанскай акадэміі (1866—70), дырэктар пач. адукацыі Францыі (1879—96), кіраўнік кафедры педагогікі Сарбоны (з 1896). Дэпутат парламента ў 1902—24. Адыграў вял. ролю ў падрыхтоўцы і ажыццяўленні законаў 1880-х г. аб усеагульнай абавязковай бясплатнай пач. адукацыі і аб свецкай школе, а таксама школьных законаў пач. 20 ст. Адстойваў прынцыпы «адзінай школы»: роўнасць у атрыманні адукацыі і даступнасць навучання ў сярэдняй школе, якая залежала б толькі ад здольнасцей вучняў. Вял. значэнне надаваў маральнаму развіццю асобы, прызнаючы ролю рэлігіі ў выхаванні. Адзін з заснавальнікаў «Лігі правоў чалавека» і «Т-ва па вывучэнні дзіцячай псіхалогіі». Нобелеўская прэмія міру 1927.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБ (сапр. Сеід Алі Махамед; 20.10.1819, г. Шыраз, Іран — 9.7.1850),

заснавальнік шыіцкай секты бабідаў, якая ўзначаліла бабідскія паўстанні 1848—52 у Іране. Спачатку належаў да секты шэйхітаў, што прапаведавала хуткае прышэсце 12-га імама Махдзі (шыіцкага месіі). У 1844 абвясціў сябе Бабам («варотамі», праз якія Махдзі перадае сваю волю людзям). У 1847 арыштаваны і зняволены. У зняволенні напісаў твор «Беян» («Адкрыццё»), у якім абвясціў сябе Махдзі і выклаў асн. палажэнні свайго вучэння (неадпаведнасць законаў і парадкаў Карана патрэбам часу, роўнасць усіх людзей, усталяванне свяшчэннага царства бабідаў, выгнанне з краіны небабідаў, іншаземцаў, канфіскацыя і падзел іх маёмасці сярод бабідаў, абарона правоў асобы і ўласнасці і інш.). Расстраляны шахскімі ўладамі ў г. Тэбрыз.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ЧЫГУ́НАЧНАЯ ГРАМАДА́ ў Маскве,

грамадска-паліт. і прафес. арг-цыя бел. чыгуначнікаў — бежанцаў 1-й сусв. вайны. Існавала ў 1918, зарэгістравана Беларускім нацыянальным камісарыятам 25.5.1918. Асн. задачы: нац.-культ. адраджэнне Беларусі, развіццё прам-сці, гандлю, асветы; беларусізацыя чыгункі, удасканаленне і развіццё чыг. сеткі і інш. шляхоў зносін на Беларусі. Паліт. платформа: федэрацыя дэмакр. Беларусі з Сав. Расіяй, роўнасць усіх нацый і рэлігій, роўнае выбарчае права, выбарнасць судовай адміністрацыі, права на арганізацыю нар. міліцыі, кантроль дзяржавы над вытв-сцю, свабода забастовак, 8-гадзінны працоўны дзень, аддзяленне царквы ад дзяржавы, адкрыццё на Беларусі сваіх ВНУ; увядзенне бел. мовы ў справаводства органаў мясц. самакіравання, судоў і навуч. устаноў.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАСФЕ́РА Зямлі і планет,

зона каляпланетнай прасторы, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем планеты і яго ўзаемадзеяннем з патокамі зараджаных часціц касм. паходжання (сонечным ветрам). Асн. ўмова, якая вызначае месцазнаходжанне мяжы М., — роўнасць магн. ціску поля планеты і кінетычнага ціску сонечнага ветру. М. Зямлі з дзённага боку распасціраецца да 8—14 зямных радыусаў, з начнога — выцягнутая, утварае т.зв. магн. хвост Зямлі ў некалькі соцень зямных радыусаў. У М. знаходзяцца радыяцыйныя паясы. У Юпітэра і Сатурна М. працяглыя, у Меркурыя, Венеры і Марса М. невыразныя. М. адыгрывае важную ролю ў фарміраванні атмасферы Зямлі, яе клімату, развіцці жыцця, ахоўвае жывы свет Зямлі ад шкоднага ўздзеяння сонечнага ветру. Гл. таксама Зямля.

