Існаваў у 18 ст. ў Забельскім дамініканскім калегіуме (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.). Меў багаты разнастайны рэпертуар, створаны мясц. аўтарамі — выкладчыкамі паэтыкі і рыторыкі; яго спектаклі былі асветніцкія па змесце і класіцыстычныя па форме. Росквітт-ра прыпадае на 1787—91, калі на чале калегіі стаялі Ч.Папроцкі (да 1788) і К.Вяшчыцкі. У гэты перыяд пастаўлены трагедыя на польск. мове «Свабода ў няволі» і бел.польск. «Камедыя» К.Марашэўскага, польск. трагедыя «Сапар» і камедыя «Доктар па прымусе» М.Цяцерскага (перапрацоўка аднайм. п’есы Мальера); у 1789 — польск. трагедыя «Крэз» і камедыя нораваў «Пышнагольскі» І.Юрэвіча і інш. Выконваліся таксама дыялогі — судовая забаўка «Пчолы», школьная гульня «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя віншаванні і падзякі на польск. і лац. мовах.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 320—324.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЕРАПАДО́БНЫЯ, сінапсіды,
тэраморфы (Synapsida, Theromopha),
падклас вымерлых паўзуноў. 2 атр.: пеліказаўры і тэрапсіды (Therapsida), 60 сям., каля 1 тыс. відаў. Рэшткі вядомы на ўсіх мацерыках, акрамя Аўстраліі, ад познакаменнавугальнай эпохі да сярэдзіны юрскага перыяду (росквіт у пярмі). Адасобіліся ад прымітыўных катылазаўраў. У верхнім карбоне і пярмі пераважалі прымітыўныя З., якіх аб’ядноўваюць у атр. пеліказаўраў (4 падатр.; 85—90 відаў, даўж. да 300 см). Афіякадонты і сфенакадонты — драпежнікі, казеазаўры — малюскаеды, эдафазаўры — расліннаедныя. З верхняй пярмі да сярэдняй юры былі пашыраны тэрапсіды (З падатр.: анамадонты, дэйнацэфалы, тэрыядонты; каля 450 відаў, даўж. да 600 см). Усе З. мелі добра развітыя іклы, зубы паднябення. З. — пераходныя жывёлы ад прымітыўных паўзуноў да млекакормячых, тыповыя прыкметы якіх з’явіліся ў тэрыядонтаў. Па рэштках З. вызначаюць узрост кантынентальных адкладаў.
Да арт.Зверападобныя. 1 — эдафазаўр; 2 — шкілет тытанафонеуса з атрада тэрапсід.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПА́ТА,
старажытны горад у Судане на ўсх. беразе Ніла, паблізу 4-га парога. У пач. Новага царства (16 ст. да н.э.) егіпцяне пабудавалі туг крэпасць. Егіп. фараон Тутмос III збудаваў у горадзе храм бога Амона-Ра. Упершыню наз. Н. ў 15 ст. да н.э. ў надпісе яго пераемніка Аменхатэпа II. Росквіт прыпадае на 9—8 ст. да н.э., калі Н. ўвайшла ў склад Мераіцкага царства, з 8 ст. да н.э. яго рэліг. сталіца. У 23 да н.э. рымляне зруйнавалі і разрабавалі горад, жыхароў узялі ў палон. У ант. крыніцах Н. згадваецца ў сярэдзіне 2 ст.н.э. як адно з паселішчаў. Зберагліся рэшткі храмаў Амона-Ра (1456 да н.э.), Амона (7 ст. да н.э.), грабніцы ў выглядзе пірамід (8—7 ст. да н.э.). Знойдзены каменныя статуі багоў і цароў, сфінксы, залатая статуэтка царыцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЖАЎ-ВЕЛЬКАПО́ЛЬСКІ (Gorzów Wielkopolski),
горад на З Польшчы, на р. Варта. Цэнтр Гожаўскага ваяв. Каля 150 тыс.ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне (пад’ёмныя краны, дэталі трактароў), хім. (вытв-сцьсінт. валокнаў і інш.), тэкст. (пераважна шаўковая), харч., дрэваапр., ільняная. Тэатр, музей. Арх. помнікі: гатычны сабор (14—15 ст.), фрагменты гар. муроў (14 ст.) з вежамі, неакласіцыстычны арсенал (18—19 ст.).