А.​А.​Шымбалёў.

Будова магнітасферы Зямлі.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МУСАВА́Т»

(цюрк. роўнасць),

азербайджанская нац. партыя ў пач. 20 ст. Створана ў 1911 у Баку М.​Расул-задэ і А.​Кязім-задэ пад назвай Мусульм. дэмакр. партыя «М.». Моцны ўплыў на яе ідэалогію аказалі ідэі панцюркізму і панісламізму, адначасова выступала за мадэрнізацыю азерб. грамадства. У чэрв. 1917 «М.» аб’яднаўся з Цюркскай партыяй федэралістаў у Цюркскую дэмакр. партыю федэралістаў «М.», якая выступала за нац.-тэр. аўтаномію Азербайджана. У маі 1918 лідэры «М.» ўзначалілі ўрад Азерб. Дэмакр. Рэспублікі (А.​М.​Тапчыбашаў — спікер парламента; Ф.​Хойскі, потым М.​Г.​Гаджынскі — старшыні савета міністраў). Пасля заняцця Баку Чырв. Арміяй і абвяшчэння Азерб. ССР б.ч. кіраўніцтва «М.» эмігрыравала і партыя некаторы час дзейнічала як эмігранцкая арг-цыя.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЫ́СКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1812,

першая нац. канстытуцыя Іспаніі, прынятая Устаноўчымі картэсамі 18.3.1812 у г. Кадыс. Абвешчана 19 сак. ў ходзе Ісп. рэвалюцыі 1808—14 (гл. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). Паводле канстытуцыі Іспанія абвяшчалася спадчыннай манархіяй, у якой заканад. ўлада належала картэсам і каралю, выканаўчая — каралю, абвяшчаліся таксама свабода асобы і недатыкальнасць жылля, роўнасць правоў іспанцаў у метраполіі і ісп. калоніях; каталіцтва абвяшчалася афіц. рэлігіяй, забаранялася вызнанне інш. рэлігій, уводзілася нац. міліцыя ў правінцыях Іспаніі. Кароль Фердынанд VII, які вярнуўся ў Іспанію, у маі 1814 адмяніў канстытуцыю. Адноўлена ў пач. Ісп. рэвалюцыі 1820—23, але зноў адменена Фердынандам VII у кастр. 1823. Трэці раз уступіла ў сілу ў жн. 1836 і дзейнічала да прыняцця ў чэрв. 1837 новай канстытуцыі.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТО́РА ў матэматыцы,

лагічна магчымая форма (ці структура), якая служыць асяроддзем, дзе ажыццяўляюцца інш. формы і структуры, будуюцца розныя матэм. тэорыі. Напр., у элементарнай геаметрыі на плоскасці ці ў П. будуюцца розныя фігуры.

Узнікла як вынік абагульнення звычайнай трохмернай П. У большасці выпадкаў у П. фіксуюцца суадносіны, аналагічныя паводле фармальных уласцівасцей са звычайнымі прасторавымі суадносінамі (адлегласць паміж пунктамі, роўнасць фігур і інш.). Такія абагульненні даюць магчымасць выкарыстоўваць геам. аналогіі для рашэння канкрэтных задач, дзе рэальныя формы рэчаіснасці не з’яўляюцца прасторавымі ў звычайным сэнсе, аднак маюць прасторава-падобную структуру. Напр., метрычная П. (вызначана адлегласць паміж пунктамі; гл. Метрыка ў матэматыцы), «П. падзей» у геам. інтэрпрэтацыі тэорыі адноснасці, фазавая прастора ў тэарэт. фізіцы і механіцы. Гл. таксама Мнагамерная прастора, Тапалагічная прастора, Эўклідава прастора.

т. 13, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)