Засн. ў 1257 пад назвай Ландсберг магдэбургскім маркграфам Янам I як умацаванне для аховы пераправы цераз р. Варта. Зручнае геагр. становішча (на дарозе з Сілезіі ў Зах. Памор’е) спрыяла росту яго ролі ў гандлі з Польшчай. Росквіт Гожава-Велькапольскага прыпадае на 14—15 ст. У 16 ст. горад прыйшоў у заняпад, які паглыбіўся ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. У 18 ст. цэнтр суконнай вытв-сці і гандлю воўнай. У час 2-й сусв. вайны моцна разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНАСТЫЦЫ́ЗМ (ад грэч. gnōstikos пазнавальны),
агульная назва рэліг.-філас. вучэнняў, якія спалучаюць тэалогію ранняга хрысціянства, элементы стараж.-ўсх. рэлігій, ідэі філасофіі (неаплатанізм, неапіфагарэізм) і інш. Узнік у 1 ст. ва ўсх.ч. Рымскай імперыі, росквіт прыпадае на 2 ст.Найб. значныя прадстаўнікі — Васілід, Гераклеан, Карпакрат Александрыйскі, Валянцін. Вылучаюць хрысціянскі гнастыцызм (1—3 ст.), вядомы па творах раннехрысціянскіх ерасеографаў і па творах з г. Наг-Хамады; язычніцкі гнастыцызм той жа эпохі; мандэізм (2—3 ст., ад арамейскага манда-гносіс) — самаст. развіццё гнастацызму на семіцка-вавілонскай глебе (захаваўся да нашых дзён у Іраку). Чалавек паводле гнастыцызму — асн. цэнтр сусв. працэсу. Ён, хоць і з’яўляецца стварэннем цёмных сіл свету, па сваёй субстанцыі не належыць яму. Гэта яго боская субстанцыя часта прымае форму самаст. іпастасі «Першачалавека», або «Антропаса». Душа чалавека іншародная целу і па сваёй сутнасці належыць надкасм. сферы (Васілід). Разам з дуалізмам душы і цела ў гнастыцызме існуе і трыхатамічнае раздзяленне чалавека на «духоўнае», «душэўнае» і «цялеснае». З гнастыцызмам звязана ўзнікненне маніхейства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,
адна з галоўных жывапісных школ Італіі ў 14—18 ст. Для яе характэрны дасканалае валоданне магчымасцямі алейнага жывапісу, асаблівая ўвага да каларыту. Венецыянскі жывапіс 14 ст. адметны дэкар. арнаментальнасцю, святочным гучаннем колеру, перапляценнем гатычных і візант. традыцый. З сярэдзіны 15 ст. ўзнікаюць рэнесансавыя тэндэнцыі, узмоцненыя фларэнтыйскім уплывам. Найб. росквіту школа дасягнула ў 1-й пал. 16 ст. (Джарджоне, Тыцыян). У творах майстроў 2-й пал. 16 ст. віртуознасць у перадачы колеравага багацця свету спалучаецца з паэтычнай адухоўленасцю, мяккай і свабоднай жывапіснай манерай (П.Веранезе, Я.Тынтарэта, Джавані Беліні). У 17 ст. школа перажывала творчы спад. Новы яе росквіт у манум.-дэкар. і жанравым жывапісе (Дж.Б.Цьепала, Дж.Б.П’яцэта), арх. пейзажы (т.зв. ведута; Дж.А.Каналета, Б.Белота) адносіцца да 18 ст.
Літ.:
Пиньятти Т. Венецианская школа: Альбом: Пер. с итал. М., 1983.
Да арт.Венецыянская школа жывапісу. Джавані Беліні. Мёртвы Хрыстос. Каля 1470.Да арт.Венецыянская школа жывапісу. Я.Тынтарэта. Дыяна і Актэон. 1556—59.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССКІ́ВІЧНЫЯ, агнаты (Agnatha),
надклас ніжэйшых пазваночных жывёл, 2 вымерлыя класы: няпарнаноздравыя (Monorhina, Cephalaspidomorphi) і парнаноздравыя (Diplorhina, Pteraspidomorphi); 1 сучасны клас — кругларотыя, які ўключае 40—42 віды міногаў і міксінаў. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях, у марскіх і прэсных водах. На Беларусі вядомы 3 віды міногаў.
Стараж. прымітыўныя рыбападобныя жывёлы без сківіц і парных канечнасцей, з хордай. Унутр. шкілет храстковы (у вымерлых быў вонкавы касцявы шкілет). Шчэлепы ў выглядзе мяшкоў з пялёсткамі энтадэрмальнага паходжання. Ноздравая адтуліна ў большасці няпарная. Паўкружных каналаў 1 ці 2. Рот круглы, сысучага тыпу, корм лічынак — раслінныя рэшткі, водарасці, дарослыя паядаюць мяса і кроў рыб ці зусім не кормяцца. Выкапнёвыя бяссківічныя ўсмоктвалі разам з глеем і пяском дробныя арганізмы. Рэшткі бяссківічных вядомы з кембрыю да позняга дэвону Вялікабрытаніі, Нарвегіі (Шпіцберген), Германіі, ЗША, Кітая, Аўстраліі, Тувы і інш. месцаў. Росквіт у познім сілуры і раннім дэвоне. Даўж. ад некалькіх сантыметраў (верацёнападобныя жывёлы) да 1 м (пляскатыя донныя формы). Рэшткі бяссківічных з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі пры вывучэнні адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЦКАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва коптаў. Склалася ў 3—4 ст. на аснове маст. традыцый Стараж.Егіпта і эліністычнага мастацтва. Росквіт К.м. ў 5—7 ст. звязаны з аддзяленнем копцкай царквы ад візантыйскай. Пад уплывам ідэй аскетызму і ўзораў раннехрысц. мастацтва Сірыі і Палесціны набыло рысы схематызму, умоўнасці, грубаватай экспрэсіўнасці. У архітэктуры былі пашыраны 3-нефавыя, часта 3-конхавыя базілікі з каменю, радзей з цэглы (у Белым, Чырвоным манастырах і інш.), купальныя грабніцы (у Багауаце), 2—4-павярховыя жылыя дамы. Выяўл. мастацтва прадстаўлена царк. фрэскамі, каменнымі і драўлянымі рэльефамі, кніжнай мініяцюрай, энкаўстыкай, дэкар.-прыкладное мастацтва — разьбой па дрэве і косці (аздабленне дзвярэй, мэблі, куфэркаў), вырабамі з бронзы, тэракоты (лямпы, вазы, начынне), высокамаст. тканінамі. Рэаліст. выявы 4 — пач. 5 ст. (жанравыя або перанятыя з эліністычнай міфалогіі) у 5—6 ст. змяніліся ўмоўнымі схематызаванымі выявамі на хрысц. сюжэты. У канцы 6 — пач. 7 ст. пашырыліся матывы блізкаўсх. мастацтва (сцэны палявання на львоў і інш.). Сучасныя копцкія мастакі захоўваюць стараж. традыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАМЕРЦЫ́ЙНЫ БАНК,
першы прыватны банк у дарэв. Беларусі. Засн. ў 1873 памешчыкамі і гандл. буржуазіяй Мінска і Мінскай губ. Сярод акцыянераў банка Л.А.Ваньковіч, кн. Е.Э.Друцкі-Любецкі, В.А.Лапо, Х.Г. і А.Я.Лур’е і інш. Акцыянерны капітал складаў 1,5 млн. рублёў. Банк спецыялізаваўся на выдачы пазык для забеспячэння гандлю с.-г. таварамі, на крэдытаванні вывазу лясной прадукцыі ў паўд. губерні Расіі і за мяжу. У 1880—90-я г. аддзяленні і агенцтвы М.к.б. дзейнічалі ў Гомелі, Магілёве, Лібаве, Бабровіцах, Навазыбкаве, Рамнах, Канатопе і інш.Росквіт М.к.б. прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. У 1895 кантрольны пакет яго акцый купіў пецярбургскі прадпрымальнік Я.С.Палякоў з сынамі. Пасля разарэння Паляковых на чале М.к.б. зноў сталі мясц. акцыянеры. Змены ў развіцці ляснога рынку, канкурэнцыя з боку буйных рас. банкаў, канцэнтрацыя акцый у руках вузкай групы асоб прывялі да ліквідацыі М.к.б. (1908), у 1912 ён паглынуты Азоўска-Данскім Камерцыйным банкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ МУСЕ́ЯН (ад грэч. museion храм або свяцілішча музаў),
адзін з галоўных навук. і культ. цэнтраў ант. свету. Засн. ў г. Александрыя ў 3 ст. да н.э. Пталамеем Сотэрам I па ініцыятыве Дэметрыя Фалерскага. Створаны на ўзор афінскіх філас. школ, у прыватнасці лікея. Узначальваў Александрыйскі мусеян жрэц вышэйшага рангу, які ў эліністычны перыяд прызначаўся царом, пазней — рымскім імператарам. Вучоныя, што працавалі ў Александрыйскім мусеяне, знаходзіліся на поўным утрыманні александрыйскіх правіцеляў. Росквіт Александрыйскага мусеяна прыпадае на 3—2 ст. да н.э.Вял. поспехі дасягнуты ў матэматыцы і фізіцы (Эўклід, Апалоній Пергскі, Архімед), астраноміі (Эратасфен, Гіпарх), медыцыне (Герафіл, Эрасістрат), механіцы (Ктэсібій, Філон), а таксама ў філалогіі. Пазней з Александрыйскім мусеянам звязана дзейнасць Пталамея Клаўдзія і Галена. Пры Александрыйскім мусеяне знаходзілася Александрыйская бібліятэка. У рымскі перыяд Александрыйскі мусеян паступова страчвала сваё значэнне. У 272—273 войскі імператара Аўрэліяна пры ўзяцці Александрыі спалілі Александрыйскі мусеян.
Літ.:
Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988. С. 125—131;